16 ліпеня ў гісторыі. Хіджра. Раскол Хрысціянскай царквы. Партызанскі парад. Музей гісторыі Магілёва

22 год. Прарок Мухамед перабраўся ў Медыну. Дзень Хіджры.

Заснавальнік ісламу Прарок Мухамед з групай сваіх паслядоўнікаў у сувязі з ганеннямі, якім падвяргалася новае веравучэнне ў яго родным горадзе, перабраўся з Мекі ў Медыну.

Дата гэтага перасялення (Хіджра – “адкачоўка”, “уцёкі”) пры халіфе Амары I прынята за пачатак мусульманскага летазлічэння.

1054 год. Раскол Хрысціянскай Царквы.

Патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый, баючыся пашырэння ўплыву каталікоў на грэцкіх хрысціян, закрыў усе лацінскія манастыры на тэрыторыі Візантыі і накіраваў у Італію ліст, у якім крытыкаваў дамаганні рымскіх першасвятароў на поўную ўладу ў хрысціянскім свеце.

У 1054 годзе для вырашэння спрэчкі папа Леў IX паслаў у Канстанцінопаль сваіх паслоў-легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту. У суправаджальным лісце ён заяўляў, што ніхто не мае права крытыкаваць папу і аспрэчваць яго правы (як прамога спадчынніка апостала Пятра) на вяршэнства над усімі хрысціянамі.

Знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 года ў саборы Святой Сафіі ў Канстанцінопалі афіцыйныя прадстаўнікі Папы Рымскага аб’явілі аб звяржэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Міхаіла Керуларыя і яго адлучэнні ад Царквы.

У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх і скліканы ім сабор адлучылі ад Царквы Папу і ягоных легатаў. Ніхто тады і ўявіць сабе не мог, што падзел, які адбыўся паміж тымі Цэрквамі, якія неўзабаве назавуць Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай, будзе доўжыцца стагоддзямі.

Так хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.

Пакінуўшы Канстанцінопаль, папскія легаты адправіліся ў Рым акруговым шляхам, каб апавясціць аб адлучэнні Міхася Кіруларыя іншых усходніх патрыярхаў. Сярод іншых гарадоў яны наведалі Кіеў, дзе сустрэліся са старажытнарускімі клірыкамі і былі прыняты пры княжым двары. Пры гэтым руская Царква захавала прыхільнасць да праваслаўя.

Папа рымскі Леў IX і патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый

1819 год. Пачалася кругасветная экспедыцыя шлюпаў “Усход” і “Мірны” пад камандаваннем М. Лазарава і Ф. Белінсгаўзена.

Мэта экспедыцыі – прабіцца як мага бліжэй да Паўднёвага полюса.

28 студзеня 1820 года адбылася сапраўды вялікая падзея – радасны крык вахтавага матроса “Зямля! Зямля!” абвясціў аб адкрыцці шостага кантынента, Антарктыды.

У пачатку жніўня 1821 года караблі шчасна вярнуліся ў Кранштадт.

1880 год. У Вялікабрытаніі прыступілі да пракладкі з боку Дуўру тунэлю пад Ла-Маншам.

На французскім беразе таксама заклалі разведвальную галерэю. Праз 2 гады, калі сумарная даўжыня падземных галерэй (дыяметр 2,8 м) з абодвух берагоў дасягнула 1 840 м, брытанскае міністэрства абароны запатрабавала неадкладнага спынення ўсіх прац, бо яны падрываюць дзяржаўную бяспеку краіны.

Да праекту вярнуліся толькі ў 1987 годзе, і 6 мая 1994 года каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і французскі прэзідэнт Ф. Мітэран урачыста адкрылі “Еўратунэль”.

Даўжыня тунэля – каля 51 км, з іх 39 праходзяць непасрэдна пад марскім дном.

1941 год. Пачалася акупацыя Чэрыкаўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Немцы захапілі і Смаленск.

А абарончыя баі вакол Магілёва, тым часам, працягваліся.

1944 год. У вызваленым Мінску прайшоў Партызанскі парад.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў нядзелю 16 ліпеня на полі былога іпадрома з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.

