На Глушчыне адраджаюць вясковыя кірмашы

У вёсцы Поблін Глускага раёна ўжо чатыры гады спрабуюць адрадзіць свой кірмаш, які традыцыйна адбываўся на Усшэсце Гасподняе.

«Шмат дзесяцігоддзяў запар у вёсках Глускага раёна праходзілі кірмашы, прымеркаваныя да рэлігійных святаў. Слова “кірмаш” у беларускай мове азначае не толькі “рынак”, але і “свята”. У першай палове дня людзі звычайна ішлі ў царкву, а пасля заканчэння святочнай службы пачыналіся гулянні», – распавядаецца ў відэасюжэце тэлеграм-канала «Мястэчка Глуск».

Чатыры гады таму старадаўні кірмаш у Побліне пачалі адраджаць. Спачатку было толькі набажэнства на месцы вясковай царквы, а потым арганізавалі і гулянні. У мінулым годзе нават запрашалі артыстаў з Бярозаўкі.

Усшэсце заўсёды выпадае на чацвер. У будні дзень сабрацца ўсім складана, таму святкаванне звычайна пераносяць на суботу.

Як і заведзена, спачатку адбылася святочная служба на месцы, дзе калісьці стаяла вясковая царква. А потым усе селі за багата накрыты стол.

“На кірмаш збіраюцца вяскоўцы з розных гарадоў і вёсак, спецыяльна прыязджаюць былыя поблінцы, прыходзяць дачнікі. Усе на адзін вечар адкладаюць сваю працу, якой у гэты час звычайна вельмі шмат, і ідуць на кірмаш”, – гаворыцца ў сюжэце.

Сёлета людзей было менш, чым летась, але ўсё роўна сабраліся, гаманілі, успаміналі мінулае, радаваліся сустрэчы. І, канечне, самае галоўнае – што сустрэліся, сабраліся дружнаю грамадою, усе разам, як калісьці іх дзяды і прадзеды.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

Рэкордныя 5 дзён правяла ў лесе 79-гадовая пенсіянерка Глускага раёна і выжыла дзякуючы кукурузе

Ратавальнікі з дапамогай валанцёраў 4 дні шукалі грыбніка-недарэку і знайшлі яе ў прытомнасці. Здарэнне адбылося паблізу вёскі Поблін Глускага раёна. 

Па інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ 13 кастрычніка ў 22:30 ратавальнікам паступіла паведамленне аб жанчыне, якая пайшла ў лес у грыбы і не вярнулася.  Мабільнага тэлефона жанчына, парушыўшы шматлікія папярэджанні і правілы, не ўзяла з сабой.

Як аказалася, Юлія Давыдаўна, жыхарка вёскі Поблін, раніцай 13 кастрычніка пайшла ў лес у грыбы. Калі яна з надыходам змяркання не вярнулася дадому, то дачка пенсіянеркі патэлефанавала ў МНС. Каб у спадарыні Юліі быў мабільны, то лакалізаваць яе месцазнаходжанне было б адносна проста. Але яна не выявіла асцярожнасці і прадбачлівасці. 

Наступнай раніцай ратавальнікі, работнікі міліцыі, лясгаса, валанцёры, мясцовыя жыхары пачалі пошукі, але яны напачатку былі безвыніковымі. З кожным днём надзея на выратаванне раставала. Тым часам  жанчына 4 ночы вымушана была праводзіць у лесе. 

Толькі 17 верасня раніцай ратавальнік Сяргей Анцюшэня знайшоў Юлію Давыдаўну ў полі паміж вёскамі Поблін і Разлевічы. Ёй пашчасціла натрапіць на кукурузнае поле. Менавіта збожжа кукурузы стала ежай і дапамагло выжыць.

Жанчына была ў прытомнасці, але яна зусім знясілела і толькі прасіла піць. Ратавальнікі неадкладна перадалі пацярпелую медыкам. Пенсіянерка шпіталізавана.


Парады: Вопытныя грыбнікі і спецыялісты па выжыванню раяць збіраючыся ў грыбы браць з сабой не толькі нож і кошык для грыбоў, але і заплечнік для паклажы, гумовыя боты і порхаўку (дажджавік), мабільны тэлефон і паўэрбанк, компас, сродкі ад насякомых, бінт і антысептык, ліхтарык, свісток, а яшчэ хаця б невялічкую бутэлечку з вадой і крыху ежы. 

І самае галоўнае – апранацца ярка.

фота: МЧС