Дачку журналіста магілёўскага YouTube-канала прызналі палітзняволенай

Арыштаваная разам з журналістам Кірылам Пазняком яго дачка Яніна прызнаная палітзняволенай.

Заяву аб прызнанні 20-гадовай Яніны Пазняк палітзняволенай беларускія праваабаронцы прынялі 23 студзеня 2026 года. Пры гэтым вядома, што яна была затрымана разам з бацькам 4 верасня 2025 года. 

Спачатку Яніну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз некалікі дзён ёй прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар №1.

У дачыненні да дзяўчыны распачатая крымінальная справа за ўзаемадзеянне з “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Чацвёртага верасня, у дзень затрымання Кірыла Пазняка і Яніны Пазняк, рашэннем КДБ Беларусі “экстрэмісцкім фармаваннем” быў абвешчаны YouTube-канал “Платформа 375” – дзе ў асвячэнні беларускіх навін рабіўся акцэнт на Магілёўскую вобласць – а таксама афіляваныя з ім акаўнты ў сацыяльнай сетцы TikTok. Паводле КДБ, “экстрэмісцкай дзейнасцю” займаецца “група грамадзян з ліку прадстаўнікоў фармавання”, Кірыл Пазняк быў згаданы як арганізатар.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

Магілёўская выдатніца Данута Перадня расказала, як ёй у эміграцыі

Ураджэнка Кіраўска Данута Перадня, якая была вымушана пакінуць Беларусь, сумуе па радзіме, але рада жыццю на свабодзе.

Студэнтку-выдатніцу філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Падставай стаў рэпост антываеннай публікацыі ў магілёўскім чаце, дзе крытыкавалі дзеянні Пуціна і Лукашэнкі і заклікалі выходзіць на пратэсты. За гэта дзяўчына атрымала жорсткі прысуд: шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі, адлічэнне з ВНУ і ярлык “тэрарысткі”.

Жыццё за кратамі

22-гадовую Дануту трымалі за кратамі амаль тры гады. Яе вызвалілі толькі ў канцы 2024-га па памілаванні. Цяпер яна жыве ў Польшчы і хоча аднавіць навучанне, каб навярстаць страчаныя студэнцкія гады.

Сябры дзяўчыны распавялі “Нашай Ніве”, што першы час пасля затрымання яна была ў цяжкім стане: ад стрэсу не магла есці, а ў ІЧУ сутыкнулася з недахопам вады. У Гомельскім СІЗА яе пасадзілі ў бетонную транзітную камеру з жалезнымі нарамі, дзе практычна немагчыма было спаць. Сітуацыю ўскладняла і сукамерніца. Гэта была фанатычная жанчына, якая начамі шаптала малітвы, малявала крыжы на сценах і патрабавала захоўваць “чысціню Божай далоні” на стале.

У Бабруйскім СІЗА Дануту моцна ўразіла іншае: з камеры перад адбоем вывелі адну дзяўчыну, а праз паўгадзіны вярнулі астрыжанай налыса. Па словах Дануты, гэта зрабілі з-за вошай, але сама карцінка потым неаднаразова вярталася ў яе снах.

Большую частку тэрміну яна правяла ў Бабруйску, дзе палітвязняў амаль не было. Сярод яе сукамерніц былі дзве жанчыны пенсійнага ўзросту, у дэпрэсіўным стане. Данута, нягледзячы на ўласную роспач пасля прысуду, імкнулася іх падтрымліваць. Сукамерніцы называлі яе сонейкам, якое не можа патухнуць.

Пасля этапу ў гомельскую калонію яе паставілі працаваць у цэху па раскроі тканіны: цяжкая фізічная праца на ручной пілцы патрабавала пастаяннай напругі. 

Асабліва цяжка было з лістамі: многія так і не даходзілі, а калі нешта перадавалі, то часта толькі абрэзаныя канцы.

Сум па мінулым і надзея на будучыню

За паўтара месяца да вызвалення Дануту папрасілі напісаць прашэнне на памілаванне. Калі яе вызвалілі, яна адчувала радасць і адначасова вялікую разгубленасць: сябры ўжо скончылі ўніверсітэты, працавалі, а яна толькі пачынала жыццё нанова.

Аднак, былая палітзняволеная прызнае: нават у турме знайшла нешта пазітыўнае, бо навучылася казаць “не” і сустрэла шмат добрых людзей, з якімі падтрымлівае сувязь.

У траўні 2025 года эвакуацыйная каманда фонду BYSOL дапамагла дзяўчыне пераехаць у Польшчу.

Сёння Данута вывучае польскую мову і рыхтуецца зноў стаць студэнткай. Яна вагаецца паміж філалогіяй, ветэрынарыяй і харэаграфіяй. Акрамя таго, яна любіць майстраваць рукамі: стварала араматызатары з лямпачак, дадаючы сухія кветкі і аромаалеі.

