Бабруйскі таксіст уратаваў пенсіянерку ад махляроў

Толькі дзякуючы пільнасці таксіста пенсіянерка з Бабруйска засталася пры сваіх 17 тысячах долараў.

61-гадовая бабруйчанка выклікала таксі, на якім збірался даехаць да Мінску. Кіроўца Аляксандр Мажэйка (на фота) звярнуў увагу на яе заклапочаны выгляд і пастаянную размову па тэлефоне. На яго пытанне, жанчына адказала, што едзе дэклараваць ашчаджэнні. Калі дабраліся да месца прызначэння, то там аказаўся жылы дом, а не падатковая інспекцыя. Таксіст паведаміў у міліцыю аб падазрэнні, што пасажырка можа стаць ахвярай махляроў. Падазрэнні спраўдзіліся.

Як аказалася, пажылой бабруйчанцы патэлефанавалі лжэсупрацоўнікі газавай службы і папрасілі назваць код з SMS для “праверкі абсталявання”. Затым нібыта праваахоўнікі распавялі, што ад яе імя зламыснікі праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці бабруйчанцы загадалі тэрмінова прыбыць у Мінск і прывезці ўсе наяўныя грошы. З 17 тыс. долараў жанчына і паехала ў сталіцу.

Толькі дзеянямі кіроўцы таксі, развіццё падзей пайшло не па запланаваным махлярамі шляху. Па факце спробы махлярства мінская міліцыя праводзіць праверку.

Скрыншот: ТГ “МУС Беларусі”

З нагоды адкрыцця пляжа ў Круглым зладзілі масавае гулянне

У Круглым закрылі грамадскую лазню, затое адкрылі пляж. Чыноўнікі рэкамендавалі карыстацца вадаёмамі – і забяспечылі жыхароў імі.

У Круглянскім раёне ўрачыста адкрылі пляж, але гэта – працяг гісторыі з мясцовай лазняй.

Аднойчы на выязны прыём да першага намесніка старшыні аблвыканкама прыйшоў усяго адзін чалавек. Ён паскардзіўся на адсутнасць грамадскай лазні.

Намеснік кіраўніка вобласці Сяргей Савіцкі выслухаў госця і даў вычарпальны адказ: карыстайцеся ваннамі і вадаёмамі.

Лазню ў Круглым сапраўды закрылі – хадзіла ў яе ад сілы пяць чалавек, стратна. Узамен пабудавалі новую, невялікую. Тая ж гісторыя. Закрылі і яе. Сацыяльны стандарт па памывачных месцах быў выключаны з дзяржаўных нарматываў яшчэ ў 2020 годзе, так што фармальна ўсё ў парадку.

Вадаём у раёне, дарэчы, цяпер маецца – Цяцерынскае вадасховішча, вёска Шупені. І ў мінулую суботу там урачыста адкрылі пляж «Водная жамчужына». Так што ўсё сыходзіцца: лазня закрыта, затое на прыродзе – мыйся, не хачу.

Цырымонія была больш чым урачыстай. Пяць раённых чыноўнікаў, чырвоная стужка, артысты Дома культуры.

Пляж на фотаздымках з цырымоніі ў кадр трапляў рэдка. У асноўным усе аб’ектывы былі нацэлены на масавае гулянне.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку на дарозе, якая вядзе да вадаёма, атрымалі адразу трое. Што-што, а святкаваць у Круглым умеюць.

Фота раённай газеты.

Пастаяльцу гасцініцы ў Глуску прымроіліся злачынцы і ён разнёс чужую машыну

Жыхар Рагачоўскага раёна прыехаў у Глуск працаўладкоўвацца. Ноччу яму не спалася. Далей – крымінальная хроніка.

Праблема працаўладкавання незанятых грамадзян у Беларусі вырашаецца па-рознаму. Жыхар Рагачоўскага раёна пайшоў правераным шляхам – сваяк параіў ехаць у Глуск, у ПМК N 249: людзі патрэбныя, аб’екты ёсць. Мужчына сабраўся і прыехаў. Засяліўся ў гасцініцу. Будаваў планы на будучыню і ад перспектыў не спалося.

Ноччу мужчына выйшаў пагуляць і ўбачыў аўтамабіль, у якім хаваліся злачынцы.