У парадзе ўзялі ўдзел 30 партызанскіх брыгад. Кожная брыгада мела ўласны сцяг і плакаты. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 000 партызан і 50 000 мінчукоў.

На парадзе была вялікая дэлегацыя байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І. Чарняхоўскім.

Адкрывала парад брыгада “Народныя мсціўцы” імя В. Варанянскага. За ёй ішлі партызанскія разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Шчорса, Чапаева, “Беларусь”, “Буравеснік”.

У калоне партызан таксама ішоў і казёл па мянушцы Малыш, які быў упрыгожаны стужкай з нямецкімі ордэнамі.

1950 год. Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі сабраў на стадыёне “Маракана” 199 854 гледача – рэкорд для спартыўных спаборніцтваў.

Тады зборная Уругвая нанесла паражэнне гаспадарам з лікам 2:1.

Увесь стадыён рыдаў, асабліва востра перажывалі гэтую сітуацыю бразільскія футбалісты і іх суайчыннікі. Бразілія фактычна пагрузілася ў жалобу. Штодня сталі паступаць паведамленні аб самагубствах. Неўзабаве журботны спіс ужо налічваў тры з лішнім сотні чалавек.

А ўрад Уругвая абвясціў 16 ліпеня нацыянальным святам.

1976 год. У ЗША памёр Ян Станкевіч (1891-1976).

Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» і іншымі.

Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

1990 год. Вярхоўны Савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Украіна абвясціла свой намер стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не будзе прымаць удзел у ваенных блоках і абавязуецца выконваць тры няядзерныя прынцыпы: не прымяняць, не вырабляць і не набываць ядзернай зброі.

Дэкларацыя абвяшчала права Украіны непасрэдна рэалізаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі, консульскімі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі.

З 1991 года Дзень незалежнасці Украіны сталі святкаваць 24 жніўня у гонар таго, што 24 жніўня 1991 года Вярхоўны савет УССР прыняў Акт аб абвяшчэнні незалежнасці.

1990 год. Заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Быў створаны віртуальна – не было ні будынка, ні фондаў, ні штата. Рэальная праца музея на базе будынка былога архірэйскага палаца на чале з першым дырэктарам Ігарам Пушкіным пачалася ў 1992 годзе. Ігар Пушкін працаваў дырэктарам у 1992-2001 гадах.

Больш за ўсё дырэктарам прабыў 7-ы дырэктар Аляксей Бацюкоў (2011-2021), пры якім праводзіліся найбольш значныя мерапрыемствы, актыўна папаўняліся фонды.

У маі 1999 года гарадскімі ўладамі выдзелена для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея 1-ы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13, дзе музей прыняў першых наведвальнікаў.

Пасля адбудовы гарадской ратушы ў 2008 годзе, музей пераведзены ў яе. У 2006  створаны філіял музея – мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».  Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», якая праводзіцца з 1998 г.

1990 год. Памёр Мікалай Арэхва (1902-1990).

Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.

Удзельнік грамадзянскай і польска-савецкай войнаў. Працаваў на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны – ў Войску Польскім.

З 1945 года працаваў у апараце дзяржбяспекі Польскай Народнай Рэспублікі.

З 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.

2002 год. Маланка ў Чэхіі.

Унікальнае, але ўсё роўна сумнае здарэнне адбылося ў Чэхіі. На поўдні гэтай краіны адным адзіным разрадам маланкі быў забіты цэлы статак з 22-х кароў.

У жніўні 2016 года ў Нарвегіі адным разрадам маланкі было забіта 323 алені.

4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. «Мядзведзіроўка» Беларусі

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам.

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася.

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава.

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

25 чэрвеня ў гісторыі. Выбух на Месяцы. Самы вялікі банкет. Нарадзіўся П. Броўка. Памёр Майкл Джэксан

Дзень сяброўства, яднання славян.

Славяне – буйная моўная і культурная супольнасць народаў свету. На сёння славян у свеце пад 350 мільёнаў чалавек: заходнія (палякі, чэхі, славакі, кашубы і лужычане), паўднёвыя (балгары, сербы, харваты, баснійцы, македонцы, славенцы, чарнагорцы) і ўсходнія (беларусы, рускія, украінцы, русіны).

