Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў поўны спіс беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі і памілавалі па выніках перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле самога спецпасланніка, вызваліць 250 чалавек удалося шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі. 15 чалавек з усіх вызваленых былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі. Mogilev.media вывучылі поўны спіс вызваленых палітвязняў і знайшлі ў ім чатырох жыхароў Магілёўскай вобласці. Гэта Аляксандра Дуброўская, Аляксей Мельнікаў, Марына Храмцова з Магілёва і Аляксандр Маркін з Бабруйска. Спіс яшчэ будзе дапаўняцца.
Аляксандра Дуброўская, настаўніца, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксей Мельнікаў (на фота) быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня 2020 года і асуджаны да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней да гэтага тэрміну яму былі дададзеныя яшчэ паўтары гады. Сярод інкрымінаваных магілёўцу артыкулаў – удзел у беспарадках, захоўванне зброі і непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Мельнікаў прызнаў віну толькі па артыкуле 295 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае захоўванне зброі). Марына Храмцова, прадпрымальніца, гэтаксама як і Дуброўская, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксандр Маркін быў затрыманы 5 траўня 2025 года па “справе Гаюна”. У студзені 2026 года ён быў асуджаны, верагодна, да хатняй хіміі. Фота: “Вясна”
На Віцебскім праспекце ў Магілёве адбыўся пажар у будаўнічым магазіне «Топор».
Сігнал аб задымленні паступіў ратавальнікам ад відавочцаў раніцай 18 сакавіка. Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з памяшкання ўжо ішоў густы дым. На шчасце, унутры нікога не было – магазін аказаўся зачынены, таму абышлося без пацярпелых.
Па папярэдняй інфармацыі, узгаранне адбылося ўнутры гандлёвай залы. Прычыны здарэння ўстанаўліваюцца.
Кіраўнік “дэпутацкага” корпуса Магілёўскай вобласці адгукнуўся на ідэю арганізацыі прытулку для бяздомных жывёл і параіў шукаць спонсараў праз інтэрнэт.
Без дзельнай парады старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна ідэя арганізацыі ў Магілёве прытулку для бяздомных жывёл магчыма б заглохла.
Усё здарылася на прыёме грамадзян, праведзеным Гарошкіным. Да яго звярнуліся прадстаўнікі Магілёўскага дабрачыннага аб’яднання «Надзея». Яны папрасілі перадаць пустуючы будынак пад дабрачынны прытулак для бяздомных жывёл.
Мудры “дэпутат” у адказ “рэкамендаваў актыўней выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту і сацыяльных сетак для пошуку валанцёраў і, магчыма, спонсараў”.
Прапагандысцкая сістэма асвятлення дзейнасці прызначаных “дэпутатаў” часта прыводзіць да кур’ёзных сітуацый.
Прыём грамадзян – звычайная руціна і ўсе спробы ператварыць яго ў нешта выдатнае і самаадданае выглядаюць смешна. Вось і выпадак з Гарошкіным і інтэрнэтам можна апісаць усяго толькі адной фразай – без яго ніяк не здагадаліся б.
1441 год. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, Папскі легат для Польшчы, ВКЛ і Інфлянтаў грэк Ісідар (1380-1463) прыбыў у Маскву.
Праз тры дні быў узяты пад варту і зняволены ў Чудаў манастыр. Уцёк з Масквы і прыбыў у Літву ў 1442 годзе. Падарожнічаў па Беларусі.
Удзельнік Ферара-Фларэнційскага сабора, актыўны прыхільнік уніі з Рымскай каталіцкай царквой. Кардынал Рымскай царквы, арцыбіскуп Нікасіі (1456-1463), тытулярны патрыярх Канстанцінопальскі (1458-1463), дэкан Свяшчэннай калегіі кардыналаў.
У маі 1453 года ўдзельнічаў у абароне Канстанцінопаля, быў узяты ў палон асманамі, але пазбег смерці, збег у Рым. У 1458 годзе перадаў уладу над мітраполіяй Кіеўскай і ўсяе Русі свайму вучню Рыгору (Балгарыну).
