З магілёўскай калоніі вывезлі частку палітвязняў – “Вясна”

Беларускія праваабаронцы паведамляюць, што як мінімум з двух калоній вывезлі частку палітвязняў. Гэта магілёўская ПК-15 і наваполацкая ПК-1. За апошні год масавыя “вызваленні” палітвязняў адбываюцца на фоне сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскім спецпасланнікам Джонам Коўлам. Такая сустрэча якраз праходзіць сёння ў Мінску.

“Вясна” паведамляе, што ў мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскі СІЗА КДБ, а адтуль пазней выдваралі з краіны, нярэдка без дакументаў.

Фота з адкрытых крыніц.

У магілёўскай ПК-15 адкрылі ўласную краму турэмнага адзення

У папраўча-працоўнай калоніі № 15 працягваюць паспяхова рабіць “гешэфт” на палітвязнях і іншых зэках.
З аднаго боку, з 1 студзеня кантралёры перасталі прымаць ватоўкі, кліфты, рабочыя робы, абутак, галаўныя ўборы і іншую адзежу, устаноўленую правіламі дэпартамента выканання пакаранняў ад родных – ні ў перадачах, ні ў рэчавых пасылках.

З іншага – усе гэтыя рэчы, а таксама пасцельныя прыналежнасці і ручнікі можна набыць у краме калоніі. 

Крама была адкрытая яшчэ ў ліпені 2025 года, але раней прапаноўвала толькі прадукцыю прамзоны, а цяпер істотна пашырыла асартымент.

Акрамя таго, у калоніі забаранілі парфуміраваныя крэмы і касметычныя сродкі на аснове натуральных цвёрдых алеяў.

Магчыма, каб жыццё мёдам не здавалася, а магчыма і таму, што і яны хутка з’явяцца ў фірмовай краме.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.