Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Дзень у гісторыі. 7 студзеня. Раство Хрыстова. Нарадзіўся адраджальнік іўрыта Эліэзер Бэн-Егуда. Памёрлі паэты Янка Журба, Кандрат Крапіва

Раство Хрыстова (праваслаўны каляндар) і пачатак Калядаў.

Каля мястэчка Віфлеем нарадзіўся Сын Божы Ісус Хрыстос. Прыйшоўшы на зямлю, Хрыстос не быў сустрэты пашанай, шляхетнасцю і багаццем. У яго нават не было зыбкі (калыскі), як ва ўсіх дзяцей, не было і прыстанку. Ён нарадзіўся ў пячоры і быў пакладзены ў яслі, куды кладуць корм для жывёл.

Першымі гасцямі боскага немаўлятка былі не цары і вяльможы, а простыя пастухі, якім Анёл абвясціў аб Нараджэнні (Растве) Хрыстовым. Затым прыйшлі вешчуны, якім цудоўная Віфлеемская зорка паказала шлях. Вешчуны прынеслі дары: золата, ладан і смірну. Гэтыя дары мелі глыбокі сэнс: золата прынеслі як Цару ў выглядзе даніны, ладан як Богу, а смірну як чалавеку, які павінен памерці (смірнай памазвалі памерлых).

Святая царква распавядае, што ўсё тварэнне Божае сустракала Збавіцеля: анёлы прынеслі спевы, вяшчуны – дары, пастыры сустрэлі дзіцятка, зямля прыгатавала пячору – батлейку, а Маці Госпада стала Дзева Марыя. 

Раство Хрыстова завяршае саракадзённы Калядны пост (святая Чатырохдзесятніца), напярэдадні свята выконваецца строгі пост. Пасля Раства настаюць каляды – святыя 12 дзён, на працягу якіх адзначаецца свята. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі». Ідзе калядаванне і нашэнне «звязды». Паказваюць батлейку і праводзяць ігрышчы: «ваджэнне казы», «жаніцьба Цярэшкі» і гульню ў «Яшчура».

1858 год. У мястэчку Лужкі (зараз Шаркаўшчынскі раён) нарадзіўся Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, Дзвінскае рэальнае вучылішча, Сарбонскі універсітэт Парыжа.

У 1881 годзе іміграваў ў Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

У Лужках усталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

Памёр 16 снежня 1922 года.

1877 год. Нарадзіўся Стафан Багушэўскі. 

Беларускі і польскі грамадска-палітычны дзеяч. Антыфашыст.

Вучыўся ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах, Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.

Разам з В. Іваноўскім і М. Фальскім займаўся арганізацыяй нелегальнай беларускай выдавецкай дзейнасці ў Кракаве, удзельнік работы Беларускай сацыялістычнай грамады.

За рэвалюцыйную дзейнасць арыштаваны ў 1905 годзе разам з К. Каганцом. 

Працаваў аграномам, у 1-ю сусветную вайну служыў у польскіх легіёнах аўстра-венгерскай арміі, выкладаў у Вольным польскім універсітэце, з’яўляўся членам Міжнароднай земляробчай камісіі пры Лізе Нацый, членам польскага сената.

У 1933 годзе заснаваў Польскі антыфашысцкі і антываенны камітэт, дэлегат Еўрапейскага антыфашысцкага рабочага кангрэса ў Парыжы, рэдактар часопіса ‘Kolumna’. Крытык санацыйнага ўрада Польшчы, за што быў зняволены ў турме ў 1936 годзе.

Памёр 18 красавіка 1938 года.

1888 год. Нарадзіўся Дамінік Аніська. 

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст.

Браў удзел у беларускім рэлігійным і грамадскім руху, быў аўтарам віленскай газеты «Беларус», беларускага каталіцкага часопіса «Хрысціянская думка». Аўтар брашур: «Да беларускага народу», «Усё ў міласці».

Адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы ХХ стагоддзя.

У 1939 мабілізаваны ў польскае войска. 

Быў арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі, знаходзіўся ў лагерах. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса, разам з ёю выйшаў у Іран, а адтуль у Палестыну. 

З 1949 жыў у Вялікабрытаніі, у Беларускім Доме ў Лондане. Быў аўтарам беларускага рэлігійнага часопіса «Божым шляхам» (Парыж-Лондан).

Памёр  28 снежня 1971 года ў Лондане, дзе пахаваны на могілках Святога Панкрата.

1897 год. Нарадзіўся Язэп Адамовіч. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, другі старшыня СНК БССР (1924-1927). Адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер. Вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат.

У 1918 годзе фармаваў палкі дзеля спынення нямецкіх войск, удзельнік падаўлення антысавецкіх выступленняў ў Гомелі, у Віцебскай, Смаленскай губернях, камендант Смаленска, ваенны камісар Смаленскай губерні, Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў.

У 1920-1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР, ваенны камісар Менскай губерні, старшыня Менскага гарнізона, народны камісар па вайсковых справах БССР і адначасова народны камісар унутраных спраў БССР, старшыня СНК БССР.

Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР

У 1924 годзе разам з А. Чарвяковым і У. Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Пасля канфлікта з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А. Крыніцкім быў пераведзены ў Маскву. Працаваў на розных пасадах у Маскве, на Далёкім Усходзе.

22 красавіка 1937 года у атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў застрэліўся ў цягніку Уладзівасток – Масква.

1907 год. У Копысі нарадзілася Соф’я Друкер. 

Беларуская оперная спявачка, народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускія музычны тэхнікум, студыю оперы і балета,  кансерваторыю. Усё сваё жыццё прысвяціла служэнню Дзяржаўнаму тэатру оперы і балета БССР, за выключэннем гадоў ваеннай эвакуацыі, калі спявала ў Саратаўскім тэатры, удзельнічала ў працы франтавых канцэртных брыгад.

Адна з першых беларускіх оперных спявачак. Першая выканаўца многіх партый у беларускіх нацыянальных операх.

Лепшыя партыі опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Наташа («Русалка» А. Даргамыжскага), Марыя («Мазепа» П. Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Джузэпэ Вердзі) і іншых.

Яе двое дзяцей загінулі ў першы дзень бамбардзіроўкі Мінска нацыстамі.

Памерла 21 красавіка 1984 года.

1907 год. У в. Гарадзец Быхаўскага раёна нарадзіўся Канстанцін Лукашоў. 

Беларускі геолаг. Рэктар Ленінградскага і Беларускага дзяржаўных ўніверсітэтаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР.

Пасля сканчэння Ленінградскага ўніверсітэта, працаваў загадчыкам кафедры, дэканам геолага-глебава-геаграфічнага факультэта, рэктарам ЛДУ.

Падчас Другой Сусветнай вайны быў прадстаўніком у Нью-Ёрку па ленд-лізу. Пасля вайны загадваў кафедрай у Маскоўскім універсітэце імя М. Ламаносава, быў рэктарам БДУ (1953-1956), віцэ-прэзідэнтам АН БССР (1956-1969), дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, старшынёй Беларускага геаграфічнага таварыства (1957-1960).

Аўтар прац па грунтазнаўству, фізічнай і эканамічнай геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі, праблемах рацыянальнага выкарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, геалогіі Забайкалля і Амурскай вобласці, даследаванняў па эканоміцы ЗША, праблемах мінеральных рэсурсаў і геапалітыцы. Абгрунтаваў перспектывы пошукаў радовішчаў металаў і неметалічнай сыравіны на тэрыторыі Беларусі.

Памёр 23 мая 1987 года.

1910 год. Нарадзіўся Канстанцін Заслонаў. 

Адзін з кіраўнікоў беларускага савецкага партызанскага руху. Герой Савецкага Саюза.

Да вайны працаваў начальнікам дэпо станцыі Орша. У верасні 1941 года стварыў партызанскі атрад з чыгуначнікаў. Сам Заслонаў уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо начальнікам рускіх паравозных брыгад, стварыў і ўзначаліў некалькі падпольных дыверсійных груп, якія паралізавалі работу Аршанскага чыгуначнага вузла.

У лютым 1942 года пайшоў у партызаны. Камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці», камандуючы  партызанскімі сіламі аршанскай зоны.

Загінуў 14 лістапада 1942 года ў баі супраць карнікаў.

У Айчынную вайну 2 партызанскія брыгады называліся імем Заслонава. У Оршы створаны мемарыяльны музей Заслонава, яго імя прысвоена дэпо станцыі Орша, школе, алеі ў Оршы, чыгуначнай станцыі ў Лепельскім раёне, вёсцы ў Сенненскім раёне, дзіцячай чыгунцы ў Мінску, многім вуліцам у шэрагу населеных пунктах Беларусі, у тым ліку ў Магілёве.  Пра яго складзены народныя песні і легенды.

1960 год. Нарадзіўся Георгій Кандрацьеў. 

Беларускі футбаліст і трэнер. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі. Чэмпіён СССР (1982), бронзавы прызёр чэмпіянату СССР, фіналіст кубка СССР, уладальнік Кубка Федэрацыі футбола СССР (1990).

Гулец віцебскай «Дзвіны», мінскага і брэсцкага «Дынама», адэскага «Чарнаморца», маскоўскага «Лакаматыва», мазырскай «Славіі», іншых клубаў, у тым ліку еўрапейскіх, член зборнай СССР.

Трэнераваў мазырскую «Славію», мінскае «Дынама», віцебскі «Лакаматыў», «Смаргонь» (вывеў у Вышэйшую лігу чэмпіянату) і іншыя, ўзначальваў моладзевую зборную Беларусі.

1964 год. Памёр Янка Журба (Іван Івашын).  

Беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, у якой было 12 чалавек.

Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923-1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927-1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.

Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў для «Нашай нівы», «Савецкай Беларусі», «Полымя», 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы.

У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.

1991 год. Памёр Кандрат Крапіва (Атраховіч). 

Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат дзвюх Сталінскіх, Дзяржаўнай прэмій СССР. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у Цэнтральным бюро краязнаўства, у часопісах, газетах, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, віцэ-прэзідэнтам АН БССР.

Неаднаразова абіраўся дэпутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Аўтар вершаваных фельетонаў, сатырычных вершаў, куплетаў, баек, прозы, крытычных, лінгвістычных артыкулаў, каля 20 кніг сатыры і гумару. Майстар  камедыйнага жанру, па яго п’есах зняты кінафільмы.

Творы Крапівы перакладзены на многія мовы свету. Сам пераклаў шмат твораў рускай і замежнай класікі.

Адзін з навуковых рэдактараў «Русско-белорусского словаря», рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка», «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах. Узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Навуковы рэдактар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы».

У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук, Уздзенская СШ № 2, названы вуліцы ў Мінску і Уздзе. У Мінску на доме па праспекце Незалежнасці, 76, устаноўлена мемарыяльная дошка.

1995 год. Памёр Анатоль Ляляўскі. 

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст.

У 1956-1986 гадах працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго лепшых пастановак па творах беларускіх аўтараў «Дзед і жораў» В.Вольскага, «Сярэбраная табакерка» паводле Змітрака Бядулі, «Ліпавічкі» У. Галубка, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа і іншыя.

2017 год. Памёр Антон Шукелойць

Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. Беларускі этнограф, педагог.

