“Лепшы стараста” вёскі з-пад Бабруйска аказаўся “экстрэмістам”

Івана Юшкевіча, прадпрымальніка і старасту вёскі Продвіна, што пад Бабруйскам, нядаўна асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». 

Яшчэ пяць гадоў таму раённая прэса ўзносіла імя Івана Юшкевіча: «неабыякавы чалавек», «руплівы гаспадар», «лепшы стараста». 48-гадовы прадпрымальнік з Бабруйска кіраваў крамай электронікі xtreme.by і паралельна ажыўляў заняпалую вёску Продвіна, дзе з трохсот жыхароў засталося толькі каля дзясятка.

Як піша “Наша ніва”, Юшкевіч пераехаў туды ў 2013-м разам з сям’ёй. Ён арганізаваў вясковы фэст, аднавіў памятны крыж, добраўпарадкаваў тэрыторыю, чысціў калодзеж. Для землякоў ён стаў сімвалам адраджэння – нават стварыў TikTok-канал «Сельскі стараста». Яго сын Кірыл дапамагаў бацьку ў бізнэсе і зрабіў сайт для сямейнай крамы.

Аднак у траўні 2025 года яго сацсеткі раптоўна абарваліся. Нядаўна стала вядома, што Юшкевіча асудзілі па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Прысуд не агучваецца, але маўчанне ў сетках і знікненне з публічнай прасторы амаль дакладна сведчаць: ён у калоніі.

Па ўсёй верагоднасці, ключавой стала «справа Гаюна». Гэта маніторынгавы праект, які збіраў інфармацыю пра вайсковыя перамяшчэнні ў Беларусі ў дапамогу ўкраінскім вайскоўцам. Telegram-акаўнт Івана быў прывязаны да беларускага нумара і тэхнічна неабаронены, таму стаў лёгкай здабычай для лукашыстаў. Каб «вылічыць» такога чалавека, сілавікам хапае некалькіх секунд.

Фотаздымак: старонка Івана Юшкевіча ў ВКонтакте

Больш за палова смярцей палітзняволеных – у магілёўскіх турмах. Інфаграфіка

Дзве смерці ў Магілёве – два “ўдушэнні”.

Учора, 8 верасня стала вядома пра смерць яшчэ аднаго беларускага палітзняволенага. Асуджаны на 16 гадоў і 8 месяцаў Андрэй Паднябенны загінуў 3 верасня. У зняволенні ён правёў тры гады, сядзеў у магілёўскай калоніі №15. Крыніцы “Радыё Свабода” паведамілі выданню, што прычынай смерці стала ўдушэнне. 

Гэтаксама ў магілёўскай калоніі №15 у 2024 годзе загінуў яшчэ адзін палітвязень – асуджаны да 12 гадоў зняволення Дзмітрый Шлетгаўэр. І ў гэтым выпадку з’явіліся звесткі, што прычынай смерці стала “механічная асфіксія”, што азначае ўдушэнне. Родныя Дзмітрыя, пры гэтым, катэгарычна абвяргаюць версію пра суіцыд – Шлетгаўэр збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні, каб пабачыць нованароджанага сына.

Магчыма, абставіны гэтых двух смерцяў падобныя таму, як смерць Вітольда Ашурка адміністрацыя шклоўскай калоніі замоўчвала і завуалявала пад грыфам “”Іншыя недакладна абазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці”. Тады як праваабарончая супольнасць праз некалькі гадоў заявіла адназначна: прычынай смерці Вітольда Ашурка стала забойства. Былі названы таксама канкрэтныя выканаўцы: начальнік рэжымнага аддзела Сяргей Карчэўскі і яго намеснік Аляксей Маскалёў.

Інфаграфіка: дзе, калі, і як яны паміралі.

Магчыма, што неўзабаве раскрыюцца падрабязнасці рэальных абставінаў гібелі кожнага беларускага палітзняволенага. На сённяшні момант вядома пра дзевяць чалавек. І вось на што адразу можна звярнуць увагу – пяцёра з іх, а гэта больш за палову, загінулі ў магілёўскіх калоніях. Вітольд Ашурак і Валянцін Штэрмер – у Шклоўскай Папраўчай калоніі №17. Ігар Леднік – у Бабруйскай калоніі №2. Дзмітрый Шлетгаўэр і Андрэй Паднябенны – у Магілёўскай ПК №15.

