На Магілёўшчыне падлеткі зрывалі ЧЗ-сцяг

Пасярод ночы маладыя жыхары магілёўскай глыбінкі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка мясцовага аддзялення банка, а потым зафарбоўвалі нешта на пешаходных пераходах. 

Здарэнне, яўна падобнае на супраціўленне афіцыёзу, у афіцыйных крыніцах апісваецца досыць мудрагеліста. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца пра дзяўчыну, якая на кастрычнік 2025 года, ужо дасягнула паўналецця, і якая, быццам бы, вырашыла выпрабаваць пачуцці 17-гадовага хлопца. Як піша суд, яна мела ў яго аўтарытэт і карысталася даверам. Дзяўчыне раптам захацелася мець чырвона-зялёны сцяг РБ і яна папрасіла хлопца сарваць яго ўначы з будынка банка. Што той і зрабіў, заадно зламаўшы дрэўка. 

Таксама яна прапанавала зафарбаваць дарожныя знакі фарбай, якая не была хлопцу патрэбная. Той паслухмяна зафарбаваў два знакі “Пешаходны пераход”, прычыніўшы шкоду камунальнай гаспадарцы на амаль 140 рублёў.

На судзе абодва прызналі сваю віну. Хлопец па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” атрымаў год калоніі з адтэрміноўкай на год. А дзяўчына – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне заведама непаўналетняга.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

У магілёўскай ПК-15 адкрылі ўласную краму турэмнага адзення

У папраўча-працоўнай калоніі № 15 працягваюць паспяхова рабіць “гешэфт” на палітвязнях і іншых зэках.
З аднаго боку, з 1 студзеня кантралёры перасталі прымаць ватоўкі, кліфты, рабочыя робы, абутак, галаўныя ўборы і іншую адзежу, устаноўленую правіламі дэпартамента выканання пакаранняў ад родных – ні ў перадачах, ні ў рэчавых пасылках.

З іншага – усе гэтыя рэчы, а таксама пасцельныя прыналежнасці і ручнікі можна набыць у краме калоніі. 

Крама была адкрытая яшчэ ў ліпені 2025 года, але раней прапаноўвала толькі прадукцыю прамзоны, а цяпер істотна пашырыла асартымент.

Акрамя таго, у калоніі забаранілі парфуміраваныя крэмы і касметычныя сродкі на аснове натуральных цвёрдых алеяў.

Магчыма, каб жыццё мёдам не здавалася, а магчыма і таму, што і яны хутка з’явяцца ў фірмовай краме.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

З Горацкай калоніі на волю выйшаў палітзняволены блогер Павел Спірын

Пяць гадоў у калоніях Магілёўшчыны правёў палітвязень, блогер Павел Спірын.

Пра вызваленне 42-гадовага Спірына паведаміла “Наша ніва”. Палітвязень апошні год знаходзіўся ў калоніі №9 у Горках разам з такім жа палітзняволеным, Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Беляцкім.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня 2020 года, вызвалены праз тры дні, затым зноў затрыманы 9 верасня пасля выпуску свайго новага відэароліка. Падчас электаральнай кампаніі 2020 года блогер заявіў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пры гэтым Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да беларускага дыктатара ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. 

У далейшым Спірын стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Раней у 2019 годзе адзін з яго фільмаў “Грань” быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа за гэты фільм была ўзбуджаная толькі пасля актыўнага ўдзелу Паўла ў кампаніі 2020 года.

У лютым 2021 года яму прысудзілі чатыры з паловай года калоніі за нібыта «распальванне варожасці» ў дачыненні да лукашэнкаўскіх улад за два фільмы на YouTube – пра наркабізнэс і пра тагачаснага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з YouTube.

Павел Спірын спачатку адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. Перад планаваным вызваленнем на яго завялі новую крымінальную справу за нібыта «непадпарадкаванне адміністрацыі». Спірыну прысудзілі яшчэ год зняволення і адправілі ў калонію ў Горках.

Па сканчэнні дадатковага гадавога пакарання Спірына вызвалілі.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Палітвязня Бабруйскай калоніі абвясцілі яшчэ і тэрарыстам

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў так званы спіс тэрарыстаў, дадаўшы ў яго яшчэ шэсць чалавек. Адзін з іх – палітвязень Бабруйскай калоніі №2 Мікалай Люцкевіч.