Падчас студэнцтва ва Універсітэце Стэфана Баторыя працаваў у  этнаграфічным музеі, выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, старшынёй Таварыства прыяцеляў беларусаведы, спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

З 1939 года настаўнічаў, арганізаваў першую ашмянскую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы, каля 90 беларускіх школ на Ашмяншчыне, працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

Эміграваў. У Германіі адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей. У ЗША працаваў старшынёй Беларуска-Амерыканскага задзіночання, членам рэдакцыі газеты «Беларус», Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Дзень у гісторыі. 6 студзеня. Тры каралі. Сканчэнне Лівонскай вайны. Капенгагенская Русалачка страціла галаву. Нарадзіўся Адам Станкевіч, памерла Магдалена Радзівіл

Першая Посная куцця. Перадкалядная вячэра (праваслаўны каляндар). Які дзень, такі і год.

Гэта назва звязана са звычаем праваслаўных хрысціян ужываць у гэты дзень у ежу куццю – сушаныя хлебныя зерні, што размочаныя ў вадзе, папросту кажучы – кашу. Куццёй называлі не толькі кашу і ўсякую посную ежу, а таксама сок, ці, як казалі раней, “малако” рознага насення: макавае, канаплянае, сланечнікавае, гарчычнае, арэхавае, міндальнае і іншыя. Гэтым “малаком” запраўлялі кашы падчас 40-дзённага Піліпавага паста перад Калядамі і ў калядную куццю.

Ужо ў IV стагоддзі былі прыняты правілы як святкаваць вячэру перад Раством. У V стагоддзі Анатоль, Патрыярх Канстанцінопальскі, затым Анатоль і Сафроній Іерусалімскія (VI стагоддзе), Козма Маюмскі і Іаан Дамаскін (VIII стагоддзе) напісалі для свята Нараджэння Хрыстовага святыя спевы, якімі Царква і ў цяперашні час услаўляе свята.

Самая вясёлая частка перадкаляднай вячэры – раздача падарункаў. Сачэльнік (ад сочыва) – адзін з нямногіх выпадкаў, калі дзеці садзіліся за стол разам з дарослымі.

Абрад «Тры каралі», Багаяўленне (каталіцкі каляндар).  

Узнік у першыя стагоддзі хрысціянства на Усходзе, у праваслаўнай царкве звязваецца з хрышчэннем Ісуса Хрыста Янам Хрысціцелям і сашэсцем на яго Духа Святога ў выглядзе голуба (19 студзеня). 

У каталіцызме Багаяўленне святкуецца з ІV стагоддзя, яго сімволіка звязваецца з паведамленнем евангелляў, як паганскія цары-варажбіты Каспар, Мельхіёр і Балтазар, папярэджаныя анёлам, прыйшлі пакланіцца немаўляці Ісусу і прынеслі дары. У памяць гэтага ў касцёлах служаць удзячныя малебны, Хрысту прыносяцца ў ахвяру як цару – золата, як Богу – ладан, як чалавеку – міра. 

Асвечанай у касцёле крэйдай на дзвярах дамоў пішуць першыя літары іменаў трох каралёў, перамяжаючы іх крыжыкамі, і нумар году, накшталт: +М+M+Х+Х+ІІІ (2023). «Шчодрым вечарам» напярэдадні гэтага свята заканчваюцца «святыя вечары», г.зн. вечары ад Божага Нараджэння да свята Трох каралёў. Дзецям і сваякам у  вечар напярэдадні свята, 5 студзеня, дараць падарункі, раздаюць пірагі. З самога свята пачынаюцца карнавальныя гульні і забавы, якія заканчваюцца на Папялец.

Традыцыйна на вячэру самога свята ў Рэчы Паспалітай пяклі мігдалавы торт або пірог з запечаным у сярэдзіне вялікім мігдалам. Той, каму даставаўся кавалак з гэтым мігдалам, мусіў сваім коштам арганізаваць вечарыну на Папялец; дзяўчыне ў гэтым выпадку варажылі хуткае замужжа. У канцы ХІХ ст. звычай быў крыху зменены, і таго, хто даставаў мігдал, абвяшчалі «мігдаловым каралём», г.зн. ганаровым маршалкам банкету.

1582 год. Заключаны Ям-Запольскі мір. Скончылася Лівонская вайна. 

Мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай  заключаны на 10 год у в. Ківерава Гара, за 15 вёрст ад Запольскага Яма пасламі Івана Грознага і Стэфана Баторыя пры пасярэдніцтве папскага легата Антоніа Пасевіна. 

Вайну пачаў Іван Грозны з Вялікім княствам Літоўскім за валоданне Лівоніяй. Паводле ўмоў міру Іван Грозны адмовіўся ад Лівоніі і Полацка, Маскоўская дзяржава атрымала назад Вялікія Лукі і некаторыя іншыя землі.

Фота: Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам».

1892 год. Нарадзіўся Адам Станкевіч. 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.

Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).

Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.

Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі».

Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.

У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч. 

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. 

Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску,  Клімавічах. 

Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Расстраляны НКУС 15 верасня 1937 года.

1912 год, стварэнне падмурка сучаснай геалогіі. 

На з’ездзе Германскага Геалагічнага таварыства ў Франкфурце нямецкі метэаролаг, геафізік і палярны даследчык Альфрэд Вегенер у гэты дзень выступіў з дакладам, азагалоўленым “Утварэнне буйных форм рэльефу зямной кары кантынентаў і акіянаў”. 

У ім на падставе комплексу навуковых дадзеных вучоны ўпершыню публічна выклаў сваю канцэпцыю дрэйфу кантынентаў, якая стала падмуркам сучаснай геалогіі. 

У пачатку лістапада 1930 года Вегенер трагічна загінуў у льдах Грэнландыі.

1942 год. У в. Сушчаўская Слабодка Чавускага раёна нарадзіўся Мікалай Кірэеў. 

Беларускі мастак і педагог.

Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажаў. Галоўнае ў творчасці – паэтычнае спасціжэнне народнага жыцця. Рэальнай паэтыкай народных вобразаў вылучаецца работа «Кветкі маёй Радзімы». Рамантыкай дыхае палатно «У купальскую ноч». Мастак фарбамі здолеў перадаць цеплыню чалавечых адносін.

Чавуская прырода для мастака – музыка душы, крыніца натхнення.

Загадчык кафедры «Рысунак, жывапіс і скульптура» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

1942 год. Памёр ураджэнец в. Паддуб’е Магілёўскага раёна  Герасім Якушка.  

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве захаваўся яго праекта 5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (“Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

1943 год. У СССР уведзены наплечныя пагоны для асабовага складу Савецкай Арміі. 

Першапачаткова пагоны насілі практычны сэнс. З іх дапамогай трымаўся рамень патроннай торбы. Таму і пагон спачатку меўся толькі адзін, на левым плячы, бо патронная торба насілася на правым баку.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі дэкрэтам Саўнаркама РСФСР былі адменены пагоны ў арміі і нашыўкі ў флоце, як сімвал няроўнасці. Адменены былі і воінскія званні.

У студзені 1919 года былі заснаваны знакі адрознення па родах войскаў і знакі адрознення каманднага складу вайскоўцаў Чырвонай Арміі. У верасні 1921 года былі ўведзены першыя знакі адрознення і ў флоце.

1945 год. Памерла Магдалена Радзівіл. 

Беларуская мецэнатка з роду Завіша, арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху.

Дзяцінства правяла ў родавых маёнтках Жорнаўка (зараз Асіповіцкі раён) і Кухцічы.

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі В. Іваноўскі, I. Луцкевіч, А. Луцкевіч, Р. Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло. У знак удзячнасці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.

У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Святых  Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.

1963 год. Памёр Андрэй Александровіч. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты»), працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

1975 год. Памёр Юрка Віцьбіч (Серафім Шчарбакоў). 

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пад час вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 г.одзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”. 

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года знаходзіўся на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”.

Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

1988 год. Памёр Рэм Салавухін. 

Беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаўрэат Ленінскай прэміі.

Узначальваў Інстытут цепла- і масаабмену імя А. Лыкава Акадэміі навук БССР, працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры БДУ.

Працаваў у галіне фізікі ўдарных хваляў, фізікі плазмы, квантавай электронікі, высокатэмпературнай газадынамікі.

Прапанаваў метады вымярэння ціску, шчыльнасці, тэмпературы і іншых параметраў працэсаў ва ўдарных хвалях.

Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.

1998 год. У Капенгагене варвары адрэзалі галаву помніку Русалачцы. 

Ханс Крысціян Андэрсан пісаў прыгожыя, але сумныя казкі. І яго казкі сталі знакамітымі на ўвесь свет, таму што нясуць у сабе дзіўную дабрыню. А ў рэальным жыцці знаходзіцца велізарная колькасць маральных вырадкаў, якія нясуць толькі зло і разбурэнні.

Помнік у гонар Русалачкі, гераіні казкі Андэрсана, быў узведзены ў 1913 годзе і стаў адной з галоўных славутасцяў сталіцы Даніі. З таго часу ён неаднаразова падвяргаўся апаганьванню.

У пачатку вандалы абмяжоўваліся толькі размалёўкай скульптуры, але ўжо ў 1964 яна ўпершыню пазбавілася галавы, праз 20 гадоў ёй адрэзалі правую руку, у 1990 годзе зноў была здзейснена чарговая спроба абезгаловіць няшчасную, на шыі помніка знойдзены надрэз 18 сантыметровай глыбіні.

11 верасня 2003 года, у гадавіну тэракту ў Нью-Ёрку, пад статую была падкладзена ўзрыўчатка, статую выбухам знесла з пастамента.

У 2007 годзе ўлады Капенгагена аб’явілі, што статуя будзе перанесена далей у гавань, каб пазбегнуць далейшых выпадкаў вандалізму і для прадухілення пастаянных спроб турыстаў узлезці на яе.

Дзень у гісторыі. 5 студзеня. Нарадзіліся Еўфрасіння Полацкая, акадэмік Аляксандр Вайтовіч, жывапісец Ігар Бархаткоў. Пачалося будаўніцтва маста “Залатыя вароты”

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны Беларусі. 

Гэта свята непасрэдна датычыцца больш як 35 тысяч чалавек, якія працуюць у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама, і іх падапечных. А гэта – ні многа ні мала – больш за 1,8 мільёнаў людзей, якія стаяць на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Найбольш запатрабаванай на сёння формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых і інвалідаў з’яўляецца дапамога на даму. Яе атрымліваюць каля 90 тысяч непрацаздольных жыхароў краіны.

1104 год. Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая (Прадслава). 

Святая ў праваслаўных і грэка-каталікоў, апякунка Беларусі. 

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца, паломніца. 

У 1167 годзе ішла ў паломніцтва па Дняпры, праз Оршу, праз месца, дзе зараз стаіць Магілёў, магла прыпыняцца там, дзе зараз месціцца Паднікольскі манастыр. 

У 1187 г. яе мошчы былі перанесены з Ерусаліма ў Кіева-Пячорскую лаўру. 

У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы ў Магілёве.

1875 год. Памёр Адам Завадскі

Віленскі друкар і выдавец.

Пасля бацькі Юзафа Завадскага ўзначаліў выдавецтва Завадскага. Яго жонка – Вінцэнціна Завадская – аўтар папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская кухарка» (Вільня, 1854).

Супрацоўнічаў з многімі пісьменнікамі, у тым ліку з В. Дунінам-Марцінкевічам, у 1846 годзе выйшла яго першая кніга «Сялянка». Перапісваўся з М. Асорыя-Цяплінскім наконт выдання «Snopka Nadniemeńskiego» і збору яго твораў.

1891 год. Нарадзіўся Адам Пучкар-Хмялеўскі. 

Рымска-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч.

Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Святар з 1916 года, служыў у Бабруйску, Іркуцку, мінскіх касцёле Святых Сымона і Алены, кафедральным касцёле, у парафіях Койданава, Заслаўя, Воўчкавіч.

У 1926 годзе на з’ездзе каталіцкіх святароў Мінскай губерні выступіў з прапановай утварэння каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам, падпарадкаваным непасрэдна Ватыкану, а не польскай іерархіі. 

Арыштоўваўся ЧК у 1920, ДПУ БССР у 1933 годзе. Разам з іншымі святарамі асуджаны і сасланы ў лагеры.  

Загінуў 1 верасня 1938 года.

1907 год. У в. Радучы Чавускага раёна нарадзіўся Кастусь Губарэвіч.  

Беларускі драматург. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Настаўнічаў, працаваў у газетах «Палеская праўда», «Літаратура і мастацтва»,  на Белдзяржкіно, «Беларусьфільме», Беларускім радыё, у Міністэрстве культуры.

Аўтар вершаў, апавяданняў, зборнікаў апавяданняў, драм, лірычных камедый, шэрагу гісторыка-рэвалюцыйных і ваенна-патрыятычных п’ес, у тым ліку «Цытадэль славы» (пастаноўка 1949; пад назвай «Брэсцкая крэпасць», 1953), «Простая дзяўчына», «На крутым павароце», «Брэсцкі мір», «Партызанская зона». Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Паланэз Агінскага» і іншых.

Памёр 3 ліпеня 1987 года.

 

1931 год. Нарадзіўся Уладзімір Піліповіч. 

Беларускі вучоны ў галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, загадчыкам Лабараторыі электронікі дырэктарам Інстытута электронікі Акадэміі навук.

Вынікі яго даследаванняў і распрацовак адлюстраваны больш чым у 400 навуковых працах, у тым ліку ў 3 манаграфіях. У галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі створана прызнаная навуковая школа, сярод яго вучняў 3 дактары і 32 кандыдаты навук.

Памёр 2 красавіка 2018 года.

1933 года. У Сан-Францыска пачалося будаўніцтва аднаго з самых вядомых у свеце мастоў – “Залатая Брама”, “Залатыя Вароты” (Golden Gate Bridge). Вісячы мост праз праліў Залатыя Вароты. 

Ён злучае горад Сан-Францыска на поўначы паўвострава Сан-Францыска і паўднёвую частку акругі Марын, побач з прадмесцем Саўсаліта. Быў самым вялікім вісячым мостам у свеце з моманту адкрыцця ў 1937 і да 1964 года. 

Даўжыня моста – 1970 метраў, даўжыня асноўнага пралёта – 1280, вышыня апор – 230 метраў над вадой. Ад праезжай часткі да паверхні вады – 67 метраў.

1938 год. Нарадзіўся Аляксандр Вайтовіч. 

Беларускі акадэмік, фізік і палітык. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, дырэктарам Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1997-2000), Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (2000-2003), загадчыкам лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. Сцяпанава акадэміі навук.

Аўтар прац па лазернай фізіцы і оптыцы, дынаміцы нелінейных сістэм, фізіцы нанапамерных структур.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл работ «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйна лазернай спектраскапіі», Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя В. Капцюга за цыкл работ «Лазерная спектраскапія высокага дазволу і яе фундаментальныя прыкладанні».

Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, даведніка, 25 вынаходніцтваў.

1958 год. Нарадзіўся Ігар Бархаткоў. 

Беларускі мастак-жывапісец, калекцыянер. Яго бацька Антон Бархаткоў – славуты мастак, старэйшы брат Вітольд, хроснік акадэміка жывапісу Бялыніцкага-Бірулі, жонка Алена – мастачка.

Мастакі Бархатковы выстаўляюцца ў знакамітых галерэях па ўсім свеце, але жывуць у вёсцы пад Мінскам.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў П. Крохалева і М. Данцыга. Вучыўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у г. Мінску ў славутага М. Савіцкага.

Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у краінах СНД і за мяжой.

Мастакі Ігар І Алена Бархатковы

1984 год. У Мінску заснаваны музей «Дом Ваньковічаў». 

Адкрыты ў 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча (1800—1842) як філіял Нацыянальнага мастацкага музея – музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя». Помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, былы дом прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў.

У флігелі ўпраўляючага знаходзіцца офіс турыстычнай фірмы. У двары сядзібы ўстаноўлены помнік В. Ваньковічу. У сядзібным комплексе адрэстаўраваны гаспадарчы корпус, у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная, а цяпер рэстаран «Грай», сядзібны дом, дзве афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад.

У мемарыяльных залах музея экспануюцца дакументы пра Валенція Ваньковіча і яго род, фотаздымкі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля, жывапісныя копіі, сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча.

У астатніх пакоях дэманструюцца сядзібныя партрэты, прадметы ўбрання, мэбля XVIII-XIX стагоддзяў, партрэтная галерэя.

Дзень у гісторыі. 2 студзеня. Разрабаванне Кіева. Першы фотаздымак Месяца. Нарадзіліся пісьменнік-фантаст Айзэк Азімаў, вядомыя географы Пятро Лярскі, Іван Пірожнік, палітык Сямён Домаш

1203 год. “Взят бысть Кыев Рюриком и Олговичи и всею Половецьскою землею. И створися велико зло в Русстеи земли, якого же зла не было от крещенья над Кыевом…” – сцвярджае Лаўрэнцеўскі летапіс. 

За кіеўскі сталец вялі барацьбу Рурык Расціславіч са смаленскай дынастыі і Раман Мсціславіч Валынскі. Кіяўляне падтрымлівалі Рамана, у адказ Рурык заклікаў на дапамогу чарнігаўцаў і полаўцаў і падверг Кіеў разрабаванню з масавым вывадам насельніцтва ў рабства, пасля чаго горад страціў ранейшае значэнне.

Разрабаванне Кіева падарвала аўтарытэт і моц Кіева і характарызавала заняпад Паўднёвай Русі яшчэ да Батыева нашэсця. Падчас разрабавання полаўцамі Кіева-Пячэрскай лаўры загінуў Ілля Пячэрскі, магчымы прататып быліннага Іллі Мурамца.

1839 год. Зроблены першы фотаздымак Месяца Луі Дагерам.

Дзякуючы прыліўным сілам Месяц заўсёды звернуты да паверхні Зямлі адным бокам. Па меры таго, як Месяц на працягу месяца абарочваецца вакол Зямлі, адбываецца знаёмы ўсім цыкл змены фаз. З Зямлі бачная толькі частка асветленага боку Месяца, якая на працягу перыяду звароту Месяца бесперапынна мяняецца з-за змены адноснай канфігурацыі Зямлі, Месяца і Сонца.

Луі Дагер прадставіў шырокай грамадскасці працэс атрымання дагератыпу толькі ў жніўні 1839 года.

1864 год. Пакараны смерцю Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандытат матэматыкі.

Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, у Парыжы выдаў брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У лютым 1863 года далучыўся да паўстанцкай арганізацыі, са жніўня – паўстанцкі начальнік Вільні.

Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года.

Публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

1918 год. У в. Рымінка Чавускага раёна нарадзіўся Пятро Лярскі

Знакаміты беларускі географ, краязнавец, педагог. Кандыдат геаграфічных навук. Выдатнік народнай асветы БССР і СССР. Ганаровы член Беларускага геаграфічнага таварыства. Чалавек года Магілёўскай вобласці (2006).

Усё свае жыццё прысвяціў служэнню Магілёўскаму педінстытуту, які скончыў.

Аўтар і суаўтар больш за 160 навуковых публікацый і 17 кніг, у тым ліку 3 падручнікаў для ВНУ, 5 школьных падручнікаў па прыродазнаўстве, шэрагу метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў.

Выдаў падручнікі “Дапаможнік па краязнаўству” для геаграфічных спецыяльнасцей, “Геаграфія”, “Землязнаўства і краязнаўства” (у суаўтарстве) для студэнтаў педагагічных факультэтаў вну СССР. З 1970 па 1996 год школьны курс прыродазнаўства вывучаўся па падручніках П. Лярскага.

Папулярызатар геаграфічных ведаў, краязнаўства. Найбольш папулярная яго кніга “Прырода Магілёўскай вобласці” (на рускай і беларускай мовах).

Памёр 25 кастрычніка 2013 года.

У яго гонар устаноўлена шыльда ў Магілёве на будынку корпуса МДУ па вул. Першамайская, 44 (скульптар А.Вараб’ёў), яго імя прысвоена СШ №21 г. Магілёва.

1920 год. У в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) нарадзіўся Айзэк Азімаў. 

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. 

Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайнам адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Памёр 6 красавіка 1992 года.

1925 год. Нарадзіўся Яўген Дзямідчык. 

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдатэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. 

Памёр 1 красавіка 2010 года.

1943 год. Нарадзіўся Пётр Нікіценка. 

Беларускі эканаміст. Доктар эканамічных навук, прафесар, Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.

Працаваў прарэктарам БДУ, першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, прафесарам Інстытута павышэння кваліфікацыі пры БДУ, загадчыкам кафедры Акадэміі кіравання, дырэктарам Інстытута эканомікі НАН Беларусі.

Аўтар навуковых прац у галіне нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага кіравання і будаўніцтва, навукова-тэхнічнага, інавацыйнага развіцця, павышэння эфектыўнасці назапашвання капіталу, фондаў і інтэнсіфікацыі грамадскай вытворчасці, методыкі ўстойлівага развіцця ў рэгіянальна-галіновым аспекце.

Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 33 манаграфій.

1950 год. Нарадзіўся Сямён Домаш

Беларускі апазіцыйны палітык.

Скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, Вышэйшую партшколу, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі.

Працаваў дырэктарам аўтабазы, аўтакамбіната г. Гродна, у Гродзенскім гаркаме КПБ, старшынёй выканкама і гарадскога Савета дэпутатаў г. Ліды, г. Гродна, Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года выступіў супраць палітыкі А. Лукашэнкі, падпісаў заяву аб імпічменце прэзідэнту. 

Пасля паражэння апазіцыі вярнуўся ў Гродна: быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай праваабарончай канвенцыі, у Кардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл прадстаўляў Гродзенскую вобласць, з’яўляўся старшынёй Кардынацыйнага Камітэта «Гродзенская Ініцыятыва». З ініцыятывы Дораша і пры яго актыўным удзеле ў маі 2000 г. створана Кардынацыйная Рада «Рэгіянальная Беларусь». Падпісант Хартыі’97.

Удзельнік сустрэчы прэзідэнта ЗША Біла Клінтана з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі, але зняў сваю кандыдатуру на карысць Ул. Ганчарыка.

Памёр за рулём аўтамабіля 9 лютага 2019 года.

1946 год. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме Фабіян Абрантовіч

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёла.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

1950 год. Памёр Юзаф Ядкоўскі. 

Беларускі краязнавец, заснавальнік гісторыка-археалагічнага музея ў Гродне.

У 1910-1914 гадах падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, рабіў раскопкі, у тым ліку ў Міры.

Стварыў  музей у Гродне (зараз гісторыка-археалагічны музей) і ўзначальваў яго ў 1922-1936 гадах.

Вёў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкі храм, Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне.

Аўтар прац «Гродна», «Гарадзішча Ваўкавыска»), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.», «Абарончы храм на Каложы ў Гродне».

Засталася нявыдадзенай яго шматтомная праца «Польскія рэліквіі ў Расіі».

Памёр 2 студзеня 1950 года

 

1952 год. У п. Міжрэчча Клічаўскага раёна нарадзіўся Іван Пірожнік. 

Беларускі географ, прафесар, доктар габілітаваны, доктар геаграфічных навук.

