Дзень у гісторыі. 21 мая. Салідарнасць з палітзняволенымі. Вышэйшая народная рада. “Паўночны полюс-1”. Нарадзіліся кампазітары Д. Стэфановіч, М. Чуркін, К. Кіслы, канструктар С. Туманскі.

Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця (World Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development).

Устаноўлены па пастанове Генеральнай Асамблеі ААН 20 снежня 2002 года. 

Мэта – інфармаваць грамадскасць аб каштоўнасці і важнасці разнастайнасці культур і, у прыватнасці, садзейнічаць з дапамогай асветы і сродкаў масавай інфармацыі ўсведамленню пазітыўнай ролі культурнай разнастайнасці.

Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай вязніцы пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак (1970-2021).

Станам на 17 траўня 2023 года з палітычных матываў у беларускіх вязніцах утрымліваецца 1480 чалавек.

1794 год. Загадам Тадэвуша Касцюшкі ўтворана Вышэйшая народная рада Рэчы Паспалітай.

Найвышэйшы орган паўстання 1794 года.

У склад Рады ўваходзілі начальнік паўстання, 8 радцаў, якія ўзначальвалі аддзелы, і 32 іх намеснікі, па 4 на аддзел. У Вышэйшай радзе былі ўтвораны аддзелы парадку, бяспекі, справядлівасці, фінансаў, харчовы, ваеннага забеспячэння, замежных спраў, народнай інструкцыі, які наглядаў за школамі, газетамі, прапагандай.

Галоўнай задачай рады была мабілізацыя ўсіх сіл на барацьбу за вызваленне, камплектаванне і забеспячэнне паўстанцкай арміі, арганізацыя новых мясцовых органаў кіравання, стварэнне новай судовай сістэмы, правядзенне ў жыццё пастаноў, распараджэнняў, загадаў Начальніка паўстання і самой рады, вядзенне дыпламатычных спраў, вызначэнне падаткаў. 

Дзейнасць рады лічылася тымчасовай, да вызвалення краіны і ўсталявання пастаянных органаў дзяржаўнага кіравання. 

Рада займалася і рэлігійнымі справамі. Мясцовымі органамі ўлады былі ваяводскія камісіі парадку, у склад якіх мелі ўваходзіць па восем землеўладальнікаў, восем домаўладальнікаў мяшчан і па пяць духоўных асоб. Ніжэйшымі судовымі і адміністрацыйнымі органамі павінны былі стаць дазорныя ўпраўленні, якія ўтвараліся ваяводскімі камісіямі з разліку адзін дазор на 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. У кожнае дазорнае ўпраўленне назначаўся наглядчык, які разглядаў скаргі сялян на паноў, а таксама скаргі пана на непадпарадкаванне сялян. Ён таксама мог разглядаць спрэчкі паміж сялянамі.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1797 год. Нарадзіўся Дамінік Стафановіч (1797-1870).

Беларускі музыкант, педагог, дырыжор. У 1820-1837 гадах кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра. 

Выкладаў музыку i харавыя спевы ў Мінскай гімназіі i прыватным узорным жаночым пансіёне. Пачынальнік беларускага піянізму, адзін з актыўных прапагандыстаў музычнага мастацтва на Беларусі, які садзейнічаў пашырэнню музычнай адукацыі на беларускіх землях.

У гісторыю сусветнай музычнай культуры ён увайшоў як таленавіты педагог, настаўнік выдатнага кампазітара С. Манюшкі. Хоць вучань хутка пераўзышоў свайго настаўніка ў выканаўчым майстэрстве, але Стафановіч умеў прапанаваць Манюшку адпаведныя творы i зацікавіць яго незнаёмымі песнямі i тым самым умацаваць імправізатарскі талент юнака.

Сярод вучняў Стафановіча вялікай папулярнасцю на Беларусі i за яе межамі карысталіся піяніст i кампазітар Ф. Міладоўскі, піяністка i педагог Каміла Марцінкевіч.

1841 год. Памёр гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч Юльян Нямцэвіч (1757-1841).

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў. Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (7 тамоў). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

1869 год. Нарадзіўся Мікалай Чуркін (1869-1964).

Беларускі кампазітар і фалькларыст, Народны артыст Беларусі.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1898 год. Нарадзіўся Канстанцін Кіслы (1898-1980).

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў у Марыупалі, працаваў кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. 

Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. 

Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1901 год. У Мінску нарадзіўся Сяргей Туманскі (1901-1973).

Савецкі авіяканструктар, акадэмік АН СССР. Лаурэат Ленінскай, Сталінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы.

Зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне высокатэмпературных турбін авіяцыйных рухавікоў, правёў фундаментальныя даследаванні па стварэнні рэактыўных рухавікоў з двухкаскадным кампрэсарам, прапанаваў рэкамендацыі па ўхіленні небяспечных вібрацыйных напружанняў лапатак кампрэсараў і турбін.

У Мінску ўпершыню зацікавіўся авіяцыяй, калі разам са старэйшымі братамі наведваў паказальныя палёты на Камароўскім полі.

Удзельнік грамадзянскай вайны, аперацый супраць басмачоў, камандзір бамбавіка.

Пасля вайны скончыў Ваенна-паветраную акадэмію.

Працаваў у Цэнтральным інстытуце авіяцыйнага маторабудавання, у Лётна-даследчым інстытуце.

1937 год. Палярная паветраная экспедыцыя АН СССР дасягае Паўночнага полюса.

Пасля гэтага ў 11:35 высадзіла дрэйфуючую навуковую станцыю “Паўночны полюс-1”. Кіраваў экспедыцыяй ураджэнец Магілёва акадэмік Ота Шміт.

Станцыю ўзначаліў І. Папанін (яго імя да вайны насіў Магілёўскі педінстытут), яе супрацоўнікамі сталі гідролаг П. Шыршоў, геафізік-астраном Я.Фёдараў і радыст Э. Крэнкель. Пілотам флагманскага самалёта быў Герой Савецкага Саюза М. Вадап’янаў.

1963 год. На пасаду прэзідэнта Ізраіля заступіў Залман Шазар (Рубашоў, 1889-1974).

Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.

Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.

Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Памёр 5 кастрычніка 1974 года.

1974 год. Пушчаны наваполацкі трамвай.

Самы першы электрычны трамвай у Расійскай імперыі пушчаны ў Кіеве (1896), на Беларусі – у Віцебску (1898, праклаў Фернан Гільён) – на год раней, чым ў Маскве і на 9 – за Пецярбург.

Мінскі трамвай працуе з 1929 года. Апошняя трамвайная лінія пабудавана ў Мазыры ў 1988 годзе. Планы на магілёўскі трамвай 1920-1930-х гадоў не былі ажыццёўлены, але Магілёў некалі меў конны трамвай.

Віцебскі трамвай.

2000 год. Памерла  Барбара Картленд (1901-2000)

Англійская пісьменніца. Занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы паспяховы англійскі аўтар.

Напісала 723 кнігі, якія прададзены ў колькасці 1 мільярда паасобнікаў. пасля смерці засталося яшчэ больш за 100 ненадрукаваных раманаў.

Стала знакамітай дзякуючы сваім шматлікім любоўным раманам. Друкавалася і пад імем Барбара Мак-Каркадэйл.

У 1990 годзе ўзведзена ў ранг Дамы-камандора Ордэна Брытанскай імперыі. Дачка Картленд ад першага шлюбу стала мачахай прынцэсы Дыяны. Вядома, што сама Дыяна захаплялася раманамі Барбары Картленд.

Уваходзіць у лік самых перакладаемых пісьменнікаў, паводле базы дадзеных ЮНЕСКА, знаходзіцца на 7-м месцы па колькасці ўлічаных ЮНЕСКА перакладных выданняў.

Яе творы неаднаразова экранізаваны.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень ў гісторыі. 19 мая. Ганна Французская. Ордэн Ганаровага легіёна. Конкурс “Міс СССР”. Асуджэнне М. Чыгіра. Катастрофа Як-130. Нарадзіўся пілот-ас Д. Макіёнак.

Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)

Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.

Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.

Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.

Цікавыя факты.

Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.

Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.

Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.

Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.

Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.

1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).

Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.

Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.

1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).

Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.

Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.

1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).

Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.

У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад  Магілёвам.

Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў. 

З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).

1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.

Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».

Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).

Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.

Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.

Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.

Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.

У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.

1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.

Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.

Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.

З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.

1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).

Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.

Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.

У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.

Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом  Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.

Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.

1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).

Пераможцай стала Ю. Суханава.

На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.

На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).

Марыя Кежа.

2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.

У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.

На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).

У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.

Дзень у гісторыі. 16 мая. Забойства А. Баболі. Кароль Ян III Сабескі. “Тарас на Парнасе”. Першы “Оскар”. Нарадзіліся пісьменнік В. Вітка, гімнастка В. Корбут.