1612 год. Памерла Соф’я Слуцкая (1585-1612).
Княгіня, праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.
У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.
У 11 гадоў сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла.
Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.
Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.
Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У. Сыракомлі «Магнаты і сірата».
1633 год. Каралеўскім Прывелеем Уладзіслава IV Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву дадзена права на адкрыццё друкарні і друкаванне кніг на беларускай, польскай, лацінскай і грэчаскай мовах.
Фота. Богаяўленская царква і званіца манастыра. Магілёў, 1909 год.
1814 год. Рускія войскі ўвайшлі ў Парыж.
Сярод іх і 26 Магілёўскі пяхотны полк. Салдаты і афіцэры былі ўзнагароджаны медалём “За ўзяцце Парыжа 9 сакавіка 1814 года” (9 – па старым стылі).
Для ўвекавечання памяці аб вайне, у пабудаваным маскоўскім Храме Хрыста Збавіцеля, на сцяну было занесена імя Магілёўскага пяхотнага палка з абазначэннем забітых і параненых афіцэраў.
Полк сфарміраваны 5 жніўня 1805 года ў Навагрудку як мушкецёрскі, складаўся з грэнадзёрскага батальёна і 2 мушкецёрскіх батальёнаў 4-ротнага складу. З 1806 года ўвашоў у 5-ю дывізію.
Як пехотны полк ўдзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, Замежных кампаніях 1813 і 1814 гадоў, у кампаніі 1828-1829 гадоў супраць туркаў, у падаўленні паўстання 1830-1831, у прыватнасці ў аблозе Замосця. У кампаніі 1849 супраць венграў і ў Крымскай вайне, у Першай Сусветнай вайне, у тым ліку ў Нарачскай аперацыі 1916 года. Расфарміраваны ў 1918 годзе.
1887 год. У Жэневе памёр Юзаф Крашэўскі (1812-1887).
Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст. “Польскі Дзюма”.
Лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Член Польскай Акадэміі навук у Кракаве, Ганаровы член Чэшскай акадэміі. У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. Брат Люцыяна і Каятана Крашэўскіх.
Удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў.
Аўтар больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па розных галінах ведаў, падарожныя нарысы «Пінск і Піншчына», «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву», «Карціны з жыцця і падарожжаў», «Друскенікі», этнаграфічны нарыс «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан», гістарычныя працы «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.», «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…», «Барысаў», «Польшча ў час трох падзелаў».
Быў прафесійным мастаком, музыкантам.
Паўплываў на творчасць Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзафа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П. Бітэль, В. Сёмуха, М. Кенька, Л. Казлоў, М. Папека.
1895 год. Нарадзіўся Тамаш Грыб.
Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.
У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.
Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР.
Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.
Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.
Прататып аднаго з галоўных герояў дакументальна-аўтабіяграфічнага рамана В. Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам». Выведзены ў рамане Г. Далідовіча «Свой дом» пад імем Баравік.
Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.
Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.
Памёр 25 студзеня 1938 года.
1900 год. Нарадзіўся Севярын Віславух.
Польскі гісторык, даследчык гісторыі Беларусі. Доктар габілітаваны, прафесар.
Служыў у Літоўска-Беларускай дывізіі генерала Л. Жалігоўскага, удзельнічаў у баях за Гродна, у польскай арміі.
Скончыў Віленскі ўніверсітэт, выкладаў у ім і ў Віленскай беларускай гімназіі. Загадваў кафедрамі ў Лодзінскім, Уроцлаўскім універсітэтах, быў прарэктарам, дэканам факультэта ўніверсітэта Уроцлава.
Заснавальнік і дырэктар Уроцлаўскага філіяла Заходняга інстытута, адзін з заснавальнікаў Сілезскага інстытута ў Аполе.