Працаваў дэканам геаграфічнага факультэта, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Даследчык пытанняў сацыяльна-эканамічнай, рэкрэацыйнай геаграфіі, тэрытарыяльнай арганізацыі турысцкага абслугоўвання.

Працаваў прафесарам Люблянскага, Сілезскага, Кракаўскага ўніверсітэтаў, Акадэміі Паморскай (Польшча).

1986 год. Памёр Уладзімір Тарасевіч

Каталіцкі святар-бенедыкцінец, беларускі царкоўны дзеяч, біскуп, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў на Захадзе. Доктар багаслоўя.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны пераехаў у ЗША.

У 1958-1986 гадах узначальваў беларускую ўніяцкую парафію Хрыста Спаса ў Чыкага. Архімандрыт. Епіскап каталіцкай царквы ўсходняга абраду, адначасова Папам Рымскім прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў на эміграцыі.

Адзін з заснавальнікаў уніяцкага англа-рускамоўнага часопіса «Церковный голос», выдаваў бюлетэні «Праўда», «Да злучэння».

Памёр 2 снежня 1986 года. Пахаваны на могілках бенедыкцінскага кляштара Св. Пракопа ў Лайле, штат Ілінойс.

1989 год. Памёр ураджэнец Брэста Ілля Мазурук

Савецкі палярны лётчык, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1937-1950).

Удзельнічаў у ваенных аперацыях супраць басмачоў у Сярэдняй Азіі, служыў на Далёкім Усходзе, удзельнік будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, начальнік Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнічаў у высадцы першай дрэйфуючай навуковай станцыі “Паўночны полюс-1”. 

Удзельнік савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай войн. Быў камандзірам 1-й перагоначнай авіяцыйнай дывізіі Авіяцыі далёкага дзеяння, кіраваў перагоначнай трасай з Аляскі ў СССР для паставак па ленд-лізе амерыканскіх самалётаў.

Пасля вайны працаваў намеснікам начальніка Навукова-выпрабавальнага інстытута, начальнікам лётнай інспекцыі – намеснікам начальніка Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнікам паветранай высокашыротнай экспедыцыі «Поўнач-5».

У сакавіку 1957 года разам з лётчыкам А. Паляковым упершыню ажыццявіў пасадку самалёта Ан-2 на вяршыню айсберга ў Антарктыдзе.

Памёр 2 студзеня 1989 года і пахаваны на Траекураўскіх могілках Масквы.

2019 год. Памёр Юры Туронак. 

Беларускі дзеяч і гісторык. Працаваў і жыў у Польшчы. Доктар гісторыі (тэма «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»).

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення Варшаўскага аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства, старшыня Навуковага гуртка таварыства.

Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай», «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем», «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», зборніка «Мадэрная гісторыя Беларусі».

Пасмяротна ўзнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады БНР.

Дзень у гісторыі. 1 студзеня. Заснаванне ССРБ. Увядзенне еўра. Нарадзіліся Яўхім Карскі, пакутнік Мечыслаў Багаткевіч, выдавец Ігар Гермянчук

Новы год паводле Грыгарыянскага календара.

У большасці сучасных краін свету сёння 1 студзеня 2023 года.  Еўрапейскі звычай адзначаць Новы год менавіта 1 студзеня бярэ пачатак ад Юлія Цэзара, з 46 года да нашай эры. І першы месяц года Януарый (наш студзень) прысвечаны той частцы двухаблічнага бога Януса, якая павернута ў будучыню.

Але на Еўразійскім кантыненце першымі святкаваць Новы год 1 студзеня сталі ў Месапатаміі яшчэ ў ІІІ тысячагоддзі да нашай эры.

1 студзеня як свята Новага года на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага прапісалася ў 1364 годзе. Ва ўсходняй частцы Беларусі з 1493 па 1700 год пачынаўся паводле візантыйскай царкоўнай традыцыі 1 верасня. https://natatnik.by/novyi-god-by/

У Расіі, да якой былі далучаны беларускія землі ў ХVІІІ стагоддзі, Новы год адзначаюць 1 студзеня з 1700 года. Пачынаючы з 1919 года навагодняе свята ў Савецкай Расіі сталі адзначаць у адпаведнасці з грыгарыянскім календаром. З 1930 па 1947 год 1 студзеня ў СССР быў звычайным працоўным днём. 23 снежня 1947 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 1 студзеня стала святочным і выходным днём.

Нагадаем, што і 2 студзеня 2023 года – дзень святочны.

Сусветны дзень міру (World Day of Peace, з 1967 года) або Дзень сусветных малітваў аб міры.  

Існуе яшчэ Міжнародны дзень міру 21 верасня.

Міжнароднае свята, падчас якога вернікі заклікаюць Бога спыніць ўсе войны і дараваць людзям мір на Зямлі.

Дзень спачатку быў усталяваны для каталікоў Рымскім Папай Паўлам VI 8 снежня 1967 года ў гонар  Урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, пазней пашырыў межы і стаў сусветным. 

«Прасі, і ты атрымаеш мір» – галоўны лозунг, пад якім праходзіць «сусветны дзень міру». У першы дзень кожнага новага году пантыфік звяртаецца ў сваёй перадсвяточнай прамове да вернікаў, звяртаючы іх увагу на неабходнасць кожнаму ўнесці свой унёсак у справу міру.

Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (каталіцкі каляндар)

Эфескі сабор у 431 годзе абвясціў, што Дзеву Марыю належыць называць Багародзіцай. У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года. 

Свята ў некаторых мясцовасцях на Захадзе адзначалася 1 студзеня ўжо ў VI стагоддзi, «кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні».

 

1467 год. Нарадзіўся Жыгімонт Стары. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506 – 1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

1861 год. Нарадзіўся Яўхім Карскі. 

Філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбургскай і Чэшскай акадэмій навук,  член Інбелкульта.

У 1893 годзе ў Кіеўскім універсітэце абараніў дысертацыю – першую ў гісторыі  па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі». Працаваў прафесарам Варшаўскага (загадчык кафедрай, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктар, 1905-1910), Растоўскага (1915-1916, былы Варшаўскі) універсітэтаў, Мінскага педінстытута.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда, старшыня арганізацыйнай камісіі па адкрыцці БДУ. Падараваў сваю бібліятэку БДУ.

Аўтар  больш за як 1000 прац, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры. Выдаваў старажытныя помнікі гісторыі і літаратуры. Аўтар сямітомнай працы «Беларусы» – энцыклапедыі беларусазнаўства. 

Прарадзімай славян  лічыў Палессе, даказваў, што беларусы – аўтахтоны на сваіх землях, даў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

На радзіме вучонага, на будынку сярэдняй школы ў в. Лоша працуе з 1964 года мемарыяльны музей, яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

Памёр 29 красавіка 1931 года.

1904 год. Нарадзіўся  Мечыслаў Багаткевіч

Каталіцкі рэлігійны дзеяч, блажэнны Рымска-Каталіцкай Царквы, святар, пакутнік.

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю (Пінск), Варшаўскі універсітэт. З 1933 года – святар і педагог у Драгічыне, Лунінцы, Дрысе, капелан Згуртавання Харцэрства Польскага. 

Пра яго пісалі: “Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні”.

Быў харызматычным прапаведнікам. Тыя, хто слухаў яго казанні, расчульваліся да глыбіні душы, задумваліся над сваім жыццём. Святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды.

Актыўная і энэргічная праца святара ў Дрысе не спадабалася немцам. Тым больш ён у сваіх пропаведзях рэзка асуджаў Гітлера.

У студзені 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме, а на світанні 4 сакавіка 1942 года расстралялі ў лесе Барок каля Беразвечча (у межах г. Глыбокае).

Беатыфікаваны 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папай Янам Паўлам ІІ. Ягоны культ пашыраны на Беласточчыне, у Пінскай дыяцэзіі.

1919 год. У Смаленску абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. 

Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада. БССР дазволілі ўтварыцца, бо, па-першае, да гэтага 25 сакавіка 1918 года была абвешчана БНР, па-другое, яна разглядалася менавіта як буферная краіна, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць.

30 – 31 снежня 1918 года 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б) у Смаленску прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. 

У склад ССРБ увайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, большая частка Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км. 

Быў сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі на чале з З. Жылуновічам, маніфестам якога 1 студзеня 1919 года Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай.

8 студзеня 1919 года ўрад ССРБ пераехаў са Смаленска ў Мінск.

16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ беларускія Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні ўключыў у склад Расіі.

31 студзеня 1919 года ССРБ выйшла са складу РСФСР – урад Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.

27 лютага 1919 года на аб’яднаным паседжанні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай  Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

Карта Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі ў абвешчаных межах 

1929 год. У дзясятую гадавіну ўтварэння БССР адбылося адкрыццё Акадэміі Навук БССР. 

Беларуская акадэмія навук (1929-1936), АН БССР (1936-1991), Акадэмія навук Беларусі (1992-1997), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ, з 1997) – вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова ў краіне. 

НАНБ створана на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт, 1922-1928). Першым прэзідэнтам Акадэміі стаў гісторык, прафесар У. Ігнатоўскі. 

На дзень адкрыцця штат акадэміі складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў.

Зараз у НАНБ звыш 9 000 работнікаў, сярод якіх больш за 450 дактароў навук і 1700 кандыдатаў навук, 91 акадэмік, 2 ганаровыя члены, 13 замежных членаў і 122 члены-карэспандэнты.

Акадэмія мае 7 галіновых аддзяленняў: фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; фізіка-тэхнічных навук; хіміі і навук аб Зямлі; біялагічных навук; медыцынскіх навук; гуманітарных навук і мастацтваў; аграрных навук.

1937 год. Нарадзіўся Станіслаў Багданкевіч. 

Беларускі банкір, палітычны дзеяч. Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік і віцэ-прэзідэнт міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.

Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР у Беларусі (1956-1981), Кіраўніком ад Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе і Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця (1991-1995), стажыраваўся ў цэнтрабанках Францыі і Вялікабрытаніі. Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі (1991-1995), старшыня, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Актыўна выступаў супраць аб’яднання грашовых сістэм Расіі і Беларусі.

З’яўляецца адным з самых актыўных і аўтарытэтных крытыкаў эканамічнай палітыкі беларускага ўраду.

1938 год. Нарадзілася Данута Бічэль-Загнетава

Беларуская паэтэса. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы.

Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна, загадвала Домам-музеям Максіма Багдановіча ў Гродна. Член Беларускага ПЭН-цэнтра. 

Вядомая грамадская дзеячка, каардынатар дзейнасці рэгіянальных суполак БНФ у Гродзенскай вобласці. Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР М. Ткачова.

Аўтар 21 зборніка паэзіі, шматлікіх паэм, 8 кніг вершаў для дзяцей, кнігі нарысаў, мемуараў і эсэ, двух кніг прозы.

Данута Бичель-Загнетова - биография, творчество, отзывы, лучшие книги.

1945 год. Нарадзілася Вольга Іпатава

Беларуская пісьменніца. Ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Настаўнічала, працавала ў кнігагандлі, у Гродзенскім гаркаме камсамола, на рэгіянальным і цэнтральным тэлебачанні, у газетах «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Культура», часопісе «Спадчына», намеснікам старшыні, старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 4 зборнікаў вершаў, 6 зборнікаў аповесцей і апавяданняў, 2 кніг для дзяцей, тэлеп’есы «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988), кнігі «Паміж Масквой і Варшавай», трылогіі «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і іншых.

Яе творы перакладзены на еўрапейскія, азіяцкія мовы.

Перакладае на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў, займаецца грамадскай дзейнасцю.

