Футуролагі разлічылі, як у 2035 годзе на Месяцы можа прайсці першы футбольны матч

Спецыялісты Інжынерна-тэхналагічнага інстытута (IET, Вялікабрытанія) прадставілі смелы план таго, як будзе выглядаць футбол на Месяцы: з 100-хвіліннымі матчамі, “астраформай” футбалістаў, мячом-губкай і віртуальнымі рэферы. Яны мяркуюць, што ў гульню можна будзе гуляць на Месяцы ўжо ў 2035 годзе, нават калі гэта можа выглядаць зусім інакш, чым матч тут, на Зямлі.

На думку вучоных, самы папулярны зямны від спорту хутка павінен пачаць распаўсюджвацца і за межамі планеты – паведамляе Daily Mail. Першая месячная гульня, лічаць футуролагі, адбудзецца ўжо ў 2035 годзе. Магчыма, адной з каманд стане Moonchester United.

На погляд футуролагаў з інстытута, на Месяцы маглі б прайсці гульні з каманд па пяць чалавек, якія праводзяцца ў чатыры 10-хвілінныя таймы з 20-хвіліннымі перапынкамі паміж кожнай, каб даць гульцам адпачыць.

Фота: Midjourney

Публікацыя навукоўцаў пераважна прысвячаецца не таму, як тэхнічна можна падрыхтаваць паяўленне футбольных каманд на спадарожніку Зямлі, а таму, як гэты матч лепш за ўсё абсталяваць з улікам асаблівасцяў планеты.

Так, даследчыкі заявілі, што традыцыйныя для футбалістаў шорты і чаравікі з шыпамі трэба будзе заменіць на здаравеныя скафандры ў стылі астранаўтаў з карабля Апола з футурыстычнымі функцыямі ахалоджвання, усталяванымі ўнутры. Мала таго, суддзі будуць больш нагадваць тэхналагічны VAR, чым традыцыйных людзей.

Хоць змены ў правілах і вонкавым выглядзе мяркуюцца значныя, з прычыны зусім іншага асяроддзя за межамі Зямлі, гэта ўсё роўна будзе футболам. Або, прынамсі, яго разнавіднасцю, якую можна будзе назваць, скажам, касмаболам ці мунболам. І вось як у яго гуляць.

Поле

Інжынеры прапанавалі метад лазернага выпякання, каб ператварыць участак грунта на Месяцы ў роўную бетонападобную паверхню. Яна будзе займаць у восем разоў менш месца, чым звыклае нам футбольнае поле. Лініі на ім можна будзе расфарбаваць чорна-белым палімерам. Па перыметры павінны быць усталяваныя сеткаватыя барты, а зверху – такі ж дах, каб пры адсутнасці гравітацыі мяч не паляцеў у бясконцую далеч.

Форма

Паколькі на Месяцы лёгкія шорты і шыпаваныя буцы будуць неактуальныя, іх плануецца замяніць на аблегчаныя версіі скафандраў, з падвышанай гнуткасцю і накладкамі на калені і локці. І, вядома, з кіслародным балонам і сістэмай сувязі. Унутры кожнага такога касцюма павінны быць устаноўлены сістэмы астуджэння, абагравання і кантролю за потаадлучэннем – для падладжвання пад месяцовы клімат.

Мяч

У адрозненне ад поля, якое паменшылі, мяч навукоўцы збіраюцца зрабіць у два разы больш зямнога – каб ён быў добра бачны на месяцовым грунце. І ён не можа быць напампаваны паветрам, бо розніца ціскаў на Месяцы прымусіць яго лопнуць. Спецыялісты знайшлі рашэнне – губчаты мяч з ядром з аэрагеля новага пакалення, што дазволіць яму адскокваць гэтак жа, як звычайнаму мячу.

Таймінг

Замест звыклых двух таймаў па 45 хвілін, на Месяцы давядзецца гуляць чатыры тайма па 10 хвілін з 20-хвіліннымі перапынкамі паміж імі. “Мунбалістам” спатрэбіцца больш часу на адпачынак, аднаўленне, а таксама агляд касцюмаў, абсталявання, магчыма, рамонт і дазапраўку. Бо форма ў дадзеным выпадку важная не толькі для выгоды, але і для выжывання.

Каманды і суддзі

У кожнай камандзе будзе толькі па пяць гульцоў: пры большай колькасці ва ўмовах спадарожніка спартсмены б перашкаджалі адзін аднаму і пастаянна сутыкаліся. Па гэтай жа прычыне замест суддзяў будуць галаграмы. А віртуальныя жоўтыя і чырвоныя карткі стануць загарацца на брылі гульца, які праштрафіўся.

Акрамя таго, матчы лепш за ўсё будзе праводзіць у месяцовы поўдзень, каб пазбегнуць вялізных ценяў і гуляць пры найлепшай бачнасці.

Фота: Daily Mail

Дзень у гісторыі. Дзень шахмат. Зямляне на Месяцы. Нарадзіліся калекцыянер Гальяш Леўчык, спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Загінуў журналіст Павел Шарамет. Прысяга Лукашэнкі

20 ліпеня – Міжнародны дзень шахмат International Chess Day.

Адзначаецца ад 1966 году. Устаноўлены Міжнароднай шахматнай федэрацыяў, якая была заснавана ў гэты дзень у 1924 годзе.

Беларусь у Міжнароднай шахматнай федэрацыі ад 1992 году. За яе выступаюць 22 міжнародных гросмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыдумалі ў індыі. Беларусам, паводле археалагічных дадзеных, яны вядомыя не пазней за XI стагоддзе. Шахматныя фігуры знаходзілі ва ўсіх буйных гарадах. Сабраная калекцыя лічыцца найвялікшай ва Усходняй Еўропе.


20 ліпеня 1969 года на Месяц прылуніўся модуль Eagle касмічнага карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцавы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.


20 ліпеня 1880 года нарадзіўся Гальяш Леўчык.

Паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Блізкі сябар Янкі Купалы.

Пісаў для першай беларускамоўнай газеты «Нашай нівы», аўтар зборніка вершаў «Чыжык беларускі».


20 ліпеня 1971 года нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў «KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў «Я нарадзіўся тут», «Budzma The Best Rock» і інш. Запісаў больш за 20 альбомаў.


20 ліпеня 1977 года памёр Іван Любачка.

Беларускі гісторык.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957».

Працаваў на Бялыніччыне ў Галоўчынскай школе. У 1943 годзе вывезены нацыстамі на працы ў Германію.


20 ліпеня 2016 года загінуў Павел Шарамет.

Журналіст.

Загінуў у выніку падрыву прыватнай машыны. Тэракт адбыўся ва Украіне.

Працаваў на тэлеканалах і газетах у Беларусі, Расіі і Украіне

Заснавальнік інтэрнэт-выдання «Беларускі партызан».

Суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў

Лукашэнка пазбавіў Шарамета беларускага грамадзянства.

20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і заступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У другім туры першых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 10 ліпеня 1994, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка перамог старшыню ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80,34% галасоў (у Кебіча было 14,17%). З улікам яўкі, гэта, адпаведна, 56% і 10% ад усіх грамадзянаў, якія мелі права голасу.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў