16 ліпеня ў гісторыі. Хіджра. Раскол Хрысціянскай царквы. Партызанскі парад. Музей гісторыі Магілёва

22 год. Прарок Мухамед перабраўся ў Медыну. Дзень Хіджры.

Заснавальнік ісламу Прарок Мухамед з групай сваіх паслядоўнікаў у сувязі з ганеннямі, якім падвяргалася новае веравучэнне ў яго родным горадзе, перабраўся з Мекі ў Медыну.

Дата гэтага перасялення (Хіджра – “адкачоўка”, “уцёкі”) пры халіфе Амары I прынята за пачатак мусульманскага летазлічэння.

1054 год. Раскол Хрысціянскай Царквы.

Патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый, баючыся пашырэння ўплыву каталікоў на грэцкіх хрысціян, закрыў усе лацінскія манастыры на тэрыторыі Візантыі і накіраваў у Італію ліст, у якім крытыкаваў дамаганні рымскіх першасвятароў на поўную ўладу ў хрысціянскім свеце.

У 1054 годзе для вырашэння спрэчкі папа Леў IX паслаў у Канстанцінопаль сваіх паслоў-легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту. У суправаджальным лісце ён заяўляў, што ніхто не мае права крытыкаваць папу і аспрэчваць яго правы (як прамога спадчынніка апостала Пятра) на вяршэнства над усімі хрысціянамі.

Знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 года ў саборы Святой Сафіі ў Канстанцінопалі афіцыйныя прадстаўнікі Папы Рымскага аб’явілі аб звяржэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Міхаіла Керуларыя і яго адлучэнні ад Царквы.

У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх і скліканы ім сабор адлучылі ад Царквы Папу і ягоных легатаў. Ніхто тады і ўявіць сабе не мог, што падзел, які адбыўся паміж тымі Цэрквамі, якія неўзабаве назавуць Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай, будзе доўжыцца стагоддзямі.

Так хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.

Пакінуўшы Канстанцінопаль, папскія легаты адправіліся ў Рым акруговым шляхам, каб апавясціць аб адлучэнні Міхася Кіруларыя іншых усходніх патрыярхаў. Сярод іншых гарадоў яны наведалі Кіеў, дзе сустрэліся са старажытнарускімі клірыкамі і былі прыняты пры княжым двары. Пры гэтым руская Царква захавала прыхільнасць да праваслаўя.

Папа рымскі Леў IX і патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый

1819 год. Пачалася кругасветная экспедыцыя шлюпаў “Усход” і “Мірны” пад камандаваннем М. Лазарава і Ф. Белінсгаўзена.

Мэта экспедыцыі – прабіцца як мага бліжэй да Паўднёвага полюса.

28 студзеня 1820 года адбылася сапраўды вялікая падзея – радасны крык вахтавага матроса “Зямля! Зямля!” абвясціў аб адкрыцці шостага кантынента, Антарктыды.

У пачатку жніўня 1821 года караблі шчасна вярнуліся ў Кранштадт.

1880 год. У Вялікабрытаніі прыступілі да пракладкі з боку Дуўру тунэлю пад Ла-Маншам.

На французскім беразе таксама заклалі разведвальную галерэю. Праз 2 гады, калі сумарная даўжыня падземных галерэй (дыяметр 2,8 м) з абодвух берагоў дасягнула 1 840 м, брытанскае міністэрства абароны запатрабавала неадкладнага спынення ўсіх прац, бо яны падрываюць дзяржаўную бяспеку краіны.

Да праекту вярнуліся толькі ў 1987 годзе, і 6 мая 1994 года каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і французскі прэзідэнт Ф. Мітэран урачыста адкрылі “Еўратунэль”.

Даўжыня тунэля – каля 51 км, з іх 39 праходзяць непасрэдна пад марскім дном.

1941 год. Пачалася акупацыя Чэрыкаўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Немцы захапілі і Смаленск.

А абарончыя баі вакол Магілёва, тым часам, працягваліся.

1944 год. У вызваленым Мінску прайшоў Партызанскі парад.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў нядзелю 16 ліпеня на полі былога іпадрома з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.