Вывучаў гісторыю ВКЛ, рэлігійныя адносіны, працэсы русіфікацыі і паланізацыі ў Заходняй Беларусі. Крытыкаваў урадавую палітыку асіміляцыі, выступаў у друку ў абарону беларускай культуры, выкладаў гісторыю ў беларускіх школах.
Памёр 28 лютага 1968 года ва Уроцлаве.
1921 год. Нарадзіўся Язэп Юхо.
Беларускі правазнаўца, гісторык права, заснавальнік беларускай навуковай школы дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук, прафесар. Сябар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 года. Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута ВКЛ 1588 года.
Памёр 29 ліпеня 2004 года.
1931 год. Нарадзіўся Генадзь Кісялёў.
Беларускі літаратуразнавец, архівіст, пісьменнік, гісторык, археограф. Доктар філалагічных, кандыдат гістарычных навук.
Працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.
Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў, гісторыка-літаратурных матэрыялаў, літаратуразнаўчых даследаванняў, гістарычных нарысаў.
Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы.
Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе».
Працаваў і над скарыназнаўчымі тэмамі.
Памёр 14 лістапада 2008 года.
1954 год. Заснавана Беларускае геаграфічнае таварыства (1954-1991 – Геаграфічнае таварыства БССР). Дзень геаграфічнага таварыства.
Геаграфічнае таварыства вядзе сваю гісторыю ад 18 жніўня 1845 года, калі было створана Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства. Адным з 17 чальцоў-заснавальнікаў быў ураджэнец Беларусі, выпускнік Магілёўскай гімназіі Міхал Урончанка (1801–1855).
У 1867–1876 і ў 1910–1917 гадах дзейнічаў Паўночна-Заходні аддзел геаграфічнага таварыства (г. Вільня) з якім супрацоўнічалі магілёўцы Я. Раманаў, І. Насовіч, П. Шэйн, М. Азбукін, К. Анікіевіч, Г. Аненкаў, Н. Арнольд, А. Казлоўскі, П. Мурамцаў, І. Сілініч, А. Смоліч, К. Чалоўскі і многія іншыя даследчыкі.
19 студзеня 1959 года быў заснаваны першы рэгіянальны аддзел – Магілёўскі. Найбуйнейшы па колькасці членаў – Гомельскі. Працуюць таксама аддзелы ў Брэсце, Віцебску, Мінску.
Усяго ў Таварыстве каля 600 географаў, эканамістаў, прыродазнаўцаў, краязнаўцаў, гісторыкаў.
1990 год. Нарадзіўся Сяргей Астапчук.
Беларускі хакеіст, левы нападнік.
Выхаванец наваполацкага «Хіміка», гуляў у «Дынама Масква», «Спартак», «Лакаматыў», «Rouyn-Noranda Huskies», «Лока».
Загінуў 7 верасня 2011 года ў катастрофе Як-42 пад Яраслаўлем пры ўзлёце з аэрапорта «Тунашна» разам з камандаю «Лакаматыў Яраслаўль».
2001 год. Зацверджаны Том 1 выпуск 1 новага рэгіянальнага геаграфічнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян” Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства.
Найбольш вядомае беларускае геаграфічнае выданне ў свеце. За 20 гадоў выдадзена 20 тамоў і 52 выпускі часопіса.
2004 год. У Магілёўскім музеі этнаграфіі адкрыта экспазіцыя “Магілёў губернскі”, прысвечаная жыццю гарадскіх саслоўяў.
Музей этнаграфіі – філіял абласнога гісторыка-краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981 годзе.
Мае плошчу экспазіцыі 760 м², 5 000 прадметаў асноўнага фонду. Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя гарадскога побыту магілёўцаў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Сярод экспанатаў – прылады працы, прадметы побыту, нацыянальнае адзенне магілёўскіх і краснапольскіх касцюмаў, калекцыя сапраўдных магілёўскіх ручнікоў, абразы, кафля і драўляная скульптура XVII – XIX стагоддзяў, царкоўныя кнігі, часопісы XIX – пачатку XX стагоддзяў.
