Былы палітвязень горацкай калоніі Алесь Бяляцкі вярнуўся ў Facebook

Былы палітвязень калоніі №9 у Горках, Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі аднавіў сваю старонку ў Facebook.

Першы допіс пасля аднаўлення старонкі Бяляцкі зрабіў увечары 2 сакавіка 2026 года.

“Не мінула і пяці гадоў… Некалькі дзён, як аднавілі мне доступ да Фэйсбуку, а я ўсё прыглядаўся, не наважваўся вярнуцца туды, адкуль мяне выдасталі ў ліпені 21-га. 

Урэшце сёньня адважыўся. І напачатку хачу падзякаваць усім знаёмым і незнаёмым сяброўкам і сябрам, якія хваляваліся і перажывалі за мяне, рабілі што маглі, каб дзень волі для мяне настаў параней. Вялізная мая падзяка!” – напісаў беларускі Нобелеўскі лаўрэат.

Паводле яго, ён заўсёды ледзь не фізічна адчуваў магутную хвалю салідарнасьці з волі як з ім, так і з іншымі палітвязьнямі. “З такой падтрымкаю псіхалагічна сядзець было камфортна, хоць і спалі “на бетоне”, і хадзілі абы ў чым, і елі, што дадуць. Ніводнага дня ў турме ня быў я расчараваны, не пачуваўся пакінутым, не шкадаваў за зробленае. Перакананы, што разам мы – моц, разам мы не прападзем, разам мы пераможам!” – упэўнены Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі – кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 па 2016 гг. Быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы. 3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Мінску яму было прызначана 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

13 снежня 2025 года Алесь Бяляцкі выйшаў на волю па памілаванні пасля перамоваў з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, якія цягнуліся два дні. Вынікам стала памілаванне  і гвалтоўнае перамяшчэнне за мяжу 123 чалавек. Алеся і яшчэ некалькіх замежных грамадзян прывезлі ў Літву.

Фотаздымак: Facebook Алеся Бяляцкага

“Бабруйскаграмаш” з-за кадравага калапсу шукае работнікаў “у арэнду”

“Бабруйскаграмаш” просіць Мінпрам дапамагчы ў пошуку работнікаў, без залічэння іх у штат.

Як даведалася арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL, у Міністэрства прамысловасці паступіў афіцыйны зварот ад ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”. Прадпрыемства просіць садзейнічання ў падборы персаналу па дамовах аўтстафінгу, гэта значыць узяць работнікаў “у арэнду” ў іншых арганізацый без залічэння іх у штат.

Сам па сабе такі крок выглядае паказальным. Адзін з буйных дзяржаўных машынабудаўнічых холдынгаў не можа самастойна закрыць базавыя вытворчыя патрэбы і вымушаны шукаць часовых супрацоўнікаў, каб падтрымліваць працэс вытворчасці.

У дакуменце падкрэсліваецца, што перад прадпрыемствам стаіць «стратэгічная задача» па пастаўцы сельскагаспадарчай тэхнікі ў краіны так званай «далёкай дугі». Аднак за гэтай фармулёўкай хаваецца больш прыземленая праблема, а менавіта востры дэфіцыт рабочых кадраў. Менавіта недахоп персаналу называецца адным з фактараў, які ставіць пад пагрозу выкананне экспартных кантрактаў у вызначаныя тэрміны.

Паводле звароту, прадпрыемству тэрмінова патрабуюцца 35 чалавек на ключавыя пазіцыі:

 

  • слесары механазборачных работ – 10 чалавек;
  • маляры – 15 чалавек;
  • машыністы крана – 10 чалавек.

 

Гаворка ідзе не пра вузкапрофільных інжынераў, а пра базавыя рабочыя спецыяльнасці, без якіх машынабудаўнічая вытворчасць не можа функцыянаваць. Адсутнасць менавіта гэтых работнікаў сведчыць пра сістэмны характар праблемы.

Раней, як піша BELPOL, з’яўлялася інфармацыя пра складаную кадравую сітуацыю на МАЗе. Цяпер аналагічныя цяжкасці фактычна прызнаюцца і ў структуры «Бабруйскаграмаша», які ўваходзіць у сістэму Міністэрства прамысловасці.

Такім чынам, дэфіцыт рабочых рук выходзіць за межы аднаго прадпрыемства. Зварот з просьбай дапамагчы ў аўтстафінгу работнікаў сведчыць, што нават дзяржаўныя гіганты вымушаны шукаць часовыя рашэнні, каб закрыць элементарныя вытворчыя патрэбы. На гэтым фоне рыторыка пра «стратэгічныя рынкі» і «далёкую дугу» кантрастуе з рэальнасцю, у якой заводу бракуе слесараў, маляроў і машыністаў крана.

Калі прамысловае прадпрыемства дзяржаўнага сектара вымушана звяртацца да механізму аўтстафінгу для закрыцця базавых вакансій, гэта сведчыць пра глыбокі кадравы крызіс, які ўжо немагчыма ігнараваць.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

У Крычаве пачалі выпускаць цэмент для мастоў

Пакуль у Бабруйску спрабуюць прадухіліць абвал моста, у Крычаве выпусцілі новы від цэменту – якраз для мастоў.

Новы від цэменту запусціла ў вытворчасць ААТ «Крычаўцэментнашыфер».

Ён прызначаны спецыяльна для вырабу канструкцый, якія працуюць ва ўмовах павышаных нагрузак: апор мастоў, пралётных будынкаў і іншых элементаў транспартных збудаванняў.

Спецыялісты завода заяўляюць, што “гэта падзея адкрывае перад нашым прадпрыемствам новыя гарызонты для экспарту і ўдзелу беларускіх будаўнічых матэрыялаў у праектах расійскага федэральнага значэння па развіцці транспартных калідораў”.

Пакуль на Магілёўшчыне спрабуюць вырашыць праблему транспартных калідораў Расіі, айчынныя транспартныя калідоры перажываюць не найлепшыя часы.

Непадалёк, у Бабруйску, улады спрабуюць прадухіліць абвал моста 1972 года пабудовы.

Тут ужо нічога не зробіш: лукашэнкаўскія ўлады любяць даваць мудрыя парады ўсяму свету і настолькі занятыя асветай іншых, што зусім забываюць пра тое, што адбываецца ў іх пад носам.

Фота крычаўскай раённай газеты.

У Бабруйску можа абрынуцца мост 1972 года пабудовы

Пакуль краіна мадэрнізуе кароўнікі, мост у Бабруйску вось-вось абрынецца.
Мост 1972 года пабудовы ў Бабруйску над чыгуначнымі шляхамі на вуліцы Карла Маркса знаходзіцца на мяжы абвалу – металічныя канструкцыі, якія падтрымлівалі пешаходную частку, не вытрымалі нагрузкі.
Як высветлілася, мост быў у плане гарвыканкама па рэканструкцыі, але ад гэтага яму не стала ні холадна, ні горача.
У краіне, дзе не відаць канца-краю мадэрнізацыі кароўнікаў, уладам, зразумела, не да мастоў.
Ну, а пакуль створана камісія па надзвычайных сітуацыях на чале са старшынём Бабруйскага гарвыканкама Максімам Гурыным. Рух па мосце перакрыты, вырашана дэмантаваць частку тратуара.
Гурын кажа пра тое, што была праведзена ацэнка цяперашняй сітуацыі. Аднак і без яго заяўленняў відавочна, што цяперашняя сітуацыя вельмі дрэнная.

Фота: БелТА.

Дачку-вундэркінда камуніста са Шклова падазраюць у плагіяце

13‑гадовая Аліса Цеплякова – дачка камуніста са Шклова – скончыла Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт (РДГУ), але да яе дыпломнай працы ўзніклі пытанні.

Аліса абараніла дыплом і цяпер тэарэтычна можа працаваць па спецыяльнасці педагог-псіхолаг. Праўда, яе аднакурснік Дзяніс Нарыльнёў сцвярджае, што ўзровень арыгінальнасці тэксту дыпломнай працы дзяўчыны «Узаемасувязь асаблівасцяў мыслення і эмацыйнай сферы ў дзяцей 5–7 гадоў» склаў усяго 15%, піша “Наша ніва”. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы Threads. Паводле Нарыльнёва, Цеплякова два гады была яго аднагрупніцай: у 2023 годзе яна перавялася ў РДГУ адразу на другі курс. Аднак, як сцвярджае хлопец, заняткі яна не наведвала.

Ён таксама запэўнівае, што падчас абароны навуковая кіраўніца адзначыла складанасць ацэнкі асабістага ўкладу студэнткі ў падрыхтоўку працы праз «высокую ўцягнутасць бацькоў у працэс». Нізкі працэнт арыгінальнасці, паводле яго версіі, патлумачылі асаблівасцямі працы сістэмы праверкі.