Успамін святога Андрэя Баболі (Каталіцкі каляндар)

Андрэй Баболя (30.11.1591 – 16.5.1657) – рэлігійны каталіцкі дзеяч, місіянер. Святар і мучанік. Святы, апякун Пінскай дыяцэзіі. 

Андрэй Баболя праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Быў празваны «душахватам», «апосталам Піншчыны».

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і закатаваны ў Янаве-Палескім (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобл.) атрадам казакаў палкоўніка А. 3дановіча.

Цела Андрэя Баболі пазней перавезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, у 1702 годзе крыпта была эксгумавана і цела знойдзена нятленным. Культ Андрэя Баболі пачаў пашырацца ў Рэчы Паспалітай, потым у Аўстрыі і Германіі. 

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. У 1808 яго цела перавезена ў Полацк, у 1924 – у Рым, у 1938 – у Варшаву.

16 мая 2002 года святы Андрэй Баболя абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсць патронам Пінскай дыяцэзіі. У Полацку з 1997 года працуе касцёл Св. Андрэя Баболі.

Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у параўнанні з 1648 годам, насельніцтва краіны паменшылася ўдвая. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне існаваў партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

1674 год. Абранне каралём і вялікім князем ВКЛ Яна III Сабескага (1629-1696).

Удзельнічаў у войнах супраць Масковіі, казакоў Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660, Асманскай імперыі. Перамог турак і татар пад Хоцінам (1673), выратаваў Еўропу ад турак, разбіўшы іх пад Венай (1683). Мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

1762 год. Нарадзіўся Юзаф Копаць (1762-1827).

Удзельнік паўстання 1794 года, генерал, падарожнік, даследчык Камчаткі, мемуарыст, аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817). 

З павагай пісаў пра камчадалаў, чукчаў, якутаў, буратаў i прыводзіў пра ix этнаграфічныя звесткі. Кніга мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць, некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), перакладзена на французскую і рускую мовы. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

1889 год. Упершыню апублікавана паэма “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына (1834-1903) у газеце “Минскій листок”.

На працягу 1890-х-1910-х гадоў перавыдаваўся неаднаразова, у перыёдыцы і асобна, пад рознымі назвамі, і актыўна распаўсюджваўся ў спісах. Этнограф Е. Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў, сцвярджаў у 1896 годзе, што Тараса “ва ўсякай хаце знайсці можна”.

“Тарас на Парнасе” ўваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, перакладаўся на многія мовы, ілюстраваўся і інсцэніраваўся.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны працаваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва», «Вясёлкі».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак для дзяцей, п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Памёр 5 ліпеня 1996 года.

1929 год. У ЗША адбылася першая цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Заснавана ўраджэнцам Мінска Лазарам Маерам. Квіток на цырымонію каштаваў 5 даляраў, цягнулася яна 15 хвілін. Першы “Оскар” прайшоў сціпла і сабраў усяго 270 гасцей.

Акцёры і актрысы, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны не за канкрэтны праект, а за ўсе фільмы, у якіх яны здымаліся на працягу года.

Першай лепшай актрысай у гісторыі кінематографа стала Джанет Гейнар (“Сёмае неба”, “Вулічны анёл” і “Узыход сонца: песня двух людзей”), а нямецкі кінаакцёр Эміль Янінгс (“Апошні загад” і “Шлях усякай плоці”) стаў першым мужчынай, які атрымаў прэмію кінаакадэміі.

Першы “Оскар” за лепшую рэжысуру быў уручаны Люісу Майлстоуну (“Два аравійскіх рыцара”). Лепшымі карцінамі 1927-1929 гадоў былі прызнаны дзве – “Узыход сонца” і “Крылы”.

Статуэткі таксама атрымалі сцэнарыст Бэн Хэтч і прадзюсер Джэк Уорнер. Чарлі Чаплін, акцёр, рэжысёр і прадзюсер стужкі “Цырк”, быў удастоены прэміі “За выдатныя дасягненні ў кінематографе”. Аналагічную статуэтку атрымала кампанія Warner Brothers за гукавы фільм “Спявак джаза”.

Першая цырымонія ўручэння Оскараў была адзінай цырымоніяй, якая ніяк не транслявалася ў СМІ ці на радыё.

1955 год. У Гродна нарадзілася Вольга Корбут.

Беларуская і савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Занесена ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

У 15 гадоў стала чэмпіёнкай СССР і ўвайшла ў зборную СССР. Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР, шматразовая чэмпіёнка СССР. У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету.

3 1991 года жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл. Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

1986 год. У Гродна адкрыўся Дом-музей Максіма Багдановіча.

Месціцца ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт.

Між іншых у стварэнні калекцыі музея паўдзельнічала беларуская паэтэса Л. Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, якія вельмі падабаліся Максіму Багдановічу. Рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) музею перадаў яе сын Юрый.

1995 года. Кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ціцянкоў – ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Пасля завяршэння рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы, ён сарваў з даху Дому ўраду і разарваў на кавалкі гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг – дзяржаўны ў 1991-1995 гадах.

1999 год. Памёр Мікола Ганько (1923-1999).

Беларускі дзеяч на эміграцыі. Брат старшыні Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько.

У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, у 1944 годзе быў на курсах сярэдніх кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. Быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, шматгадовым кіраўніком Згуртавання беларусаў у Канадзе. Адзін з ініцыятараў стварэння таварыства дапамогі дзецям – ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта.

2001 год. Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама званне Ганаровы грамадзянін горада было прысвоена спартсменам і пісьменніку, Герою СССР.

Званне прысвоена алімпійскім чэмпіёнам Святлане Баітавай (гімнастыка), Аляксандру Масяйкову (веславанне), Герою Савецкага Саюза Аляксандру Мініну, тульскаму пісьменніку, аўтару кнігі аб абароне Магілёва ў 1941 года Мікалаю Дружыніну.

Фота. С. Баітава.

2021 год. Памёр Яўген Анішчанка (1955-2021).

Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, адзін з арганізатараў “Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў”, даследчык гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторыі Беларусі XVII-XIX стст.

Аўтар 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Працаваў у інстытуце культуры, Інстытуце гісторыі НАНБ.

У 2004 годзе  абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК. 

На думку аўтара, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.

Пасля звальнення з НАНБ у 2004 годзе працаваў дворнікам, галоўным архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

Дзень у гісторыі. 13 мая. Раненне Папы Рымскага. Нарадзіліся мастакі С. Жукоўскі, А. Кішчанка, дзеячы БНР Я. Серада, І. Ермачэнка, актрыса С. Станюта, пераможца “Еўрабачання” А. Рыбак.

Успамін Найсвяцейшай Марыі Панны з Фацімы (каталіцкі каляндар).

“Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем” – такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце ў партугальскім мястэчку Фаціма. Яна прыходзіла да дзяцей да 13 кастрычніка.

Маці Божая, раскрыўшы далоні, паслала дзецям такое моцнае святло, што яно пранікла ў іх і ў самую глыбіню душаў. Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны». Праз імгненне яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні.

1622 год. Памёр Іван Мялешка (?-1622).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1613 годзе ініцыяваў стварэнне ўніяцкага Жыровіцкага манастыра на чале з І. Кунцэвічам, перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.

Стольнік Гродзенскі, мазырскі падкаморы, маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі, член Рады ВКЛ.

Хто Аўтар «Прамовы Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе», якая ўяўляе сабой вобраз сацыяльна-палітычнай сатыры, высмейвае норавы польскай шляхты. 

Аўтар абураецца вынікамі Люблінскай уніі і адстойвае інтарэсы жыхароў ВКЛ, якія пакутуюць ад польскага прыгнёту. Сур’ёзную пагрозу дзяржаўнапалітычнай незалежнасці Беларусі, яе свабоднаму нацыянальна-культурнаму развіццю сатырык бачыў не толькі з боку польскай экспансіі, але i з боку Масковіі. 

Выйсце з такіх складаных для Айчыны абставін аўтар «Прамовы…» бачыў у як мага больш хуткім выгнанні ўсіх чужынцаў, што «да нас улезлі насуперак праву нашаму». Па сваёй аб’ектыўнай накіраванасці «Прамова…» – глыбока патрыятычны літаратурны твор, этапная з’ява ў развіцці беларускай літаратуры, узбагачэнні яе сацыяльнага i духоўна-маральнага зместу.

У XVIІ стагоддзі «Прамова…» бытавала ў шырокіх колах грамадства, неаднаразова перараблялася i дапаўнялася. Існавала мноства разнастайных яе спісаў i рэдакцый, але да нашага часу дайшлі толькі тры рэдакцыі. Упершыню яна надрукаваная Ю. Нямцэвічам у 1822 годзе

1624 год. Нарадзіўся Аляксандр Сапега (1624-1671).

Рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, каралеўскі сакратар, канонік віленскі і варшаўскі, рэферэндарый вялікі духоўны літоўскі, камандзір драгунскай харугвы (1666), біскуп жмудскі і віленскі. 

У 1671 годзе перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, калегіуме Барталамея Навадворскага ў Кракаве, у Кракаўскім універсітэце, у духоўных установах Падуі, Балоньі, Рыма і Парыжа.

Памёр 22 мая 1671 года. Пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.

1870 год. Нарадзіўся Аляксандр Турчыновіч (1870-1917)

Беларускі гісторык, краязнавец, педагог.  

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут.

Працаваў у Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай, Пецярбургскай гімназіях. 

Адзін з ініцыятараў правядзення вучнёўскіх адукацыйных экскурсій па Расіі. Разам з гімназістамі з Магілёва, Вільні і Гродна ўдзельнічаў у такога кшталту экскурсіях у Маскву, Пецярбург, Кіеў, затым былі Крым, Каўказ, Прыбалтыка, падарожжы па Дняпры, Волзе і Каспійскім моры.

Падарожнік па еўрапейскіх краінах.

Аўтар дапаможнікаў і даведніка для настаўнікаў па экскурсійнай справе, кніг «Пра лёс помнікаў класічнай літаратуры», «Паладыум: галоўныя звесткі з рымскіх старажытнасцей, літаратуры і метрыкі», падручніка “Кароткая, але поўная граматыка лацінскай мовы для гімназій”, нарыса “Стагоддзе Гродзенскай губерні (1802–1902)”.

Пасля 1917 года далейшы лёс невядомы.

Гродзенская мужчынская гімназія.

1875 год. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (1875-1944).

Польскі і расійскі жывапісец, пейзажыст беларускага паходжання, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, аўтар 670 шэдэўраў мастацтва. Акадэмік жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

Дзяцінства прайшло Пружанамі.

Вучыўся ў Варшаве, Беластоку, у Маскоўскім мастацкім вучылішчы (аднакласнік В. Бялыніцкага-Бірулі). Удзельнік Таварыства перасоўнікаў, Саюза рускіх мастакоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Пасля таго, як пачалося адкрытае цкаванне мастака, ён выехаў у 1923 годзе ў Польшчу, дзе крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства.

Штогод выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак малюе свае родныя мясціны: Палессе, Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у гітлераўскім канцлагеры Прушкаў каля Варшавы.

Яго палотны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

С. Жукоўскі. Рака Нёман. Палатно, алей, 1895

1879 год. Нарадзіўся Янка Серада (1879-1943).

Беларусі педагог, дзеяч нацыянальнага руху, першы старшыня прэзідыума Рады БНР, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай войн,

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня Усебеларускага з’езда (1917), удзельнік мірных перамоваў у Брэст-Літоўску.

Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, выкладчыкам Мінскага беларускага педтэхнікума, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума, дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, сасланы ў Яраслаўль. У снежні 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены ў лістападзе 1943 года. Далейшы лёс невядомы.

1894 год. Нарадзіўся Іван Ермачэнка (1894-1970).

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, ад’ютант генерала П. Урангеля, прадстаўнік ураду БНР у Канстантынопалі, консул на Балканах, сузаснавальнік Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэту.

З 1922 года жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава ўніверсітэта, браў удзел у беларускім студэнцкім руху і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

У 1940 годзе заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Пасля вайны жыў у ЗША. Працаваў лекарам. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

1895 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955).

Беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску, прапаршчык. Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914-1917».

Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных. Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. За актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках, у канцлагеры Бяроза-Картузскі, адкуль вызваліўся ў верасні 1939 года.

Быў загадчыкам бібліятэкі і сакратаром Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна.

У 1948 годзе арыштаваны КДБ, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Аўтар вершаў, артыкулаў, замалёвак, апавяданняў, трох кніг вершаў. Перакладчык Л. Талстога, М. Зошчанкі.

Ілюстратар віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.

1905 год. Нарадзілася Стэфанія Станюта (1905-2000).

Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзясяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

1921 год. Савет народных камісараў РСФСР прыняў дэкрэт аб стварэнні сеткі дамоў адпачынку.

Першымі ў Беларусі запрацавалі дамы адпачынку “Ждановічы”, “Чонкі” (1922), “Мінскі” (1923). З 1930 года запрацаваў Дом адпачынку завода штучнага валакна ў Салтанаўцы.

Ждановічы. 1920-я гады.

1933 год. Нарадзіўся Аляксандр Кішчанка (1933-1997).

Народны мастак Беларусі. Аўтар слыннага “Габелену стагоддзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці свету і Беларусі – занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, мае памеры 14х19 м, вагой – каля 300 кг.

Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва.

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, габелене.Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Найбольш вядомыя працы: мазаіка «Беларусь партызанская» на мінскім гатэлі «Турыст», серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1, шэраг габеленаў.

Памёр 11 лістапада 1997 года ў Мінску.

1981 год. У Рыме турэцкі тэрарыст Агджа некалькі разоў стрэліў у Папу рымскага Яна Паўла ІІ.

Натоўп вернікаў сабраўся ў гэты дзень на плошчы Святога Пятра, каб вітаць вярхоўнага іерарха. Ян Павел ІІ ехаў у адкрытым аўтамабілі, які павольна прабіраўся праз натоўп вернікаў. Раптам пачуліся стрэлы, і святы айцец, сьцякаючы крывёй, упаў на рукі свайго сакратара.

23-гадовага тэрарыста-турка Мехмеда Алі Агджу, члена падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі” схапілі на месцы злачынства, а паранены Ян Павел быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму прыйшлося перанесці нялёгкую чатырохгадзінную аперацыю. 

Лекары абвясцілі, што жыццю папы нічога не пагражае: хоць стрэлы былі зроблены амаль ва ўпор, ні адна з куль па шчаслівай выпадковасці не закранула жыццёва важных органаў.

1986 год. У Мінску нарадзіўся Аляксандр Рыбак.

Нарвежскі скрыпач, спявак, кампазітар, канцэртмайстар. Адзіны з беларусаў пераможца “Еўрабачання” (2009).

Вучыўся ў школе пры Беларускай акадэміі музыкі, кансерваторыі ў Осла.  Яго бабулі і дзядулі жывуць у Мінску і Віцебску.

Выконвае музыку свайго бацькі на вершы Максіма Багдановіча. Лічыць, што родная культура паўплывала на яго музычны густ. У 2011 годзе запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies», у беларускай інтэрпрэтацыі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

1996 год. Пачала выдавацца газета “Педагог” Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова.

З верасня 1997 года – “Універсітэцкі веснік” МДУ імя А. Куляшова. Рэдактары газеты: Л. Шышакова (1996-2018), В. Караткевіч (2018-2019), С. Сомаў (2019-2023).

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 11 мая. Штурм Магілёва. Пушкін у Магілёве. Монтэ-Касіна. Помнікі Т. Касцюшку, К. Тураўскаму. Нарадзіліся барон Мюнхгаўзен, кампазітар І. Берлін. Загінуў Марат Казей.

1655 год. Пасля апошняга няўдалага штурму Магілёва скончылася блакада горада войскамі ВКЛ (аблога доўжылася з 12 лютага).

Апошні штурм ужо фактычна прыкрываў адыход польска-літоўскага войска ад горада. Войскі Радзівіла вывелі з сабой да 10 000 гараджан, частка з якіх – да 2 000 чалавек –  была адбітая пад Талачынам казакамі Яўхіма Каробкі.

Дакладныя страты ўсяго рускага гарнізона невядомыя, але стралецкія і салдацкія палкі страцілі палову свайго складу. Калі праецыраваць гэтыя страты на агульную колькасць, то беззваротныя страты гарнізона склалі каля 2 000 чалавек.

Страты польска-літоўскага войска падчас усёй кампаніі маглі дасягаць 5 000 чалавек, большая частка якіх была страчана падчас працяглай аблогі крэпасці. Аблога Магілёва, такім чынам, стала адной з самых кровапралітных кампаній за час вайны 1654-1667 гадоў.

1720 год. Нарадзіўся Карл Фрыдрых Іеранім фон Мюнхгаўзен (1720-1797).

Саксонскі барон, фантазёр і апавядальнік, які стаў літаратурным персанажам. Імя Мюнхгаўзена стала намінальным, як абазначэнне чалавека, які расказвае неверагодныя гісторыі.

У беларускім горадзе Глыбокае на могілках пахаваны Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзен, якія памерлі 31 сакавіка 1871 года, іх лічуць нашчадкамі знакамітага фантазёра.

