Пракуратура на Магілёўшчыне ўсё актыўней улязае ў выхаванне дзяцей

Рэдкі ранішнік ці свята ў дзіцячым садку ў Магілёўскай вобласці цяпер абыходзіцца без прысутнасці пракурораў.

Дзіцячы садок №18 правёў мерапрыемства прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На ім дзецям не распавядалі пра тыя змены ў Асноўным законе краіны, якія дазволілі адной і той жа асобе без якіх-кольвечы абмежаванняў займаць галоўную пасаду ў дзяржаве дзесяцігоддзямі. Таксама нічога не сказалі пра тое, што раней Беларусь імкнулася быць нейтральнай і без’ядзернай, а цяпер, насуперак той жа Канстытуцыі, з яе тэрыторыі ўрываліся войскі на тэрыторыю суседняй мірнай краіны. 

Затое на святкаванні прысутнічала старшы памочнік пракурора Магілёва Кацярына Зубрыновіч. Зразумела, прысутнічала не ў цывільным адзенні, а як належыць пракурору пры выкананні службовых абавязкаў – ва ўніформе з пагонамі. Па меркаванні гарадской пракуратуры, якая і ініцыянавала гэтае мерапрымства, такая прысутнасць яшчэ больш натхняе дзяцей любіць Беларусь і быць лаяльным грамадзянінам. 

Праўда, нешта падказвае, што ад такога вобразу Беларусі ў пагонах, ад якога смярдзіць казёншчынай, нараджаецца не любоў і нават не нянавісць, а звычайная агіда. Можа гэта, насамрэч, і ёсць галоўная мэта, якую паставілі перад сабой ініцыятары мерапрымства ў дзіцячым садку пад наглядам пракурора.

Нагадаем, што днямі ў чэрыкаўскім дзіцячым садку №1 напярэдадні Дня Канстытуцыі прайшло мерапрыемства «Пісьмо пра Беларусь». На яго запрасілі памочніцу пракурора Чэрыкаўскага раёна Таццяну Аўчыннікаву. Менавіта перад ёй выхаванцы старэйшых груп дэманстравалі засвоеныя «ўрокі патрыятызму».

Фотаздымак: ТГ Генеральнай пракуратуры РБ

Любіць Беларусь у Чэрыкаве дзяцей вучаць у прысутнасці пракурора

Прысутнасць пракурора ў дзіцячым садку №1 Чэрыкава стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання.

У чэрыкаўскім дзіцячым садку №1 напярэдадні Дня Канстытуцыі прайшло мерапрыемства «Пісьмо пра Беларусь». На яго запрасілі памочніцу пракурора Чэрыкаўскага раёна Таццяну Аўчыннікаву. Менавіта перад ёй выхаванцы старэйшых груп дэманстравалі засвоеныя «ўрокі патрыятызму».

Малых дзяцей да сустрэчы загадзя падрыхтавалі выхавальнікі. Хлопчыкаў апранулі ў камуфляжныя штаны, і ўсім дзецям раздалі чырвона-зялёныя сцяжкі. У прысутнасці прадстаўніцы пракуратуры дзеці выконвалі дзяржаўны гімн і распавядалі пра значэнне дзяржаўных сімвалаў. Увесь сцэнар выглядаў як паказальнае выступленне перад гасцей у пагонах.

Такія сустрэчы праводзяцца ў межах праекта «Пісьмо пра Беларусь», які Генеральная пракуратура і Міністэрства адукацыі запусцілі ў 2022 годзе. Праект разлічаны на дзяцей 5–7 гадоў і прадугледжвае ўдзел пракурорскіх работнікаў у мерапрыемствах у дзіцячых садках. Падчас іх малым расказваюць пра дзяржаўныя сімвалы, «гераічнае мінулае» краіны і трагедыі Другой сусветнай вайны.

Арганізатары адкрыта заяўляюць, што мэта праекта – фарміраваць патрэбны светапогляд з ранняга ўзросту. Паводле прадстаўнікоў пракуратуры, менавіта ў дашкольныя гады закладваюцца асновы адносін да дзяржавы.

Насамрэч гаворка ідзе пра ідэалагічную апрацоўку дзяцей, якія яшчэ нават не пайшлі ў школу. Дашкольнікаў не проста знаёмяць з культурай або традыцыямі – ім у прысутнасці прадстаўнікоў сілавых структур убіваюць у галаву, як «правільна» любіць нават не краіну, а дзяржаву.

Яшчэ некалькі гадоў таму падобныя сцэнары былі немагчымымі. У дзіцячых садках праводзілі звычайныя святы і ранішнікі, але прадстаўнікі пракуратуры ці іншых сілавых ведамстваў у выхаваўчым працэсе не ўдзельнічалі. Сёння ж праект «Пісьмо пра Беларусь» зрабіў прысутнасць людзей у пагонах на дзіцячых мерапрыемствах нормай.

Такім чынам, патрыятычнае выхаванне ў садках усё часцей ператвараецца ў арганізаваную ідэалагічную кампанію, якая пачынаецца ўжо ў пяцігадовым узросце. Дзеці, якія яшчэ толькі вучацца чытаць і пісаць, ужо павінны дэманстраваць перад пракурорамі, як яны засвоілі любоў да дзяржавы.

Фотаздымак: cherikovnews.by