Дзень у гісторыі. 24 мая. Кацярына ІІ і Іосіф ІІ у Магілёве. Першая ЧК, першае “Еўрабачанне”. Нарадзіліся А. Русак, М. Чыгір

Дзень славянскага пісьменства.

Дзень святых Мяфодзія і Кірылы, святых праваслаўнай і каталіцкай царквы, братоў-місіянераў, стваральнікаў стараславянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы.

Мова – душа любога народа, яна з’яўляецца асновай нашага мыслення, таму мову трэба берагчы, вывучаць, паважаць і ведаць. Беражлівыя адносіны да сваёй мовы дазваляюць нам развіваць здольнасць разумець словы, аналізаваць учынкі, думаць, перадаваць атрыманы вопыт, ясна і дакладна выкладаць свае думкі.

1377 год. Памёр Альгерд (1296-1377).

Вялікі князь (1345-1377) ВКЛ, князь крэўскі і віцебскі, адзін з найбуйнейшых вайскаводаў ВКЛ.

З 80 гадоў жыцця, кіраваў дзяржавай 32 гады.

Бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзіміра.

У часы Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая, беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве, што забяспечыла рост эканомікі, развіццё культуры, умацаванне старабеларускай мовы як афіцыйнай.

У 2014 годзе Альгерду ўсталяваны помнік у Віцебску..

1706 год. У Магілёў увайшлі рускія войскі генерала Бауэра.

Рускія войскі – саюзнікі Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй, сталі лагерам пад Машакоўскай гарой.

У розны час у перыяд 1706-1708 гадоў у Магілёве знаходзіліся рускія ваенаначальнікі: Меншыкаў, Брус, Бауэр, Галавін, Рапнін, Даўгарукі, Сініцкі, Галоўкін, Нотаў, Чамберс.

Іх атрады, як і 30-тысячнае войска татар, спустошылі горад і наваколлі рабаваннямі.

8 верасня 1708 года па загаду Пятра I горад быў поўнасцю спалены татарскімі і калмыцкімі палкамі.

1780 год. У Магілёве адбылася сустрэча Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ.

Мэта сустрэчы – абмеркаванне другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Іосіф прыехаў у Магілёў 23 мая. У гонар сустрэчы з Іосіфам, 29 мая на Саборнай плошчы Магілёва быў закладзены Іосіфаўскі кафедральны сабор. Сабор будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гг. архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 г., бо “не ўпісываўся” ў архітэктуру будучай сталіцы БССР. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”.

У кастрычніку 2011 года тагачасны намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва.

Іосіфаўскі сабор.

1904 год. Нарадзіўся Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю. Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар больш 10 зборнікаў паэзіі, вершаў, вершаў для дзяцей.

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

Памёр 21 сакавіка 1987 года.

1917 год. Заснавана газета “Грамада”.

Першая беларуская газета ў Мінску, орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Выдавалася да 11 чэрвеня (4 нумары), рэдактар – ураджэнец в. Бацэвічы (зараз Клічаўскі раён), географ, грамадскі дзеяч Аркадзь Смоліч.

1918 год. У Магілёве створана губернская ЧК па барацьбе з сабатажам і контррэвалюцыяй.

Яна стала першай ЧК на тэрыторыі Беларусі. ЧК размесцілася ў будынку Архіерэйскага палаца. З гэтага моманту пачынаюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

1930 год. У Навагрудку нарадзілася Галіна Русак (1930-2000).

Беларускі жывапісец, графік, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамерыканскага руху за правы жанчын. Прафесар.

Нарадзілася ў сям’і беларускага дзеяча Філарэта Родзькі.

З 1949 года жыла ў Амерыцы. Да ад’езду ў Новы Свет скончыла Фрайбургскі і Лёвенскі ўніверсітэты. Адукацыю завяршыла ў Амерыцы. Працавала дырэктарам мастацкай бібліятэкі  Ратгерскага ўніверсітэта.

Яе мастацкая творчасць добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна неаднаразова выстаўлялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе з выстаўкай яе твораў змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі.

Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў.

Г. Русак. Сон малочніка.

1948 год. Нарадзіўся Міхаіл Чыгір.

Палітык, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень, вязень сумлення паводле Amnesty International. Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі,

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

1956 год. У швейцарскім Лугана прайшоў першы конкурс песні “Еўрабачанне”.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Бельгіі, Нідэрландаў, Італіі, Люксембурга, Францыі, ФРГ, Швейцарыі.

Да конкурсу дапускалася толькі сольнае выступленне выканаўцаў. Можна было выканаць дзве песьні.  Аўстрыя, Вялікабрытанія, Данія не ўдзельнічалі з-за спазнення правядзення нацыянальных адбораў.

Беларусь удзельнічала ў конкурсе “Еўрабачанне” з 2004 па 2019 год. Першымі прадстаўнікамі краіны стаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін” з песняй “My Galileo” (10 балаў і 19-е месца ў паўфінале).

Самае высокае месца заняў Дзмітрый Калдун у 2007 годзе: 145 балаў і 6 месца ў фінале.

За ўсю гісторыю ўдзелу Беларусь кваліфікавалася ў фінал усяго толькі 6 разоў і толькі аднойчы ўвайшла ў дзясятку найлепшых у фінале (2007).

У сакавіку 2021 года Беларусь дыскваліфікавана з-за палітычнага падтэксту ў песні “Я навучу цябе” гурта «Галасы ЗМеста”. 28 мая 2021 г. Еўрапейскі вяшчальны саюз пазбавіў членства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі з-за пытанняў адносна правоў чалавека ў краіне на фоне пераследу апазіцыі.

 

 

Герой дома – грузчык у Польшчы. Або таксіст

Ёсць адна распаўсюджаная памылка, пра якую чамусьці не прынята гаварыць уголас. Многія беларусы едуць у Польшчу з адчуваннем, што іх там чакаюць. Што ўдзел у пратэстах, тэрмін у магілёўскім СІЗА, крымінальная справа за рэпост – усё гэта будзе ацэнена і ўзнагароджана. Што польская дзяржава адкрые дзверы і скажа: мы ведаем, што вы перажылі, мы вам дапаможам.

Збольшага гэта праўда. Але толькі збольшага. Так, ёсць міжнародная абарона – і гэта рэальная і важная рэч. Так, ёсць інтэграцыйная праграма IPI з выплатамі на першы год.

Не пенсія, не зарплата

Так, польская дзяржава ставіцца да беларусаў з разуменнем і спачуваннем. Гэта не пустыя словы.

Ёсць і іншае. Беларускія арганізацыі, фонды, зборы. BySol і іншыя структуры дапамагаюць тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій – былым палітвязням, журналістам, актывістам. Але гэта разавыя выплаты. Гэта не пенсія і не зарплата. Гэта дапамога на старце, а не на ўсё жыццё.

Польская дзяржава не плаціць беларусам за тое, што яны змагаліся з Лукашэнкам. Гэта не цынізм – гэта проста рэальнасць. Польшча прыняла сотні тысяч людзей. У яе няма рэсурсаў утрымліваць усіх, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Ды і задача ў дзяржавы іншая – дапамагчы чалавеку інтэгравацца, а не кампенсаваць яму тое, што адбылося на Радзіме.

Пачынаць з нуля

Цяпер пра другую памылку – пра прафесію. Возьмем не грузчыка – возьмем вядомага пісьменніка. Магілёўца. Чалавека з імем. Кнігі перакладзены, публікацыі ў сур’ёзных выданнях, старонка ў энцыклапедыі. Вядомасць не толькі на постсавецкай прасторы – шырэй. Такі чалавек таксама з’ехаў. Таксама апынуўся ў Польшчы.

І што? Польскі чытач яго не ведае, хаця адна кніга выдавалася і ў Польшчы. Усе рэгаліі, усе публікацыі, усе інтэрв’ю – засталіся там, у іншым жыцці. У Польшчы ён пачынае з нуля. Як усе.

Гэта не значыць, што ўсё страчана. Можна перакваліфікавацца – але застацца ў сваёй нішы. Пісьменнік можа стаць копірайтарам. Журналіст – кантэнт-менеджарам. Рэдактар – карэктарам для рускамоўных выданняў дыяспары. Навыкі нікуды не зніклі – змяніўся рынак, на якім іх можна прымяніць.

Ёсць перавага

І тут ёсць адна рэальная перавага Польшчы: тут няма праблем з атрыманнем аплаты з любой кропкі свету.

Еўрапейскі банкаўскі рахунак, нармальныя пераводы, ніякіх санкцыйных абмежаванняў. Фрылансер, копірайтар, распрацоўшчык, дызайнер – працаваць можна на ўвесь свет і атрымліваць грошы без праблем.

Калі ў Магілёве ты быў грузчыкам – у Польшчы ты таксама пачнеш з фізічнай працы. Калі быў бухгалтарам – дыплом трэба пацвярджаць, мову трэба вучыць. Польшча не размяркоўвае пасады паводле заслуг перад беларускай дэмакратыяй. Тут працуе рынак працы. Звычайны, без скідак на баявую біяграфію.

Гэта гучыць жорстка. Але лепш ведаць пра гэта да ад’езду, чым сутыкнуцца з гэтым па прыездзе.

Тыя, хто прыязджае з рэалістычнымі чаканнямі, уладкоўваюцца хутчэй. Яны не трацяць час на крыўды і расчараванні. Яны адразу ідуць шукаць працу, вучыць мову, разбірацца ў сістэме. Праз год-два многія з іх ужо стаяць на нагах.

Тыя, хто чакае асаблівага стаўлення за асаблівыя заслугі, чакаюць доўга. І часта дарэмна.

Польшча дае шанец. Добры шанец. Але рэалізаваць яго трэба самому.

Вы магілёвец і ў вас ёсць свая гісторыя з эміграцыі? Пішыце на [email protected]. Мы раскажам пра вас на ўмовах ананімнасці.

Магілёўцы ў эміграцыі: куды едуць, што шукаюць

Магілёўцы таксама ўдзельнічаюць у вялікім зыходзе народа з Беларусі, якога так доўга і настойліва дамагаўся Лукашэнка. Што шукаюць па-за межамі “беларускага раю” магілёўцы?

Пасля выбараў 2020 года Беларусь перажывае найбуйнейшы зыход насельніцтва ў сваёй гісторыі. Паводле ацэнак даследчыкаў Цэнтра новых ідэй, краіну пакінулі ад 500 да 600 тысяч чалавек. Нават намеснік міністра ўнутраных спраў Карпенкаў прызнаў лічбу ў 350 тысяч – і гэта з вуснаў чалавека, які не зацікаўлены яе завышаць.

Магілёўская вобласць – прыкладна дзясятая частка насельніцтва Беларусі. Простая арыфметыка дае ад 35 да 60 тысяч магілёўцаў за мяжой. Гэта супастаўна з насельніцтвам Крычава, Асіповіч і Горак разам узятых.

Куды едуць

Галоўны напрамак – Польшча. Да пачатку 2024 года там асела не менш за 130 тысяч беларусаў – у восем разоў больш, чым да 2020 года. Многія жывуць у Варшаве, Беластоку, Гданьску.

Прычым Беласток – асаблівы выпадак: невялікі горад каля мяжы, дзе беларуская мова на вуліцы ўжо даўно нікога не здзіўляе.

Другім па папулярнасці напрамкам стала Літва – каля 63 тысяч чалавек. Германія прыняла 6-8 тысяч беларусаў, Ізраіль – больш за 3,6 тысячы, Грузія – каля 10-11 тысяч. Частка з’ехала ў Расію, хаця дакладных дадзеных няма.

Хто з’язджаў

Першая хваля – 2020-2021 гады: у асноўным актывісты, журналісты, тыя, хто выходзіў на вуліцы і трапіў пад пераслед. Другая – пасля лютага 2022 года: айцішнікі, прадпрымальнікі, маладыя сем’і, якія проста не захацелі жыць у краіне, уцягнутай у вайну на баку агрэсара.

З’ехалі ўрачы, настаўнікі, інжынеры. Людзі, якія будавалі нармальнае жыццё ў Магілёве гадамі. І горад гэта адчувае – апусцелыя кватэры, закрытыя кавярні, знаёмыя твары, якіх больш няма.

Тыя, каго выціснулі

Асобная гісторыя – людзі, якія не планавалі з’язджаць. Журналісты, рэдактары, актывісты, юрысты. Тыя, хто проста рабіў сваю працу гадамі, часам дзесяцігоддзямі. Да 2020 года яны жылі ў Магілёве, плацілі падаткі, вадзілі дзяцей у школу. Потым дзяржава абвясціла іх ворагамі.

Незалежныя выданні адно за адным атрымлівалі статус «экстрэмісцкіх». Гэта азначала: чытаць – ужо злачынства, працаваць там – тым больш. Ператрусы. Допыты ў КДБ. Крымінальныя справы за словы, апублікаваныя год, тры гады або дзесяць гадоў таму. Закону надавалі зваротную сілу. Для такіх людзей эміграцыя была не выбарам – гэта быў спосаб застацца на волі. Сярод іх – і заснавальнікі нашага выдання.

Сёння ў Магілёве не засталося ніводнага незалежнага выдання. Ніводнага. Горад з шматвяковай гісторыяй, з універсітэтамі і заводамі, з дзясяткамі тысяч думаючых людзей – цалкам адрэзаны ад незалежнай журналістыкі. Тыя, хто пісаў пра горад сумленна, пішуць пра яго цяпер з Варшавы, Вільнюса, Беластока.

Свае сярод чужых

У Беластоку магілёўцаў няшмат. Але калі сустракаеш земляка – таго, хто разумее, што такое Дубравенка – гэта асобная радасць. Сустрэнеш чалавека з Бабруйска, Клічава, Асіповічаў – таксама свята. Свой.

Трымаюцца разам. Стэлефаноўваюцца. Дапамагаюць адзін аднаму разабрацца ў польскіх дакументах, знайсці ўрача, уладкаваць дзіця ў школу. Дыяспара – гэта не гучнае слова. Гэта проста людзі, якім ёсць пра што пагаварыць.

Большасць не плануе вяртацца – прынамсі пакуль. Але мара ёсць амаль у кожнага. Простая і канкрэтная: сесці на васьмёрку і даехаць, нарэшце, не да вуліцы Ліпавай, а да праспекта Шміта.

Мы хочам расказваць гэтыя гісторыі. Калі вы магілёвец у эміграцыі і гатовы падзяліцца сваёй – пішыце на [email protected].

Імя і дэталі, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, мы не публікуем. Досвед канспірацыі ёсць.

Фота з адкрытых крыніц.