Будынак музея стаіць на падмурку Магілёўскага езуіцкага калегіума. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII стагоддзя, былой часткай калегіума.
2006 год. Адбыліся трэція Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Уладу захаваў А. Лукашэнка.
Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падавалі А. Вайтовіч, С. Гайдукевіч, А. Казулін, А. Лукашэнка, А. Мілінкевіч, З. Пазняк, С. Скрабец, В. Фралоў. Мелі намер балатавацца, але адмовіліся ад удзелу П. Краўчанка і Н. Машэрава (дачка П. Машэрава).
У бюлетэні для галасавання патрапілі 4 прозвішчы: С. Гайдукевіча, А. Лукашэнкі, А, Казуліна і А. Мілінкевіча.
Уладныя структуры арганізавалі ціск на сваіх супернікаў. Перад выбарамі былі зачыненыя многія незалежныя газеты, арганізавана інфармацыйная вайна супраць апазіцыі.
А. Мілінкевіч і А. Казулін адмовіліся прызнаваць вынікі галасавання. Увечары каля Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска пачалі збірацца іх прыхільнікі. У мітынгу ўзялі ўдзел ад 5-8 да 30 тысяч удзельнікаў.
Дырэктар Магілёўскага медыцынскага каледжа Уладзімір Рыжкоў прадэманстраваў свае абыякавае стаўленне да Кодэкса аб адукацыі ва ўгоду палітычынай дзейнасці.
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай прэс-службай каледжа, Рыжкоў узяў удзел у штогадовым мерапрыемстве «Я – грамадзянін», якое прайшло ў медкаледжы 10 сакавіка. Падчас сустрэчы ён павіншаваў навучэнцаў, паразважаў пра правы і свабоды грамадзян, а таксама ўручыў ім партыйныя білеты Беларускай партыі «Белая Русь» і членскія білеты БРСМ.
Разам з тым, такія дзеянні супярэчаць дзейнаму заканадаўству. У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у навучальных установах забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама любая іншая дзейнасць, якая супярэчыць закону.
У дадзеным выпадку кіраўнік каледжа, які таксама з’яўляецца функцыянерам «Белай Русі», выкарыстаў сваё службовае становішча для ўцягвання навучэнцаў у палітычную структуру. Гэта можа разглядацца як прамое парушэнне адукацыйнага заканадаўства.
Варта адзначыць, што гэта не першы падобны выпадак у Магілёве. Раней у аналагічнай сітуацыі апынуўся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Максім Кіркор.
Міністэрства культуры Беларусі пагадзілася на скарачэнне зоны аховы каля ўнікальнага магілёўскага гістарычнага помніка – комплекса манастыра з Мікалаеўскай царквой. Помнік, які ў свой час прэтэндаваў на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА як апошні прадстаўнік школы магілёўскага барока, цяпер будзе суседстваваць з чатырохпалоснай дарогай.
Навошта ў Падміколлі траса ажно на чатыры паласы – пакуль незразумела. Зацішная мясцовасць пакуль не трапіла ў планы пад маштабную разбудову. Тым не менш, праект, які нядаўна выносіўся на абмеркаванне ў Магілёўскім гарвыканкаме, прадугледжвае новую дарогу ад вуліцы Каралёва да Дзебры, паралельна з Падгорнай. А далей яна ў будучыні павінна будзе закальцавацца з існуючымі дарогамі ў Падмікольскім парку. І ўжо для наступнай пракладкі чатырохпалоснай трасы прыйшлося пацясніць зону аховы ўнікальнага гістарычнага помніка.
Дзеля гэтага спатрэбіўся подпіс міністра культуры Чарнецкага, каб змяніць ахоўную зону, зацверджаную ў 2019 годзе, піша тэлеграм-канал “Спадчына”.
Незадаволенасць аснашчэннем устаноў аховы здароўя на Магілёўшчыне вылілася ў тэлеграм-канал “Вячэрняга Магілёва”.
