Палітвязень: у Магілёўскай турме катуюць холадам

Падчас цяперашніх марозаў зняволеным у Магілёўскай турме №4 выжываць цяжка, сведчыць палітвязень Аляксандр Ярашук.

“Калі мае думкі вяртаюцца да турэмнага зняволення ў Магілёўскай турме, то першае, што адразу прыходзіць да галавы, гэта пачуццё холада. Яно цябе суправаджае практычна ўвесь год. Пабудаваны ў 50-я гады мінулага стагоддзя з сілікатнай цэглы як псіхіятрычная лякарня і перапрафіляваны пазней у турму будынак ад пачатку нёс ўсе заганы савецкай будоўлі” – піша ў Фэйсбуку экс-палітвязень.

Ён сцвярджае, што менш за ўсё аўтары праекта будынку былі зацікаўлены ў стварэнні больш-менш нармальных умоў для тых, хто будзе там знаходзіцца. “Немагчыма сагрэцца ў турме ні вясной, ні восенню, у час міжсезоння, ні тым больш зімой. Спаць прыходзіцца, нацягнуўшы на сябе ўсе халодныя і цёплыя рэчы і зверху яшчэ накрыўшыся целагрэйкай” – успамінае Ярашук.

Паводле яго, проста немагчыма ўявіць, у якім становішчы сёння знаходзяцца там асуджаныя, як цяжка ім выжываць падчас такіх маразоў. “І інакш чым катаванне холадам, такое ўтрыманне асуджаных назваць нельга. Паміж тым, такія ўмовы з’яўляюцца для сістэмы адбывання пакаранняў нормай. Калі гэта норма, то што тады здзек?” – рытарычна запытваецца былы палітычны зняволены.

Другі былы палітвязень Сяргей Гунь адзначае, што ў Магілёўскай турме яшчэ і “лекар – садыст са стажам”. “І шмат чаго яшчэ там зроблена для здзекаў. Трэба аб гэтам казаць! І не толькі беларусам. На сусвет” – напісаў ён у каментары да посту Ярашука.

Нагадаем, што 11 верасня 2025 года Аляксандр Ярашук у складзе паўсотні зняволеных быў дэпартаваны з Беларусі ў Літву.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Аляксандр Ярашук: адміністрацыя шклоўскай калоніі ганарыцца сваім садызмам

Цяжка знайсці больш садысцкае стаўленне да асуджаных, чым ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, сведчыць был палітзняволены Аляксандр Ярашук.

Аляксандру Ярашуку зараз 74 гады. Яго асудзілі за грамадскую актыўнасць у 2022 годзе і далі чатыры гады пазбаўлення волі. На момант арышту ён узначальваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Частку тэрміну адбываў у шклоўскай калоніі, пра якую ён раней казаў: фабрыка катаванняў.

Як піша Ярашук у Фэйсбуку, яго становішча ў калоніі было настолькі крытычным, што нават мясцовы псіхолаг быў упэўнены: усё скончыцца самагубствам.

Паводле слоў Ярашука, начальнік калоніі палкоўнік Карніенка і яго падначаленыя ганарацца тым, што ў іх самае жорсткае ШІЗА ў краіне. Цяпер цяжка знайсці ў Беларусі больш садысцкае стаўленне да зняволеных, асабліва палітычных. Вязень быў пазбаўлены ўсяго: перадач, пасылак, спатканняў, магчымасці наведваць бібліятэку, царкву, спартыўную пляцоўку.

“Падчас адной з праверак – успамінае Ярашук – у камеру з’явіўся «гаспадар зоны» палкоўнік Карніенка. Я прапанаваў яму падзяліцца вопытам лячэння майго псіхічнага засмучэння катаваннямі… Карніенка куляй выляцеў з камеры”.

Ярашук кажа, што ў такіх месцах можна выжыць толькі дзякуючы максімальнай канцэнтрацыі валявых намаганняў.

У чэрвені гэтага года Міжнародная арганізацыя працы пацвердзіла мандат Аляксандра Ярашука як члена Адміністрацыйнага савета – кіраўнічага органа МАП.

«Я маю намер споўна выкарыстоўваць свой міжнародны статус на карысць роднай Беларусі, працоўных краіны, пазбаўленых элементарных правоў і свабод» – напісаў Ярашук ў Фэйсбуку.

Нагадаем, што 11 верасня Аляксандр Ярашук у складзе паўсотні зняволеных быў дэпартаваны з Беларусі ў Літву.

Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай

Палітвязень: калонія ў Шклове – гэта фабрыка катаванняў

Фабрыкай катаванняў назваў калонію №17 у Шклове дэпартаваны ў Літву палітвязень Аляксандр Ярашук.

“Шклоўская калонія – гэта фабрыка катаванняў, якую ўзначальвае спадар Карніенка, які, напэўна, вельмі імкнецца быць генералам. Пакуль ён палкоўнік, і хутчэй за ўсё, яго ацэняць па заслугах” – сказаў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільні былы старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БДКП) Аляксандр Ярашук.

“Я яшчэ не адбыў каранціна, а ўжо трапіў у ШЫЗА (штрафны ізалятар). А самае жудаснае ШЫЗА ў Беларусі – гэта ў Шклове. І калі першую ноч я думаў, што яе і не перажыву, але я перажыў у свае 72 гады. Зараз мне 74 гады. Калі я перажыў, то я ўжо ведаў, што больш ніхто, ніяк і ніколі не зможа нада мной ўзяць верх. І ў той жа дзень, калі ўжо развіднела, калі я не мог спаць насамрэч, бо праз кожныя 15 хвілін ты вымушаны падымацца, каб прысядаць і адціскацца ад падлогі, таму што інакш ад холаду замерзнеш, я выйшаў і сам сабе сказаў: “Пайшлі вы далёка-далёка” і пачаў спяваць”.

Ён распавёў, што назіраў, якая будзе рэакцыя, але ніякай рэакцыі не было, поўная цішыня. “І я зразумеў, што яны насамрэч баяцца” – сказаў Ярашук.

Паводле дэпартаванага, падчас зняволення і падчас дэпартацыі ён бачыў у асноўным людзей у масках: “Дык хто гаспадары ў краіне? Калі яны, то чаго так баяцца? Яны ведаюць, што раней ці пазней за ўсё давядзецца адказваць. У тым ліку і за тыя пашпарты, якія ў нас скралі”. Як стала вядома, частку дэпартаваных выдварылі ў Літву без пашпартоў. 

У разуменні Ярашука гэта фактычна пазбаўленне грамадзянства.

Пры гэтым ён паабяцаў абавязкова вярнуцца ў Беларусь: “Мы справядлівыя гаспадары нашай краіны, нашай любай Беларусі”.

Сілу вытрымаць у “тых нечалавечых умовах” палітвязням “даў беларускі народ”, заявіў экс-кіраўнік БКДП.

Ярашук таксама падзякаваў за падтрымку сваёй сям’і, прэзідэнту ЗША, Еўразвязу, Літве, Польшчы.

11 верасня 2025 года з Беларусі ў Літву былі прымусова вывезены 52 палітычныя вязні. Сярод іх было 14 замежных грамадзян і 38 грамадзян Беларусі. 

Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай