Дзень у гісторыі. 24 мая. Кацярына ІІ і Іосіф ІІ у Магілёве. Першая ЧК, першае “Еўрабачанне”. Нарадзіліся А. Русак, М. Чыгір.

Дзень славянскага пісьменства. 

Дзень святых Мяфодзія і Кірылы, святых праваслаўнай і каталіцкай царквы, братоў-місіянераў, стваральнікаў стараславянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы. 

Мова – душа любога народа, яна з’яўляецца асновай нашага мыслення, таму мову трэба берагчы, вывучаць, паважаць і ведаць. Беражлівыя адносіны да сваёй мовы дазваляюць нам развіваць здольнасць разумець словы, аналізаваць учынкі, думаць, перадаваць атрыманы вопыт, ясна і дакладна выкладаць свае думкі.

1377 год. Памёр Альгерд (1296-1377).

Вялікі князь (1345-1377) ВКЛ, князь крэўскі і віцебскі, адзін з найбуйнейшых вайскаводаў ВКЛ. 

З 80 гадоў жыцця, кіраваў дзяржавай 32 гады. 

Бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзіміра. 

У часы Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая, беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве, што забяспечыла рост эканомікі, развіццё культуры, умацаванне старабеларускай мовы як афіцыйнай.

У 2014 годзе Альгерду ўсталяваны помнік у Віцебску..

1706 год. У Магілёў увайшлі рускія войскі генерала Бауэра.

Рускія войскі – саюзнікі Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй, сталі лагерам пад Машакоўскай гарой. 

У розны час у перыяд 1706-1708 гадоў у Магілёве знаходзіліся рускія ваенаначальнікі: Меншыкаў, Брус, Бауэр, Галавін, Рапнін, Даўгарукі, Сініцкі, Галоўкін, Нотаў, Чамберс. 

Іх атрады, як і 30-тысячнае войска татар, спустошылі горад і наваколлі рабаваннямі. 

8 верасня 1708 года па загаду Пятра I горад быў поўнасцю спалены татарскімі і калмыцкімі палкамі.

1780 год. У Магілёве адбылася сустрэча Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ.

Мэта сустрэчы – абмеркаванне другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Іосіф прыехаў у Магілёў 23 мая. У гонар сустрэчы з Іосіфам, 29 мая на Саборнай плошчы Магілёва быў закладзены Іосіфаўскі кафедральны сабор. Сабор будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гг. архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 г., бо “не ўпісываўся” ў архітэктуру будучай сталіцы БССР. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”.

У кастрычніку 2011 года тагачасны намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва.

Іосіфаўскі сабор.

1904 год. Нарадзіўся Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю. Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар больш 10 зборнікаў паэзіі, вершаў, вершаў для дзяцей.

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

Памёр 21 сакавіка 1987 года.

1917 год. Заснавана газета “Грамада”.

Першая беларуская газета ў Мінску, орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Выдавалася да 11 чэрвеня (4 нумары), рэдактар – ураджэнец в. Бацэвічы (зараз Клічаўскі раён), географ, грамадскі дзеяч Аркадзь Смоліч.

1918 год. У Магілёве створана губернская ЧК па барацьбе з сабатажам і контррэвалюцыяй.

Яна стала першай ЧК на тэрыторыі Беларусі. ЧК размесцілася ў будынку Архіерэйскага палаца. З гэтага моманту пачынаюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

1930 год. У Навагрудку нарадзілася Галіна Русак (1930-2000).

Беларускі жывапісец, графік, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамерыканскага руху за правы жанчын. Прафесар.

Нарадзілася ў сям’і беларускага дзеяча Філарэта Родзькі.

З 1949 года жыла ў Амерыцы. Да ад’езду ў Новы Свет скончыла Фрайбургскі і Лёвенскі ўніверсітэты. Адукацыю завяршыла ў Амерыцы. Працавала дырэктарам мастацкай бібліятэкі  Ратгерскага ўніверсітэта.

Яе мастацкая творчасць добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна неаднаразова выстаўлялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе з выстаўкай яе твораў змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі.

Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў.

Г. Русак. Сон малочніка.

1948 год. Нарадзіўся Міхаіл Чыгір.

Палітык, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень, вязень сумлення паводле Amnesty International. Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі,

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

1956 год. У швейцарскім Лугана прайшоў першы конкурс песні “Еўрабачанне”.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Бельгіі, Нідэрландаў, Італіі, Люксембурга, Францыі, ФРГ, Швейцарыі.

Да конкурсу дапускалася толькі сольнае выступленне выканаўцаў. Можна было выканаць дзве песьні.  Аўстрыя, Вялікабрытанія, Данія не ўдзельнічалі з-за спазнення правядзення нацыянальных адбораў.

Беларусь удзельнічала ў конкурсе “Еўрабачанне” з 2004 па 2019 год. Першымі прадстаўнікамі краіны стаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін” з песняй “My Galileo” (10 балаў і 19-е месца ў паўфінале).

Самае высокае месца заняў Дзмітрый Калдун у 2007 годзе: 145 балаў і 6 месца ў фінале.

За ўсю гісторыю ўдзелу Беларусь кваліфікавалася ў фінал усяго толькі 6 разоў і толькі аднойчы ўвайшла ў дзясятку найлепшых у фінале (2007). 

У сакавіку 2021 года Беларусь дыскваліфікавана з-за палітычнага падтэксту ў песні “Я навучу цябе” гурта «Галасы ЗМеста”. 28 мая 2021 г. Еўрапейскі вяшчальны саюз пазбавіў членства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі з-за пытанняў адносна правоў чалавека ў краіне на фоне пераследу апазіцыі.