Мапа смярцей палітзняволеных беларускіх

Яшчэ двума смерцямі палітвязняў адзначылася калонія “Віцьба”. Пра больш жорсткае стаўленне ў калоніях Усходняй Беларусі, у процівагу пенітэнцыярным установам Заходняй – у свой час расказваў палітвязень Зміцер Дашкевіч. Можа быць, гэты падзел захоўваецца і цяпер, і шмат у чым уплывае на лёс беларускіх палітвязняў?

Мы аб’ядналі ў адну табліцу самае галоўнае, што вядома пра беларускіх палітзняволеных, ахвяр рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – колькі ім было гадоў, які час правялі ў турмах і які тэрмін адбывалі, а таксама – звесткі пра абставіны гібелі.

Як паміралі палітзняволеныя

Маладую ўраджэнку Горак асудзілі за пратэсты

Імя ўраджэнкі Горак Настассі Трубчык-Дзіваковай з’явілася ў міліцэйскім так званым спісе “экстрэмістаў”.

Як піша “Наша ніва”, дзяўчыне 24 гады. Пасля заканчэння школы ў 2018 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый. Працавала ў Мінску, у бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па размеркаванні.

Нядаўна Настасся выйшла замуж і ўзяла двайное прозвішча, пакінуўшы сваё і дадаўшы прозвішча мужа.

Паводле выдання, дзяўчыну асудзілі сёлета па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, імаверна, за ўдзел у пратэстах. Меркавана, ёй прысудзілі «хатнюю хімію», пасля чаго ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў».

Нагадаем, што раней стала вядома, што 30-гадовую ўраджэнку Магілёва Лідзію Гарохаву, якая займалася касплэем і працавала ў Мінску, асудзілі за нібыта «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь».

Фотаздымак са старонкі Настассі Трубчык-Дзіваковай Укантакце

YouTube-рэсурсы асуджанага ў Магілёве блогера-палітвязня прызналі “экстрэмісцкімі”

У Віцебску суд назваў “экстрэмісцкімі” YouTube-рэсурсы блогера-палітвязня Змітра Казлова з Барані, якога двойчы судзілі на Магілёўшчыне.

Рашэнне было прынята 15 ліпеня 2025 года Кастрычніцкім судом Віцебска. Сярод прызнаных “экстрэмісцкімі” – YouTube-каналы Казлова «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы».

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, аўтар каналаў ужо пяць гадоў – з 10 чэрвеня 2020 года, знаходзіцца за кратамі. Зміцер Казлоў 28 лістапада 2024 года павінен быў вызваліцца з бабруйскай папраўчай калоніі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна яго зноў судзілі – Змітра Казлова звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ). З калоніі яго перавялі ў СІЗА №5.

Які вердыкт вынес 29 лістапада суддзя горада Бабруйска і Бабруйскага раёна Павел Карцінін, пакуль невядома. Але ў выніку відэаблогер Зміцер Казлоў, які ўжо цалкам адбыў прысуджаны раней тэрмін, на волю так і не выйшаў.

У бабруйскай папраўчай калоніі №2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 года яна асудзіла яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Змітру Казлову суддзя Ланчава прызначыла 5 гадоў зняволення.

Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч 3 лістапада 2021 года, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме апеляцыйную скаргу блогера, пакінула прысуд у сіле.

У пачатку вясны 2025 г. стала вядома, што Дзмітрый пераведзены ў іншую папраўчую калонію, але ў якую – невядома, піша “Вясна”.

Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года за плакаты, вывешаныя насупраць будынка суда Першамайскага раёна Менска. 12 чэрвеня пакаралі 20 суткамі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер павінен быў выйсці на волю, стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. З ізалятара на Акрэсціна Змітра перавялі ў СІЗА‑1.

У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Казлова палітычным зняволеным.

Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў. На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.

Зміцер Казлоў нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі. Ён актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года.