У парадзе ўзялі ўдзел 30 партызанскіх брыгад. Кожная брыгада мела ўласны сцяг і плакаты. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 000 партызан і 50 000 мінчукоў.

На парадзе была вялікая дэлегацыя байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І. Чарняхоўскім.

Адкрывала парад брыгада “Народныя мсціўцы” імя В. Варанянскага. За ёй ішлі партызанскія разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Шчорса, Чапаева, “Беларусь”, “Буравеснік”.

У калоне партызан таксама ішоў і казёл па мянушцы Малыш, які быў упрыгожаны стужкай з нямецкімі ордэнамі.

1950 год. Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі сабраў на стадыёне “Маракана” 199 854 гледача – рэкорд для спартыўных спаборніцтваў.

Тады зборная Уругвая нанесла паражэнне гаспадарам з лікам 2:1.

Увесь стадыён рыдаў, асабліва востра перажывалі гэтую сітуацыю бразільскія футбалісты і іх суайчыннікі. Бразілія фактычна пагрузілася ў жалобу. Штодня сталі паступаць паведамленні аб самагубствах. Неўзабаве журботны спіс ужо налічваў тры з лішнім сотні чалавек.

А ўрад Уругвая абвясціў 16 ліпеня нацыянальным святам.

1976 год. У ЗША памёр Ян Станкевіч (1891-1976).

Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» і іншымі.

Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

1990 год. Вярхоўны Савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Украіна абвясціла свой намер стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не будзе прымаць удзел у ваенных блоках і абавязуецца выконваць тры няядзерныя прынцыпы: не прымяняць, не вырабляць і не набываць ядзернай зброі.

Дэкларацыя абвяшчала права Украіны непасрэдна рэалізаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі, консульскімі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі.

З 1991 года Дзень незалежнасці Украіны сталі святкаваць 24 жніўня у гонар таго, што 24 жніўня 1991 года Вярхоўны савет УССР прыняў Акт аб абвяшчэнні незалежнасці.

1990 год. Заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Быў створаны віртуальна – не было ні будынка, ні фондаў, ні штата. Рэальная праца музея на базе будынка былога архірэйскага палаца на чале з першым дырэктарам Ігарам Пушкіным пачалася ў 1992 годзе. Ігар Пушкін працаваў дырэктарам у 1992-2001 гадах.

Больш за ўсё дырэктарам прабыў 7-ы дырэктар Аляксей Бацюкоў (2011-2021), пры якім праводзіліся найбольш значныя мерапрыемствы, актыўна папаўняліся фонды.

У маі 1999 года гарадскімі ўладамі выдзелена для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея 1-ы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13, дзе музей прыняў першых наведвальнікаў.

Пасля адбудовы гарадской ратушы ў 2008 годзе, музей пераведзены ў яе. У 2006  створаны філіял музея – мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».  Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», якая праводзіцца з 1998 г.

1990 год. Памёр Мікалай Арэхва (1902-1990).

Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.

Удзельнік грамадзянскай і польска-савецкай войнаў. Працаваў на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны – ў Войску Польскім.

З 1945 года працаваў у апараце дзяржбяспекі Польскай Народнай Рэспублікі.

З 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.

2002 год. Маланка ў Чэхіі.

Унікальнае, але ўсё роўна сумнае здарэнне адбылося ў Чэхіі. На поўдні гэтай краіны адным адзіным разрадам маланкі быў забіты цэлы статак з 22-х кароў.

У жніўні 2016 года ў Нарвегіі адным разрадам маланкі было забіта 323 алені.

Чаму ў Гродна высылаюць чыноўнікаў з Магілёва, а ў Магілёў – з Гродна? З’явіўся новы падкаст

Выйшаў новы выпуск падкаста “Усход-Захад”, у якім яго вядучыя, краязнаўцы з Магілёва і Горадні Аляксей Бацюкоў і Аляксей Шота абмяркоўваюць спецыфіку сваіх гарадоў. Гэтым разам гаворка ішла пра традыцыю мяняць гарадзенскіх і магілёўскіх чыноўнікаў паміж сабой. Хто з гарадзенцаў найбольш прынёс карысці Магілёву і калі? Што здарылася з старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім? Чаму ў 2020 годзе гарадзенскі “губернатар” хадзіў з падбітым вокам? Гэта і не толькі – можна паглядзець у новым выпуску.

Глядзі таксама папярэдні выпуск падкаста, пра Магілёў і Гродна як гарады памежжа.

 

Выйшаў новы падкаст “Усход-Захад” пра Магілёў і Гродна. Цяпер – пра гарадскія музеі

Як узнік Музей гісторыі Магілёва і чаму ў такім «музейным» горадзе, як Гродна, няма паўнавартаснага музея горада? Як наогул з’яўляюцца музеі гарадоў і дзе яны ёсць у Беларусі? І якімі яны павінны былі б быць? Праблемы і перспектывы гарадскіх музеяў у Беларусі ў падкасце «Усход-Захад» абмяркоўваюць краязнаўцы Аляксей Шота з Гродна і Аляксей Бацюкоў з Магілёва. Другі выпуск серыі размоваў можна паглядзець тут, а ніжэй – кароткі пераказ падкаста.

Музей горада: для чаго ён патрэбны

Музей горада — гэта не проста яшчэ адзін музей у спісе ўстаноў. Яго задача — зафіксаваць і прадставіць унікальную гісторыю і ідэнтычнасць пэўнага месца. Краязнаўцы адзначаюць, што ідэя такіх музеяў у Беларусі пачала развівацца толькі ў 1990-х гадах. У гэты час гарады і райцэнтры ўсвядомілі патрэбу паказаць сваю аўтэнтычнасць і «музеефікаваць» мясцовую гісторыю.

Аднак галоўнай праблемай заўсёды было фінансаванне: хто будзе ўтрымліваць музей, на чый баланс ён патрапіць. Музей — справа нятанная і хтосьці мусіць за яго плаціць.

Аляксей Бацюкоў: У 90-х аказалася, што ў нас шмат розных краязнаўчых музеяў, розных музеяў з манекенамі, або прыродазнаўчых, з пудзіламі мядзведзяў і іншых жывёл. У нас шмат музеяў мемарыяльных. Усякіх музейных пакояў шмат у школах. Усяго шмат, музейных матэрыялаў шмат, а вось уласна гісторыі нацыянальнай, гісторыі беларускага народа вобмаль. Гэта была тады вельмі балючая тэма.

Вось як паўставаў музей горада на прыкладзе Магілёва. Спачатку было толькі рашэнне стварыць музей — у 1990 годзе ён паўстаў на паперы. Толькі праз пару гадоў з’явіўся першы супрацоўнік, потым дадаліся іншыя. З часам выдзелілі гістарычны будынак, стварылі фондасховішча, перадавалі археалагічныя знаходкі. Але такі шлях, калі горад сам бярэ на сябе фінансаванне новага ўласнага музея, у Беларусі пакуль што — рэдкасць.

Будынкі, калекцыі і канцэпцыі — чым мусіць вылучацца музей горада?

На думку абодвух вядучых падкаста, гарадскі музей павінен быць менавіта на балансе горада — інакш яго ўтрыманне нават цяжка ўявіць. Але такіх выпадкаў вельмі мала: нават не ва ўсіх абласных цэнтрах у Беларусі ёсць музеі горада: у Віцебску і Гродне іх дагэтуль няма. Часта функцыю такога музея выконвае раённы краязнаўчы музей або нейкі філіял. Але музей уласна горада — гэта ўсё ж іншае.

Але ў чым канцэпцыя: што павінна быць у музеі горада, чым ён адрозніваецца ад звычайнага гісторыка-археалагічнага музея? Тут важна, каб экспазіцыя была скіравана менавіта на гарадскую гісторыю, каб яна расказвала пра жыццё і развіццё пэўнай супольнасці, а не толькі пра археалогію, прыроду ці асобныя падзеі.

Музей заўсёды пачынаецца з калекцыі — але не менш важна, як яе падаюць. У Брэсце, напрыклад, музей размешчаны ў каларытным былым будынку польскай адміністрацыі, у былым урадавым квартале, у Гомелі асновай стаў паляўнічы домік, у Магілёве — гістарычная ратуша, цэнтр колішняга самакіравання горада.