Марудзіць было нельга – і рагачоўскі госць, не губляючы ні секунды, кінуўся на абарону грамадскага парадку. Машыне добра дасталося – кулакамі, нагамі, штахетнікам ад найбліжэйшага плота.

Мужчына заскочыў на капот, разабраўся з люстэркамі, дворнікамі і нумарамі, спусціў колы. Злачынцы не сышлі – таму што іх не было. Супакоіўшыся, народны мсціўца зазірнуў у салон і забраў куртку – відавочна, як рэчавы доказ.

Раніцай гаспадар машыны чамусьці не ацаніў зробленай працы і звярнуўся ў міліцыю. Камеры відэаназірання, у адрозненне ад выдуманых злачынцаў, на месцы ўсё ж аказаліся.

Самае цікавае, што праверка на алкаголь і наркотыкі нічога не выявіла. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Цяпер прыцягваецца – па артыкуле за хуліганства яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Мікалай Статкевіч: расійскія ядзерныя боегалоўкі захоўваюцца каля Крычава

Расійскія ядзерныя боегалоўкі захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава, сцвярджае былы вайсковец Мікалай Статкевіч.

Былы палітвязень працягвае аналізаваць магчымыя варыянты развіцця падзей, звязаныя з расійска-ўкраінскай вайной і ўцягнутасцю ў яе Беларусі. Паводле яго, Масква зараз знаходзіцца ў тупіковай сітуацыі і гэта патрабуе ад яе новых падыходаў. 

Мікалай Статкевіч разглядае тры варыянты, якія можа прымяніць Крэмль, каб пастпрабаваць пераламіць нядобрую для яго сітуацыю на сваю карысць.

1) Мабілізацыя. Але ва ўмовах росту тэхналагічнай перавагі Украіны на полі бою яна можа прывесьці толькі да рэзкага павелічэння баявых страт, незадаволенасці ў грамадстве, эміграцыі мужчын, росту выдаткаў на выплаты сем’ям загінулых, змяншэнню колькасці занятых у эканоміцы. 

2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі. Паўтор аперацыі 2022 года пры адсутнасці фактару раптоўнасці і гатоўнасці ўкраінскага боку не атрымаецца. 

Прымушэнне да ўдзелу ў вайне беларускага рэжыму вялікай карысці не прынясе, бо нават напад ўсіх 23 тысяч сухапутных войскаў Беларусі пры адсутнасці ў іх баявога досведу, навыкаў масавага баявога прымянення дронаў, ды і неабходнай колькасці саміх дронаў прывядзе толькі да знішчэння нафтаперапрацоўчых заводаў, бліжэйшых чыгуначных станцый ды блакавання маршрутаў забеспячэння групоўкі ўварвання. І ў выніку – да яе знішчэння. Шматлікія “спецназы” ўнутраных войскаў, навучаныя для разгону бяззбройных дэманстрантаў ды затрымання ўзброеных кухонным нажом п’яных зламыснікаў, толькі падвысяць лік баявых страт. Масавая ж мабілізацыя людзей, якія ў сваёй масе хочуць палітычных перамен, можа прывесці толькі да масавай здачы ў палон ці пераходу цэлых падраздзяленняў на супрацьлеглы бок, ці, нават, да ўзброеных мяцяжоў. Карацей, лепш і не спрабаваць.

3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Пагрозы гэтага ўжо прагучалі напярэдадні параду 9 траўня. “Не сумняюся – піша Статкевіч –  што “дазвол” Зяленскага на парад 9 траўня расійскія генералы ўжо трактавалі свайму галоўнаму начальніку, як вымушаны страхам перад пагрозай ядзернай зброяй. Таму гэтыя пагрозы будуць працягвацца.” Найбольш эфектыўным відам такіх пагроз у Крамлі лічаць трэніроўкі па баявому прымяненню ядзернай зброі. Звычайна ядзерныя боегалоўкі ў расійскім войску, адрозна ад NATO, захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава. Перад іх прымяненнем боегалоўкі калонамі закрытых грузавых аўтамабіляў пад аховай развозяцца да сродкаў іх прымянення – самалётаў ці ракет. Сама гэта дастаўка перыядычна трэніруецца. Але такія трэніроўкі маюць і іншы сэнс. 

Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць – сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядзернага нападу будзе замаскіраваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з’яўляецца пагрозай ядзерным нападам. Пасля пачатку расійска-украінскай вайны Пуцін неаднаразова аб’яўляў такія трэніроўкі ў маштабах усёй Расіі, каб напалохаць Захад і прымусіць яго спыніць падтрымку Украіны. Але ядзерная трэніроўка толькі ў Беларусі гэта пагроза, найперш, Еўропе. У першую чаргу, Украіне і суседнім краінам NATO.

Фотаздымак: Sputnik

Усяго 13 дзён адпрацавала бабруйчанка ў наркамаркеце

Маці траіх дзяцей затрымалі ў Бабруйску з кілаграмам наркотыкаў.

Супрацоўнікі наркакантролю Магілёўшчыны затрымалі 33-гадовую бабруйчанку.

Паддаўшыся на абяцанні добрага заробку, маці траіх дзяцей стала працаваць на наркамаркет.

У выніку жанчына адпрацавала менш за два тыдні і была затрыманая.

Па месцы яе жыхарства, а таксама ў тайніках на тэрыторыі Бабруйска і раёна быді знойдзены кілаграм псіхатропнага рэчыва Альфа-PVP.

Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Бабруйчанцы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала МУС Беларусі.

Вязняў бабруйскай калоніі пазбавілі медыцынскіх перадач

Каля двух тыдняў асуджаныя калоніі №2 у Бабруйску не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасылкі з медыцынскімі прэпаратамі для асуджаных нават не забіраюць з пошты. Такім чынам вязні з хранічнымі захворваннямі застаюцца без неабходных лекаў.

Адной з версій прычын такой сітуацыі з’яўляецца адпачынак начальніка медыцынскай часткі калоніі. 

Варта адзначыць, што атрымаць дазвол на медыцынскую бандэроль даволі складана. Яе змесціва трэба загадзя ўзгадніць і падпісаць у начмеда, прадаставіўшы копіі дыягназаў або выпіскі з бальнічных карт. На такі працэс могуць пайсці месяцы, але толькі пасля таго можна пасылаць лекі, якія ў цяперашняй сітуцый невядома калі трапяць да зняволенага пацыента.

Фотаздымак: komkur.info

На “Бабруйскаграмашы” ўзмацняецца кадравы голад

За апошні час на ААТ “Бабруйскаграмаш” пашырыўся пералік спецыяльнасцяў, на якіх адчуваецца востры недахоп працоўных рук.

Адзін з найбуйнейшых машынабудаўнічых заводаў Магілёўскай вобласці працягвае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ўкамплектавання штату. Паводле новых звестак, якія з’явіліся ў распараджэнні маніторынгавай супольнасці BELPOL, за апошнія месяцы сітуацыя з кадрамі на “Бабруйскаграмашы” не толькі не стабілізавалася, але і прыкметна пагоршылася.

Калі раней дэфіцыт супрацоўнікаў закранаў пераважна асобныя вытворчыя ўчасткі, то цяпер недахоп людзей становіцца сістэмнай праблемай для прадпрыемства. Найбольш востра завод па-ранейшаму мае патрэбу ў рабочых спецыяльнасцях, звязаных з асноўнай вытворчасцю.

На сённяшні дзень прадпрыемства шукае адразу некалькі дзясяткаў работнікаў. Асабліва не стае маляроў і слесараў механазборачных работ – па 15 чалавек на кожную пазіцыю. Пры гэтым патрэба ў слесарах за два месяцы вырасла напалову. Таксама ад сакавіка не закрыты восем вакансій машыністаў кранаў.

Адначасова завод пачаў шукаць і новых спецыялістаў, якіх раней у спісах дэфіцытных прафесій не было. Гаворка ідзе пра станочнікаў шырокага профілю і зваршчыкаў, якія працуюць на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях. Па кожным з гэтых кірункаў прадпрыемству патрабуецца па шэсць чалавек.

Адначасова прадпрыемства пачало адчуваць недахоп спецыялістаў, наўпрост задзейнічаных у металаапрацоўцы і зварачнай вытворчасці, што можа сведчыць аб нарастальных цяжкасцях ў забеспячэнні вытворчага цыклу. Умовы, калі вакансіі застаюцца незакрытымі месяцамі, усё мацней уплываюць на працу прадпрыемства.

Сітуацыя паказвае, што кадравы голад на “Бабруйскаграмашы” ўжо даўно перастаў быць часовай праблемай. Недахоп кваліфікаваных рабочых набывае ўстойлівы характар.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

У Кіраўскім раёне прадаюць базу адпачынку па цане кватэры ў Мінску

Базу адпачынку “Чыгірынка” ў Кіраўскім раёне выставілі на аўкцыён па цане 306 тыс. рублёў.