Сама Цеплякова, як перадае Нарыльнёў, заявіла, што прычынай нізкага паказчыка магла стаць тэхнічная памылка: нібыта тэкст быў загружаны на праверку двойчы, і сістэма зафіксавала супадзенні з раней загружанай версіяй. Паводле яго, адказы дзяўчыны на пытанні камісіі былі «размытымі і невыразнымі», а падчас перадабароны ёй дапамагаў бацька.

Аліса Цеплякова стала вядомай у 2021 годзе, калі ў дзевяць гадоў паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Псіхалогія» (на платнае аддзяленне). Тады гісторыя дзяўчынкі шырока абмяркоўвалася ў СМІ, а паміж яе бацькам і адміністрацыяй ВНУ ўзнікалі канфлікты.

Бацька дзяўчыны — Яўген Цеплякоў, ураджэнец Шклова, які пазіцыянуе сябе як камуніст. Раней ён жыў з сям’ёй у Кітаі, аднак пазней пераехаў у Расію. Цеплякоў неаднаразова заяўляў пра ўласную сістэму выхавання і адукацыі дзяцей, сцвярджаючы, што падлеткі могуць сканчаць універсітэты ў 15 гадоў. Таксама ён выказваў меркаванне, што дзяўчаты пасля гэтага могуць пачынаць нараджаць дзяцей.

Зараз у сям’і Цепляковых дзевяць дзяцей. Паводле заяў бацькі, яго другі сын Хеймдаль паступіў у ВНУ ў васьмігадовым узросце, а дачка Лея ў тым жа ўзросце скончыла 11 класаў школы. Цеплякоў таксама сцвярджаў, што яго дзеці навучаюцца адначасова ў некалькіх універсітэтах.

Раней mogilev.media паведамлялі, што Аліса і Хеймдаль з’яўляліся студэнтамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Там Аліса завочна вучылася па спецыяльнасці «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», а Хеймдаль — па спецыяльнасці «Электронны маркетынг». У 2023 годзе пасля з’яўлення гэтай інфармацыі Яўген Цеплякоў абверг тое, што яго дачка вучылася ў Беларусі.

Сёлета ў медыя таксама з’яўлялася інфармацыя, што Аліса, Хеймдаль і Лея вучацца ў Маскоўскім аўтамабільна-дарожным дзяржаўным тэхнічным універсітэце: Аліса — на факультэце «Тэхналогія транспартных працэсаў», а яе брат і сястра — па спецыяльнасці «Наземныя транспартна-тэхналагічныя сродкі». 

Афіцыйных каментароў ад РДГУ адносна сітуацыі з дыпломнай працай Цепляковай пакуль няма.

Скрыншот відэа на YouTube-канале «Вучымся з Алісай»

Шэраг аўташкол на Магілёўшчыне спынілі працу пасля пракурорскай праверкі

У пятнаццаці аўташколах Магілёўшчыны пракуратура знайшла недахопы пры навучанні вадзіцеляў аўтамабіляў.

Органы сертыфікацыі прынялі рашэнні аб спыненні дзеянняў сертыфікатаў адпаведнасці на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў у трох аўташколах Бабруйска і Магілёва, а таксама ў адной аўташколе Клімавіцкага раёна ў частцы навучання ваджэнню на грузавых аўтамабілях.

Акрамя таго, прыпынена дзеянне выдадзеных сертыфікатаў у дачыненні да 11 аўташкол вобласці да ліквідацыі імі парушэнняў заканадаўства. Гэта ўсё адбылося пасля пракурорскай праверкі і вынясення адпаведнага прадстаўлення.

Паводле пракуратуры, выяўленыя парушэнні не спрыялі належнаму навучанню грамадзян, атрыманню імі паўнавартасных ведаў і навыкаў кіравання.

Асноўнымі прычынамі прыпынення дзейнасці сталі: неадпаведнасць вучэбных планаў падрыхтоўкі вадзіцеляў; парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу, звязаныя з неправядзеннем практычных заняткаў і адсутнасцю неабходнага абсталявання для тэарэтычных заняткаў; неналежны стан матэрыяльна‑тэхнічнай базы, у тым ліку аўтадромаў і транспартных сродкаў.

Так, у адной з прыватных аўташкол Магілёва пракуроры выявілі парушэнні арганізацыі навучальнага працэсу, недахоп абсталявання і неадпаведнасць грамадзянска-прававых дагавораў на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў патрабаванням заканадаўства. Пасля ліквідацыі кіраўніцтвам аўташколы недахопаў у працы дзеянне сертыфіката было адноўлена.

Аналагічным чынам пасля прывядзення ў адпаведнасць стану аўтадрома і транспартных сродкаў адноўлена дзеянне сертыфіката прыватнай аўташколы ў Бабруйску.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Працэс пайшоў – у Быхаве стартаваў ямачны рамонт

У Быхаве не даюць зіме спакойна скончыцца – ужо пачаўся ямачны рамонт.

Асноўную масу навін з Быхава, якія распаўсюджвае мясцовая газета, складаюць паяданне бліноў і ўкладка асфальту.

Вось і цяпер паведамляецца пра тое, што камунальнікі раённага цэнтра, вядомага разумнымі начальнікамі і дрэннымі дарогамі, не даюць зіме спакойна скончыцца – у горадзе ўжо стартаваў ямачны рамонт.

Не абыходзіцца без хітрасцяў, або, як іх называюць быхаўскія журналісты, “фішак”. Спецыялісты выкарыстоўваюць спецыяльную халодную асфальтабетонную сумесь, якую можна ўкладваць нават у мароз і пры ападках.

Пры гэтым не трэба чакаць застывання – транспарт можа ехаць па абноўленым участку адразу пасля ўкладкі.

Падобна, што векавая мара беларускіх камунальнікаў у Быхаве стала рэальнасцю: асфальт можна ўкладваць у дождж.

Аднак, галоўнай “фішкай” Быхава застаецца тое, што там да гэтага часу не могуць знайсці дырэктара УКП “Быхаўскі жылкамгас”, затрыманага ў сакавіку мінулага года. Ён таксама лічыўся вялікім аматарам асфальтавання вуліц.

Фота раённай газеты.

Бабруйчан запрашаюць абменьвацца раслінамі

Першы ў гэтым годзе і шосты па ліку бабруйскі абмен раслінамі пройдзе 15 сакавіка.

Як сцвярджае komkur.info, папярэднія абмены паказалі, што цікавасць да такіх мерапрыемстваў у бабруйчан вялікая, таму яго арганізатар Марына Сячкова вырашыла працягнуць добрую традыцыю і сёлета.

“На абмен, як звычайна, можна прыносіць насенне, тронкі, маленькія і вялікія расліны пакаёвыя і садовыя. Можна нічога не прыносіць, а проста ўзяць сабе любую ўпадабаную расліну. Таксама можна ўладкаваць непатрэбныя гаршкі, зямлю і іншы садовы інвентар. Усе выкладваецца на агульны стол і кожны бярэ тое, што спадабалася. Расліны прыносім да 16:30. Мерапрыемства бясплатнае. У каго ёсць жаданне, можна пакінуць ўзнагароджанне”, – кажа яна. 

Гэтым разам «жывы абмен» пройдзе 15 сакавіка з 15 да 17 гадзін па ранейшым адрасе: вул.Савецкая, 45 (другі паверх направа, першыя дзверы злева, Студыя «Эйва»)

У рамках мерапрыемства з 16.00 да 16.30 адбудзецца міні майстар-клас па вырабе гарбаты з кветак пладовых дрэў і не толькі. 

Таксама жадаючыя абмяняцца раслінамі заўсёды могуць далучыцца да тэлеграм-каналу “Абмен раслінамі. Бабруйск”.

Фотаздымак: komkur.info

У Бабруйску адбылася масавая бойка беларускіх хакеістаў з рускімі

Гульня бабруйскага “Дынама-Шынніка” з “Дынама” з Санкт-Пецярбурга завяршылася маштабнай бойкай.

Хакейны матч адбыўся 26 лютага ў межах рэгулярнага чэмпіянату МХЛ (Моладзевая хакейная ліга), і завяршыўся лікам 2:3 на карысць расійскіх гасцей. 

Як паведамляе hockey.by, пасля завяршэння серыі булітаў некалькі супернікаў адзін за адным сталі чапляць і правакаваць форварда бабруйчан Дзмітрыя Хабяна. Ён не рэагаваў на правакацыі, але пазбегнуць масавай бойкі ўсё ж не ўдалося.

Пасляматчавы поціск рук быў адменены. Па выніках інцыдэнту суддзі выпісалі камандам у суме 131 хвіліну штрафу (52 – «Дынама-Шынніку» і 79 – «Дынама» СПб).