Мікалай Люцкевіч 1973 года нараджэння з Мінску. Ён быў асуджаны судом да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму па трох артыкулах – за тое, што нібыта абразіў беларускага дыктатара, прадстаўніка ўлады і быццам бы распальваў варожасць.

31 кастрычніка 2025 года Люцкевіч быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія “маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Першапачаткова быў змешчаны ў СІЗА-1. Пазней яго перавялі ў СІЗА-4. На дадзены момант утрымліваецца ў Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Люцкевіча палітзняволеным 14 лістапада 2025 года.

Фотаздымак: AFP

У Горацкай калоніі адключылі таксафоны

Разам з пачаткам адключэння таксафонаў у папраўчых калоніях “Белтэлекам” пачаў абнуляць тэлефонныя карты ў вязняў. 

З першых дзён новага 2026 года “Белтэлекам” пачаў адключаць паслугу карыстання таксафонамі і, адпаведна, тэлефоннымі картамі. Так, у Горацкай калоніі №9 і ў Івацэвіцкай калоніі №22 ўжо цалкам адключаны таксафоны. Пра гэта піша Mayday, мяркуючы, што тое ж самае адбылося і ў іншых калоніях Беларусі.

Ад 1 студзеня таксама ў многіх вязняў калоній былі заблакаваны тэлефонныя карты. Прычына тая ж – скасаваная паслуга карыстання гэтымі картамі і таксафонамі для іх. 

Некаторым сваякам вязняў ужо прыйшлі лісты з просьбай зняць рэшту грашовых сродкаў з заблакаваных карт (грошы прапануецца перавесці ў кошт аплаты, напрыклад, хатняга тэлефона).

У якасці часовай меры адміністрацыя папраўчых калоній замест тэлефонных званкоў з таксафона прапануе асуджаным больш кароткі відэазванок. Аднак кампутарнай тэхнікі не хапае, таму і колькасць такіх званкоў будзе зменшана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Шклоўскую калонію змясцілі беларуса-найміта, што ваяваў супраць Украіны

Вызвалены ў межах абмену з украінскага палону беларускі грамадзянін Максім Зязюльчык асуджаны ў Беларусі за найміцтва.

Як піша праваабарончая арганізацыя dissidentby, Украіна ў межах абмену ў 2024 годзе перадала Расіі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў на баку РФ у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У палоне ён знаходзіўся з верасня 2022 года. Раней ва Украіне Зязюльчыка асудзілі як найміта да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

У спіс для абмену з Расіяй палоннымі Максім Зязюльчык трапіў яшчэ вясной 2023-га. Зянон Пазняк прапаноўваў абмяняць яго на беларускіх палітвязняў. “Мне вельмі прыемна, што мяне не пакінулі на варагуючай тэрыторыі” – сказаў Зязюльчык пасля перадачы расіянам.

Пасля вяртання з палону і пры перасячэнні мяжы Беларусі ўвосень 2024 года Зязюльчыка затрымалі. У Беларусі ён быў асуджаны паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а сама крымінальная справа засакрэчаная. Правааабронцам вядома, што прысуд склаў не менш за 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго накіравалі адбываць пакаранне ў папраўчую калоні №17 у Шклоў.

Максім Зязюльчык – ураджэнец Рудзенска, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. На пачатак поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ён служыў у Беларусі ў войску па кантракце. Пра ЧВК «Рэдут» даведаўся ад камандзіра сваёй часткі і ў ліпені 2022 года паехаў у Тамбоў, дзе завербаваўся. Пасля трохдзённай падрыхтоўкі яго накіравалі ва Украіну. 19 верасня 2022 года Зезюльчык атрымаў раненне ў нагу і трапіў у палон. Украінскі бок заяўляў, што ён можа быць агентам КДБ.

Расійскі рух «Ветэраны Расіі» звярнуўся да беларускага дыктатара з просьбай аб памілаванні Зязюльчыка, называючы яго «добраахвотнікам СВА» і падкрэсліваючы, што ён нібыта выконваў абавязкі інструктара па медыцынскай падрыхтоўцы і быў узнагароджаны расійскім медалём «За адвагу». Амбасада РФ у Беларусі заявіла, што магчымасці “абароны” абмежаваныя яго грамадзянствам РБ, але яно будзе дамагацца зняцця абвінавачання па артыкуле «найміцтва».