“Таксама па ёй відаць, што яна моцна сумуе па Беларусі. Яна казала, што ёй сніцца яе побыт на радзіме, але яна радая быць на волі” – распавялі сябры дзяўчыны.

Фотаздымак: Старонка Дануты ў ВКонтакте

Памерла былая палітзняволеная з Магілёва Ганна Кандраценка – дыягназ ёй паставілі яшчэ на зоне

Ганна Кандраценка была асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі. У калоніі ёй паставілі дыягназ – рак.

5 лютага 2025 года не стала палітзняволенай з Магілёва Ганны Кандраценка. Пра смерць 39-гадовай жанчыны стала вядома толькі цяпер – паведамляе “Наша Ніва”. У калоніі, падчас трохгадовага зняволення, у яе быў дыягнаставаны рак шыйкі маткі. Ганна Кандраценка памерла праз поўгады пасля вызвалення. З родных у яе засталася толькі маці-пенсіянерка, якая жыве ў Чавускім раёне.

Ганну Аляксандраўну Кандраценку абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады, абраза Лукашэнкі і абраза суддзі альбо народнага засядацеля. Працэс праходзіў у 2022 годзе, яго вяла суддзя Наталля Панасенка.

суддзя
Суддзя Суда Ленінскага раёна г. Магілёва Наталля Панасенка

Вось што пра Ганну Кандраценка расказвала былая сукамерніца, таксама палітзняволеная: “Аня загіне ў тых турмах. Да яе следчы ў калонію прыехаў, а яна нагаварыла на новы тэрмін. Ані вельмі цяжка, у яе падтрымкі амаль не было ад родных, у яе толькі мама пенсіянерка, якая жыве на мінімальную пенсію.

Аня высокая і худзенькая. У яе псарыяз, які пасля працы з сінтэпонам яшчэ больш прагрэсаваць пачаў. Аня ніткі абразала і выварочвала рэчы. Ад тых шмулянняў аб тканіну ў яе стала ўсе горш”.

Акрамя псарыяза, у калоніі ў Ганны Кандраценка дыягнаставалі рак. Нягледзячы на гэта, яе не выпусцілі датэрмінова, а наадварот, дадалі яшчэ адзін тэрмін. За каментарый на адрас інспектара ДАІ Светлагорскага РУУС Андрэя Баграёнка, суддзя Вольга Краўчанка прысудзіла Ганне год пазбаўлення волі і 50 базавых велічынь штрафу, але новы тэрмін быў паглынуты ранейшым, больш строгім.

Суддзя Краўчанка
Суддзя Суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Вольга Краўчанка

Ганна Кандраценка адбыла свой тэрмін цалкам. Яна вызвалілася 20 чэрвеня 2024 года. На свабодзе Ганна прабыла трохі больш за паўгода, змагаючыся са сваёй хваробай. Па словах аднавяскоўцаў, пасля смерці дачкі яе маці вядзе «пустэльніцкі лад жыцця».

Былая палітзняволеная магілёўская студэнтка эвакуявана з Беларусі

Нядаўна вызваленая з лукашэнкаўскіх засценкаў былая студэнтка-выдатніца МДУ імя А.Куляшова Данута Перадня пачынае сваё жыццё ў Польшчы.

“Дзякуючы працы каманды эвакуацыі фонда BYSOL, былая палітзняволеная змагла пакінуць Беларусь, дзе яе, пасля вызвалення, прэсавалі сілавікі.

Дапамагчы студэнтцы-выдатніцы, якую пасадзілі за антываенную пазіцыю можна па спасылцы” – напісаў у сваім Фэйсбуку кіраўнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак.

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, 20-гадовую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсытэту імя Куляшова затрымалі 28 лютага 2022 году, калі яна прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў.

У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст з рэзкай крытыкай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Таксама там заклікалі да вулічных выступаў і пісалі пра тое, што беларускае войска ня мае перспектывы, калі непасрэдна ўступіць у вайну.

10 чэрвеня таго ж году Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Дануту Перадню ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Перад арыштам Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела ад педагогаў толькі станоўчыя характарыстыкі. Аднак, адразу пасля завядзення крымінальнай справы яе адлічылі з унівэрсытэту.

За той перадрук антываеннага допісу Перадні далі шэсць з паловай гадоў турмы, з якіх яна адседзела тры.

Амаль год Данута правяла ў СІЗА, яшчэ амаль два гады – ў гомельскай калоніі.  

У канцы 2024 года Дануту Перадня «памілавалі», і яна выйшла на волю. Пра яе вызваленне стала вядома ў студзені 2025 года. А ў траўні эвакуацыйная каманда BYSOL дапамагла дзяўчыне пераехаць у Польшчу.

Фота з соцсетак Дануты Перадня