Барон быў на расійскай службе ў 1738-1754 гадах, як паж герцага А. Ульрыха – мужа прынцэсы Ганны Леапольдаўны, удзельніка турэцкай кампаніі ў войску фельдмаршала Мініха, афіцэра Браўншвейгскага кірасірскага палка.

Ажаніўся з рыжскай дваранкай Якабін фон Дунтэн, жыў у маёнтку ў Дунце пад Рыгай.

Апавяданні барона пра жыццё ў Расіі шырока разыходзіліся па наваколлях і нават праніклі ў друк.

У 1781 годзе збор пацешных гісторый быў апублікаваны ў берлінскім альманаху «Даведнік для вясёлых людзей». У 1785 годзе была апублікавана кніга Р. Распе пра прыгоды барона.

Памятнікі барону ўстаноўлены ў Глыбокім, ва ўкраінскіх Хмяльніцкім і Крэменчузе, у Маскве, у Калінінградзе і Гур’еўску, нямецкім Бадэнвердэры, у малдаўскіх Бэндэрах, у Браціславе.

У латвійскім Дунце і на радзіме ў Бадэнвердэры працуюць музеі Мюнхгаўзена.

Помнік Мюнхаузену ў Глыбокім

1820 год. Магілёў наведаў А. Пушкін.

Гэта адбылося падчас яго шляху ў ссылку. Пасля Магілёва прыпыняўся ў Прапойску. Другі раз славуты паэт наведаў горад у 1824 годзе.

У гонар А. Пушкіна ў 1967 годзе вуліца Новачарнігаўская перайменавана ў Пушкінскі праспект, усталяваны мемарыяльная дошка на вул. Ленінская, 33, тры помнікі: у скверы 700-годдзя Магілёва, на тэрыторыі гарвадаканала і каля былога будынка бібліятэчнага каледжа па вуліцы Касманаўтаў. 

Апошні быў адкрыты 6 чэрвеня 2015 года і выклікаў скандал з вершам на пастаменце – урывак з “Паклёпнікам Расіі” на задушэнне нацыянальнага паўстання 1830-1831 гадоў.

Магілёўскія гісторыкі А. Агееў і І. Пушкін адзначылі, што тэкст на помніку ў парушэнне працэдуры не разглядаўся тапанімічнай камісіяй.

Пасля шырокага розгаласу радкі верша «Паклёпнікам Расіі» былі прыбраныя з помніка.

Помнік у скверы 700-годдзя Магілёва.

1833 год. Нарадзіўся Бенедыкт Дыбоўскі (1833-1930).

Расійскі, беларускі і польскі заолаг, прыродазнавец, урач. Член-карэспандэнт АН СССР, акадэмік Кракаўскай акадэміі, даследчык Сібіры.

Доктар медыцыны, прафесар заалогіі i палеанталогіі ў Варшаве. За ўдзел у паўстанні ў 1864 годзе асуджаны на 15 гадоў катаргі i сасланы ў Сібір.

Даследаваў жывёльны i раслінны свет возера Байкал, рэк Амур i Ангара, узбагаціў заалогію шэрагам новых адкрыццяў, вывучаў Камчатку.

3 1882 года прафесар заалогіі ў Львоўскім універсітэце, у якім арганізаваў музей заалогіі з камчацкіх экспанатаў. Вывучаў беларускія азёры Любань, Свіцязь, Чорнае i іншыя, гісторыю і этнаграфію беларусаў.

Пахаваны на Лычакоўскіх могілках у Львове.

Першым сур’ёзным даследчыкам спадчыны Дыбоўскага стаў ураджэнец Дрыбінскага раёна, дацэнт Магілёўскага педінстытута географ Гаўрыла Вінкевіч (1918–2001).

Польская манета ў 10 злотых.

1888 год. У Магілёве(?) нарадзіўся Ірвінг Берлін (1888-1989).

Амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з «вялікай пяцёркі» амерыканскіх кампазітараў ХХ стагоддзя.

Аўтар каля 700 песень, музыкі для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў.

Сярод найбольш вядомых твораў – «Божа, блаславі Амерыку», якая лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША пасля выканання на прэзідэнцкіх выбарах у 1940 годзе.

У розныя часы сам Берлін называў розныя гарады месцам свайго нараджэння – Магілёў, Талачын, Табольск, Цюмень.

1910 год. Прэідэнт ЗША У. Говард Тафт адкрыў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне.

Пастаўлены непадалёк ад Белага дому, у паўночна-ўсходнім канцы парку Лафаета, на авеню Пенсільваніі. З’яўляецца адным з элементаў Скульптурнага комплексу Амерыканскай рэвалюцыі, размешчанага на пляцах і ў скверах Вашынгтона.

16 лістапада 2010 года ў Варшаве адкрыта копія вашынгтонскага помніка.

1939 год. Загінуў у ГУЛАГу Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Слуцкую гімназію, Віленскую вайсковую вучэльню, вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. Удзельнік 1 Сусветнай вайны. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года.

Працаваў у Слуцкім павятовым зямельным аддзеле, быў членам камісіі па праверцы дзейнасці Слуцкай ЧК. Жаўрыд выкрыў шматлікія злоўжыванні, за што быў у 1919 года арыштаваны ЧК, быў зняволены.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года.

Арыштаваны ДПУ 18 ліпеня 1930 года, асуджаны да 5 гадоў лагераў. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лагераў.

1944 год. Загінуў у баі з нямецкімі захопнікамі 14-гадовы Марат Казей (1929-1944).

Беларускі піянер-герой, партызан. Разам з украінцам Валем Коцікам з’яўляецца самым юным Героем Савецкага Саюза.

Ажыццяўляючы аперацыю ў варожым тыле, апынуўся ў коле фашысцкіх салдатаў і падарваў сябе і іх гранатай.

У 1965 годзе пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

У 1959 годзе ў Мінску ў Піянерскім парку, што на скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Куйбышава, усталяваны помнік – Марат Казей за некалькі імгненняў да гібелі.

1944 год. Пачалася чацвёртая і апошняя атака войск саюзнікаў падчас бітвы пад Монтэ-Касіна.

У складзе 2-га польскага корпусу генерала Андэрса беларусы складалі 30%.

З 924 забітых жаўнераў корпусу каля падножжа Монтэ-Касіна пахаваны 264 беларусы. 10 000 беларусаў корпуса ўзнагароджаны Памятным крыжам Монтэ-Касіна.

1952 год. Памёр ураджэнец г. Бялынічы Міхаіл Юшкевіч (1899-1952).

Савецкі ваенаначальнік, генерал-маёр (1941).

Ад 1919 году ў Чырвонай Арміі, удзельнік баёў на Заходнім фронце, камандзір узводу, роты.

Скончыў бранятанкавую школу, курсы «Выстрал».

У Вялікую Айчынную вайну служыў на Далёкім Усходзе: камандзір дывізіі, корпусу, намеснік камандуючага войскамі Далёкаўсходняга фронту.

Ад 1946 года на камандных пасадах у вайсковых акругах.

1953 год. Памёр Гасан Канапацкі (1879-1953)

Беларускі вайсковец, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху, палкоўнік расійскай арміі, член Беларускай вайсковай камісіі, гетман Беларускіх вайсковых аддзелаў у польскім войску (1919-1921).

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.

У верасні 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі, магчыма браў удзел у Слуцкім паўстанні.

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».

У 1941-1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

1994 год. У Тураве на Замкавай гары ўсталяваны помнік у гонар Кірылы Тураўскага (1110-1182).

Царкоўны дзеяч, епіскап тураўскі, Святы праваслаўнай царквы, які таксама шануецца ў грэка-каталікоў Беларусі. Аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў. Быў першым на Русі «стоўпнікам» (самазачынення ў келлі, у «стаўпе»).

Яму належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казанні, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе выявіліся яго духоўныя перажыванні.

Дні памяці: 28 красавіка і 4 чэрвеня (па юліянскім календары).

Існуе некалькі праваслаўных цэркваў, асвечаных у імя свяціцеля Кірылы: у Мінску, Тураве, Светлагорску, Лондане (2), Таронта, Нью-Ёрку.

Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага – узнагарода Беларускай праваслаўнай царквы.

7 мая. Дзень у гісторыі. Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Ордэн Святога Станіслава. Паланецкі універсал. СССР не ўзялі ў НАТА. Знік генерал Ю. Захаранка. Нарадзіўся мецэнат Р. Скірмунт.

Дзень супрацоўнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

7 мая 1895 года рускі вучоны А. Папоў прадэманстраваў вынаходніцтва – радыё. Але яшчэ ў 1890 годзе беларускі вучоны Я. Наркевіч-Ёдка (1848-1905) выкарыстоўваў уласны радыёпрыёмнік для рэгістрацыі навальнічных разрадаў. Дасягненні Я. Наркевіча па радыёпрыёму ўхвалены ў 1898 годзе Французскім фізічным таварыствам. Сусветны дзень радыё адзначаецца 13 лютага.

Першы патэнт на бесправадную перадачу электрычнага сігналу атрымаў у 1872 годзе амерыканскі даследчык, стаматолаг па прафесіі Малон Луміс, які заявіў у 1866 годзе аб вынаходстве спосабу бесправадной сувязі. У ЗША вынаходнікам бесправадной сувязі лічаць Дэвіда Х’юза (1878), а таксама Томаса Эдысана (1876) і Міколу Тэслу (патэнт на перадаючую прыладу з рэзананс-трансфарматарам у 1891 годзе); у Германіі – Генрыха Герца (1888); у Францыі – Эдуарда Бранлі (1890); у Бразіліі – Ландэла дэ Муру (1893-1894); у Вялікабрытаніі – Олівера Джозэфа Лоджа (1894); у Індыі – Джагадзіша Чандру Бошэ (1894-1895).

У заходніх краінах стваральнікам першай паспяховай сістэмы бесправадной перадачы тэлеграфнага сігналу лічыцца італьянскі інжынер Гульельма Марконі (1895-1896).

Свята абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Хрысціянская святыня, ушаноўваецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны абраз, знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры.

Абраз – авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ.

З’яўленню абраза на жыровіцкай зямлі папярэднічаў цуд. У 1470 годзе пастушкі, якія пасвілі ў лесе жывелу ўбачылі на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся ясныя прамяні. Гата быў маленькі абразок Маці Божай, які ззяў незвычайным бляскам. Хлопчыкі забралі яго і занеслі да свайго пана – літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную святыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровічаў вялікую колькасць набожнага люду.

У 1730 годзе адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбным абкладзе перавезлі ў Маскву. У студзені 1922 года стараннямі Жыровіцкага архімандрыта Ціхана Шарапава абраз зноў быў вернуты ў Жыровічы (вывезены ў слоіку з варэннем), але ўжо без абкладу.

1765 год. Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі заснаваў ордэн Святога Станіслава.

Заснаваны ў памяць яго патрона і заступніка Польшчы святога Станіслава. Па царкоўнай легендзе, кракаўскі біскуп Станіслаў быў забіты ў 1079 годзе падчас набажэнства прама ў касцёле каралём Баляславам і пазней, у XIII стагоддзі, прылічаны да ліку святых і прызнаны патронам Польшчы. Ордэн стаў другой дзяржаўнай узнагародай Рэчы Паспалітай, пасля вышэйшай – Ордэна Белага арла.

У 1815 годзе расійскі цар Аляксандар І захаваў ордэн для узнагароды ўраджэнцаў былой Рэчы Паспалітай. Ордэнскае свята адзначалася 8 траўня. 

Ліквідаваны бальшавікамі ў 1917 годзе.

1794 год. Тадэвуш Касцюшка выдаў Паланецкі універсал.

Заканадаўчы акт быў складзены каля мястэчка Паланец пад Сандамірам.

Універсалам сяляне аб’яўляліся асабіста вольнымі, але без зямлі. Пры гэтым цалкам не адмянялася прыгоннае права і не ліквідавоўвалася феадальная эксплуатацыя, але дазвалялася сялянам адыходзіць ад памешчыкаў, што было ў інтарэсах буржуазіі.

Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўным, хоць і палавінчатым. Ён паслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і падрываў значэнне шляхецкіх прывілеяў.

1794 год. Пад Палянамі адбылася бітва паміж паўстанцамі Якуба Ясінскага і расійскімі войскамі.

Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і каля 11:00 рушылі ў атаку пад Палянамі – каля Ашмян. Пры набліжэнні на гарматны стрэл, паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артылерыйскі абстрэл. Рускія здолелі адбіць атакі і рушылі ў штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расійскія войскі наступалі больш 10 вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў.

Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Рускі палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.

Праз 4 дні, 11 мая, Т. Касцюшка надаў Ясінскаму званне генерал-лейтэнанта.

У часы міжваеннай Польшчы, у Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.

Якуб Ясінскі.

1861 год. Памёр ураджэнец Мсціслава Сцяпан Кутарга (1805-1861).

Рускі і беларускі геолаг, прыродазнавец, картограф, падарожнік, стваральнік і першы старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, першы ў Расіі дарвініст і папулярызатар дарвінізму, папулярызатар навукі сярод шырокіх мас. Доктар медыцыны.

Распрацоўшчык шматлікіх пытанняў геалогіі, геалагічных экскурсій.

Аўтар шміатлікіх прац, у тым ліку “Гісторыя зямной кары”, 10-вёрстнай геагнастычнай карты Пецярбургскай губерніі, за якую атрымаў залатую Канстанцінаўскую медаль Рускага Геаграфічнага таварыства

Загадчык кафедры заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833-1861), настаўнік будучага акадэміка К. Ціміразева.

1868 год. Нарадзіўся Раман Скірмунт (1868-1939).

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дэпутат I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі, дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Прэм’ер-міністр БНР. Сенатар Польшчы (1930-1935).

Пасля ўваходу ў Пінск 20 верасня 1939 год савецкіх войск, быў арыштаваны, потым выпушчаны. Хаваўся ў аднаго з селян у в. Парэчча. Быў забіты 7 кастрычніка 1939 года мясцовымі жыхарамі на загад савецкага камісара Холадава. 

Перад смерцю яму далі ў рукі рыдлёўку і загадалі капаць сабе магілу, але Скірмунт адказаў: «Я не заслужыў, каб сабе самому капаць магілу». Перад смерцю яму загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся».

1954 год. Урады ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі адмовіліся прыняць СССР у члены НАТА.

У СССР прапрацоўваліся, умоўна кажучы, „План A“, „План B“ і „План C“.

“План A” прадугледжваў паспяховае ўступленне ў альянс і спробу памяняць яго характар знутры.

Галоўнай мэтай “Плана B” быў нейкі піяр-ход з мэтай паказаць, што гэта менавіта Захад адхіляе Маскву ад НАТА.

Пад час перамоў 1956 года паміж М. Хрушчовым і генсекам НАТА Полем-Анры Спаакам, лідар СССР паскардзіўся, што СССР не прынялі ў НАТА. На гэта Спаак шчыра адказаў, што яму цяжка ўявіць сумеснае камандаванне ЗША і СССР, і што ў выпадку савецкага ўступлення сама сутнасць гэтай арганізацыі страціла б усялякі сэнс.

“План C” быў рэалізаваны. Ён заключаўся ў стварэнні супрацьлеглага НАТА ваеннага блока ўсходнееўрапейскіх дзяржаў – Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

1980 год. Першы сакратар ЦК КПБ П. Машэраў уручыў Магілёву ордэн Айчыннай вайны I ступені.

Пастанова Вярхоўнага Савета СССР аб ўзнагароджанні горада за мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі гарады ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве, была падпісана 25 красавіка 1980 года.

1980 год. Памёр Мікола Гарулёў (1919-1980).

Рускі і беларускі савецкі паэт, празаік, перакладчык, сцэнарыст і драматург. Заслужаны работнік культуры. Выпускнік Магілёўскага педінстытута.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў у магілёўскай абласной газеце «За Радзіму», у Дзяржаўным выдавецтве, у часопісе «Советская Отчизна», у Рускім драматычным тэатры, на кінастудыі, у рэдакцыі «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».

Аўтар вершаў, нарысаў, зборнікаў вершаў, аповесцяў для дзяцей і юнацтва, раманаў, гумарыстычных апавяданняў, п’ес, кінааповесці, сцэнарыях дакументальных фільмаў. Зрабіў літаратурны запіс кнігі М. Каралёва «Сыновья народа».

Пераклаў на рускую мову М. Паслядовіча, М. Зарэцкага, Якуба Коласа, Э. Самуйлёнка, П. Галавача, Максіма Танка, П. Панчанкі, А. Бялевіча, І. Мележа і іншых.

1999 год. Бясследна знік Юры Захаранка (нарадзіўся ў 1952 годзе).

Беларускі палітычны дзеяч. Міністр унутраных спраў Беларусі (1994-1995).

У 1977-1994 гадах служыў у МУС на розных пасадах ў Светлагорску, Гомелі, начальнікам Следчага камітэта МУС. У час прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў у выбарчым штабе кандыдата А.Лукашэнкі.

У 1994 годзе стаў генерал-маёрам і міністрам унутраных спраў.

Падначаленыя яму падраздзяленні МУС у красавіку 1995 года ўдзельнічалі ў збіцці дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія пратэставалі супраць правядзення рэфэрэндуму ў Беларусі, а ў жніўні 1995 разагналі страйк работнікаў Мінскага метрапалітэну.