Прынцыповасці супрацьстаяння дадаваў той факт, што каманды ідуць побач у турнірнай табліцы. “Дынама-Шыннік” з 66 ачкамі займае сёмае месца ў табліцы Залатога дывізіёна (у плэй-оф праходзяць восем каманд). У» Дынама ” Санкт-Пецярбург 64 балы і восьмы радок.

Скрыншот: ТГ “Хоккей Беларуси | Hockey.by”

Злачыннасць у Магілёўскім раёне амаль удвая вышэй чым па вобласці

Нягледзячы на зніжэнне злачыннасці ў Магілёўскі раёне, яна застаецца амаль удвая вышэйшая чым ў сярэднім па Магілёўскай вобласці.

 

У распараджэнні арганізацыі былых сілавікоў BELPOL аказаўся ўнутраны дакумент МУС, які адлюстроўвае рэальную крымінальную сітуацыю ў Магілёўскім раёне. Афіцыйная статыстыка дэманструе пэўнае зніжэнне агульных паказчыкаў, аднак дэталёвы аналіз сведчыць пра наяўнасць устойлівых і трывожных тэндэнцый.

Менш злачынстваў, але не менш рызык

 

Паводле справаздачы, у 2025 годзе ў раёне зарэгістравана 473 злачынствы супраць 530 у 2024-м (-10,8%). Зменшылася і колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах – з 61 да 48 (-21,3%). Не зафіксавана забойстваў (годам раней іх было тры), істотна скарацілася і колькасць кіберзлачынстваў – з 85 да 59 (-30,6%).

 

Аднак агульнае зніжэнне не змяняе галоўнага: узровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва складае 120,2 выпадка, што амаль удвая больш за сярэдні па Магілёўскай вобласці (72,9).

Рост цяжкіх злачынстваў і рэцыдыву

 

На фоне агульнага змяншэння колькасці злачынстваў павялічылася доля цяжкіх і асабліва цяжкіх – з 68 да 73 (+7,4%). Адначасова вырасла і рэцыдыўная злачыннасць: колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, павялічылася з 142 да 156 (+9,9%).

 

Асобна адзначаецца рэзкі рост групавых злачынстваў – з 23 да 46. Фактычна іх колькасць падвоілася, што можа сведчыць пра пагаршэнне сацыяльнага асяроддзя і слабасць прафілактычнай працы.

Хатні гвалт і алкаголь

 

Адной з найбольш трывожных тэндэнцый стаў рост злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам – з 17 да 24 (+41,2%). Пераважная большасць з іх (21 з 24) учынена ў стане алкагольнага ап’янення.

 

У справаздачы таксама адзначаецца павелічэнне колькасці злачынстваў гэтай катэгорыі, учыненых жанчынамі, а таксама з’яўленне фактаў гвалту ў дачыненні да пажылых людзей.

 

У якасці «прафілактычнай меры» працягваецца накіраванне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У 2025 годзе ў ЛПП ізалявана 55 чалавек (52 — у 2024-м). Пры гэтым аналіз доўгатэрміновай эфектыўнасці такой практыкі ў дакуменце адсутнічае.

Крадзяжы: змяненне структуры

 

Агульная колькасць крадзяжоў знізілася са 148 да 138 (-6,8%). Аднак колькасць крадзяжоў з жылля, наадварот, вырасла — з 68 да 79 (+16,2%). Усё часцей аб’ектамі становяцца кватэры і прыватныя дамы, што непасрэдна ўплывае на адчуванне бяспекі жыхароў.

Праблемы ў аграрным сектары

 

Справаздача закранае і сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. У 2025 годзе ў раёне загінула 1 447 галоў буйной рагатай жывёлы супраць 1 157 годам раней. Асноўнымі прычынамі названы парушэнні тэхналогій кармлення і ўтрымання, а таксама недастатковая прафілактыка захворванняў.

 

Больш за палову страт (53,3%) прыпадае на цялят ва ўзросце да шасці месяцаў, што сведчыць пра сістэмныя праблемы ў кіраванні галінай.

 

Як лічаць у BELPOL, справаздача па Магілёўскім раёне дэманструе характэрную для сучаснай Беларусі сітуацыю: фармальнае зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў суправаджаецца ростам цяжкіх, рэцыдыўных і сацыяльна небяспечных правапарушэнняў. На гэтым фоне ўзровень злачыннасці застаецца амаль удвая вышэйшым за сярэднеабласны, што ставіць пад сумнеў аптымістычныя ацэнкі афіцыйнай статыстыкі.

 

Выява: BELPOL