Зміцер не мае ўласнай сям’і, ягоныя бацькі памерлі шмат гадоў таму, і ў яго няма блізкіх сваякоў.

Фота: “Радыё Свабода”

Дызайнерку з Клімавічаў пакаралі за ўдзел у пратэстах

Дызайнерка Валерыя Аршаўская, якая родам з Клімавічаў, стала чарговай ахвярай палітычнага пераследу.

Як піша “Наша ніва”, жанчыне 27 гадоў. Яшчэ падчас навучання ў школе Валерыя была лаўрэткай рэспубліканскага конкурсу творчых і навукова-даследчых прац.

Пасля дзяўчына пераехала ў Менск, скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але ўрэшце стала працаваць мэнеджаркай праектаў у бюро інтэр’ераў Алены Булатай. 

Валерыю асудзілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у пратэстах. Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію». 13 чэрвеня 2025 года жанчыну дадалі ў міліцэйскі так званы «спіс экстрэмістаў» падчас апошняга яго абнаўлення. Валерыя прызнаная палітычнай зняволенай.

Фотаздымак са старонкі Валерыі Аршаўскай у Аднакласніках

Як КДБ кантралюе заходнія грошы для беларускай апазіцыі: колькі з 170 мільёнаў еўра пайшло ў нікуды?

Еўрапейскі саюз і краіны Захаду з 2020 года выдзелілі каля 170 мільёнаў еўра на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Але значная частка гэтай дапамогі не проста не даходзіць да мэтавых груп, а працуе супраць тых, дзеля каго яна прызначалася. Даследаванне паказвае: беларускія спецслужбы, у прыватнасці КДБ, стварылі сістэму перахопу, кантролю і маніпулявання гэтымі сродкамі.

Праз шчыліну падтрымкі у пастку спецслужбаў

Калі летам 2020 года Беларусь выбухнула пратэстамі, свет адгукнуўся нечакана магутна: у рэзалюцыях Еўрапарламента гучалі словы «рэпрэсіі», «незаконны рэжым», «гвалт», «салідарнасць з народам Беларусі». Упершыню за апошнія два дзесяцігоддзі на Захадзе гаварылі пра Беларусь не як пра «апошнюю дыктатуру Еўропы», а як пра краіну, якая змагалася за сапраўдную свабоду ад самага нізу да самага верху, праз страйкі, маршы, сотні тысяч у бел-чырвона-белым.

Еўрапейскі саюз, нароўні з іншымі міжнароднымі донарамі, вылучыў беспрэцэдэнтную фінансавую падтрымку на развіццё грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных медыя, культурных ініцыятыў і дапамогу рэпрэсаваным. Паводле адкрытых звестак, агульны аб’ём выдзеленай дапамогі толькі з боку ЕС і яго агенцтваў перавысіў 170 мільёнаў еўра за тры гады.

Але ўжо ў 2022 годзе сярод прадстаўнікоў беларускага руху ў эміграцыі пачалі гучаць трывожныя пытанні:

  • Чаму адны і тыя ж структуры атрымліваюць фінансаванне рэгулярна, а іншыя – ніколі?
  • Чаму эфектыўныя ініцыятывы, якія маюць вынікі, застаюцца па-за гульнёй?
  • І самае галоўнае: хто насамрэч кантралюе размеркаванне гэтых сродкаў?

Каб разабрацца, мы пагаварылі з дзясяткамі людзей: арганізатарамі, якімі захапляюцца, і тымі, каго “не прынялі ў клуб”; экспертамі, аналітыкамі, былымі супрацоўнікамі сістэмы і нават з тымі, хто цяпер баіцца казаць адкрыта, бо бачыў, як выглядае “перахоп” дапамогі знутры.

Вынік няпросты, але неабходны для разумення сённяшняй беларускай рэальнасці: КДБ Беларусі імкнецца кантраляваць заходнюю дапамогу фінансавую, інстытуцыйную і чалавечую так, як некалі кантралявала галасы на выбарах. Ціхамірна. Сістэмна. Бяспакарана.

Гэты тэкст не абвінавачванне, а спроба вярнуць празрыстасць і давер. Таму што пакуль сотні тысячаў еўра трапляюць у фальшывыя рукі, сапраўдныя героі, якія страцілі ўсё, застаюцца без падтрымкі і без надзеі.