Глядзіце і слухайце ў першым выпуску падкаста: Што агульнага ў Гродна і Магілёва?

Але часам музеі становяцца проста наборам экспанатаў, а не цэнтрам асэнсавання гарадской гісторыі. У Беларусі часта сустракаецца практыка «напампоўвання» музея рознымі філіяламі, каб скараціць адміністрацыйныя выдаткі. Так, у Мінску ў склад музея горада ўваходзяць шэраг філіялаў, многія з якіх мала звязаныя непасрэдна з гісторыяй горада.

Як з музеяў кралі шахматы і… танкі

Галоўнае адрозненне, якое заўважаюць аўтары падкаста паміж беларускімі і заходнееўрапейскімі музеямі, — гэта камунікацыя і ўцягненне наведвальнікаў. У Беларусі музей — часта закрытая прастора, дзе наведвальнікі проста глядзяць на экспанаты, а работнікі мусяць сачыць за бяспекай. У заходніх краінах больш распаўсюджана канцэпцыя адкрытага музея, дзе чалавек самастойна выбудоўвае маршрут і ўступае ў дыялог з экспазіцыяй.

Хаця, трэба прызнаць, зараз у Беларусі музейшчыкі стараюцца па магчымасці, хаця б час ад часу, ствараць для наведнікаў інтэрактыў.

Справядліва і тое, што адсутнасць кантролю можа прывесці да праблем. І ў Гродне, і ў Магілёве былі выпадкі крадзяжоў з музеяў. Напрыклад, у Гродне з гісторыка-археалагічнага музея ў 2004 годзе скралі адзін з сімвалаў калекцыі — шахматную фігуру, знойдзеную на раскопках замка ў 1930-я. Вярнуць яе ўдалося толькі праз чатыры гады, калі злодзей спрабаваў яе прадаць.

шахматная ладья гродно
Шахматная ладдзя, знойдзеная ў час раскопак у Гродне ў 1930-х. Фота: harodnia.com

У музеі гісторыі Магілёва быў цікавейшы выпадак — з мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» спрабавалі скрасці нямецкі танк.

Аляксей Бацюкоў: Чалавек сказаў, што ён вязе танк на здымкі на «Беларусьфільм». Падцягнуў цягач і звёз яго. А супрацоўнік музея гісторыі Магілёва, які ў гэты час працаваў на Буйнічах, яшчэ дапамагаў яму, бо паверыў, што сапраўды забіраюць для кіно. Мужчына адвёз танк кіламетраў на 50 у нейкую вёску і схаваў. Яго потым знайшлі, канешне.

немецкий танк Буйничи

Нямецкі танк PanzerBefehlswagen III Ausf E1, скрадзены з Буйніцкага поляТаму баланс паміж адкрытасцю і бяспекай — асобная задача для кожнага музея.

Як павінны выглядаць і функцыянаваць сучасныя музеі горада

Музей — гэта не статычная «скарбонка», упэўненыя вядучыя падкаста. Гэта жывы працэс, які патрабуе добрых спецыялістаў і сталай навуковай работы. Сёння актуальная тэндэнцыя — не проста расказваць пра вялікія падзеі, дасягненні ці «лічбы», а паказваць гісторыю праз лёсы канкрэтных людзей, праз гісторыі штодзённасці, больш гуманістычным спосабам.

Важна, каб экспазіцыю ствараў прафесійны экспазіцыйны мастак, а не проста работнікі музея. Менавіта ад таленту і падыходу спецыялістаў залежыць, ці будзе музей «жывым» і цікавым для наведвальнікаў.

Кадравы і фінансавы дэфіцыт

Кадравае і фінансавае забеспячэнне — адна з галоўных праблем беларускай музейнай справы. У большасці выпадкаў музеі фінансуюцца «па астаткавым прынцыпе», а грошы трапляюць у канцы года, калі трэба «асвоіць бюджэт». Гэта не дае магчымасці планаваць развіццё і падтрымліваць належны ўзровень працы.

«Горад-музей» як канцэпцыя: ілюзія ці рэальная перспектыва?

Гродна часта называюць «горад-музей», але ў рэчаіснасці гэта пакуль што толькі слоган. Яго паўтаралі не раз і ў 1980-х, і ў 2010-х. Ідэю дзесяцігоддзямі абмяркоўвалі на розных форумах, але яна дагэтуль не мае матэрыяльнага ўвасаблення. Падобным чынам абвяшчалі горадам-музеем Мсціслаў на Магілёўшчыне. Але і там далей слоганаў справа не пайшла.

Каб горад сапраўды стаў «музеем», трэба захоўваць старыя кварталы і дамы, проста перастаць зносіць тое, што захавалася, — але такі падыход пакуль не стаў нармальнай практыкай у беларускіх гарадах. Наадварот, часта старыя дамы і дворыкі знішчаюцца, а на іх месцы з’яўляюцца новыя «пад капірку» будынкі.

Аляксей Шота: У Гродне ёсць цэлыя раёны, якія можна было б музеефікаваць. Той жа самы знакаміты гродзенскі Новы свет, які можна было б зрабіць музеем па прынцыпе скансэна. Але звычайна ўсе размовы пра гэта заканчваюцца на тым, што чыноўнікі кажуць, што драўляная архітэктура гэта халупы і гэта стар’ё. Хаця прыклады рэстаўрацыі вельмі старых драўляных будынкаў ёсць і ў Гродне. Самы стары драўляны будынак Беларусі – лямус былога Брыгіцкага манастыра — падымалі на дамкраты, там вельмі сур’ёзная праца была па захаванні. Але гэта было тады, калі маглі ездзіць польскія спецыялісты і рабіць усё за грошы польскага міністэрства культуры і спадчыны. Зараз, думаю, было б ужо не правярнуць такую гісторыю.

Нават рэстаўрацыя гістарычных будынкаў у Беларусі часта звязана з заменай арыгінала на копію. Так здарылася, напрыклад, у савецкія часы з домам Элізы Ажэшкі ў Гродне, так адбываецца і зараз са старымі камяніцамі ў горадзе.

Якім павінен быць музей горада і дзе яго бракуе

Па меркаванні аўтараў падкаста, музеі горада павінны быць у кожным абласным цэнтры, у тым ліку ў Гродне і Віцебску, дзе пакуль што такіх устаноў няма. А таксама ў буйных раённых цэнтрах. Але для гэтага патрэбныя не толькі сродкі, але і разуменне: музей — гэта цэнтр вывучэння, захавання і асэнсавання гарадской гісторыі, месца дыялогу і стварэння супольнай памяці.

У якасці цікавага прыкладу новай формы музея Аляксей Бацюкоў прапаваў ідэю «музея на колах» — пераабсталяванага цягніка, які ездзіў бы па маршруце і адначасова служыў бы месцам захавання і перадачы памяці пра лакальную гісторыю. Такі цягнік хадзіў з Асіповічаў у адну з бліжэйшых вёсак, але гэты маршрут ужо скасавалі.

Фальшывыя жабракі і таямнічая інакіня Стэфаніда – выйшла новая відэалекцыя магілёўскага гісторыка

Магілёўскі гісторык Аляксей Бацюкоў працягвае выпуск гістарычных лекцый па мінуўшчыне Магілёўскага рэгіёна.

Новая лекцыя, што была апублікаваная 22 студзеня, прысвечана панараме гарадскога жыцця ў Магілёве 1620-х гадоў. 

Бацюкоў расказвае пра імкненне гарадскога магістрата абмежаваць у Магілёве наплыў несапраўдных жабракоў, якія просяць міласціню на вуліцах горада, хоць самі не маюць ніякіх хвароб і калецтваў. Наступная тэма лекцыі – дэтэктыўнае даследаванне Яраша Казана, які здолеў прадставіць на суд рабаўніка ягонай крамы, апазнаўшы ў руках злачынцы свой скрадзены талер.

Жыццё жанчыны ва ўмовах строгіх сацыяльных правілаў і забаронаў раскрываецца праз гісторыю з загадкавай інакіняй Стэфанідай, якая спрабавала памяняць сваю сацыяльную ролю. Чым адказала на гэта грамадства – можна даведацца з новай лекцыі гісторыка.