Сталі вядомыя падрабязнасці паказнога палітычнага суда ў Магілёве

Прычынай палітычнай расправы над 45-гадовым магілёўцам сталі два лайкі ў інтэрнэце пад негатыўнай ацэнкай дзейнасці Лукашэнкі.

Mogilev.media раней паведамллі, што за нібыта паклёп на беларускага дыктатара ў судзе Ленінскага раёна Магілёва судзілі дарослага мужчыну. Як высветліў Mayday, першая частка яго “злачынства” была ў тым, што ён паставіў лайк пад пастом, які, па меркаванні пракуратуры, змяшчаў няпраўду пра дыктатара Лукашэнку і абвінавачваў нелегітымнага правіцеля ў асабліва цяжкім злачынстве. 

Праз некаторы час мужчына зноў паставіў лайк пад публікацыяй, якую выклала ў інтэрнэт нейкае так званае “экстрэмісцкае фармаванне”. Нагадаем, што “экстрэмісцкімі фармаваннямі” ў цяперашняй Беларусі лічацца, у тым ліку, усе незалежныя ад улады Лукашэнкі СМІ. У той публікацыі, якая спадабалася падсуднаму, была не толькі негатыўная ацэнка дзейнасці дыктаратара, але і змяшчалася яго выява.

На агалошванне прысуду 20 студзеня ў залю суда Ленінскага раёна прывялі навучэнцаў Магілёўскага абласнога кадэтскага вучылішча. Дапамагала ў рэалізацыі так званай “праграмы прававога выхавання навучэнцаў” памочнік абласнога суда Іна Драздова.

Сцвярджаецца, што падсудны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Суд прызначыў яму два гады абмежавання волі без накіроўвання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фотаздымак: Mayday

Магілёўскіх кадэтаў зрабілі гледачамі палітычнай судовай расправы

Перад магілёўскімі кадэтамі правялі паказны суд, дзе вінаватым быў магілёвец, які выказаў сваю думку аб беларускім дыктатары.

Крымінальная справа аб нібыта “паклёпе” ў адносінах да Лукашэнкі была разгледжана ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Дарэчы, гэты суд за мінулы год адзначыўся як самым актыўны ў задушэнні свабоды слова, бо больш за іншыя суды ў Беларусі прызнаваў матэрыялы «экстрэмісцкімі».

Гэтым разам майстар-клас як трэба змагацца з “ворагамі Рэйху” суд Ленінскага раёна дэманстраваў перад навучэнцамі абласнога кадэтскага вучылішча. Як праходзіла пасяджэнне, што адказваў на пытанні суддзі падсудны, чаму суд вырашыў, што мужчына публічыў заведама ілжывыя выдумкі – інфармацыі аб гэтым у паведамленні тэлеграм-канала Магілёўскага аблсуда няма. Датычна непасрэдна справы ёсць толькі абвінаваўчы прысуд – два гады “хатняй хіміі”.

У той жа час у паведамленні ёсць сцвярджэнне, што наведванне кадэтамі суда “насіла прафілактычны характар і была накіравана на фарміраванне ў моладзі прававой культуры і паважлівага стаўлення да закона”.
Аднак гэтае сцвярджэнне ілжывае, бо насамрэч такі адкрытая палітычная расправа за выказванне сваёго меркавання адносна дзяржаўнай палітыкі фарміруе ў моладзі свядомасць маўклівага быдла, што ў будучым зробіць былых кадэтаў альбо падобнымі на магілёўскі суд прыгнятальнікамі людзей за вольнае слова, альбо прывядзе да высновы, што лепей плюнуць на такую “краіну для жыцця” і з’ехаць з яе. 

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі абласны суд”

Магілёўскія кадэты маршыравалі пад словы Наталлі Арсенневай

Марш “Беларусь! Наша маці-краіна” са словамі паэткі Наталлі Арсенневай гучаў на 1 верасня ў Магілёўскім кадэцкім вучылішчы. 

Словы гэтага верша пакладзены на музыку “Развітання славянкі”, якую ў 1912 годзе напісаў расійскі вайсковы кампазітар Васіль Агапкін. “Развітанне славянкі” даўно стала сімвалам савецкіх і постсавецкіх вайскоўцаў.

Што ж тычыцца верша “Беларусь! Наша маці-краіна”, то першапачаткова музыку на яго паклаў кампазітар Мікалай Шчаглоў-Кулiковiч, і яна была зусім не падобная на музыку Агапкіна. І ўсё гэта адбывалася падчас нямецка-савецкай вайны, калі тэрыторыя Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Песня ўвайшла ў “Юнацкі спеўнік”, які быў выдадзены ў Менску напачатку 1944 года. Гэта быў зборнік песень Беларускага саюза моладзі, які цяперашнія ўлады ў Мінску лічаць пасобнікамі нямецкіх нацыстаў.

Але тым не менш, словы Арсенневай і музыка Агапкіна, як бачым і чуем, зусім нядрэнна спалучаюцца адно з другім. Дзякуючы тэлеграм-каналу Mayday, у гэтым можна пераканацца

Скрыншот: Mayday