Фотаздымак: Тэлеграм-канал СБУ

П’яны закладчык быў затрыманы ў Магілёве па дарозе за ізалентай для мефедрона

Магілёўскага аўтаслесара не задавальняла зарплата, і ён знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце – стаў распаўсюджваць наркотыкі. 

Працаваў новаспечаны закладчык менш за месяц. Калі 27-гадовы дылер упакоўваў чарговую партыю псіхатропаў, каб развезці яе па тайніках, скончылася ізалента.

Мужчына адправіўся ў краму нападпітку, а вярнуўся дадому ўжо ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Пры ператрусе кватэры было знойдзена больш за кілаграм парашка падазронага выгляду. Экспертыза паказала, што гэта мефедрон.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў закладчыка да 9 гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўнай калоніі узмоцненага рэжыму, штрафа ў памеры 100 базавых велічынь і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Фота: ведамасны сайт ДКСЭ.

Былы палітвязень Шклоўскай калоніі: гэта былі катаванні ва ўсіх сэнсах

Умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні, гэта катаванні ва ўсіх сэнсах, сцвярджае праваабаронца, былы зняволены Шклоўскай калоніі №17 Уладзімір Лабковіч.

“Умовы былі надзвычай цяжкія. Напрыклад, у калоніі №17 мне адразу начальнік гэтай установы сказаў: ты ж ведаеш, што твае сябры на волі робяць з цябе сакральную ахвяру. Мы ім, канешне, дапаможам у гэтым ва ўсім. Формула простая – мы проста пеленгуем інтэрнэт, адна ўзгадка (пра цябе – заўв. mogilev.media) ў прэсе, незалежна дзе, і ты адразу едзеш у ШЫЗА. Узгадак было шмат, ШЫЗА таксама хапала” – распавёў Лабковіч на прэс-канферэнцыі былых палітвязняў у Вільні.

Асаблівыя пакуты ў ШЫЗА ў яго выклікала знаходжанне ў камеры-адзіночцы. 

“Гэта адзіночкі, гэта надзвычай халоднае памяшканне. У кожнага розны ўзровень сацыяльнай моцы. Для мяне асабліва цяжка было ў адзіночках, калі ты там адзін тыдзень, два, тры, чатыры, пяць, і іх было шмат. І сутак было шмат бесперапынна. Тады сапраўды становіцца цяжка” – ўзгадвае праваабаронца, падкрэсліваючы, што катаванні камерамі-адзіночкамі “вельмі-вельмі цяжкія”.

“Ёсць шмат момантаў, пра якія я не гатовы ўзгадваць, калі сапраўды былі і фізічны ўздзеянні, а маральныя і псіхалагічныя былі кожны раз” – кажа Уладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч – юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Уладзімір быў затрыманы разам з жонкай Нінай Лабковіч 14 ліпеня 2021 г. пасля вобшуку ў іх кватэры па так званай “справе Вясны”. Па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

13 снежня 2025 г. Уладзімір Лабковіч разам з іншымі палітвязнямі быў выдвараны з Беларусі ва Украіну, а затым пераехаў у Літву.

Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай

Магілёўская калонія пераняла вопыт шклоўскай па нажыве на зняволеных

Новыя негалосныя правілы ўводзяцца ў калоніі №15 у Магілёве – асуджаныя больш не могуць насіць робу, пашытую ў атэлье.

Як піша Mayday, новыя правілы ўводзяцца з новага года, аб чым асуджаныя ўжо папярэджаныя. Узамен адміністрацыя плануе адкрыць на тэрыторыі папраўчай калоніі сваю краму турэмнага адзення. Плаціць за яе трэба будзе сваякам зняволеных шляхам пералічэння сродкаў на рахунак калоніі.

У дадзены момант Магілёўская калонія апранае вязняў у камплект адзення нізкай якасці (сінтэтычныя тканіны становяцца “шклянымі” у халодную пару года і “не дыхаюць” у спякоту). Таму сваякі асуджаных аддаюць перавагу замаўляць камплект робы ў некаторых атэлье, якія спецыялізуюцца на падобнай вопратцы. У саміх атэлье ведаюць правілы для кожнай калоніі і могуць вырабіць вопратку “пад ПК-15”.