Мы зараз не маем на ўвазе ўвесь аб’ём грашовых патокаў, але перакананыя ў слушнасці нашых высноў што да пэўных сцэнарыяў.

Як гэта працуе: 3 асноўныя механізмы кантролю

▪️ Укараненне агентаў у структуру атрымальнікаў

Паводле інфармацыі, атрыманай ад двух незалежных журналістаў-расследавальнікаў з Варшавы і Вільні, ў некаторых еўрапейскіх НДА, што займаюцца Беларуссю, працуюць людзі з няпразрыстай біяграфіяй, звязанай з мінулым у дзяржаўных структурах ці пазней у адміністрацыі Лукашэнкі.

У 2022 годзе адно з такіх НДА (назва не публікуецца з юрыдычных прычын) атрымала грант на 500 000 еўра і было запрошана для кансультацый у працэсе размеркавання падтрымкі іншым арганізацыям. Паводле нашай інфармацыі, гэтыя людзі “фільтравалі” заяўкі, рэкамендуючы донару адхіляць “небяспечныя” структуры, напрыклад, тыя, што працуюць з палітычнымі эмігрантамі ці збіраюць доказы злачынстваў сілавікоў.

▪️ Стварэнне “фантомных” арганізацый пад НДА

У 2021–2023 гадах у Польшчы і Літве з’явілася больш за 60 (!) новых “праваабарончых”, “медыйных” і “культурных” і г.д. ініцыятываў, зарэгістраваных беларускімі грамадзянамі, якія не былі вядомыя ў колах супраціву да гэтага часу.

Некаторыя з гэтых структур атрымалі праекты, якія не пацвярджаюцца празрыстай публічнай справаздачнасцю. У прыватных гутарках прадстаўнікі рэальных ініцыятываў называюць гэтыя праекты “клапанамі” праз іх спускаецца пар, каб стварыць ілюзію плыні падтрымкі.

▪️ Маніпуляцыі з “партнёрамі” ўнутры Беларусі

Яшчэ адзін небяспечны канал гэта людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, але атрымліваюць заходнюю падтрымку праз кантакты з замежнымі структурамі. Ёсць сведчанні, што частка такіх “партнёраў” кантралююцца КДБ, і выконваюць ролю “стукачоў”, перадваючы інфармацыю пра людзей, якія маюць з імі зносіны.

Канфлікты і разбураныя супольнасці

Паводле апытання, праведзенага сярод 27 беларускіх ініцыятываў у эміграцыі, больш за 60% апытаных паведамілі, што не атрымлівалі ніводнага еўра з еўрапейскіх праграм падтрымкі, хаця мелі яўныя заслугі: дапамогу палітвязням, арганізацыю курсаў для рэпрэсаваных, інфармацыйную працу.

Цытата прадстаўніка ініцыятывы з Вільні:

«Калі глядзець на сайты атрымальнікаў, адчуванне такое, што Беларусь — гэта толькі тры-чатыры праекты. А ўсе астатнія пустое месца. Гэта ператварае падтрымку ў механізм іерархічнага кантролю, які нагадвае… саму Беларусь».

Шляхі выхаду: што мусіць быць зроблена?

  1. Празрысты механізм размеркавання фінансавання

  • Абавязковая публікацыя ўсіх атрымальнікаў фінансавання з агаворкай мэтаў, тэрмінаў і вынікаў праектаў (не тычыцца атрымальнікаў унутры Беларусі);
  • Стварэнне платформы агульнага доступу (кшталту адкрытага рэестра) з данымі пра падтрыманыя праекты.
  1. Незалежны аўдыт

  • Запрашэнне аўдытараў з краін, не звязаных з Беларуссю ці краінамі, дзе пражываюць асноўныя атрымальнікі;
  • Агляд кейсаў фінансавання на прадмет рэальнага ўздзеяння і вынікаў, а не толькі прэзентацый і фота з івэнтаў.
  1. Рэйтынг даверу і рэпутацыі

