На Глушчыне адраджаюць вясковыя кірмашы

У вёсцы Поблін Глускага раёна ўжо чатыры гады спрабуюць адрадзіць свой кірмаш, які традыцыйна адбываўся на Усшэсце Гасподняе.

«Шмат дзесяцігоддзяў запар у вёсках Глускага раёна праходзілі кірмашы, прымеркаваныя да рэлігійных святаў. Слова “кірмаш” у беларускай мове азначае не толькі “рынак”, але і “свята”. У першай палове дня людзі звычайна ішлі ў царкву, а пасля заканчэння святочнай службы пачыналіся гулянні», – распавядаецца ў відэасюжэце тэлеграм-канала «Мястэчка Глуск».

Чатыры гады таму старадаўні кірмаш у Побліне пачалі адраджаць. Спачатку было толькі набажэнства на месцы вясковай царквы, а потым арганізавалі і гулянні. У мінулым годзе нават запрашалі артыстаў з Бярозаўкі.

Усшэсце заўсёды выпадае на чацвер. У будні дзень сабрацца ўсім складана, таму святкаванне звычайна пераносяць на суботу.

Як і заведзена, спачатку адбылася святочная служба на месцы, дзе калісьці стаяла вясковая царква. А потым усе селі за багата накрыты стол.

“На кірмаш збіраюцца вяскоўцы з розных гарадоў і вёсак, спецыяльна прыязджаюць былыя поблінцы, прыходзяць дачнікі. Усе на адзін вечар адкладаюць сваю працу, якой у гэты час звычайна вельмі шмат, і ідуць на кірмаш”, – гаворыцца ў сюжэце.

Сёлета людзей было менш, чым летась, але ўсё роўна сабраліся, гаманілі, успаміналі мінулае, радаваліся сустрэчы. І, канечне, самае галоўнае – што сустрэліся, сабраліся дружнаю грамадою, усе разам, як калісьці іх дзяды і прадзеды.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

У Касцюковіцкім раёне работнікам не выплацілі 230 000 заробку

Пракуратура выявіла запазычанасць па заробку перад 152 работнікамі сельгасарганізацыі ў Касцюковіцкім раёне.

Заробак у агульнай суме больш за 230 тыс. рублёў не быў выплачаны яшчэ за сакавік 2026 года. Пракуратура запатрабавала неадкладна выплаціць грошы.

Таксама было накіравана даручэнне ў адрас Крычаўскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт.10.12 КаАП (парушэнне заканадаўства аб працы) у адносінах да кіраўніка сельгасарганізацыі. 

Па даным даным пракуратуры, у выніку заробак работнікам быў выплачаны, а на кіраўніка быў накладзены штраф.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Быхаве недалюбліваюць пісьменнікаў-землякоў, але паважаюць пісьменнікаў з КДБ

Быхаўская раённая газета паведамляе, што на сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі

у раённым цэнтры культуры панавала асаблівая, неверагодна цёплая атмасфера.

Пісьменнікі Аляксандр Казека (на фота злева), Сяргей Украінка, Уладзімір Ясеў і Сяргей Данілаў зачыталі свае самыя вядомыя творы.

Гаварылі пра жыццё, натхненне і вечнасць з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Саксоновым. Менавіта ён у мінулым фізрук і кандыдат у майстры спорту па плаванні адказвае цяпер за духоўнае развіццё Быхаўшчыны.

Вельмі паказальна, што на сустрэчы не прысутнічаў Мікалай Леўчанка – таксама вядомы і заслужаны пісьменнік.

У Быхаве, трэба адзначыць, стаўленне да пісьменнікаў неадназначнае. Напрыклад пра пісьменніка-быхаўчаніна Сяргея Антонава, чые кнігі выдадзены тыражом каля паўмільёна экзэмпляраў і перакладзены на пяць моў, паклапацілася мясцовае ўпраўленне КДБ.

У пратэстах 2020-га Антонаў не ўдзельнічаў, але пісаў у незалежных СМІ пра бардак у Быхаве. Сяргею давялося эміграваць і апошняе згадванне пра яго звязана з выставай у польскім прэзідэнцкім палацы – там гучалі новыя навелы Антонава.

Падобна, што і ў Мікалая Леўчанкі, некалі аблашчанага ўладай, цяпер адносіны з ёй не самыя лепшыя. Затое ў Аляксандра Казекі, у мінулым супрацоўніка КДБ, усё ў ажуры. Ён узначальвае супольнасць пісьменнікаў Магілёўшчыны.

Фота раённай газеты.

У Касцюковіцкім раёне фермер выпадкова падстрэліў свайго сына

У вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна мясцовы фермер па неасцярожнасці стрэліў у свайго 15-гадовага сына. Падлетак шпіталізаваны.

Няшчасны выпадак адбыўся раніцай 24 траўня 2026 года. Сын дапамагаў свайму 61-гадоваму бацьку забіваць кабана. Мужчына выкарыстоўваў гладкаствольную стрэльбу, якая дасталася яму ў спадчыну, але не было зарэгістравана.