Мае розныя ўзнагароды, у тым ліку медалі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Лаурэат прэміі імя Барыса Кіта, «Залаты апостраф», прэміі імя Міколы Ганька (Канада).

1958 год. Нарадзіўся Рыгор Сітніца

Беларускі мастак, паэт. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Быў старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Творчасці ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэалістычная трактоўка формы, сімвалічнасць мастацкай мовы. 

Стылістычная манера мастака надае канкрэтным аб’ектам ягоных твораў грунтоўную сутнасць сімвалаў, знакаў і выводзіць іх на памежжа, дзе форма, не губляючы сваёй рэалістычнасці, спалучае рысы абстрактнага вобразу.

Таксама творчасці характэрна пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей: гісторыі, этнаграфіі, фальклору, як неад’емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

Творы мастака знаходзяцца ў фондах шматлікіх музеяў Беларусі, у тым ліку Нацыянальны мастацкім, Магілёўскім абласным мастацкім імя П. Масленікава, у замежных калекцыях Польшчы, Германіі, Грэцыі.

Паэт, публіцыст. Лаўрэат літаратурных прэмій «Полымя» і «Залаты апостраф». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

1961 год. Нарадзіўся Ігар Гермянчук

Беларускі журналіст, выдавец, грамадскі дзеяч. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, рэдактар газеты «Свабода», заснавальнік часопісу «Кур’ер».

Адзін з актыўных удзельнікаў незалежніцкага руху 1980-х гадоў.

У 1990 годзе стаў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. 11 красавіка 1995 года разам з іншымі дэпутатамі ад Апазіцыі БНФ абвясціў галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму.

У якасці галоўнага рэдактара газеты «Свабода», зрабіў яе найбуйнейшым і самым папулярным апазіцыйным выданнем краіны. За крытычныя публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на Герменчука крымінальныя справы. Пасля забароны газеты ў 1997 годзе, у студзені 1998 года адрадзіў яе пад назвай «Навіны».

Заснавальнік і рэдактар часопісу «Кур’ер».

Памёр 29 красавіка 2002 года.

1990 год. Створаны Слонімскі драматычны тэатр. 

Першым дырэктарам і рэжысёрам у адной асобе стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Калектыў тэатра ажыццявіў каля 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра: пастаноўкі па творах Я. Купалы, Л. Радзевіча, У. Галубка, А. Макаёнка. Ставяцца п’есы сучасных беларускіх драматургаў: У. Сауліча, А. Федарэнкі, У. Бутрамеева, С. Кавалёва, А. Якімовіча, А. Дударава.

Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рускай і замежнай драматургіі аўтараў А. Астроўскага, К. Гальдоні, А. Камю,  К. Манье і іншых.

Тэатр шмат ставіць спектакляў на рускай і беларускай мовах для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі.

На сённяшні дзень у рэпертуары тэатра значацца 18 спектакляў для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

1999 год. Пачалося абарачэнне еўра – агульнаеўрапейскай валюты. 

У 11 з 15 краін ЕС уведзена Адзіная еўрапейская валюта еўра. 

У сувязі з гэтым банкі Аўстрыі і Францыі ўсім дзецям, якія нарадзіліся 1 студзеня  паклалі на рахунак па 100 еўра. Асабліва пашанцавала аўстрыйцу Лявону Дзананавічу, які з’явіўся на свет у Інсбруку роўна апоўначы – яму залічылі на рахунак 5000 еўра.

Пасля гэтага, зона еўра пашыралася: 2001 год – Грэцыя, 2007  – Славенія, 2008 – Кіпр, Мальта, 2009 – Славакія, 2011 – Эстонія, 2014 Латвія, 2015 – Літва, 2023 – Харватыя. Харватыя сёння стала 20-й краінай зоны еўра. Насельніцтва зоны еўра 345 мільёнаў чалавек.

Акрамя краін з еўразоны, еўра карыстаюцца Ватыкан, Манака, Сан-Марына, Андора, французскія заморскія дэпартаменты Сен-Пьер і Мікелон, Маёта, а таксама Косава, Чарнагорыя, Акраціры і Дэкелія (базы Брытаніі на Кіпры).

Краіны-члены ЕС, якія не выкарыстоўваюць еўра, але разглядаюць магчымасць перахода на яго: Балгарыя,  Венгрыя, Данія, Польшча, Румынія, Чэхія, Швецыя.

Дзень у гісторыі. 14 снежня. Пачатак друкавання шрыфтам Іллі Капіевіча. Амундсен дасягнуў Паўднёвага полюса. Нарадзіўся празорлівец Настрадамус

Дзень Святога Навума.
Навум напісаў кнігу прароцтваў, якая ўвайшла ў Святое Пісанне, і якая складаецца, з 3-х частак. Святому Навуму моляцца як аб пачатку вучэння, так і аб дапамозе ў зразуменні навукі наогул.  «Навум наставіць на вум». Лічылася, што гэты дзень самы прыдатны для таго, каб аддаваць падрослых дзетак вучыцца, таму Святога Навума яшчэ называюць Пісьменным. Настаўнікам у гэты дзень рабілі падарункі, частавалі іх.

1287 год. На нідэрланскім узбярэжжы Паўночнага мора адбылася катастрафічная паводка.
Яе ахвярай сталі каля 50 тысяч чалавек і пасля яе засталіся вялізныя разбурэнні. Мноства вёсак патанула ў вадзе. Возера Флева пераўтварылася ў бухту Зэйдэрзэе Паўночнага мора. З прычыны страты вялікай колькасці земляў і адноснай неабароненасці ўзбярэжжаў многія жыхары перасяліліся на больш высока размешчаныя тэрыторыі.

Карты Нідэрландаў выразна перадаюць наступ Паўночнага мора.

1503 год. Нарадзіўся Настрадамус.  

Вядомы французскі празорлівец, урач, алхімік, гісторык, вядомы сваімі прароцтвамі.

На працягу стагоддзяў тлумачальнікі бачаць у прароцтвах Настрадамуса нешта вельмі дзіўнае, якое выходзіць за рамкі простай выпадковасці. Аднак праходзіць час, і новыя пакаленні выяўляюць новае разуменне раней растлумачаных фраз.

Настрадамус верыў, што падзеі сусветнай гісторыі цыклічна паўтараюцца, таму што паўтараюцца планетныя канфігурацыі і адбываюцца аднолькавыя азнакі. І ён апісаў падзеі мінулага ў надзеі, што такія зноў адбудуцца ў будучыні.

Памёр 2 ліпеня 1566 года.

1708  год. Пачатак друкавання грамадзянскім шрыфтам у Расіі

У выніку рэформы Пятра І быў зменены алфавіт, сталі выкарыстоўвацца арабскія лічбы, спрошчаны правапіс. Расійскія крыніцы поўнасцю замоўчваюць факт, што шрыфт распрацаваў ураджэнец Мсціслава, літвін Ілля Капіевіч (1651-1714), які быў першым настаўнікам Пятра I у Галандыі. Капіевіч распрацваў графалагічную сістэму на аснове шрыфта Ф. Скарыны з улікам літараў лацінскага алфавіту. Мовазнаўца Ян Станкевіч назваў гэты шрыфт капіеўкаю.

1851 год. Нарадзіўся Эдвард Роп. 

Рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы, Беларусі і Польшчы.

Выступаў супраць атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літоўскай і беларускай моў у царкоўнае жыццё.

Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (1906), газеты «Nowine Wilenskie», выдаваў газету «Kurier Litewski».

Вельмі прыхільна ставіўся да мясцовых нацыянальных рухаў, за што быў адхілены рускімі ўладамі ад кіравання Віленскай дыяцэзіяй.

З 1917 да 1931 года быў архібіскупам Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе.

У пачатку 1919 года арыштаваны Петраградскай ЧК. У выніку хадайніцтва папы рымскага  вызвалены і адпраўлены ў Польшчу. Там працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць.

Прамёр 25 ліпеня 1939 года.

 
1890 год. Нарадзіўся Іван Гаўрыс. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, вучыўся ў М. Шагала, у майстэрні Веры Ермалаевай.  Быў сябрам віцебскага авангарднага аб’яднання УНОВИС, якое стварыў К. Малевіч.

Будучы рэктарам Віцебскага мастацкага практычнага інстытута, запрасіў на працу мастакоў Юдаля Пэна, Саламона Юдовіна, Абрама Бразера, Яфіма Мініна.  Быў выкладчыкам беларусазнаўства ў віцебскіх школах, Віцебскага кінатэхнікума, актыўным удзельнікам Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства.

20 кастрычніка 1937 года асуджаны па сфабрыкаванай справе «Польскай арганізацыі вайсковай» да найвышэйшай меры пакарання.

Расстраляны 4 лістапада 1937 года непадалёк ад Віцебска.

 

1906 год. У Мінску заснавана кніжнае таварыства «Мінчук». 

Заснавана на кааператыўнай аснове для выдання і распаўсюджвання беларускіх кніг і газет Антонам Шабуняй, Уладзімірам Самойлам, Сяргеям Скандраковым і іншымі. Разам з выдавецтвам «Нашай Нівы» выдала ў 1907 годзе кірыліцай і лацінкай апавяданне Элізы Ажэшкі «Гедалі». Рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў 30 снежня 1909 года.

Фота: выдавец Антон Шабуня.

 

1911 год. Экспедыцыя Руаля Амундсена дасягнула Паўднёвага полюса. 

Амундсен з чатырма таварышамі першым дасягнуў Паўднёвага полюса Зямлі і паставіў там сцяг Нарвегіі.

У паход яго каманда выступіла 19 кастрычніка з 85-й паралелі на чатырох нартах, у якія запрэглі 52 сабакі. Пераадолець ім прыйшлося 1500 км – праз хрыбты вышынёй 2300-3300 метраў пры тэмпературы каля 40°C і моцных вятрах. Па дарозе туды і назад падарожнікі забілі 40 сабак, з іх варылі суп сабе і іншым сабакам, якія яшчэ маглі працаваць у запрэжках. На полюсе нарвежцы паставілі палатку, дзе дазволілі сабе тры дні адпачынку, а потым адправіліся назад і дабраліся да базы дакладна ў дзень, указаны ў графіку Амундсена. Праз месяц да Паўднёвага полюса дабраўся англійскі палярнік Роберт Скот, каб пабачыць пакінуты яго супернікам нарвежскі сцяг.

 

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Дарожкін. 

Беларускі міколаг і фітапатолаг, акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у розных навуковых і навучальных установах, у БДУ, дырэктарам Інстытута біялогіі, Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва, загадчыкам лабараторыяй у Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Яму належаць працы па фітапаталогіі сельскагаспадарчых культур, біялогіі пашырэння ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых і бабовых культур, бульбы, таматаў.

Аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 23 манаграфій, шэрагу патэнтаў.

Памёр 27 красавіка 1993 года. 

 

1947 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) “Аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картак на харчовыя і прамысловыя тавары”.

Згодна з гэтым дакументам усе наяўныя грошы грамадзян і арганізацый павінны былі абменьвацца на новыя купюры ўзору 1947 года ў суадносінах 1:10. Безнаяўныя грошы падлягалі абмену на льготных умовах. Уклады да 3000 рублёў заставаліся без змены; да 10 000 рублёў мяняліся па курсе 3:2; больш за 10 000 рублёў дзяліліся на тры часткі: першая – 3 000 рублёў, абменьвалася 1:1, другая – 7 000 – 3:2, астатняя частка ўкладу – звыш 10 000 – 2:1.