Нагадаем, што ў верасні такая ж самая забарона на робу з атэлье была ўведзена ў шклоўскай калоніі №17.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Алесь Бяляцкі: у Горацкай калоніі на мяне склалі 23 пратаколы аб парушэннях

Адміністрацыя Горацкай калоніі не рабіла палёгкі для лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў параўнанні з іншымі палітзняволенымі, паведаміў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

У калоніі №9 у Горках усе ведалі, што ў іх сядзіць лаўрэат Нобелеўскай прэміі, аднак ніякіх прывілеяў гэта не давала, распавёў выдвараны з Беларусі былы палітвязень Алесь Бяляцкі Радыё Свабодзе. Ён знаходзіўся ў гэтай калоніі з 2023 года да вызвалення сёлета ў сярэдзіне снежня. 

“Я праходзіў праз усё тое, праз што праходзілі палітычныя зняволеныя. Гэта і знявагі, гэта і размовы на «ты», да цябе ставіліся як да звычайнага зняволенага, як да палітзняволенага. Захацелася начальніку рэжыму – ён цябе распрануў дагала, прымусіў прысядаць, бо ён табе робіць поўную праверку, хаця там у цябе толькі сустрэча з адвакатам. Перад гэтым ён цябе распрануў, а то раптам ты пранясеш нейкую цыдулку, ці што ён там шукаў, я ня ведаю. Гэта ўсё – здзекі і нечалавечае абыходжанне – было, безумоўна” – распавёў Алесь Бяляцкі.

Паводле яго, там былі бясконцыя пратаколы аб парушэньні правілаў унутранага распарадку і адміністрацыя вельмі любіла выпісваць гэтыя паперы. “За любую дробязь і па справе, і не па справе – што ты не паголены, у цябе чаравікі не пачышчаныя, ты кепска прыбраў у секцыі, калі твой час прыбіраць, не павітаўся, калі прайшоў начальнік нейкі. Усё гэта было, я і сам ня ведаў, што на мяне было столькі папер” – кажа палітвязень.

Бяляцкі падлічыў, што пару месяцаў таму ён праходзіў палову тэрміну свайго зняволення. “Улічваючы норму «дзень у СІЗА за паўтара ў калёніі» і тое, што мы ў СІЗА правялі амаль два гады, мне атрымалася чыстага тэрміну дзевяць гадоў і паўтара месяца – тое, што я мусіў адсядзець. Нядаўна я праходзіў атэстацыю за палову гэтага тэрміну і на ёй пачуў, што на мяне, аказваецца, за два з паловай гады знаходжаньня ў Горацкай калёніі склалі 23 пратаколы аб парушэнні ўнутранага распарадку. Я лічыўся злосным парушальнікам. Нобэлеўскі ляўрэат – злосны парушальнік правілаў распарадку. Гэта цалкам нармальна, без усякай шызафрэніі для мясцовага горацкага начальства” – сцвярджае праваабаронца.

Паводле Бяляцкага, пры вызваленні перад наступнай дэпартацыяй у Літву 13 снежня 2025 года ў яго была забраная ўся карэспандэнцыя і рукапісы. 

Пры гэтым ён сцвярджае, што ў дачыненні да яго, безумоўна, было нялюдзкае абыходжанне, а вось катаванняў не было. “Калі цябе зачыняюць у ШЫЗА, а на табе толькі лёгкае адзеньне, а ў камэры +8 градусаў і ты там мусіш сядзець 10 сутак, ня можаш спаць, бо цябе калоціць ад холаду – гэта што? Гэта і ёсць нялюдзкае абыходжанне. Калі ты ня можаш сесці, бо прышпіленыя нары, ты мусіш хадзіць, а лаўка вузкая – 20 сантыметраў. Гэта тое месца, дзе ты можаш пасядзець пры +8 градусах у камеры, максімум +10, а ты ў кашульцы – гэта што такое? Гэта датычыць усіх зняволеных, не толькі палітычных” – ўзгадвае праваабаронца.

Фотаздымак: Reuters