Афіцыйна свята адзначаецца з 1969 года, калі ў стыку межаў РСФСР, УССР і БССР прайшоў першы фестываль “Славянскае адзінства”. У 1975 годзе там жа ўзведзены манумент Сяброўства – “Тры сястры”.

Славянскія братэрскія адносіны разбураны падзеямі ў былой Югаславіі, вайной Расіі супраць Украіны.

У 2019 годзе беларускім бокам праведзена рэканструкцыя манумента Сяброўства. У маі 2022 года ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расіі Чарнігаўская абласная адміністрацыя распачала падрыхтоўку дакументаў па дэмантажу помніка.

31 мая 2023 года на дарозе каля манумента адбыўся выбух. Расійскія ваенныя паблікі ўдакладняюць, што дарога была ўзарвана, каб «не дапусціць мерапрыемствы ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп у Бранскай вобласці Расіі».

Дзень памяці вялебнага Пятра Афонскага (праваслаўны каляндар).

Пётр у VII стагоддзі служыў ваяводам у імператарскіх войсках, жыў у Канстанцінопалі, а потым стаў манахам. Правёў у пустынных месцах, не бачачы нікога з людзей, 53 гады. Адзенне яго спарахнела, а валасы і барада адраслі і пакрылі цела замест адзення. Вялебны Пётр памёр у 734 годзе.

На Русі Пятра празвалі Сонцаваротам. Лічылася, што з гэтага дня сонца кароціць свой ход: дні становяцца ўсё карацейшымі і карацейшымі, а ночы – даўжэйшымі.

У гэты дзень нашы продкі асабліва славілі сонца: уздымаліся на вяршыню якога-небудзь пагорка, дзе маліліся і дзякавалі Пятру за цяпло і святло.

На Пятра Сонцавароту нельга было класціся спаць раней за паўночы: лічылася, што калі гэтага не зрабіць, то можна забыцца пра свае планы. Акрамя таго, не варта насіць чорныя ці занадта цёмныя рэчы – сонца можа пакрыўдзіцца і пойдзе дождж.

“З Пятра сонца на зіму, а лета на спякоту”.

У Пятроў дзень выпадаюць вялікія росы.

Дзень моладзі і студэнцтва Беларусі.

Свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, спазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі.

Сваю гісторыю ён вядзе з часоў існавання СССР, калі «Дзень савецкай моладзі» адзначаўся ў апошнюю нядзелю чэрвеня.

У Беларусі 1,6 мільёнаў жыхароў адносіцца да моладзі (кожны пяты). У 2023 годзе маладзевай сталіцай краіны абраны Наваполацк.

1178 год. Пяцёра кентэрберыйскіх манахаў назіралі нейкі выбух на Месяцы.

Мяркуюць, што гэта было сутыкненне метэора з Месяцам, у выніку якога ўтварыўся кратэр Джардана Бруна.

1652 год. Мястэчка Жыровіцы атрымала магдэбургскае права і герб.

Мястэчка – грэка-каталіцкі цэнтр Літвы. Зараз – аграгарадок з 2,5 тысячамі жыхароў, прадмесце Слоніма.

Цэнтр турызму нацыянальнага значэння, уваходзіць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоння», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровіцаў».

Тут месціцца Свята-Успенскі манастыр (з 1587) з будынкамі і цэрквамі XVII-XVIII стагоддзяў.

У верасні 1730 года адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай.    

1730 год. Польскі кароль і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны арганізаваў самы вялікі ў сусветнай гісторыі банкет.

На ім было 30 000 гасцей – ледзь не ўдвая болей за армію краіны. Асаблівай прычыны для папойкі не было.

Пры Аўгусце пачалася крайняя ступень анархіі, з 18 сеймаў 11 былі сарваны (не без расійскіх грошай), армія была паменшана з 80 да 18 тысяч, праводзіліся палітычныя і рэлігійныя рэпрэсіі. Апошнімі словамі Аўгуста ІІ перад смерцю былі: «Усё маё жыццё было адзіным бесперапынным грахом».