Рэформа вельмі істотна паўплывала на эканоміку СССР. Змяншэнне грашовай масы прыкладна ў 2,5 раза павысіла пакупную здольнасць рубля, а цэны на харчовыя тавары на працягу наступных 7 гадоў зменшыліся на 47%.

 

1955 год. З канвеера Мінскага гадзіннікавага завода сышоў першы гадзіннік. 

Гэта быў гадзіннік «Заря» – самы маленькі і вытанчаны з тых, якія вырабляліся ў СССР. Яго рысунак быў перададзены з Пензенскага гадзіннікавага завода. Мінскі завод – 14-ы у СССР па выпуску гадзіннікаў, вядомы сваімі гадзіннікамі «Луч», «Заря» і «Вымпел».

Фота: Гадзіннікі “Луч” 

 

2019 год. Памёр Уладзімір Цыплакоў (1969-2019). 

Прафесійны беларускі хакеіст.

У складзе зборнай Беларусі гуляў на 6 чэмпіянатах свету і дзвух Алімпіядах (1998, 2002), быў найлепшым нападнікам.

Быў першым беларусам, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў замацаваўся ў НХЛ. Праз год пасля яго загуляў Руслан Салей, у 2000-я з’явіліся Міхаіл Грабоўскі і браты Касціцыны.

Пасля заканчэння кар’еры хакеіста працаваў трэнерам, узначальваў мінскае «Дынама».

Пахаваны ў Мінску на Ўсходніх могілках.

Дзень у гісторыі. 6 снежня. Мікалайкі. Руйнаванне Кіева войскамі Батыя. Другое ўзбуйненне БССР. Нарадзіліся “Чорная панна Нясвіжа” Барбара Радзівіл

Дзень святога Мікалая (каталіцкая канфесія), Мікалайкі

Найбольшую славу святому Мікалаю прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатовасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай рабіць дзецям падарункі, як гэта рабіў святы Мікалай. Атрымаць падарунак будуць радыя і дарослыя.

Святы Мікалай лічыцца апекуном падарожнікаў, дзяцей, дзяўчат на выданне, маракоў, рыбакоў, пекараў, вязняў, пастухоў. Ён ахоўвае хатнюю жывёлу ад хвароб і ваўкоў.

«На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані», «Калі падае снег, то святы Мікалай трасе барадой». Святога Мікалая заклікалі і ва ўсіх нечаканых патрэбах, калі неабходна была дамамога гэтага цудоўнага святога.

Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце – гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст. Асобе св. Мікалая прысвечана шмат выяваў у беларускім мастацтве, што сведчыць пра любоў і пашану да яго. Паводле слоў мастацтвазнаўцы А. Ярашэвіча, найбольшая колькасць такіх выяваў – у іканаграфічным жывапісе. 

Святы Мікалай на Беларусі лічыцца найпершым пасля Маці Божай заступнікам за людзей перад Богам. У Беларусі захавалася больш за 1 000 абразоў Святога Мікалая, пераважна ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў.

 

Дзень Узброеных сіл Украіны. 

Адзначаецца ў гэтым годзе на 286 дзень уварвання расійскіх войск на тэрыторыю краіны.

Узброеныя сілы забяспечваюць стрымліванне ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і адпор ёй, ахову паветранай прасторы дзяржавы і падводнай прасторы ў межах тэрытарыяльных водаў Украіны.

У склад Узброенных Сіл Украіны ўваходзяць сухапутныя войскі, паветраныя сілы,  Ваенна-марскія сілы.

Па ўкраінскіх дадзеных, на 4 снежня 2022 года, войскі Украіны знішчылі 91 150 акупантаў, танкаў ворага – 2922, баявых машын – 5892, артсістэм – 1908, рэактыўных сістэм – 395, сродкаў супрацьпаветранай абароны – 210, самалётаў – 281, верталётаў – 263, беспілотнікаў – 1573, крылатых ракет –  531, караблёў — 16, аўтамабіляў – 4479, спецтэхнікі – 163.

 

1240 год. Пасля працяглай аблогі мангола-татарскія войскі ўварваліся ў Кіеў. 

Да гэтага манголы разбілі асноўныя сілы Уладзіміра-Суздальскай зямлі, разрабавалі гарады Паўночна-Усходняй Русі. Цяпер шлях Батыя ляжаў у паўднёвыя і заходнія землі. Першым захопленым горадам стаў памежны Пераслаў, затым Чарнігаў.

Батый не жадаў разбураць прыгожы горад і прапанаваў гараджанам здацца без бою. Аднак кіяўляне вырашылі біцца да смерці. Па сведчанні летапісца “адзін біўся з тысячай, а двое – з цемраю”.

Татарам прыйшлося выкарыстоўваць сценабітныя прылады. Праз правалы ў сценах манголы ўварваліся ў горад. 6 снежня 1240 гады пала апошні пункт абаронцаў – Дзесяцінная царква. 

З 50 000 чалавек пасля пагрому ў горадзе засталося не больш за 2 000. Былі разбураны Успенскі, Сафійскі сабор, Траецкая надбрамная царква (цяпер галоўны ўваход у Лаўру), царква Спаса на Бераставе, Ірынінская і практычна ўсе кіеўскія вароты. Трагедыя адкінула Кіеў у развіціі на сотні гадоў. У 1654 годзе насельніцтва Кіева складала не больш за 6000 (у Мсціславе ў гэты час жыло каля 30 000).

1520 год. Нарадзілася Барбара Радзівіл

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеная ростам уплывовасці Радзівілаў, свякроў каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года,  памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

 

1705 год. У Гродна асвечаны касцёл Святога Францыска Ксаверыя, Фарны касцёл

Асвячэнне правёў біскуп Тэадор Патоцкі ў прысутнасці караля Аўгуста ІІ і цара Пятра І. Кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако, адзін з сімвалаў каралеўскага горада.

У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла перанесены гадзіннік з вежы езуіцкага калегіума. Пасля скасаваня кляштару езуітаў, касцёл у 1788 годзе стаў фарным.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 м і вышынёй 65 м.

Фота: Малюнак Н.Орды

 

1800 год. Нарадзіўся Язэп Ходзька

Беларускі геадэзіст, тапограф, географ, генерал-лейтэнант.

Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гродзенскай і Мінскай губернях.

Лідары паўстання 1830-1831 гадоў меркавалі прызначыць яго камендантам Вільні. Пасля гэтага быў затраманы рускімі ўладамі і накіраваны на правядзенне тапаграфічных работ на Дунаі і Басфоры.

Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі і Валахіі, правеў Закаўказскую трыянгуляцыю. Узнагароджаны вялікім Канстанцінаўскім медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Памёр 21 лютага 1881 года ў Тыфлісе.

1896 год. У Гродна нарадзіўся Восіп Любіч

Французскі мастак, прадстаўнік Парыжскай школы.

Працаваў алеем і гуашшу, займаўся гравюрай. Творы экспанаваліся ў Нацыянальным музеі Бецалель ў Іерусаліме, у Мілане, Турыне і Нью-Ёрку. Удзельнічаў у групавых і персанальных выставах, у тым ліку выставах «Рускія мастакі Парыжскай школы» ў Музеі Сен-Дэні і ў Доме французскай думкі ў Парыжы, у галерэі «Motte».

Яго творы захоўваюцца ў музеях Лондана, Цюрыха, Нью-Ёрка і Тэль-Авіва, у калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, 14 твораў – у карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

Памёр 27 лістапада 1990 года.

Фота: аўтапартрэт В. Любіча з мадэллю

1921 год. Памёр Мікалай Янчук. 

Беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фалькларыст і літаратуразнавец.

Вывучаў гарадзішчы на Койданаўшчыне. Працаваў у Маскоўскім універсітэце, прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ.

Адзін з заснавальнікаў часопісу «Этнографическое обозрение».

У 1918-1921 гадах чытаў курс беларускай і ўкраінскай літаратур у Маскоўскім універсітэце, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі БДУ.

Член Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзелу асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыяту асветы РСФСР.

Пісаў на беларускай, польскай і рускай мовах, валодаў палескай гаворкай.

 

1925 год. Адкрылася Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка. 

Была прысвечана юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Экспазіцыя была размешчана ў Мінску, у будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вул. Універсітэцкай, 27 (цяпер — вул. Кірава, 21) і ўключала больш за 1000 твораў. На выставе экспанаваліся ўзоры старажытнага мастацтва: крыж Ефрасінні Полацкай, копіі фрэсак полацкіх цэркваў, кніжныя выданні, эксклібрысы, абраз XVII стагоддзя «Ушэсце Гасподне» беларускай школы іканапісу (са Стэфанаўскай царквы XVII стагоддзя ў Слуцку).

Свае творы прадставілі і шматлікія мастакі, у тым ліку Леў Зевін, Абрам Бразер, Уладзімір Кудрэвіч, Леў Альпяровіч, Міхась Філіповіч, Гаўрыла Віер, Валянцін Волкаў, Генадзь Змудзінскі.

Фота: Абрам Бразер. Партрэт Іегуды Пэна, 1921.

 

1926 год.  Адбылося Другое ўзбуйненне БССР. Тэрыторыя павялічылася на 15,7 тысяч км², насельніцтва на 649 000 чалавек.

Першае ўзбуйненне тэрыторыі БССР адбылося  ў 1924 годзе. У яго выніку тэрыторыя краіны павялічалася з 52,4 да 110,6 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.

Пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 годзе і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам. 

Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў Наркамзамежспраў СССР, які 8 верасня 1926 года прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР. 

Створаная камісія на чале з Я.Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. 

Аднак ЦК КП(б) Беларусі здолеў пераканаць ЦК УКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР. 

4 снежня 1926 года на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) М.Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. 

Праз два дні адбылося другое узбуйненне БССР, у выніку якога тэрыторыя БССР павялічылася на 15,7 тысяч км² да 126,3 тыс. км² а насельніцтва падрасло на 649 000 чалавек да 4,9 мільёнаў.

 

1930 год. Рэпрэсіі ў БССР. Шэраг навукоўцаў пазбаўленыя звання акадэмікаў.

Звання акадэміка былі пазбаўлены «ворагі пралетарскай дыктатуры»  Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі і Аляксандр Дубах.

У 1930 годзе ў палітычнай справаздачы цэнтральнага камітэта XVI з’езда ВКП(б) І. Сталін заявіў: “Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам наступлення…”. 

Першай вялікай сфальсіфікаванай палітычна-крымінальнай справай стала справа “Саюза вызвалення Беларусі”. Яна пачалася 17 лютага 1930 года арыштам П. Ільючонка (1891-1945). 

Па справе вясной – летам 1930 года было арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Абвінавачанні ў належнасці да “Саюза” выстаўляліся і Я. Купалу, Я. Коласу.

Гаўрыла і Максім Гарэцкія

 

1933 год. Нарадзілася Зінаіда Мажэйка. 

Беларускі этнамузыказнаўца. Доктар мастацтвазнаўства. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

Працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі ў галіне тэарэтычнай этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі.

Пры яе рэжысуры зняты пяць дакументальных музычна-антрапалагічных кінафільмаў. 

Да асноўных яе прац адносяцца: “Песенная культура Беларускага Палесся”, ”Песні беларускага Паазер’я”, “Песні Беларускага Падняпроўя”, “Каляндарна-песенная культура Беларусі…”, “Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце…” і іншыя.

Памерла 8 сакавіка 2014 года.

 

1947 год. Нарадзіўся Георгій Ліхтаровіч. 

Беларускі фотамастак, літаратар.

Ілюстраваў першыя тамы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», выкладаў фотаграфіку ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.

Выдаў фотаальбом «Добры дзень, Беларусь», аўтар кніг вершаў, раманаў.