“Наша медыцына патрабуе значнай перабудовы, асабліва ў сельскай мясцовасці, раённых цэнтрах. Па ўсіх пытаннях: памяшканні, абсталяванне, лекі, спецыялісты. На жаль, пакуль усё зводзіцца да скарачэння і знішчэння” – напісаў магілёвец Аляксей Таранаў.
Паводле яго, усё пачалося з “аптымізацыі” яшчэ савецкай медыцыны. “Прыйшлі тады да кіраўніцтва новыя начальнікі і вырашылі, што яны самыя пісьменныя, самыя разумныя, самыя дасведчаныя спецыялісты. І панеслі ерась або па-навуковаму “аптымізацыю”. І давяла яна да таго, што маем” – са скрухай кажа чытач тэлеграм-канала.
Ён распавёў, што ў нейкай магілёўскай паліклініцы ў хірурга не знайшлося нашатырнага спірту і “бегалі шукалі па ўсім паверсе”. Што ж тады казаць аб аддаленых паліклініках?
“Машыны хуткай дапамогі – дапатопныя “буханкі”, у якой здароваму чалавеку ад трасяніны складана ехаць, што ўжо казаць пра хворага. Але хаця б такія працавалі! А без медыцынскіх работнікаў на перыферыі вельмі цяжка. Пусцеюць вёскі і пасёлкі, усе імкнуцца ў гарады, дзе цывілізацыя і надзея – у выпадку нядужання акажуць дапамогу” – спадзяецца чытач.
Адзначым, што газета “Вячэрні Магілёў” ад кастрычніка 2025 года перастала выходзіць ў друкаванай версіі. У гэты момант не працуе яе сайт, але ад леташняга кастрычніка даволі рэгулярна абнаўляецца тэлеграм-канал. На момант напісання артыкула ў ім было 186 падпісчыкаў.
Рэдкі ранішнік ці свята ў дзіцячым садку ў Магілёўскай вобласці цяпер абыходзіцца без прысутнасці пракурораў.
Дзіцячы садок №18 правёў мерапрыемства прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На ім дзецям не распавядалі пра тыя змены ў Асноўным законе краіны, якія дазволілі адной і той жа асобе без якіх-кольвечы абмежаванняў займаць галоўную пасаду ў дзяржаве дзесяцігоддзямі. Таксама нічога не сказалі пра тое, што раней Беларусь імкнулася быць нейтральнай і без’ядзернай, а цяпер, насуперак той жа Канстытуцыі, з яе тэрыторыі ўрываліся войскі на тэрыторыю суседняй мірнай краіны.
Затое на святкаванні прысутнічала старшы памочнік пракурора Магілёва Кацярына Зубрыновіч. Зразумела, прысутнічала не ў цывільным адзенні, а як належыць пракурору пры выкананні службовых абавязкаў – ва ўніформе з пагонамі. Па меркаванні гарадской пракуратуры, якая і ініцыянавала гэтае мерапрымства, такая прысутнасць яшчэ больш натхняе дзяцей любіць Беларусь і быць лаяльным грамадзянінам.
Праўда, нешта падказвае, што ад такога вобразу Беларусі ў пагонах, ад якога смярдзіць казёншчынай, нараджаецца не любоў і нават не нянавісць, а звычайная агіда. Можа гэта, насамрэч, і ёсць галоўная мэта, якую паставілі перад сабой ініцыятары мерапрымства ў дзіцячым садку пад наглядам пракурора.
Нагадаем, што днямі ў чэрыкаўскім дзіцячым садку №1 напярэдадні Дня Канстытуцыі прайшло мерапрыемства «Пісьмо пра Беларусь». На яго запрасілі памочніцу пракурора Чэрыкаўскага раёна Таццяну Аўчыннікаву. Менавіта перад ёй выхаванцы старэйшых груп дэманстравалі засвоеныя «ўрокі патрыятызму».
Магілёўцы таксама ўдзельнічаюць у вялікім зыходзе народа з Беларусі, якога так доўга і настойліва дамагаўся Лукашэнка. Што шукаюць па-за межамі “беларускага раю” магілёўцы?
Пасля выбараў 2020 года Беларусь перажывае найбуйнейшы зыход насельніцтва ў сваёй гісторыі. Паводле ацэнак даследчыкаў Цэнтра новых ідэй, краіну пакінулі ад 500 да 600 тысяч чалавек. Нават намеснік міністра ўнутраных спраў Карпенкаў прызнаў лічбу ў 350 тысяч – і гэта з вуснаў чалавека, які не зацікаўлены яе завышаць.
Магілёўская вобласць – прыкладна дзясятая частка насельніцтва Беларусі. Простая арыфметыка дае ад 35 да 60 тысяч магілёўцаў за мяжой. Гэта супастаўна з насельніцтвам Крычава, Асіповіч і Горак разам узятых.
Куды едуць
Галоўны напрамак – Польшча. Да пачатку 2024 года там асела не менш за 130 тысяч беларусаў – у восем разоў больш, чым да 2020 года. Многія жывуць у Варшаве, Беластоку, Гданьску.
Прычым Беласток – асаблівы выпадак: невялікі горад каля мяжы, дзе беларуская мова на вуліцы ўжо даўно нікога не здзіўляе.
Другім па папулярнасці напрамкам стала Літва – каля 63 тысяч чалавек. Германія прыняла 6-8 тысяч беларусаў, Ізраіль – больш за 3,6 тысячы, Грузія – каля 10-11 тысяч. Частка з’ехала ў Расію, хаця дакладных дадзеных няма.
Хто з’язджаў
Першая хваля – 2020-2021 гады: у асноўным актывісты, журналісты, тыя, хто выходзіў на вуліцы і трапіў пад пераслед. Другая – пасля лютага 2022 года: айцішнікі, прадпрымальнікі, маладыя сем’і, якія проста не захацелі жыць у краіне, уцягнутай у вайну на баку агрэсара.
З’ехалі ўрачы, настаўнікі, інжынеры. Людзі, якія будавалі нармальнае жыццё ў Магілёве гадамі. І горад гэта адчувае – апусцелыя кватэры, закрытыя кавярні, знаёмыя твары, якіх больш няма.
Тыя, каго выціснулі
Асобная гісторыя – людзі, якія не планавалі з’язджаць. Журналісты, рэдактары, актывісты, юрысты. Тыя, хто проста рабіў сваю працу гадамі, часам дзесяцігоддзямі. Да 2020 года яны жылі ў Магілёве, плацілі падаткі, вадзілі дзяцей у школу. Потым дзяржава абвясціла іх ворагамі.
Незалежныя выданні адно за адным атрымлівалі статус «экстрэмісцкіх». Гэта азначала: чытаць – ужо злачынства, працаваць там – тым больш. Ператрусы. Допыты ў КДБ. Крымінальныя справы за словы, апублікаваныя год, тры гады або дзесяць гадоў таму. Закону надавалі зваротную сілу. Для такіх людзей эміграцыя была не выбарам – гэта быў спосаб застацца на волі. Сярод іх – і заснавальнікі нашага выдання.
Сёння ў Магілёве не засталося ніводнага незалежнага выдання. Ніводнага. Горад з шматвяковай гісторыяй, з універсітэтамі і заводамі, з дзясяткамі тысяч думаючых людзей – цалкам адрэзаны ад незалежнай журналістыкі. Тыя, хто пісаў пра горад сумленна, пішуць пра яго цяпер з Варшавы, Вільнюса, Беластока.
Свае сярод чужых
У Беластоку магілёўцаў няшмат. Але калі сустракаеш земляка – таго, хто разумее, што такое Дубравенка – гэта асобная радасць. Сустрэнеш чалавека з Бабруйска, Клічава, Асіповічаў – таксама свята. Свой.