Падчас забоя кабана фермер выпадкова параніў свайго сына ў жывот. Хлопцу была аказана экстраная меддапамога і яго шпіталізавалі.

Цяпер у Бялынкавічах працуюць следчыя, якія праводзяць праверку здарэння.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

У Шклове начальнік цэха пойдзе пад суд за смерць падначаленага на працы

Парушэнне тэхнікі бяспекі прывяло да смерці машыніста самаходнага крану, а яго начальніка – да крымінальнай справы.

Трагічная падзея адбылася ў ліпені 2025 года, калі на аб’екце дрэваапрацоўчага прадпрыемства выкарыстоўваўся старонні аўтамабільны самаходны кран. Як потым высвятлілі следыя, начальнік рамонтна-механічнага цэха дапусціў тэхніку без дакументальнага пацверджання яе тэхнічнага агляду, гадавога кантролю тэхнічнага стану, пры выключаным і няспраўным абмежавальніку нагрузкі. Машыніст крана таксама не меў перадзменнага медыцынскага агляду. 

Падчас выканання пагрузачна-разгрузачных работ адбыўся адрыў паваротнай (перасоўнай) платформы крана. У выніку машыніста выкінула з кабіны на асфальт. Ён атрымаў спалучаную траўму галавы, шыі, тулава, левай верхняй і ніжніх канечнасцяў і ў выніку мужчына памёр на месцы здарэння. 

Цяпер крымінальная справа начальніка цэха, які абвінавачваецца ў парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі, што прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека, накіравана ў суд. Сам абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні

У Асіповіцкім раёне 19-21 траўня 2026 года прайшла трэніроўка з вайсковымі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. 

Пра тое, што вучэнні праходзяць менавіта на Магілёўшчыне, стала вядома з тэлеграм-канала беларускага Міністэрства абароны. 21 траўня ў Асіповіцкі раён да ракетчыкаў прыязджаў Лукашэнка. Там яму прадэманстравалі пускавую ўстаноўку “Іскандэр-М” і нанясенне ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару (электроннага пуску). 

Пасля вучэнняў ён заявіў, што Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў вайну ва Украіне, бо ў гэтым няма ніякай неабходнасці. 

Да 2022 года Лукашэнка запэўніваў украінцаў, што з Беларусі на іх ніколі ніхто не нападзе. 24 лютага таго года на мірныя гарады Украіны з беларускай тэрыторыі паляцелі бомбы і расійскія войскі перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу.

Скрыншот: ТГ Мінабароны РБ

Глускія пракуроры накіравалі ў суд 70 заяў аб экстрэмісцкіх матэрыялах

Пракуратура Глускага раёна накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі і дапамагла калгаснікам атрымаць зарплату.

Пракуратура Глускага раёна з пачатку 2026 года накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Гэта вынік карпатлівай працы па выкараненні ў краіне іншадумства. Пракуроры патлумачылі, што ў прыватнасці:

  • у ходзе маніторынгу выяўлена старонка ў сацыяльнай сетцы Facebook з аўдыторыяй больш за 98 тысяч падпісчыкаў, дзе размяшчаліся відэаролікі пра дзейнасць прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем аб’яднання, а таксама іншыя забароненыя матэрыялы;
  • крымінальная справа распачата супраць жыхара райцэнтра, які размясціў у сацсетцы відэа з “паклёпам” у дачыненні да Лукашэнкі.

Суд, традыцыйна вынес абвінаваўчы прысуд. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Махавік рэпрэсій, запушчаны ў 2020 годзе Лукашэнкам, што прайграў выбары, падобна, круціцца ўжо па інерцыі.

У краіне засталося зусім мала рэсурсаў, якія яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі і грамадзян, якія пакуль не абразілі састарэлага дыктатара.

Справаздача глускай пракуратуры гаворыць не пра выкананне службовага абавязку. Па вялікім рахунку гэта проста выражэнне лаяльнасці да ўлады, якая трымаецца толькі на страху.

Вельмі паказальная ў гэтым плане іншы бок дзейнасці гэтай жа пракуратуры.

У маі 2026 года ў дзвюх сельгасарганізацыях раёна ўтварылася запазычанасць перад 322 супрацоўнікамі на суму больш за 340 тысяч рублёў.

Пракурор Глускага раёна вынес прадпісанні кіраўнікам прадпрыемстваў з патрабаваннем неадкладна пагасіць доўг. Грошы аддалі.

Аднак і гэта не сведчанне выканання закона ў Беларусі. Калі мікраскапічную зарплату аграрыям аддаюць толькі з-пад пракурорскай палкі, то падставы для абразы ўлады ў грамадзян вельмі важкія.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Супрацоўніца абменніка ў Бабруйску скрала 520 000 рублёў, каб згуляць у казіно

Суд у Бабруйску вынес абвінаваўчы прысуд мясцовай жыхарцы, якая прысвоіла давераныя ёй грашовыя сродкі ў асабліва буйным памеры.

Жанчына працавала ў абменным пункце адной з банкаўскіх устаноў.

У снежні 2023 года яна прайграла грошы ў анлайн-латарэі і вырашыла папоўніць страты за кошт банка.

У перыяд са снежня 2023 года па студзень 2026-га супрацоўніца сістэматычна выкрадала купюры з касы. Каб схаваць нястачу, падкладвала ў грашовыя пачкі паперу і кардон.

Агульная сума скрадзенага і пазней прайгранага – звыш 520 тысяч рублёў.

Згодна з заключэннем судовай экспертызы, на момант здзяйснення злачынстваў жанчына пакутавала на псіхічнае расстройства – паталагічную схільнасць да азартных гульняў.

Падчас судовага пасяджэння падсудная цалкам прызнала сваю віну і раскаялася ў зробленым.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прыгаварыў да пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбываннем у ВПК агульнага рэжыму.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з асуджанай штраф у памеры 200 базавых велічынь і пазбавіць яе права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі, на тэрмін 5 гадоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Вяха ў развіцці Хоцімска – цяпер без скразнякоў

У Хоцімскім раёне будуюць прафілакторыі для цялят. Галоўнае адкрыццё: калі няма скразнякоў і ёсць сухая падсцілка, цяля не хварэе.

У трох сельгаспрадпрыемствах Хоцімскага раёна будуюць прафілакторыі для цялят. Аб’екты аднатыпныя, але з варыяцыямі: нясучыя канструкцыі можна рабіць з металу або дрэва, ашалёўку – з дрэва або штор, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей гаспадаркі. А яны, як вядома, у Хоцімску вельмі сціплыя.

Радуе толькі адно: ватага “моцных гаспадарнікаў” Лукашэнкі нарэшце дапёрла, што залог здароўя цяляці – адсутнасць скразнякоў і наяўнасць сухой падсцілкі.

Вядомы хоцімскі камуніст назваў гэта вяхой у развіцці. Што менавіта замінала пабудаваць сухое і непрадзьмуванае памяшканне гадоў гэтак на трыццаць раней, можна толькі здагадвацца.

Верагодна, мільярды рублёў, выдаткаваных нібыта на беларускае сяло, пайшлі на будаўніцтва сухіх і непрадзьмуваных асабнякоў для беларускіх чыноўнікаў.

Фота раённай газеты.

Дзядуля з быхаўскай вёскі прыехаў на прыём да галоўнага “дэпутата” вобласці – калонка зламалася

Прызначаныя “дэпутаты” актыўнічаюць па ўсёй Магілёўшчыне, але вялікага толку ад іх, мяркуючы па фактах, няма.

78-гадовы жыхар вёскі Давыдавічы Быхаўскага раёна прыехаў у Магілёў на прыём да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна . Па пытанні “тэхнічнага абслугоўвання водазаборнай калонкі і добраўпарадкавання тэрыторыі населенага пункта: абкосу травы ў месцы працы аўтамагазіна і калонкі”.

Пры гэтым у вёсцы Давыдавічы ўсё добра з прадстаўніцтвам. Грудзінаўская выбарчая акруга N 22 – гэта якраз Давыдавічы і некалькі суседніх вёсак. Там 652 выбаршчыкі і ёсць свой “дэпутат” раённага савета. Плюс “дэпутаты” сельскага савета. Плюс галоўны “дэпутат” Быхаўскага раёна Вячаслаў Сідарэнка, плюс цэлая “палата прадстаўнікоў”. Аж чатыры паверхі “народнага” прадстаўніцтва.

І пры ўсім гэтым 78-гадовы стары ідзе не да “дэпутата” ў сваёй вёсцы, не тэлефануе на прамую лінію старшыні Быхаўскага райвыканкама. Ён едзе ў Магілёў – да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна.

Гэта не капрыз і не няведанне сістэмы. Гэта – дакладны сацыяльны разлік чалавека, які, мяркуючы па ўзросце, праз усе ўзроўні ўжо прайшоў. Ён ведае, што маленькія “дэпутаты” выслухаюць, паабяцаюць і заб’юць болт. А вось калі трапіць да абласнога начальства – будзе вынік.

І ён аказаўся правы. Па выніках прыёму ў Гарошкіна прызначаны канкрэтныя тэрміны:

  • калодзеж пачысцяць да 1 чэрвеня;
  • калонку абслужаць да 15 чэрвеня; 
  • смецце з могілак вывезуць да канца мая.

Зрэшты, раённы “дэпутацкі” корпус у той дзень не сядзеў без справы. Старшыня Быхаўскага раённага савета “дэпутатаў” Вячаслаў Сідарэнка не толькі прысутнічаў на прыёме ў Гарошкіна, але і паспеў суправадзіць у аграгарадку Новы Быхаў “дэпутата палаты прадстаўнікоў” Аляксандру Міхеенку, якая ацэньвала пасевы рапсу, газіфікацыю, электрыфікацыю і спажыўкааперацыю.

Такім чынам пад кантролем усё: ад калонкі ў глухой вёсцы да плана ГОЭЛРО, у якім Міхеенка, Гарошкін і Сідарэнка, трэба меркаваць, разбіраюцца лепш за ўсё.

Фота ведамаснага сайта Магілёўскага аблвыканкама.