1905 год. Нарадзіўся Пятрусь Броўка (1905-1980).

Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык. Народны паэт, Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік АН БССР. Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” і выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”.

Аўтар 3-х дзясяткаў кніг паэзіі, шматлікіх аповесцей, лібрэта опер, перакладаў.

Яго творы перакладзены на 27 моў, імя прысвоена выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя”, вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

У Мінску працуе літаратурны музей Петруся Броўкі, у  Пуцілкавічах Ушацкага раёна — хата-музей.

Нягледзячы на ўсе яго заслугі, вядомы такія крытычныя радкі Р. Барадуліна:

Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша лоўка і даўно,
Але ўсё, што ён напіша,
Альбо – дрэнь, альбо – …

1911 год. Нарадзіўся Арсень Булаўка (1911-1994).

Беларускі гідролаг, географ, доктар геаграфічных навук.

У 1939-1941 гадах – кіраўнік Магілёўскай гідралагічнай станцыі. Удзельнік абароны Магілёва.

Распрацоўшчык праблем гідралогіі Беларусі, тэорыі воднага балансу. Узначальваў Мінскую гідраметэаралагічную абсерваторыю.

Аўтар і суаўтар шматлікіх навуковых і навукова-папулярных прац, у тым ліку кнігі “Рака Бярэзіна”.

Рака Бярэзіна

1932 год. Нарадзіўся Часлаў Кудаба (1932-1993).

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг.

Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю.

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

1946 год. Распачаў сваю дзейнасць Сусветны банк.

Заснаваны ў снежні 1945 года. Галоўнай мэтай яго стварэння была адбудова знішчанай у Другой Сусветнай вайне Еўропы і Японіі, а таксама дапамога ў развіцці краін Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Цяпер ён працуе з 124 краінамі з 184 краін-членаў.

Беларусь стала членам Групы Сусветнага банка ў 1992 годзе. За перыяд супрацоўніцтва Сусветны банк інвеставаў у значныя для Беларусі праекты больш за 1,7 мільярдаў долараў, у тым ліку «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення», «Павышэнне энергаэфектыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Абыходжанне з цвёрдымі бытавымі адходамі ў Рэспубліцы Беларусь», «Рэабілітацыя раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», на рэканструкцыю аўтадарогі М6 Мінск-Гродна і іншыя.

1950 год. Армія Паўночнай Карэі напала на Паўднёвую Карэю.

Больш чым 60-тысячная армія Паўночнай Карэі узброеная савецкімі танкамі перайшла дэмаркацыйную лінію ўздоўж 38-й паралелі і ўторглася на тэрыторыю паўднёвай суседкі каб пачаць “нацыянальна-вызвольную вайну” і ашчасцлівіць братоў на камуністычны манер.

У вайне Паўночнай Карэі дапамагалі СССР, 1 мільён кітайцаў, а Паўднёвай – войскі ЗША, якія выступалі пад сцягам ААН.

Вайна завяршылася “ўнічыю” 27 ліпеня 1953 года: захавалася даваеннае тэрытарыяльнае размежаванне. Пры гэтым загінула 9 мільёнаў карэйцаў, 1 мільён кітайцаў, 54 000 амерыканцаў, колькасць савецкіх – невядома. Вядома толькі, што 22 савецкія летчыкі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

1977 год. Падчас рыбнай лоўлі маланка стукнула рэйнджара нацыянальнага парка Шэнадоа Роя Саллівана і апякла яму грудзі і плечы.

Пацярпелага даставілі ў шпіталь. Гэта было ўжо сёмае пападанне маланкі ў Роя, за што ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Упершыню маланка ўразіла яго ў 1942 годзе, пазбавіўшы пазногця на вялікім пальцы нагі. 2-гі выпадак адбыўся ў ліпені 1969 – былі спалены бровы. 3-і ў ліпені 1970 – паранена левае плячо. 4-ы 16 красавіка 1972 – запаліліся валасы. 5-ы 7 жніўня 1973 – ізноў згарэлі адрослыя валасы і апякло ногі. 6-ы: 5 чэрвеня 1976 – пашкоджана шчыкалатка.