  • Донары павінны карыстацца не толькі грантавымі заявамі, але і меркаваннем супольнасцяў — каго людзі ведаюць, з кім супрацоўнічаюць, каму давяраюць;
  • Стварэнне індыкатараў аўтэнтычнасці праектаў: колькасць прамых атрымальнікаў дапамогі, сведкі дзейнасці, рэкамендацыі з боку іншых арганізацый.
  1. Інвестыцыі ў малыя і лакальныя ініцыятывы

  • Неабходна ўвесці квоты на фінансаванне малых ініцыятыў без юрыдычнай асобы (напрыклад, вясковыя або рэгіянальныя супольнасці);
  • Стварэнне мікрагрантавых праграм, дзе рашэнні прымаюцца супольнасцю, а не адзіным офісам у Бруселі ці Варшаве.

Вывад

Сістэма заходняй падтрымкі Беларусі, якая задумвалася як інструмент дэмакратыі і надзеі, патрапіла ў лабірынт спецслужбаў і маніпуляцый. Калі гэта не будзе прызнана адкрыта і сістэмна, мы рызыкуем страціць не толькі мільёны еўра — але і веру людзей у тое, што дэмакратыя магчымая.

✉️ Калі вы маеце інфармацыю пра няпразрыстасць фінансавання, фіктыўныя праекты або пагрозы рэальным ініцыятывам — напішыце ананімна ў рэдакцыю Mogilev.Media праз e-mail: [email protected].

🕊 Мы гаворым пра гэта не дзеля скандалу — а дзеля будучыні, якой вартая Беларусь.

Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота – гэта ўраджэнец Бабруйска

Упершыню дакументальна пацверджана, хто вёў справу супраць аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў – Міхася Чарота, расстралянага ў 1937 годзе. У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, што гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі.  

Міхася Чарота, аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага літаратурнага адраджэння, арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў сваю “віну”. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года паэт быў расстраляны разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры.

Што ж датычыцца ураджэнца Бабруйска Віктара Эмануілавіча Быхоўскага (на здымку справа), то ён – адна з самых злавесных постацяў, што стаяць за жорсткімі рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах. 

Тады Быхоўскі узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, які займаўся пераследам беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Менавіта Быхоўскі “вёў справу на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на “ворагаў народа” і былых беларускіх нацыяналістаў, удзельнікаў антысавецкай змовы”. Пра гэта сведчаць дакументы з Архіва новых актаў у Варшаве, знойдзеныя даследчыкамі Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага “як садыста, здольнага сфабрыкаваць любую справу”. Яго метады ўключалі катаванні, фальсіфікацыю паказанняў і поўную адсутнасць маральных межаў.

У 1939 годзе і сам Быхоўскі трапіў пад махавік рэпрэсій. За катаванні і фальсіфікацыі яго асудзілі на 10 гадоў лагераў. Але ўжо у 1946 годзе ён  быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі «за добрую працу».

Потым працаваў начальнікам нагляднай службы ў Куйбышаўскай вобласці. У студзені 1951 года быў звольнены з МУС па ўласным жаданні. 

Міхась Чарот развітаўся з намі радкамі свайго апошняга верша, які пазней знайшлі на муры камеры паэта: “Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары – Кажу вам – я не вінаваты! “

Фота тэлеграм-канала Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Памерла былая палітзняволеная з Магілёва Ганна Кандраценка – дыягназ ёй паставілі яшчэ на зоне

Ганна Кандраценка была асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі. У калоніі ёй паставілі дыягназ – рак.

5 лютага 2025 года не стала палітзняволенай з Магілёва Ганны Кандраценка. Пра смерць 39-гадовай жанчыны стала вядома толькі цяпер – паведамляе “Наша Ніва”. У калоніі, падчас трохгадовага зняволення, у яе быў дыягнаставаны рак шыйкі маткі. Ганна Кандраценка памерла праз поўгады пасля вызвалення. З родных у яе засталася толькі маці-пенсіянерка, якая жыве ў Чавускім раёне.

Ганну Аляксандраўну Кандраценку абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады, абраза Лукашэнкі і абраза суддзі альбо народнага засядацеля. Працэс праходзіў у 2022 годзе, яго вяла суддзя Наталля Панасенка.

суддзя
Суддзя Суда Ленінскага раёна г. Магілёва Наталля Панасенка

Вось што пра Ганну Кандраценка расказвала былая сукамерніца, таксама палітзняволеная: “Аня загіне ў тых турмах. Да яе следчы ў калонію прыехаў, а яна нагаварыла на новы тэрмін. Ані вельмі цяжка, у яе падтрымкі амаль не было ад родных, у яе толькі мама пенсіянерка, якая жыве на мінімальную пенсію.

Аня высокая і худзенькая. У яе псарыяз, які пасля працы з сінтэпонам яшчэ больш прагрэсаваць пачаў. Аня ніткі абразала і выварочвала рэчы. Ад тых шмулянняў аб тканіну ў яе стала ўсе горш”.

Акрамя псарыяза, у калоніі ў Ганны Кандраценка дыягнаставалі рак. Нягледзячы на гэта, яе не выпусцілі датэрмінова, а наадварот, дадалі яшчэ адзін тэрмін. За каментарый на адрас інспектара ДАІ Светлагорскага РУУС Андрэя Баграёнка, суддзя Вольга Краўчанка прысудзіла Ганне год пазбаўлення волі і 50 базавых велічынь штрафу, але новы тэрмін быў паглынуты ранейшым, больш строгім.

Суддзя Краўчанка
Суддзя Суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Вольга Краўчанка

Ганна Кандраценка адбыла свой тэрмін цалкам. Яна вызвалілася 20 чэрвеня 2024 года. На свабодзе Ганна прабыла трохі больш за паўгода, змагаючыся са сваёй хваробай. Па словах аднавяскоўцаў, пасля смерці дачкі яе маці вядзе «пустэльніцкі лад жыцця».

Магілёўскі райсуд узначаліў суддзя, які ўдзельнічаў у палітычных расправах

Лукашэнка прызначыў старшынёй Магілёўскага раённага суда Максіма Курпачэнку, які праславіўся сваёй актыўнай роляй у палітычных судовых працэсах.

Суддзя Магілёўскага суда Максім Курпачэнка стаў прыкметнай фігурай у беларускай судовай сістэме на фоне масавых рэпрэсій, што пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Менавіта ён разглядаў шэраг адміністрацыйных спраў, непасрэдна звязаных з удзелам грамадзян у мірных акцыях пратэсту. Пад яго прысуды трапілі, у прыватнасці, аператар Аляксандр Сідарэўскі, педыятарка Святлана Леончык і яшчэ як мінімум дзясятак магілёўцаў.

Акрамя адміністрацыйных працэсаў, на рахунку Курпачэнкі і гучныя крымінальныя прысуды. Сярод іх – абмежаванне волі для актывіста Станіслава Паўлінковіча за «абразу» суддзі Аксаны Ратнікавай, рэальны тэрмін для ўдзельніка так званай «справы лялек» Дзмітрыя Лукашэвіча, а таксама трохмесячны арышт для Дзмітрыя Шнейдэрава, які вясной 2022 года зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг.

Цікава, што такі імклівы ўзлёт у судовай сістэме адбыўся на фоне адносна нядаўняга прызначэння: суддзёй Курпачэнка стаў толькі ў маі 2019 года.

Да таго ён больш за дзесяць гадоў працаваў у сілавых структурах – з 2005 па 2019 год служыў следчым у ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Судзячы па практыцы апошніх гадоў, менавіта гэты досвед у многім вызначыў яго падыход да правасуддзя: жорсткі, скіраваны на падаўленне грамадзянскай актыўнасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц 

“Нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры” – выйшаў даклад ААН аб рэпрэсіях у Беларусі, якія расцэньваюцца як злачынствы супраць чалавечнасці

За сэксуалізаваным гвалтам і катаваннямі часцей за ўсё стаяць супрацоўнікі ГУБАЗіК, а работнікі КДБ спрабавалі схаваць смерць немаўляці ў турме.

Continue reading ““Нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры” – выйшаў даклад ААН аб рэпрэсіях у Беларусі, якія расцэньваюцца як злачынствы супраць чалавечнасці”