Магілёўская выдатніца Данута Перадня расказала, як ёй у эміграцыі

Ураджэнка Кіраўска Данута Перадня, якая была вымушана пакінуць Беларусь, сумуе па радзіме, але рада жыццю на свабодзе.

Студэнтку-выдатніцу філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Падставай стаў рэпост антываеннай публікацыі ў магілёўскім чаце, дзе крытыкавалі дзеянні Пуціна і Лукашэнкі і заклікалі выходзіць на пратэсты. За гэта дзяўчына атрымала жорсткі прысуд: шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі, адлічэнне з ВНУ і ярлык “тэрарысткі”.

Жыццё за кратамі

22-гадовую Дануту трымалі за кратамі амаль тры гады. Яе вызвалілі толькі ў канцы 2024-га па памілаванні. Цяпер яна жыве ў Польшчы і хоча аднавіць навучанне, каб навярстаць страчаныя студэнцкія гады.

Сябры дзяўчыны распавялі “Нашай Ніве”, што першы час пасля затрымання яна была ў цяжкім стане: ад стрэсу не магла есці, а ў ІЧУ сутыкнулася з недахопам вады. У Гомельскім СІЗА яе пасадзілі ў бетонную транзітную камеру з жалезнымі нарамі, дзе практычна немагчыма было спаць. Сітуацыю ўскладняла і сукамерніца. Гэта была фанатычная жанчына, якая начамі шаптала малітвы, малявала крыжы на сценах і патрабавала захоўваць “чысціню Божай далоні” на стале.

У Бабруйскім СІЗА Дануту моцна ўразіла іншае: з камеры перад адбоем вывелі адну дзяўчыну, а праз паўгадзіны вярнулі астрыжанай налыса. Па словах Дануты, гэта зрабілі з-за вошай, але сама карцінка потым неаднаразова вярталася ў яе снах.

Большую частку тэрміну яна правяла ў Бабруйску, дзе палітвязняў амаль не было. Сярод яе сукамерніц былі дзве жанчыны пенсійнага ўзросту, у дэпрэсіўным стане. Данута, нягледзячы на ўласную роспач пасля прысуду, імкнулася іх падтрымліваць. Сукамерніцы называлі яе сонейкам, якое не можа патухнуць.

Пасля этапу ў гомельскую калонію яе паставілі працаваць у цэху па раскроі тканіны: цяжкая фізічная праца на ручной пілцы патрабавала пастаяннай напругі. 

Асабліва цяжка было з лістамі: многія так і не даходзілі, а калі нешта перадавалі, то часта толькі абрэзаныя канцы.

Сум па мінулым і надзея на будучыню

За паўтара месяца да вызвалення Дануту папрасілі напісаць прашэнне на памілаванне. Калі яе вызвалілі, яна адчувала радасць і адначасова вялікую разгубленасць: сябры ўжо скончылі ўніверсітэты, працавалі, а яна толькі пачынала жыццё нанова.

Аднак, былая палітзняволеная прызнае: нават у турме знайшла нешта пазітыўнае, бо навучылася казаць “не” і сустрэла шмат добрых людзей, з якімі падтрымлівае сувязь.

У траўні 2025 года эвакуацыйная каманда фонду BYSOL дапамагла дзяўчыне пераехаць у Польшчу.

Сёння Данута вывучае польскую мову і рыхтуецца зноў стаць студэнткай. Яна вагаецца паміж філалогіяй, ветэрынарыяй і харэаграфіяй. Акрамя таго, яна любіць майстраваць рукамі: стварала араматызатары з лямпачак, дадаючы сухія кветкі і аромаалеі.

“Таксама па ёй відаць, што яна моцна сумуе па Беларусі. Яна казала, што ёй сніцца яе побыт на радзіме, але яна радая быць на волі” – распавялі сябры дзяўчыны.

Фотаздымак: Старонка Дануты ў ВКонтакте

Былая палітзняволеная магілёўская студэнтка эвакуявана з Беларусі

Нядаўна вызваленая з лукашэнкаўскіх засценкаў былая студэнтка-выдатніца МДУ імя А.Куляшова Данута Перадня пачынае сваё жыццё ў Польшчы.

“Дзякуючы працы каманды эвакуацыі фонда BYSOL, былая палітзняволеная змагла пакінуць Беларусь, дзе яе, пасля вызвалення, прэсавалі сілавікі.

Дапамагчы студэнтцы-выдатніцы, якую пасадзілі за антываенную пазіцыю можна па спасылцы” – напісаў у сваім Фэйсбуку кіраўнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак.

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, 20-гадовую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсытэту імя Куляшова затрымалі 28 лютага 2022 году, калі яна прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў.

У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст з рэзкай крытыкай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Таксама там заклікалі да вулічных выступаў і пісалі пра тое, што беларускае войска ня мае перспектывы, калі непасрэдна ўступіць у вайну.

10 чэрвеня таго ж году Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Дануту Перадню ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Перад арыштам Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела ад педагогаў толькі станоўчыя характарыстыкі. Аднак, адразу пасля завядзення крымінальнай справы яе адлічылі з унівэрсытэту.

За той перадрук антываеннага допісу Перадні далі шэсць з паловай гадоў турмы, з якіх яна адседзела тры.

Амаль год Данута правяла ў СІЗА, яшчэ амаль два гады – ў гомельскай калоніі.  

У канцы 2024 года Дануту Перадня «памілавалі», і яна выйшла на волю. Пра яе вызваленне стала вядома ў студзені 2025 года. А ў траўні эвакуацыйная каманда BYSOL дапамагла дзяўчыне пераехаць у Польшчу.

Фота з соцсетак Дануты Перадня