Смерць знайшла героя ў верасні 1983 года, калі ва ўзросце 71 года ён стрэліў сам у сябе. Кажуць, што “іскрысты рэйнджар” не змог жыць далей з-за непадзеленага кахання.

1992 год. У Беластоку афіцыйна зарэгістрана Праграмная рада тыднёвіка «Ніва».

Рада выдае тыднёвік польскіх беларусаў. Газета заснавана ў 1956 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Беларускамоўны тыднёвік асвятляе жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, аб актуальных падзеях на Беларусі.

Выходзіць старонка для дзяцей «Зорка», перыядычна змяшчаюцца тэматычныя ўкладкі.

Газета імкнецца да яднання беларускага насельніцтва ў Польшчы.

1997 год. Памёр Жак-Іў Кусто (1910-1997).

Французскі акіянограф, контр-адмірал, фатограф, рэжысёр, вынаходнік, аўтар мноства кніг і фільмаў, акадэмік, дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака.

Адзін з вынаходнікаў акваланга, падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак».

Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя.

Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання», «Залатая рыба» (прэмія «Оскар») і «Свет бяз сонца» («Оскар»), якія добра вядомы значнай частцы беларускіх гледачоў.

Існуюць звесткі, што знакаміты вучоны і падарожнік мае беларускія карані, што быццам ягоны бацька Даніель Кусто (1878-1969) эміграваў у Францыю з Лынтупаў сённяшняга Пастаўскага раёна, перарабіў свае беларускія імя і прозвішча Даніла Куст на францускі ўзор. Хаця верагодна гэта толькі прыгожая легенда, бо на інтэрактыўным генеалагічным дрэве сям’і Кусто бліжэйшыя продкі Жак Іва Кусто паходзяць выключна з Францыі.

2009 год. Памёр Майкл Джэксан (1958-2009).

Культавы амерыканскі спявак, танцор, аўтар песень.

Кумір соцень мільёнаў меламанаў 1970-х-2020-х гадоў. Дасягнуў міжнароднай вядомасці ва ўзросце 11 гадоў, «Кароль поп-музыкі», «Чалавек Тысячагоддзя», уладальнік 19 прэмій «Грэмі», двойчы занесены ў Залу славы рок-н-рола – у якасці сольнага выканаўцы і як удзельнік гурта “Jackson 5”. Найвялікім прызнаннем у свеце карыстаюцца ягоныя 3 альбомы з 10: «Off the Wall», «Thriller» і «Bad». «Thriller» занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як дыск-лідар па продажу ў свеце (104 млн копій); ён узначальваў Billboard 200 на працягу 9 месяцаў і не пакідаў чарта больш за 2 гады.

2011 год. Памёр Раман Тармола-Мірскі (1936-2011).

Беларускі паэт, сцэнарыст.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання.

Аўтар 11 кніг паэзіі, двух кніг для дзяцей. Напісаў сцэнарыі да некалькіх дакументальных фільмаў, у тым ліку «Я не самотны… Максім Багдановіч», да  тэлеспектакля «Зачараваны Валерка».

Дзень у гісторыі: 25 жніўня. Беларусь стала незалежнай. Нарадзіўся Уладзімір Арлоў, памёр Сімяон Полацкі

1991 год. Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону.

Гэтым самым Беларусь афіцыйна абвясціла сябе незалежнай дзяржавай.

Сведкамі падзеі былі тысячы беларусаў, якія прыйшлі да Дому ўраду, на заклік апазіцыйнай фракцыі Вярхоўнага савету.

Пад ціскам апазіцыі камуністычная большасць, па правале ў Маскве путчу, пагадзілася з прапановамі апазіцыі. Сярод гэтых прапаноў былі – абвяшчэнне незалежнасці, пытанне аб адказнасці кіраўніцтва Вярхоўнага Савету за бяздзеянне ў дні путчу, аб забароне КПБ-КПСС, аб стварэнні ўласнага войска.

Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі Вярхоўны Савет прыняў 27 ліпеня 1990 году. Гэты дзень стаў Днём незалежнасці Беларусі. У 1995-ым Лукашэнка, якога годам раней выбралі прэзідэнтам, на ініцыяваным ім рэферэндуме змяніў дату Дня незалежнасці, а таксама дзяржаўную сімволіку краіны.

незалежнасць Беларусі

1680 год. Памёр Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч).

Дзеяч, пісьменнік, энцыклапедыст-асветнік.

Аўтар вершаў, п’есаў, падручнікаў, філасофскіх твораў.

Скончыў Кіева-Магілянскую, Віленскую езуіцкую акадэміі. Выкладаў у брацкай школе ў Полацку.

Лічыў, што сапраўдны цар – той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран – рабуе і крыўдзіць падданых.

У Полацку з 1994 года працуе Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Пастаўлены яму помнік.

Сімяон Полацкі

1780 год. Нарадзіўся Ігнат Анацэвіч.

Гісторык і педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэту.

Адзін са стваральнікаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі.

Стваральнік першага спецыялізаванага ўніверсітэцкага курсу па мінуламу беларускага і літоўскага народаў.

Стварыў цэласную карціну гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, склаў перыядызацыю гісторыі ад 1009 да 1569 гадоў ды распрацаваў класіфікацыю гістарычных крыніц.

Ігнат Анацэвіч

1932 год. Нарадзіўся Пятрусь Макаль.

Пісьменнік, паэт, драматург, перакладчык.

Аўтар блізу 20 зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, вершаваных п’есаў паводле фальклорных матываў. Іх ставілі ў тэатры юнага гледача і іншых тэатрах.

Яго творы перакладзены на многія мовы.

Пятрусь Макаль

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік, паэт, гісторык.

Майстар гістарычнай прозы, іранічны эсэіст.

Адзін з найбольш папулярных, прадуктыўных (каля 70 кніг) і тытулаваных (з дзясятак літаратурных і выдавецкіх прэміяў) сучасных літаратараў.

Яго творы перакладзены на дзясяткі моваў. Ягонае эсэ «Незалежнасць – гэта…» перакладзенае больш, чым на 25 моваў. Яно напісанае ў 1990-ым.

Ён аўтар вядомых кніг «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (у суаўтарстве з гісторыкам Генадзем Сагановічам), «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

Аўтар сцэнарыяў навукова-дакументальных фільмаў «Еўфрасіння Полацкая», «Полацкія лабірынты», «Сімяон Полацкі» і іншых.

Уладзімір Арлоў

1991 год. Памёр Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).

Гісторык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў» у Заходняй Беларусі.

У ЗША ўзначальваў Задзіночанне беларускіх скаўтаў на чужыне, Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства, выдаваў каталіцкія часопісы.

Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову літургію Іаана Залатавуста, «Падарожжа Гулівера…» Джонатана Свіфта.

Даследчык гісторыі Літвы і Беларусі, беларускага скаўтынгу, вышэйшых школ Беларусі, Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Вацлаў Пануцэвіч

2008 год. Памёр Васіль Несцярэнка.

Фізыік, спецыяліст у галіне ядзернай энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі.

Аўтар больш за 300 навуковых працаў і 320 вынаходніцтваў.

Праціўнік пабудовы АЭС у Беларусі.

Удзельнік ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, дамагаўся выселіць людзей з зоны радыусам 100 км ад атамнай станцыі.

Дырэктар Інстытуту ядзернай энергетыкі АН БССР, незалежнага беларускага інстытуту радыяцыйнай бяспекі «Белрад».

За сваю дзейнасць быў звольнены з працы і зазнаў пагрозы ад КДБ. Страшылі адправіць у псіхіятрычную лякарню.

Васіль Несцярэнка

2019 год. Памёр Пятро Васючэнка.

Літаратуразнаўца.

Працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту.

Даследчык сучаснай беларускай драматургіі, спадчыны Янкі Купалы.

Аўтар літаратурна-крытычных работ, даведніка «Вялікія пісьменнікі XX стагоддзя», кніг прозы.

Яго творы перакладзены на еўрапейскія мовы.

Пятро Васючэнка

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніцаў.