13‑гадовая Аліса Цеплякова – дачка камуніста са Шклова – скончыла Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт (РДГУ), але да яе дыпломнай працы ўзніклі пытанні.
Аліса абараніла дыплом і цяпер тэарэтычна можа працаваць па спецыяльнасці педагог-псіхолаг. Праўда, яе аднакурснік Дзяніс Нарыльнёў сцвярджае, што ўзровень арыгінальнасці тэксту дыпломнай працы дзяўчыны «Узаемасувязь асаблівасцяў мыслення і эмацыйнай сферы ў дзяцей 5–7 гадоў» склаў усяго 15%, піша “Наша ніва”. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы Threads. Паводле Нарыльнёва, Цеплякова два гады была яго аднагрупніцай: у 2023 годзе яна перавялася ў РДГУ адразу на другі курс. Аднак, як сцвярджае хлопец, заняткі яна не наведвала.
Ён таксама запэўнівае, што падчас абароны навуковая кіраўніца адзначыла складанасць ацэнкі асабістага ўкладу студэнткі ў падрыхтоўку працы праз «высокую ўцягнутасць бацькоў у працэс». Нізкі працэнт арыгінальнасці, паводле яго версіі, патлумачылі асаблівасцямі працы сістэмы праверкі.
Сама Цеплякова, як перадае Нарыльнёў, заявіла, што прычынай нізкага паказчыка магла стаць тэхнічная памылка: нібыта тэкст быў загружаны на праверку двойчы, і сістэма зафіксавала супадзенні з раней загружанай версіяй. Паводле яго, адказы дзяўчыны на пытанні камісіі былі «размытымі і невыразнымі», а падчас перадабароны ёй дапамагаў бацька.
Аліса Цеплякова стала вядомай у 2021 годзе, калі ў дзевяць гадоў паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Псіхалогія» (на платнае аддзяленне). Тады гісторыя дзяўчынкі шырока абмяркоўвалася ў СМІ, а паміж яе бацькам і адміністрацыяй ВНУ ўзнікалі канфлікты.
Бацька дзяўчыны — Яўген Цеплякоў, ураджэнец Шклова, які пазіцыянуе сябе як камуніст. Раней ён жыў з сям’ёй у Кітаі, аднак пазней пераехаў у Расію. Цеплякоў неаднаразова заяўляў пра ўласную сістэму выхавання і адукацыі дзяцей, сцвярджаючы, што падлеткі могуць сканчаць універсітэты ў 15 гадоў. Таксама ён выказваў меркаванне, што дзяўчаты пасля гэтага могуць пачынаць нараджаць дзяцей.
Зараз у сям’і Цепляковых дзевяць дзяцей. Паводле заяў бацькі, яго другі сын Хеймдаль паступіў у ВНУ ў васьмігадовым узросце, а дачка Лея ў тым жа ўзросце скончыла 11 класаў школы. Цеплякоў таксама сцвярджаў, што яго дзеці навучаюцца адначасова ў некалькіх універсітэтах.
Раней mogilev.media паведамлялі, што Аліса і Хеймдаль з’яўляліся студэнтамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Там Аліса завочна вучылася па спецыяльнасці «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», а Хеймдаль — па спецыяльнасці «Электронны маркетынг». У 2023 годзе пасля з’яўлення гэтай інфармацыі Яўген Цеплякоў абверг тое, што яго дачка вучылася ў Беларусі.
Сёлета ў медыя таксама з’яўлялася інфармацыя, што Аліса, Хеймдаль і Лея вучацца ў Маскоўскім аўтамабільна-дарожным дзяржаўным тэхнічным універсітэце: Аліса — на факультэце «Тэхналогія транспартных працэсаў», а яе брат і сястра — па спецыяльнасці «Наземныя транспартна-тэхналагічныя сродкі».
Афіцыйных каментароў ад РДГУ адносна сітуацыі з дыпломнай працай Цепляковай пакуль няма.
Скрыншот відэа на YouTube-канале «Вучымся з Алісай»