У кастрычніку 1995 года вызвалены ад пасады міністра. Пасля звальнення займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Актыўна ўдзельнічаў практычна ва ўсіх публічных акцыях апазіцыі. З 1996 года – член Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З лютага 1998 года ў складзе Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазіцыяй – старшыня камітэта па бяспецы.

У студзені 2003 г. Пракуратура г. Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Ю. Захаранкі. Колішні начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў, выказаў здагадку, што Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны. Патрабаванне расследвання знікнення Ю. Захаранкі – адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый.

2011 год. Памерла Ядвіга Раманоўская (1920-2011).

Беларускі арганізатар музейнай справы, захавальніца літаратурнай і архіўнай спадчыны Янкі Купалы, пляменніца Янкі Купалы.

Некаторы час жыла ў сям’і Янкі Купалы ў Мінску. Апошняя сустрэча з Купалам адбылася ў жніўні 1941 года ў Маскве.

На працягу 42 гадоў працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы (1960-2002). Вяла актыўны і паспяховы пошук матэрыялаў аб Янку Купалу, збірала ўспаміны сучаснікаў паэта пра Купалу, прымала ўдзел у стварэнні экспазіцый і выставак у філіялах музея.

Аўтар і рэцэнзент шэрагу альбомаў, кніг, артыкулаў энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», буклетаў, шматлікіх артыкулаў у перыядычным друку.

Дзякуючы яе намаганням усталяваны мемарыяльныя дошкі, ўвекавечаны мясціны, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Янкі Купалы

2017 год. Памёр Алесь Рыбак (1934-2017).

Беларускі пісьменнік.

Скончыў БДУ. Працаваў у радашковіцкай, дзяржынскай, бягомльскай раённых газетах, часопісах «Вожык», «Бярозка», газеце «Калгасная праўда», на Беларускім радыё, у Літаратурным інстытуце ў Маскве, выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар вершаў, кніг аповесцей і апавяданняў, раманаў, апавяданняў для дзяцей.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся артыст У. Галубок. Дзень памяці Станіслава Шушкевіча.

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне. 

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 1 мая. Рымскія маёўкі. Дзень працы. Узрыў полацкай Сафіі. Першыя паштовыя маркі. Пашырэнне ЕС. Нарадзіліся Соф’я Слуцкая, П. Галавач, Я. Паплаўская, А. Глеб.

Маёўкі. У Старажытным Рыме ў гэты дзень прыносілі ахвяры ў гонар багіні Зямлі Маі.

Свята ўстаноўлена ў гонар старажытнарымскай багіні Маі (Майесты), жонкі Вулкана і маці Меркурыя (Гермеса). Апошні вясновы месяц май названы рымлянамі ў гонар менавіта гэтай багіні.

Кожную вясну, акурат у першы дзень месяца, рымляне ладзілі ахвярапрынашэнні з далейшымі святкаваннямі ў гонар гэтай суровай жыхаркі неба. Не прынесці багіні ахвяру азначала застацца без ураджаю ў бліжэйшы год.

Рымляне і сталі ладзіць святы з шэсцямі, і стала гэта традыцыяй. Калі старажытнага Рыма не стала, традыцыя адышла ў нябыт, але была адноўлена нараджаючымся пралетарыятам. У канцы ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі 1 мая рэвалюцыйна настроеныя рабочыя ладзілі нелегальныя мітынгі на прыродзе.

Дзень салідарнасці працоўных. Дзець працы.

Свята, якое адзначаюць у шматлікіх краінах Еўропы, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі вядома пад некалькімі назвамі – Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, Дзень Вясны і Працы, Дзень працы, Дзень вясны.

Гэта дата звязана з адной са старонак гісторыі барацьбы пралетарыята з капіталам – з падзеямі, якія адбыліся ў Чыкага. 1 мая 1886 года ў горадзе пачаліся маштабныя мітынгі і дэманстрацыі працоўных з патрабаваннем васьмігадзіннага працоўнага дня. Акцыя скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй, наступныя мітынгі прывялі да Хеймаркецкай бойні 4 мая (на загалоўнай выяве).

У ліпені 1889 года Парыжскі кангрэс прыняў рашэнне аб правядзенні 1 мая штогадовых працоўных дэманстрацый.

Упершыню дзень міжнароднай салідарнасці працоўных быў адзначаны ў 1890 годзе ў Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі, Швецыі і некаторых іншых краінах. Доўгі час Першамай быў сімвалам рэвалюцыі, непрымірымай класавай барацьбы.

У Расійскай імперыі Першамай як дзень міжнароднай салідарнасці ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем стачкі 10 000 рабочых.

У 1917 годзе свята было ўпершыню свабодна адзначана ў рэвалюцыйнай Расіі. 

З 1918 года свята стала афіцыйным.

Першамай святкаваўся на акупаваных немцамі тэрыторыях Беларусі ў 1942-1944 гадах як галоўнае свята германскага пралетарыята.

Першамай у Магілёве падчас нямецкай акупацыі

1555 год. Нарадзілася княгіня Соф’я Слуцкая (1585–1612).

Беларуская святая і асветніца ВКЛ. Праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.

У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

У 11 гадоў яна была сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла. Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У.  Сыракомлі «Магнаты і сірата».

1710 год. Напярэдадні адыходу з Полацку, салдаты расійскага цара Пятра I узарвалі Сафійскі сабор.

Пасля гэтага Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

11 ліпеня 1705 года сабор быў зачынены расійскай арміяй. Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі.

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Ф. Духінскага, п’яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор, які належаў уніятам, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне.

1840 год. На лонданскім паштамце ў продаж паступілі першыя ў свеце паштовыя маркі з партрэтам каралевы Вікторыі.

Чорная каштавала адзін пені, сіняя – два пенсы. Гэта былі першыя афіцыйныя паштовыя маркі, якія маюць клеявы адваротны бок.

З 6 мая гэтыя маркі дазволілі наклейваць на канверты і выкарыстоўваць пры перасыланні лістоў.

Аўтарам ідэі выкарыстання марак для аплаты паштовых адпраўленняў быў Роўлэнд Хіл, які ў 1854 годзе стаў галоўным паштмайстрам Брытаніі. 

1903 год. У в. Пабокавічы (зараз Бабруйскі раён) нарадзіўся Платон Галавач (1903–1937).

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Быў рэпрэсаваны.

Адзін з арганізатараў камсамольскага руху на Бабруйшчыне, у Барысаўскім павеце, першы сакратар ЦК ЛКСМБ, намеснік наркама асветы БССР (1929–1930), рэдактар газеты «Чырвоная змена», часопісаў «Маладняк», «Полымя», адзін з лідараў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны 11 жніўня 1937 года, асуджаны 29 кастрычніка да вышэйшай меры пакарання, расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 года ў лагеры ад паралічу сэрца.

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў апавяданняў, аповесцей, рамана, нарысаў, якія перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, ідыш ды iншыя мовы.

Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863–1864 гг. і Кастуся Каліноўскага.

1915 год. Нарадзіўся Іван Любачка.

Беларускі гісторык. Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША.

Скончыў Віцебскі педінстытут. Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна, служыў у войску.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны, дзе трапіў у палон, потым быў выпушчаны. Вярнуўся на Беларусь, прымусова вывезены на працы ў Германію.

Пасля вайны застаўся ў Германіі, працаваў настаўнікам у беларускіх школах. У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у шэрагу ўніверсітэтаў.

Аўтар многіх публікацый, у тым ліку «Беларусь пад савецкай уладай, 1917–1957».

Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

Памёр 20 ліпеня 1977 года.

1922 год. Нарадзіўся Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк).

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай сярэдняй школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», пад час вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі, якія прысвечаны беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыне, С. Буднаму, В. Цяпінскаму, М. Багдановічу.

Памёр 21 студзеня 1978 году ў Мельбурне.

1931 год. Нарадзіўся Алег Лойка.

Беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец. Член-карэспандэнт акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студзнты БДУ, Варшаўскага, Іенскага універсітэтаў.

Аўтар дапаможнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», «Старабеларуская літаратура». Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для ВНУ «Беларуская літаратура XIX стагоддзя».

Пад яго кіраўніцтвам абаронена 15 дысертацый.

Аўтар больш як 450 навуковых публікацый, у тым ліку шасці манаграфій, якія прысвечаны творчасці Якуба Коласа, А.Міцкевіч, М. Багдановіча, паэзіі пачатку XX стагоддзя:

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, аповесцей, раманаў, эсэ – усяго  100 кніг.

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (1990).

Перакладчык на беларускую мову П. Верлена, І. Гётэ, Ф. Шылера, асобных твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.

Памёр 19 лістапада 2008 года.

1942 год. Нарадзіўся Міхаіл Басалыга.

Беларускі савецкі графік. Брат Уладзіміра Басалыгі.

У 1970 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе пераважна ў галіне кніжнай графікі. Вылучаюцца афармленнем: альбом «Гравюры Францыска Скарыны», кніга «Вершы пяці кніг» Г. Бураўкіна, «Дзень добры, мама», «Ave Maria» М. Танка, «Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча.

У 2006 годзе стварыў ілюстрацыі для выдання трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, таксама працаваў над ілюстрацыямі паэмы «Курган», верша «Хлопчык і лётчык» і іншых Я. Купалы.

Творы знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурных музеях Я. Купалы і Я. Коласа, Слуцкім краязнаўчым музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Выява: Міхаіл Басалыга, Бітва на Сініх Водах, 2005 г.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў — Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

1981 год. Нарадзіўся Аляксандр Глеб.

Беларускі футбаліст, паўабаронца. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі, адзін з самых паспяховых футбалістаў у гісторыі Беларусі.

Гуляў за БАТЭ, у нямецкім «Штутгарт», лонданскім «Арсенале», іспанскай «Барселоне», англійскім «Бірмінгем Сіці», «Вольфсбургу» і іншых.

У 2021 годзе ўвайшоў у новаўтвораны савет дырэктараў жодзінскага клуба «Тарпеда-БелАЗ».

1986 год. Памёр Сцяпан Александровіч (1921–1986).

Беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX–XX стагоддзяў, развіццё нацыянальнага кнігадрукавання і перыядычнага друку, літаратурныя сувязі, у тым ліку беларуска-ўкраінскія. Надаваў значную ролю вывучэнні творчасці Тараса Шаўчэнкі.

Вывучаў дзейнасць Ф. Скарыны, Янкі Купалы, літаратурна-гістарычную біяграфію Цішкі Гартнага. Створыў літаратурныя партрэты П. Багрыма, Ф. Савіча, Ф. Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага ды іншым.

2004 год. Адбылася самае вялікае пашырэнне за гісторыю ЕС.

У выніку пятага пашырэння ў склад ЕС увайшлі 10 краін: Венгрыя, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія.

2018 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд 1977 года.

У Дзень працы ў абласным цэнтры тэмпература ўзнялася да 27,5 градуса цяпла. У выніку было абноўлена дасягненне 41-гадовай даўнасці ў +26,7 градуса.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 30 красавіка. Эдыкт Галерыя. М. Судзілоўскі на Гаваях. Падзел Беларусі. Нарадзіліся паэт Янка Журба, эканаміст С. Сміт. Застрэліўся Гітлер.

Міжнародны дзень джазу (International Jazz Day, з 2011 года).

Упершыню слова “джаз” было выкарастана ў друку 2 красавіка 1912 года, а ў 1917 годзе амерыканскі часопіс “Literary Digest” аўтарытэтна тлумачыў, што “джаз – гэта музыка, якая прымушае людзей трэсціся, скакаць і курчыцца”.

Дзень устаноўлены  Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА. Мэта святкавання Дня – павышэнне ступені інфармаванасці міжнароднай грамадскасці аб педагагічнай ролі джаза як сілы, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі.

Джаз узнік у канцы XIX–пачатку XX стагоддзя ў ЗША як сінтэз афрыканскай і еўрапейскай музычных культур і да гэтага часу застаецца унікальнай формай музычнага мастацтва, якая аб’ядноўвае расы і нацыянальнасці і сцірае мяжы паміж людзьмі і дзяржавамі. Асноўныя рысы джаза – галоўная роля рытму, меладычныя акцэнты, якія спараджаюць адчуванне хвалепадобнага руху, імправізацыйны пачатак.

Сусветны дзень пародненых гарадоў (World Day of United Сities).

Праводзіцца ў апошнюю нядзелю красавіка па рашэнні Сусветнай федэрацыі пародненых гарадоў (World Federation of United Cities), заснаванай у 1957 годзе.

Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў – міжнародная няўрадавая арганізацыя, мэтай якой было – умацаванне дружалюбных сувязяў паміж гарадамі розных дзяржаў. Аб’ядноўвала звыш 3 500 гарадоў больш за 160 краін свету.

Магілёў мае 19 гарадоў-пабрацімаў і 26 гарадоў-партнёраў. 

Пабрацімамі з’яўляюцца нямецкія Лютэрштадт Вітэнберг, Айзенах, расійскія Пенза, Тула, Звянігарад, Сакаліная Гара, Омск, Астрахань, турэцкая Бурса, украінская Керч, французскі Вілербан, славацкі Бардэёў, балгарскі Габрава, сербскі Крагуевац, азербайджанскі Сумгаіт, кітайскія Чжэнчжоў, Нанкін, Чанша, іранскі Тэбрыз. 

З пачаткам уварвання Расіі ва Украіну, пабрацімскія адносіны з Магілёвам скасавалі літоўская Клайпеда і ўкраінскі Мікалаеў.

311 год. Кіраўнік Усходняй Рымскай імперыі, ганіцель хрысціян Галерый падпісаў эдыкт, які ўпершыню дазволіў насельніцтву адкрыта вызнаваць хрысціянства.

Галерый доўгі час з’яўляўся адным з самых перакананых і паслядоўных супернікаў хрысціянства ў рымскай гісторыі. Ён браў удзел у пераследах хрысціян, якія пачаліся ў 303 годзе (першы эдыкт супраць хрысціян – 23 лютага 303 года).

Галерый “памяняў” свае перакананні з-за хваробы, верагодна, спадзяючыся на “удзячнасць у адказ” Бога хрысціян. Але спадзяванні яго не спраўдзіліся: праз некалькі дзён пасля падпісання эдыкта ён памёр.

1881 год. Нарадзіўся Янка Журба (Іван Івашын, 1881–1964).

Беларускі паэт, этнограф, друкаваўся ў газеце “Наша ніва”, пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі”.

Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923–1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927–1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.

Пахаваны на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках.

Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы. У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.

1900 год. Гавайскія астравы, якія былі анэксіраваны ЗША ў 1898 годзе, атрымалі статус самакіраванай тэрыторыі.

Калі прэзідэнт ЗША У. Мак-Кінлі падпісаў “дагавор” аб анэксіі Гавайскіх астравоў, мясцоваму насельніцтву ўдалося сарваць яго ўступленне ў сілу, прад’явіўшы 38 000 подпісаў пад петыцыяй пратэсту. У выніку, анэксія была зацверджана толькі прыняццем у абедзвюх палатах Кангрэса адпаведнай «рэзалюцыі Ньюлэндса‎» 4 ліпеня 1898 года. 

З 1901 па 1902 год першым старшынёй сената Гавайскіх выспаў быў ураджэнец Магілёва, рэвалюцыянер-народнік Мікалай Судзілоўскі-Русель (1850–1930), вядомы таксама пад імем Каўка Лукіні, які за час знаходжання на пасадзе паспеў правесці рэформы ў падтрымку канакоў, але не змог супрацьстаяць уплыву ЗША і быў пазбаўлены амерыканскага грамадзянства за антыамерыканскую дзейнасць. 

У 1959 годзе Гавайскія астравы сталі 50-м штатам ЗША.

1930 год. У кітайскім Шанхаі памёр магілёвец Мікалай Судзілоўскі (1850–1930).

Урач, прыродазнавец, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў у Еўропе, ЗША, Японіі, Кітаі, падарожнік-географ, этнограф. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.

Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.

Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне. Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая.

Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай. У гонар вучонага ў Магілёве названа вуліца.

1901 год. У Пінску нарадзіўся амерыканскі эканаміст Сайман (Сямён) Сміт Кузнец (1901–1985).

Нобелеўскі лаўрэат, аўтар паняцця “валавы ўнутраны прадукт”. Доктар філасофіі. Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША.

Вучыўся ў Харкаве, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў, прафесарам універсітэтаў штата Пенсільванія, Дж. Гопкінса, Гарвардскага, старшынёй камітэта па эканамічным росце пры ўрадзе ЗША, эканамічным саветнікам урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля. Прэзідэнт Амерыканскай статыстычнай, Амерыканскай эканамічнай асацыяцый.

Адкрыў 20-гадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканамічнага росту (цыкл Кузнеца, 1930), залежнасць паміж няроўнасцю даходаў і эканамічным ростам краін, якія развіваюцца (крывая Кузнеца). Адным з першых раскрыў ролю капіталаўкладанняў у чалавечы фактар як аснову сучаснага эканамічнага росту.

Яго імя ў 2013 годзе прысвоена  Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту.

1910 год. Па шляху ў Полацк, з Кіева ў Магілёў па Дняпры прыбыў параход “Галавачоў” з машчамі Еўфрасінні Полацкай.

Рака з машчамі знаходзілася да 2 мая ў кафедральным Іосіфаўскім саборы, дзе праводзіліся літургіі і службы. Магілёў наведала 75 000 вернікаў.

1921 год. Уступіла ў дзеянне Рыжская мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску.

Дамова бакамі была падпісана 18 сакавіка 1921 года.

Была пацверджана “незалежнасць” БССР. Мяжа ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1945 год. У сваім бункеры ў Берліне скончыў жыццё самагубствам Адольф Гітлер.

Гітлер разам са сваёй жонкай Евай Браўн паміж 15:26 і 15:30 скончыў жыццё самагубствам, папярэдне забіў любімага сабаку Блондзі. 

У савецкай гістарыяграфіі зацвердзіўся пункт гледжання, што Гітлер прыняў яд (цыяністы калій). Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў, ён застрэліўся. Існуе таксама версія, паводле якой Гітлер, узяўшы ў рот і раскусіўшы ампулу з ядам, адначасова стрэліў у сябе з пісталета.

1945 год. Савецкія воіны ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне.

У 14:25 байцы роты старшага сяржанта С’янава з баямі прарваліся па лесвіцы и дасягнулі купала рэйхстага. 

Лейтэнант А. Бераст, чырвонаармеец М. Ягораў і малодшы сяржант М. Кантарыя ўстанавілі сцяг: над будынкам германскага парламента ўзвіўся сцяг СССР.

Усе трое былі прадстаўлены камандаваннем да звання Герой Савецкага Саюза, аднак украінец А. Бераст быў выкраслены з узнагароднага спісу і афіцыйнай версіі ўзняцця сцяга Перамогі.

1961 год. У ноч з 30 красавіка на 1 мая на савецкай антарктычнай станцыі “Новалазараўская” урач Леанід Рагозаў сам сабе зрабіў аперыцыю па выдаленні апендыкса.

Падчас аперацыі яму асістыраваў ураджэнец в. Сенькаўка Клімавіцкага раёна, палярны гідраметэаролаг Фёдар Кабат (1921–1995).

1994 год. Набыла сілу Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка.

У Беларусі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. Яна з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 28 красавіка. Пакаранне М. Аскеркі. Патэнт на кандыцыянер. Дзяржаўнасць беларускай мовы. Штурм Рэйхстагу. Нарадзіўся генерал К. Кандратовіч.

Сусветны дзень аховы працы (World day of labor protection, з 2001 года). 

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы з мэтай прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да маштабаў праблемы, да таго, як стварэнне і прасоўванне культуры аховы працы можа садзейнічаць зніжэнню штогадовай смяротнасці на працоўным месцы.

Штогод у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў у свеце памірае 3 000 000 чалавек, прычым колькасць загінуўшых штогод расце да 10%. Акрамя гэтага штогод рэгіструецца да 200 мільёнаў чалавек, якія пакутуюць на прафесійныя захворванні.

Каля 4% сусветнага ВУП губляюцца ў выніку дрэнных умоў працы і няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Міжнародная арганізацыя працы ніколі не прызнавала таго сцвярджэння, што няшчасныя выпадкі і хваробы гэта “частка працы”.

1798 год. Падчас перамоў з Ватыканам, Павел І выдаў указ аб ўтварэнні Магілёўскага каталіцкага архібіскупства з 5 біскупствамі.

Утворана на базе Беларускай дыяцэзі (з 1773), Магілёўскага архібіскупства (з 1780), якія не былі зацверджаны Ватыканам.

Архібіскупам быў прызначаны С. Богуш-Сестранцэвіч.

На выяве – касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

1831 год. Памёр Каспар Цецішоўскі (1745–1831).

Каталіцкі архібіскуп магілёўскі і мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі.

Служыў у касцёлах ва Украіне, заснаваў жытомірскую семінарыю, спрыяў спыненню яўрэйскіх пагромаў у Бярдзічаве, у 1792 годзе дамогся прызначэння грошаў на будаўніцтва новых 24 касцёлаў на Кіеўшчыне і Брацлаўшчыне. Кіраваў Луцка-Жытомірскай дыяцэзіяй, спрыяў развіццю школьніцтва на Валыні.

Горача падтрымліваў Канстытуцыю 3 мая 1791 года.

27 красавіка 1827 года прызначаны магілёўскім архібіскупам.

1859 год. Нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч (1859–1932).

Вайсковы дзеяч, генерал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў, кітайскай кампаніі (1900), руска-японскай, Першай сусветнай.

Займаўся фарміраваннем беларускіх палкоў, віцэ-міністр абароны Літвы.

Аўтар вядомай кнігі “Плеўна і грэнадэры 28 лістапада 1877 г.”

1864 год. У Магілёве пакараны смерцю Міхал Аскерка (1836–1864).

Урач, паўстанцкі камісар у Магілёўскай і Мінскай губерніях у 1863–1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні. Пакараны смерцю.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1883 год. Скончыў жыццё самагубствам ураджэнец Віцебскай губерні Уладзімір Кавалеўскі (1842–1883).

Беларускі сусветнавядомы прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, муж “каралевы матэматыкі” Соф’і Кавалеўскай, брат заолога Аляксандра Кавалеўскага.

Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч. Дарвіна. Працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, у Пецярбургскім, Маскоўскім універсітэтах.

Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюцыйнае вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыянальных змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геалагічнымі пераўтварэннямі. Пераклаў на рускую мову шэраг работ Ч. Дарвіна.

Надзеў на твар маску з хлараформам і пакончыў з сабой. Прычынай самагубства сталі фінансавыя растраты яго фірмы.

1914 год. У ЗША быў запатэнтаваны паветраны кандыцыянер.

Упершыню аб кандыцыянеры, як вынаходстве стала вядома ў 1815 годзе, калі француз Жан Шабанэс запатэнтаваў метад кандыцыянавання паветранага патоку і спосаб рэгулявання тэмпературы ў будынках.

У 1902 годзе ў ЗША інжынер-вынаходнік У. Карыер сабраў першы ў свеце прамысловы кандыцыянер для друкарні ў Нью-Ёрку.

Зразумеўшы ўсе плюсы такой тэхнікі, неўзабаве пачалася паўсюдная ўстаноўка кандыцыянераў у тэатрах і магазінах.

“General Electric” выпусціла ў 1929 годзе першы пакаёвы кандыцыянер і стала родапачынальнікам усіх сучасных кандыцыянераў і на доўгі час замацавалася ў спісе лідэраў па вырабе сістэм кандыцыянавання.

Сучасныя кандыцыянеры акрамя астуджэння паветра таксама могуць яго награваць, іянізаваць, асушваць, вентыляваць і чысціць, павялічваць утрыманне кіслароду ў паветры.

1918 год. Народны сакратарыят БНР зацвердзіў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у Беларусі, прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэту.

1919 год. У Вільні пачала выдавацца газэта “Беларуская думка”

Выходзіла 3 разы на тыдзень.

У газеце супрацоўнічалі прадстаўнікі радыкальнай інтэлігенцыі пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Мела рубрыкі «Беларусь», «Апошнія навіны», «3 газет», «У Вільні» і іншыя. Паслядоўна выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя планы правых сіл Польшчы, польскіх нацыянал-дэмакратаў, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакратычныя элементы краю без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, узнімала надзённыя пытанні жыцця розных пластоў і груп насельніцтва.

Шырока асвятляла падзеі на Беларусі, змяшчала творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Старога Уласа, М. Арла, I. Нялепкі, 3. Вехаця, 3. Бядулі, нататкі А. Гурло, К. Лукашэвіча, пераклады на беларускую мову твораў Э. Ажэшкі, Пружанскага, публікацыі на навукова-папулярныя, агульнаасветныя, кааператыўныя тэмы.

Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай адміністрацыяй.

1945 год. Сіламі 150-й и 171-й стралковых дывізій 79-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронта пачаўся штурм Рэйхстагу (доўжыўся да 2 мая).

1983 год. Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам атрымала статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

Побач з крыніцай знаходзіцца капліца Святой Параскевы і купальня.

Вядома з 1552 года.

Крыніца знаходзіцца на дне глыбокага яру, парослага лесам. З’яўляецца вытокам невялікага ручая, які ўпадае ў Дняпро. Расход вады складае больш за 100 м³ у суткі.

Вада гідракарбанатная, кальцыевая, канцэнтрацыя фтору адносна высокая – 0,49 мг/л. PН вады – каля 7,5.

2007 год. У сутарэннях Варонежскага ўніверсітэта супрацоўнікі навуковай бібліятэкі знайшлі дагэтуль невядомых 116 тамоў XVI стагоддзя, у тым ліку запіскі Сігізмунда Герберштэйна з апісаннямі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Фота з адкрытых крыніц.