У Магілёве раздаюць пітную ваду

У Магілёве пачаў працаваць перасоўны пункт раздачы пітной вады

Акцыю праводзіць Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках штогадовай кампаніі «Спякота», якая стартуе, калі тэмпература паветра перавышае 28 градусаў. Як паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі, валанцёры раздаюць пітную ваду, інфармацыйныя памяткі і расказваюць жыхарам, як бяспечна перанесці спякоту. Перасоўны пункт працуе каля прыпынкаў, зон адпачынку, месцаў масавага знаходжання людзей, а таксама там, дзе пад адкрытым небам працуюць рабочыя. Акрамя таго, цягам лета Чырвоны Крыж сумесна з МНС правядзе на пляжах майстар-класы па аказанні першай дапамогі. Першы такі занятак адбудзецца на Святым возеры ў Магілёве. Аналагічныя мерапрыемствы плануюць арганізаваць і ў раёнах вобласці, а таксама ў Бабруйску. 

Фота: «МагілёўАнлайн».

Магілеўскі “дэпутат” Гарошкін “дапамог” арганізаваць прытулак для жывёл

Кіраўнік “дэпутацкага” корпуса Магілёўскай вобласці адгукнуўся на ідэю арганізацыі прытулку для бяздомных жывёл і параіў шукаць спонсараў праз інтэрнэт.

Без дзельнай парады старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна ідэя арганізацыі ў Магілёве прытулку для бяздомных жывёл магчыма б заглохла.

Усё здарылася на прыёме грамадзян, праведзеным Гарошкіным. Да яго звярнуліся прадстаўнікі Магілёўскага дабрачыннага аб’яднання «Надзея». Яны папрасілі перадаць пустуючы будынак пад дабрачынны прытулак для бяздомных жывёл.

Мудры “дэпутат” у адказ “рэкамендаваў актыўней выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту і сацыяльных сетак для пошуку валанцёраў і, магчыма, спонсараў”.

Прапагандысцкая сістэма асвятлення дзейнасці прызначаных “дэпутатаў” часта прыводзіць да кур’ёзных сітуацый.

Прыём грамадзян – звычайная руціна і ўсе спробы ператварыць яго ў нешта выдатнае і самаадданае выглядаюць смешна. Вось і выпадак з Гарошкіным і інтэрнэтам можна апісаць усяго толькі адной фразай – без яго ніяк не здагадаліся б.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.