Трымаюцца разам. Стэлефаноўваюцца. Дапамагаюць адзін аднаму разабрацца ў польскіх дакументах, знайсці ўрача, уладкаваць дзіця ў школу. Дыяспара – гэта не гучнае слова. Гэта проста людзі, якім ёсць пра што пагаварыць.
Большасць не плануе вяртацца – прынамсі пакуль. Але мара ёсць амаль у кожнага. Простая і канкрэтная: сесці на васьмёрку і даехаць, нарэшце, не да вуліцы Ліпавай, а да праспекта Шміта.
Мы хочам расказваць гэтыя гісторыі. Калі вы магілёвец у эміграцыі і гатовы падзяліцца сваёй – пішыце на [email protected].
Імя і дэталі, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, мы не публікуем. Досвед канспірацыі ёсць.
У Магілёве спыняе працу адзін з самых вядомых магазінаў горада – «Юбілейны» па вуліцы Каралёва.
Гандлёвая кропка, якая больш за паўстагоддзя была важнай часткай гарадскога жыцця, зачыніцца пасля 53 гадоў працы, піша Мogilev.in.
Крама з’явілася амаль адначасова з аднайменным мікрараёнам Юбілейны, які пачалі актыўна забудоўваць у 1960-я гады. Напачатку ён насіў назву “Восток”, гандляваў прамысловымі таварамі. Потым стаў “Маладзёжным”, а затым “Юбілейным”, але яго профіль не змяніўся – тыя ж прамысловыя тавары.
Магазін быў свайго роду ўніверсальным гандлёвым цэнтрам для жыхароў горада: сюды прыязджалі па пакупкі з розных раёнаў Магілёва. Па словах гараджан, крама адрозніваўся шырокім асартыментам і асаблівай атмасферай, дзякуючы чаму доўгі час заставалася папулярным месцам для пакупак.
Як піша інтэрнэт-выданне, гісторыя магазіна адлюстроўвае і эканамічныя перамены апошніх дзесяцігоддзяў. Пасля распаду СССР ён быў ператвораны ў арэнднае прадпрыемства, а ў 1992 годзе, паводле даных Адзінага дзяржаўнага рэгістра, стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. У яго структуру таксама ўвайшла крама “Магіляўчанка” на вуліцы Першамайскай. Аднак у 2021 годзе «Магіляўчанка», добра вядомая многім жыхарам горада, спыніла працу. Цяпер такі ж лёс напаткаў і “Юбілейны”.
Паводле інфармацыі крыніц, уладальнікі ААТ прыйшлі да высновы, што здача гандлёвых плошчаў у арэнду прыносіць большы даход, чым уласны раздробны гандаль. Так, памяшканні былой “Магіляўчанкі” былі перададзеныя сетцы крам Mark Formelle. Падобная перспектыва, верагодна, чакае і “Юбілейны”. Не выключана, што яго буйныя плошчы падзеляць на некалькі асобных гандлёвых блокаў для арандатараў.
Аб маючым адбыцца закрыцці калектыву паведамілі ў лютым. Зараз крама праводзіць маштабны распродаж: рэшткі тавараў рэалізуюцца са значнымі зніжкамі. Па словах супрацоўнікаў, “Юбілейны” будзе працаваць да канца красавіка. Частка работнікаў ужо пакінула прадпрыемства, астатнія завяршаюць апошнія тыдні працы.
На працягу многіх гадоў “Юбілейны” заставаўся адной з нямногіх крам Магілёва, дзе можна было знайсці шырокі асартымент прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці – ад нітак і скургалантарэі да посуду і верхняга адзення. Асаблівай папулярнасцю карысталіся традыцыйныя зніжкавы дні па серадах і чацвяргах, калі па тавары выстройваліся чэргі.
Закрыццё крамы для многіх жыхароў горада стала сімвалам сыходу цэлай эпохі – часу, калі вялікія ўніверсальныя крамы гулялі ключавую ролю ў паўсядзённым жыцці гараджан.