Прымаў удзел у фатаграфічных і мастацкіх выставах, пленэрах памяці Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Удзельнічаў у перадачах беларускага Радыё Свабода.

Найбольш значныя выданні: «Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся», «Мастацтва, створанае народам», «Мінск», «Гродна», «Траецкае прадмесце», «Добры дзень, Беларусь», «Беларуская кафля», «Веткаўскі музей…», «Жывапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Пластыка Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Іканапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» і іншыя.

Дзень у гісторыі. 1 снежня. Разгром савецкага паўстання ў Эстоніі. З’явіўся часопіс “Playboy”. Сустрэча пад Ла-Маншам. Загінуў адзін з першых партызанаў Ціхан Бумажкоў.

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам (World AIDS Day, з 1988 года) заснаваны па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. 

Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі застаецца адным з самых вострых медыцынскіх і сацыяльных глабальных выклікаў. Агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ каля 40 мільёнаў чалавек, з пачатку эпідэміі ад звязаных са СНІДам хвароб памерла каля 37  мільёнаў.

Па стане на канец 2021 года ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывала больш за 23 тысячы чалавек. Больш за ўсё хворых у Гомельскай вобласці з лідарам г. Светлагорскам. Лідар у Магілёўскай вобласці – Асіповічы. 

За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ – на яго долю прыпадае больш за 80% выпадкаў, якія выяўляюцца ўпершыню.

 

1783 год.  Французскі фізік Жак Шарль здзейсніў палёт на вадародным аэрастаце. 

У палёт ён адправіўся сам разам з памагатым Роберам з саду Цюільры ў Парыжы. Абалонку дыяметрам 8 м за тры дні напоўнілі вадародам і шар узляцеў. Палёт працягваўся 2 гадзіны 5 хвілін на вышыні каля 400 м на адлегласць каля 40 км.

У той жа дзень у другім палёце Шарль падняўся яшчэ вышэй – на 2000 м. 

Гэта не было першым вандраваннем людзей на паветраным шары (10 днямі раней, 21 лістапада 1783 гады, Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд ужо паднімаліся ў паветра на цеплавым аэрастаце канструкцыі братоў Мангальф’е), але вадародам абалонка шара была напоўненая ўпершыню.

 

1826 год. На 96-м годзе пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэялогіі заходнерусізму. аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».

У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены  мармуровы бюст.

Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.

 

1867 год. Нарадзіўся Ігнацы Масціцкі. 

Польскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, вучоны-хімік. Акадэмік Акадэміі навук Польшчы ў Кракаве.

Прэзідэнт Польшчы (1926-1939). Рэалізоўваў палітычную лінію, якую падтрымліваў і шэраг дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

 Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку.

Аўтар навуковых прац, патэнтаў у галіне хімічных тэхналогій, арганізатар хімічнай прамысловасці ў Польшчы. Распрацаваў прамысловы метад атрымання азотнай кіслаты з паветра.

Памёр 2 кастрычніка 1946 года.

У яго гонар названы канал у Брэсцкім раёне і ў Валынскай вобласці Украіны, правы прыток ракі Заходні Буг. 

1896 год. У Зэльве нарадзіўся Іона Фрэйдзін. 

Савецкі географ, эканаміст, доктар геаграфічных навук, прафесар.

Кіраваў даследаваннямі па складанні схемы перспектыўнага развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл Мурманскай вобласці, працаваў у Маскоўскім філіяле Геаграфічнага таварыства, кансультантам Цэнтральнага эканамічнага НДІ Дзяржплана РСФСР.

Увёў паняцце «Кольская Поўнач». Быў адказным рэдактарам зборнікаў «Прырода і гаспадарка Поўначы», «У падножжа Хібін», суаўтарам і рэдактарам «Геаграфіі Мурманскай вобласці», шматлікіх навукова-папулярных выданняў.

 

1924 год. У Эстоніі правалілася Першаснежанскае паўстанне. 

Няўдалая спроба ўзброенага захопу ўлады эстонскімі і засланымі з СССР камуністамі ў Эстонію для ўсталявання Савецкай улады і далучэння Эстоніі да СССР.

Пры падтрымцы СССР баявыя групы паўстанцаў сталі фармавацца з лета 1924 гады ў дзясятках гарадоў Эстоніі, пры вайсковых частках. Агульная колькасць паўстанцаў да лістапада 1924 г. склала каля 1000 чалавек, з іх у Таліне каля 400.

1 снежня змоўшчыкамі быў забіты 21 чалавек, у тым ліку міністр шляхоў зносін Эстоніі К. Карк. Паўстанне было задушана ў той жа дзень. 12 паўстанцаў было забіта падчас баявых дзеянняў, яшчэ некалькі чалавек загінулі пры супраціве арыштам. Паводле савецкіх крыніц, на працягу 2-3 месяцаў пасля паўстання было расстраляна некалькі сотняў чалавек, звыш 2 000 было арыштавана. Гісторык Тоомас Хіё пацвярджае пакаранне больш за 100 удзельнікаў перавароту.

Фота: план паўстання ў Эстоніі

 

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Дамарад

Беларускі графік.

З натхненнем пісаў  эцюды старажытных Віцебска, Бабруйска.

На вайне служыў снайперам, паміж баямі маляваў сваіх аднапалчан, а тыя адсылалі партрэты дадому замест фотакартак.

Пасля вайны працаваў у бабруйскім тэатры, узначальваў фонды гарадскога краязнаўчага музея, ствараў мастацкі летапіс Бабруйшчыны.

Па яго творах можна вывучаць усе маляўнічыя куткі Бабруйшчыны.

Памёр 2 лютага 2005 года.

Яго імя прысвоена дзіцячай мастацкай школе г. Бабруйска.

 

1919 год. Памёр Вандалін Шукевіч. 

Беларускі археолаг і этнограф,  член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук.

Даследаваў археалагічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку. Даследаваў 16 курганаў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII – XIV стагоддзяў, у 1903 годзе адкрыў грунтовыя магілы. Даследаваў Троцкі, Лідскі і Радунскі замкі.

Запісваў народныя паданні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах.

Свае археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі вучоны перадаў у музей Таварыства сяброў навук у Вільні, у зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Пэўныя рэчы трапілі таксама ў музеі Пецярбурга і Масквы.

На жаль, віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны.

 

1931 год. Нарадзіўся Валянцін Малышаў. 

Заслужаны архітэктар Беларусі.

Працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект”, быў яго галоўным архітэктарам.

Асноўнымі яго работамі з’яўляюцца: Мінскі палац спорту, кінатэатр “Кастрычнік”, Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, генеральны план акадэмічнага гарадка, Дом праектных арганізацый Дзяржбуда, Палац культуры ў Салігорску, конна-спартыўны манеж у Ратамцы, будынкі санаторыяў “Беларусь” у Друскінінкай, Юрмале, серыі буйнапанэльных жылых дамоў для Гродна, Гомеля, Бабруйска, Брэста.

1939 год. Нарадзіўся Уладзімір Платонаў. Беларускі матэматык, Акадэмік НАНБ, АН СССР, Расійскай, Хенаньскай, Індыйскай акадэмій навук. Прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук. Заслужаны дзеяч навукі.

Вядомы даследаваннямі па алгебры, алгебраічнай геаметрыі, алгебраічнай тэорыі лікаў, групах Лі, лінейных групах і тапалагічнай алгебры, прыкладной алгебры і крыптаграфіі.

Вырашыў праблему моцнай апраксімацыі ў алгебраічных групах і праблему Кнезера-Тытса. Распрацаваў прыведзеную К-тэорыю і вырашыў на гэтай аснове праблему Танака-Артына. Вырашыў праблему рацыянальнасці спінорных многаўтварэнняў.

Даказаў асноўную апраксімацыйную тэарэму для лінейных груп з канечным лікам утваральных. Адкрыў новы лакальна-глабальны прынцып для функцыянальных гіперэліптычных палёў, акрэсленых над полем алгебраічных лікаў.

 

1941 год. Загінуў Ціхан Бумажкоў

Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі, Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся 30 чэрвеня 1910 года ў Прыморскім краі ў сям’і сялян з-пад Магілёва. У 1922 годзе вярнуўся на радзіму, у 1930 годзе скончыў школу рабочай моладзі ў Княжыцах.

З’яўляецца арганізатарам і камісарам аднаго з першых партызанскіх атрадаў на Беларусі (чэрвень 1941). Яго атрад «Чырвоны Кастрычнік» 16-18 ліпеня разграміў штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага раёна.

6 жніўня 1941 года Бумажкоў і камандзір атрада Ф. Паўлоўскі першымі з партызан былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У жніўні 1941 года быў адкліканы ў Чырвоную Армію. Загінуў пры выхадзе з акружэння ў баі ў Палтаўскай вобласці.

У яго гонар у г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік, названы чыгуначная станцыя ў Акцябрскім раёне, вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Мазыры, Акцябрскім, Петрыкаве, в. Парэчча Акцябрскага раёна.

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро. 

Паміж рэкамі Сож і Дняпро, на паўночным захадзе ад Гомеля, савецкія войскі працягвалі весці наступальныя баі, падчас якіх занялі некалькі населеных пунктаў. У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі некалькі населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр Палескай вобласці Нароўля.

 

1953 год. У газетных шапіках Чыкага з’явіўся першы нумар мужчынскага часопіса “Playboy”. 

Выданне выйшла накладам 70 тысяч паасобнікаў, і яго заснавальнік Х’ю Хэфнер спачатку сумняваўся, што калі-небудзь выпусціць другі нумар. Аднак яго асцярогі не апраўдаліся – за тыдзень разышліся тры чвэрці выдання, а да канца першага дзесяцігоддзя часопіс прадаваўся тыражом больш за 1 000 000 асобнікаў.

Чыннік поспеху зразумелы. Справа ў тым, што часопіс Хэфнера кардынальна адрозніваўся ад тагачасных мужчынскіх выданняў, якія асвятлялі ў асноўным спартыўныя падзеі, турызм, яхты, ды пікнікі. 

Хэфнер прыдумаў раз у месяц змяшчаць на разгорнутым унутраным укладышы часопіса фотаздымак прыгожай аголенай дзяўчыны. Першы нумар “Плэйбоя” ўпрыгожыў здымак аголенай Мэрылін Манро з эратычнага календара за 1949 год. Яна ж была і першай мадэллю на цэнтральным развароце. У розныя гады для часопіса пазіравалі Мэрылін Манро, Элізабэт Тэйлар, Сіндзі Кроўфард, Памэла Андэрсан і іншыя вядомыя мадэлі.

1990 год. Праходчыкі француз Філіп Козет і брытанец Грэхэм Фаг, якія будавалі Еўратунэль з французскага і брытанскага бакоў, сустрэліся адзін з адным пад Ла-Маншам.

Будаўнікі паціснулі адзін аднаму рукі і выпілі шампанскага за самы доўгі ў свеце падводны тунэль – каля 50 км, 39 з якіх пракладзена пад марскім дном, у сярэднім на 45 метраў ніжэй за яго ўзровень.

Еўратунэль большай часткай праходзяць пад пралівам Ла-Манш, злучае кантынентальную Еўропу з Вялікабрытаніяй. Дзякуючы тунэлю стала магчыма наведаць Лондан, адправіўшыся з Парыжа, усяго за 2 гадзіны 15 хвілін. У самім тунэлі цягнікі знаходзяцца ад 20 да 35 хвілін.

Тунэль урачыста адкрыты 6 траўня 1994 гады. З’яўляецца трэцім па працягласці чыгуначным тунэлем у свеце. Яму належыць рэкорд па працягласці пад вадой – 39 км, а таксама як самага доўгага міжнароднага тунэлю.

Амерыканскае таварыства інжынераў-будаўнікоў аб’явіла Еўратунэль адным з сямі цудаў свету сучаснасці.

Дзень у гісторыі. 20 лістапада. Нарадзіліся аўтар гімна БССР Міхась Клімковіч, пісьменнік Міхась Зарэцкі, паэтэса Яўгенія Янішчыц. Распачаўся Нюрнбергскі працэс. Дзень памяці Гаўрылы Гарэцкага

Сусветны дзень дзіцяці (World Children’s Day, з 1959 года). 

Генеральная Асамблея ААН у гэты дзень у 1959 годзе прыняла дэкларацыю правоў дзіцяці, а ў 1989 – Канвенцыю аб правах дзіцяці.

Штогод 11 мільёнаў дзяцей паміраюць, не дажыўшы да свайго пятага дня нараджэння, яшчэ дзясяткі мільёнаў застаюцца фізічна ці разумова хворымі, не маючы магчымасці для сталення, жыцця і развіцця.

Дзіцячы фонд ААН вядзе шырокую працу па ўсіх аспектах дзіцячага здароўя, здароўя цяжарных жанчын.

Міжнародны дзень аховы дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня.

1480 год. Нарадзіўся Фернан Магелан. 

Партугальскі і іспанскі мараплаўца. 

Камандаваў экспедыцыяй, якая здзейсніла першае кругасветнае падарожжа (22 сакавіка 1518 – 8 верасня 1522). 

Адкрыў праліў (Магеланаў) паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. 

Экспедыцыя даказала шарападобнасць Зямлі. 

Магелан быў забіты на востраве Мактан (Філіпіны) падчас сутычкі з мясцовымі жыхарамі 27 красавіка 1521 года. 

Далей павеў экспедыцыю яго памочнік Эль-Кана.

wikimedia.org

1621 год. Памёр Крыштоф Радзівіл Пярун. 

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Мікалая Радзівіла Рудога, вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі.

Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558-1582 гадоў: узяў замак Усвяты, нанёс паражэнне расійскаму войску каля Вялікіх Лук. 

Удзельнічаў у рэйдзе (1581) па тылах рускіх войск да вярхоўяў Волгі, заняў Старыцу і Ржэў, што разам з аблогай Пскова прымусілі Івана Грознага падпісаць перамір’е. Гэты рэйд паслужыў нагодай для стварэння шэрагу паэтычных твораў у гонар Крыштафа Радзівіла – Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, Я. Каханоўскага, А. Рымшы.

Прыхільнік плана стварэння дзяржаўнай уніі ВКЛ, Польшчы і Расіі на чале з вялікім князем.

Змагаўся з паўстаннем Налівайкі 1594-1596. У 1601 года нанёс паражэнне шведам ў бітве пад Кокенгаўзэнам, узяў Вендэн.

Фундатар і будаўнік кальвінісцкіх сабораў, апякун вучоных, дзеячаў беларускай культуры.

1648 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Ян Казімір Ваза. 

Займаў сталец да 1668 года. Апошні з дынастыі Ваза. Намінальна і спадчынна да 1660 году насіў тытул караля Швецыі. Кардынал ордэна езуітаў.

У 1661 годзе надаў езуіцкай калегіі ў Львове статус унівэрсытэту — першага ва Ўкраіне.

У час яго кіравання адбыліся найбольш разбуральныя войны: з Масковіяй (1654-1667) і Швецыяй (1655-1660). Маскоўскія войскі акупавалі большую частку ВКЛ, а шведы — значную частку Польшчы разам з Варшавай.

У 1657 годзе Рэч Паспалітая адмовілася ад сувэрэнных правоў на Прусію, паводле Андрусаўскага міру (1667) страціла Смаленскае ваяводства, Кіеў і ўсе тэрыторыі Ўкраіны на ўсход ад Дняпра.

Агульны гаспадарчы заняпад Рэчы Паспалітай, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча дзяржавы, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай  прывялі да таго, што 16 верасьня 1668 года Ян Казімір адмовіўся ад кароны і назаўсёды выехаў у Францыю.

wikimedia.org

 1695 год – Партугальскія каланізатары абезгаловілі Зумбі дус Палмарэса (у  хрышчэнні Мозес Бруна Грэгарыа). 

“Чарнаскуры Спартак”, правадыр збеглых негрыцянскіх рабоў Паўночна-Усходняй Бразіліі.

Яшчэ за 100 з лішнім гадоў да гэтага ў бразільскіх джунглях сталі ўзнікаць шматлікія квіломба – ваенныя лагеры збеглых рабоў, якія нападалі на каланізатараў і вызвалялі не толькі сваіх субратаў па расе, але і індзейцаў. Зумбі быў выхаваны партугальскім святаром і ў 1677 годзе, нягледзячы на маладосць, быў абраны вярхоўным кіраўніком найбуйнейшага квіломба – Палмарэса.

Пад лозунгам “Лепш памерці, чым жыць рабом” Зумбі больш за два дзесяцігоддзі змагаўся з партугальцамі і галандцамі, але быў выдадзены здраднікам. Дзень яго гібелі адзначаецца ў Бразіліі як Дзень негрыцянскай самасвядомасці.

tunnel.ru

 1899 год. Нарадзіўся Міхась Клімковіч. 

Беларускі пісьменнік, крытык, драматург, аўтар тэксту гімна БССР – «Мы, беларусы».

Першы старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1934-1939).

У 1936 годзе спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, бо быў абвінавачаны ў сувязях з «трацкістамі і нацдэмамі».

Аўтар многіх паэм, вершаваных п’ес, драматычных твораў, некаторыя з якіх ставілася ў купалаўскім тэатры, лібрэта да опер і балетаў, перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх аўтараў і іншых.

Даследаваў беларускую літаратуру.

Памёр 5 лістапада 1954 года.

1901 год. нарадзіўся Міхась Зарэцкі (Касянкоў). 

Беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча (цяпер частка Шклова) – адсюль псеўданім.

Настаўнічаў на Магілёўшчыне, загадваў Шклоўскім валасным аддзелам народнай асветы, быў палітпрацаўніком Чырвонай Арміі, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва акадэміі навук.

Член кіраўніцтва літаратурнага аб’яднання «Маладняк», рэдактар часопіса «Маладняк». Адзін з ініцыятараў стварэння новага літаб’яднання «Полымя».

Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 года. Яго выступленні ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. 

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года, асуджаны 28 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання і на наступны дзень расстраляны.

Аўтар апавяданняў, аповесцяў, п’ес, крытычных артыкулаў. Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе. Многія рукапісы загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда», працяг рамана «Крывічы».

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф. Гладкова, «Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны» Я. Гашака.

1917 год. Начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага прызначаны начальнік магілёўскага гарнізона генерал Міхаіл Бонч-Бруевіч. 

Рускі і савецкі геадэзіст, ваены тэарэтык, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войн. З беларуска-літоўскай шляхты Магілёўскай губерні.

Генерал-маёр імператарскай і генерал-лейтэнант Чырвонай арміі. 

Доктар ваеных і тэхнічных навук.  

Першы царскі генерал, які перайшоў на бок Савецкай Расіі.

wikimedia.org

1945 год. Распачаўся судовы працэс у Нюрнбэргу над 24 ваеннымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны. 

Пачатак Нюрнбэргскага працэсу – суда над ваеннымі злачынцамі Трэцяга рэйху.

Міжнародны судовы працэс над групай галоўных нацысцкіх ваенных злачынцаў праходзіў з 10:00 20 лістапада 1945 па 1 кастрычніка 1946 года ў Міжнародным ваенным трыбунале ў Нюрнбергу (Германія). 

Пагадненне аб стварэнні Міжнароднага ваеннага трыбунала і яго Статут былі выпрацаваны СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй падчас лонданскай канферэнцыі ў  чэрвені-жніўні 1945 года.

Сярод адданых суду былі Г. Герынг, Р. Гес, І. Рыбентроп, В. Кейтэль, Э. Кальтэнбрунер, А. Розенберг, Г Шахт, Г. Круп, К. Дзенніц, А. Йодль, М. Борман і іншыя.

Усім ім было прад’яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні найцяжкіх ваенных злачынстваў і ў складанні і ажыццяўленні змовы супраць міру і чалавечнасці.

Яшчэ ў 1950-х гадах былі прадпрынятыя спробы стварыць пастаянна дзейны міжнародны крымінальны суд, які б разглядаў справы аб здзяйсненні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў будучыні, але такі орган (Міжнародны крымінальны суд) пачаў сваю дзейнасьць толькі ў 2002 годзе.

tunnel.ru

 1948 года. Нарадзілася Яўгенія Янішчыц. 

Беларуская паэтэса, перакладчыца. “Самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі” (В. Быкаў). Лаўрэатка прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.

Аўтар вершаў, 6 зборнікаў лірыкі, зборніка выбраных твораў «У шуме жытняга святла», паэм, літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай.

Яе асобныя вершы пакладзены на музыку.

Паэтычная спадчына паэткі – адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Цяжка і марудна папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула 25 лістапада 1988 года. Яна выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў.

Яе імя носіць школа ў в. Парэчча Пінскага раёна.

wikimedia.org

 1954 год. Нарадзілася Святлана Снапкоўская. 

Беларускі гісторык і педагог. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Працавала ў БДУ, Нацыянальным інстытуце адукацыі, Беларускім педагагічным універсітэце імя М. Танка.

Даследуе гісторыю палітыкі царызму ў галіне адукацыі на Беларусі, педагогікі і асветы Беларусі ў 2-й пал. ХІХ ст. – пачатку XX стагоддзя. Адзін з рэдактараў калектыўных прац «Асвета і педагагічная думка на Беларусі: Бібліяграфічны паказ», «Народная педагогіка беларусаў».

1962 год. У в. Ракушава Круглянскага раёна нарадзіўся Міхаіл Баразна. 

Беларускі мастак, мастацтвазнаўца, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў.

Працаваў у выдавецтве «Беларусь». З 1992 года працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў.

У якасці рэктара БДАМ удзельнічаў у рэпрэсіях супраць студэнтаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сувязі з гэтым з чэрвеня 2021 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза.

1988 год. Памёр ўраджэнец Мсціслаўскага раёна Гаўрыла Гарэцкі. 

Беларускі геолаг, географ, эканаміст, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР. Родны брат класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Першы дырэктар (1927) Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. У 28 гадоў стаў акадэмікам – самы малады сярод акадэмікаў да гэтага часу.

Арыштоўваўся ДПУ (1920, 1922, 1930, 1937, 1938). У 1931, 1938 годах прыгаворваўся да расстрэлу.

Вязень ГУЛАГ. У лагерах стаў геолагам. У 1939-1968 гадах – удзельнік будоўляў амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны, каналаў, вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.

Па вяртанню на Беларусь, працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР.

Аўтар даследаванняў па эканоміцы, насельніцтве, фальклоры, дэмаграфіі, археалогіі, геалогіі. Ім закладзены асновы новай у СССР галіны ведаў – палеапатамалогіі, вучэння аб старажытных рэках.

Адзін са стваральнікаў руска-беларускага слоўніка. Аўтар успамінаў пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і іншых.

Дамогся вяртання імя і творчасці Максіма Гарэцкага.

У гонар яго названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл.

wikimedia.org

2020 год. Памёр ураджэнец Крычаўскага раёна Віктар Цітоў. 

Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.

Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.

Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».