На беразе Чыгірынскага вадасховішча, сярод хвойнага лесу, на продаж выставілі сучасную базу адпачынку, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і амаль цалкам падрыхтавана да запуску. Аб’ект ужо некалькі месяцаў шукае новага ўладальніка: кошт нават давялося знізіць, але жадаючых пакуль не знайшлося. Чарговыя таргі прызначаныя на 5 чэрвеня 2026 года.

Чыгірынскае вадасховішча лічыцца адным з самых папулярных месцаў летняга адпачынку ў Магілёўскай вобласці. Адсюль прыкладна аднолькавая адлегласць да Магілёва і Бабруйска – каля 60 кіламетраў. У разгар сезона свабодныя нумары ў мясцовых аграсядзібах і турбазах звычайна разбіраюць загадзя.

На аўкцыён выстаўлены комплекс з некалькіх драўляных будынкаў. Два гасцявыя домікі плошчай каля 50 м2 кожны, разлічаныя на размяшчэнне да шасці чалавек і абсталяваныя ўсімі неабходнымі выгодамі. Яшчэ адзін будынак, меншы па плошчы, можа выкарыстоўвацца пад адміністрацыйны офіс, лазню або невялікае кафэ для адпачывальнікаў.

База ўжо забяспечана асноўнымі інжынернымі сеткамі. На тэрыторыі ёсць уласная кацельня, пракладзеная цеплатраса, артэзіянская свідравіна, ачышчальныя збудаванні, электразабеспячэнне і стаянка для аўтамабіляў. Участак агароджаны, а да вады і пляжу літаральна некалькі хвілін пешшу.

Першапачаткова ўладальнік ацэньваў аб’ект у 340 тысяч рублёў, аднак пасля кошт знізілі прыкладна на дзесятую частку. Цяпер за турыстычны комплекс просяць 306 тысяч рублёў, што супастаўна з цаной двухпакаёвай кватэры ў Мінску.

Паводле прадаўца, у дамах засталося завяршыць толькі фінальнае ўнутранае аздабленне. З улікам росту цікавасці да адпачынку ўнутры краіны і прагнозаў на спякотнае лета, аб’ект можа стаць прывабным варыянтам для інвестараў у турыстычны бізнес.

Фотаздымак: ipmtorgi.by

Быхаў: змова маўчання вакол брудных таямніц

Быхаў не толькі самы бедны, але і самы карумпаваны горад, чыноўнікі якога могуць перажыць і дзесяць Лукашэнак.

У Быхаве вынесены прысуд па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Шэсць жанчын страцілі больш за 158 тысяч рублёў, адна з іх пазбавілася кватэры маці. Суд адбыўся, прысуд вынесены. Але ў самім горадзе пра гэта не ведае ніхто. Зрэшты, для Быхава гэта не фокус.

Абрады за чужы кошт

Суд Быхаўскага раёна разгледзеў справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаная прадстаўлялася «спадчыннай знахаркай» і абяцала зняць «вянец бясшлюбнасці», пазбавіць ад «родавага праклёну» або вылечыць хваробы. Здольнасцямі яна не валодала і выконваць абяцанні не збіралася – гэта ўстанавіў суд.

Гісторыя адной з шасці пацярпелых гаворыць сама за сябе. Паверыўшы ў «абрады», яна прадала кватэру маці, здала ў ламбард залатыя ўпрыгажэнні, пераканала сваякоў і знаёмых аформіць крэдыты. Знахарцы пайшло больш за 120 тысяч рублёў. Агульная шкода – больш за 158 тысяч рублёў. Прысуд – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, штраф 9000 рублёў. Прозвішча асуджанай не агалошваецца – прысуд не ўступіў у законную сілу.

Між тым у Быхаве да варажбы ставяцца без асаблівага здзіўлення – традыцыя даўняя. У свой час гэтым займалася нават былы дырэктар хлебазавода Антаніна Хонанава – ужо пасля выхаду на пенсію. Раён невялікі, усе ведаюць адзін аднаго.

Суд быў, быхаўчане не ў курсах

Пасля таго як наш рэсурс апублікаваў матэрыял пра прысуд, у рэдакцыю напісалі чытачы. Усе паведамлялі адно: ніхто ў Быхаве нічога не чуў – ні пра справу, ні пра працэс, ні пра прысуд. Мясцовыя СМІ прамаўчалі. Але гэта не першы выпадак, калі раённая газета «Маяк Прыдняпроўя» аддае перавагу не заўважаць нязручных падзей, у якіх удзельнічаюць не рабочыя і сяляне, а тыя хто змагаецца за іх дабро.

Калі маўчанне – сістэма

У 2004 годзе «Беларусь Сегодня» напісала пра тое, што намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама, куратар чарнобыльскай праграмы Дзмітрый Ігнацьеў пяць разоў незаконна адправіў сваю дачку ў Італію па праграме для «дзяцей Чарнобыля». Раённая газета артыкул перадрукавала – але прозвішча Ігнацьева з тэксту прыбрала. Ён у той час курыраваў і газету.

У 2019 годзе гісторыя паўтарылася. На гэты раз з пераемнікам Ігнацьева. У цэнтры Быхава, на пажарнай лесвіцы Дома культуры, знайшлі павешаным 16-гадовага Мікіту М. Следчы камітэт распачаў справу па артыкуле «Давядзенне да самагубства». Гараджане гаварылі: учынак хлопца выглядае як помста камусьці – занадта публічным было месца. Дырэктар гімназіі адмовілася каментаваць самагубства, у райвыканкаме таксама маўчалі. Куратарам камісіі па справах непаўналетніх, з-за некампетэнтнасці якой загінуў юнак, тады быў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Агнетаў (на фота) – ён жа курыраваў раённую газету.

АгнетаўУсе беларускія выданні напісалі пра трагедыю. «Маяк Прыдняпроўя» абмежаваўся спачуваннямі сям’і – ні слова пра расследаванне, ні слова пра камісію.

У Быхаве ўмеюць захоўваць брудныя таямніцы. Дзесяцігоддзямі.

Фота з адкрытых крыніц.

Перыяд выпасу ў Мсціслаўскім раёне: свята, або спроба забыць пра праблемы?

На семінары ў Мсціславе гаварылі толькі пра пашавы перыяд, але маўчалі пра падзеж жывёлы і ўтойванне гэтага факта.

У Мсціслаўскім раёне прайшоў семінар-нарада па пераводзе БРЖ на пашавае ўтрыманне. Выехалі ў поле, паслухалі даклады, паабяцалі строга выконваць патрабаванні. Прыгожая карцінка. Толькі за ёй – гісторыя, якую раённая газета аддае перавагу не ўспамінаць.

Мсціслаўскі раён – антылідар Магілёўскай вобласці па падзежы жывёлы. Мінус 19,9 працэнта пагалоўя БРЖ – найгоршы паказчык у рэгіёне. Клімавіцкі і Дрыбінскі раёны з іх мінус адзінаццаццю выглядаюць на гэтым фоне амаль квітнеючымі.

Прычыны – не стыхійнае бедства. У верасні 2024 года высветлілася, што ў адной з гаспадарак раёна падзеж хавалі.

Па патрабаванні пракуратуры да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 25 работнікаў АПК на агульную суму 13 602 рублі, 9 службовых асоб – да дысцыплінарнай адказнасці, 4 – да адміністрацыйнай.

Лячыць жывёлу пры гэтым няма каму. У ААТ «Знамя труда» Мсціслаўскага раёна па люты 2026 года вакантныя ўсе ветэрынарныя пасады – заатэхнік-селекцыянер не з’яўляўся больш за пяць гадоў, два ветфельчары – каля трох. Хто лечыць жывёл у гаспадарцы – пытанне адкрытае.

На семінары-нарадзе пра гэта не гаварылі. Гаварылі пра надоі, прывагі і перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Вытворчасць малака за першы квартал – 110,5 працэнта да мінулага года. Добры паказчык. Толькі незразумела, як ён спалучаецца з найгоршым у вобласці падзежам і вакантнымі ветэрынарнымі пасадамі ўжо пяць гадоў запар.

Пашавы перыяд – час вялікага малака, сказаў старшыня райвыканкама. Магчыма. Але спачатку нядрэнна было б разабрацца, чаму жывёла ў раёне гіне хутчэй, чым дзе-небудзь у Магілёўскай вобласці, і хто за гэта адказаў па-сапраўднаму.

Фота раённай газеты.