У Магілёве тры вагоны сышлі з рэек. Пацярпелых няма (абноўлена)

Аварыя адбылася непадалёк ад станцыі «Магілёў-2».

У выніку аварыі ніхто не пацярпеў, з рэек сышло тры вагоны. Адзін быў наладаваны бярвеннем, а два цэлюлозай. Затрымкі іншых саставаў не было.

Аварыя на Магілёўскай чыгунцы адбылася ў 14.10 на ўчастку дарогі каля станцыі «Магілёў -2» – паведамляе абласное МНС. Прычыны здарэння высвятляюцца.

Чыгуначнікі занятыя пастаноўкай вагонаў на рэйкі. Для гэтага выкарыстоўваецца адмысловы аднаўленчы цягнік.

фота з крыніц адкрытых у інтэрнэце

На Яўрэйскіх могілках талака – інвентарызуюць і аднаўляюць помнікі – фота, відэа

Шматгадовую ініцыятыву магілёўскай яўрэйскай грамады па аднаўленні яўрэйскіх могілак у Магілёве падтрымалі актывісты міжнароднага цэнтра «Сэфер». Для правядзення даследчых прац і інвентарызацыі помнікаў у горад прыехалі даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Масквы, Краснадара.

Яўрэйскія могілкі з’яўляюцца аднымі з самых насычаных старажытнымі помнікамі, мацэвамі – так у яўрэйскай культуры называецца каменнае надмагілле. 

Яны вядомыя з 1809 года. На ім захаваліся сотні помнікаў-мацэваў з надпісамі на іўрыце, вытанчанай разьбой у камяні, вершаванымі эпітафіямі. Яўрэйскія могілкі 

знаходзіцца на вуліцы Ольчынскай, па суседзтву з Машэкаўскімі могілкамі, на якіх хаваюць гараджан-хрысціян. 

фота: Актывісты Цэнтра «Сэфер» на яўрэйскіх могілках у Магілёве

На працягу дзесяцігоддзяў Яўрэйскія могілкі разбураліся і зарасталі хмызамі. Актывісты яўрэйскай грамады ўзяліся за іх аднаўленне у пачатку 2000-х. За апошнія гады яны адкрылі велічэзны масіў гістарычных пахаванняў, аналагаў якому па мастацкіх якасцях і па колькасці помнікаў больш няма ў Беларусі.

 

Цэнтр «Сэфер» на яўрэйскіх могілках дэтальна фіксуе кожны выяўлены помнік. Рэгіструецца яго матэрыял, наяўнасць надпісаў і эстэтычных, рэлігійных элементаў. На падставе сабранага матэрыялу даследчыкі цэнтру зрабяць пераклад усіх тэкстаў і выдадуць альбом, прысвечаны яўрэйскім могілкам у Магілёве.

Даследніцкія працы пачаліся 15 жніўня і ўжо далі плён. У глыбіні могілак выяўленыя дзясяткі не ўлічаных раней мацэваў. Іх лёс склаўся прыкра – многія з іх былі зрынутыя і раскіданыя новымі «насельнікамі» – людзьмі, што атрымалі ўчасткі пад захаванне ў 1970-х – 1980-х гадах.

Да аднаўлення Яўрэйскіх могілак далучыліся актывісты з каманды «Віра», якая займаецца падняццем і аднаўленнем занядбаных помнікаў на іншых гістарычных могілках Магілёва. Яны аднавілі адну з абрынутых мацэваў, якую раней немагчыма было падняць без спецыялізаванага абсталявання.

Расіянам не дазволілі вывезці буйную партыю беларускай гародніны

Двое грамадзянаў Расійскай Федэрацыі везлі з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Гэта выявілі магілёўскія мытнікі.

Адзначаецца, што затрыманне расіян стала вынікам «спецыяльнага мерапрыемства» супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з кантрабандай сумесна з супрацоўнікамі мсціслаўскага ДАІ»

«Паблізу беларуска-расійскай мяжы на тэрыторыі Мсціслаўскага раёну былі спыненыя дзве грузавыя машыны пад кіраваннем грамадзян Расійскай Федэрацыі» – паведамляе тэлеграм-канал «MOGILEVNEWS».

Што зрабілі з выяўленай кантрабанднай прадукцыяй, праўладны рэсурс не паведамляе.

 

“Вырасла на 40 працэнтаў”. На Магілёўшчыне фіксуюць рост хворых на каранавірус

За апошнія тры дні лабараторна пацверджаныя 40 выпадкаў захворвання на COVID-19.

У рэгіёне назіраецца рост хваробаў на рэспіраторныя інфекцыі. Яна выяўленая ў амаль 3,7 тысяч чалавек. Гэта на 10 працэнтаў больш, чым было на мінулым тыдні. Актывізавалася і захворванне COVID-19. За мінулыя 7 дзён яна вырасла на 40 працэнтаў. Статыстычных звестак афіцыйныя крыніцы не называюць.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Святлана Нячай запэўнівае, што «гэта не тыя лічбы, якія былі ў разгар распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі: за апошнія тры дні лабараторнае пацвярджэнне атрымалі 40 выпадкаў».

Святлана Нячай настойвае: сітуацыя застаецца кіраванай, комплексны падыход у барацьбе з хваробамі дае добрыя вынікі. Паводле яе «высокі працэнт прышчэпленых ад COVID-19 спрыяе разрыву эпідэміялагічных ланцужкоў, мінімізуе распаўсюджванне заражэння і яго клінічныя праявы».

«На сёння пацыенты з пацверджанай інфекцыяй аднаўляюць здароўе дома, знаходзячыся на амбулаторным лячэнні, і значна радзей маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Нашмат радзей хворыя адзначаюць страту смаку і нюху», адзначае Святлана Нячай, словы якой падае рэсурс mycity.by.

Па яе словах, у вобласці прышчэплены больш за 221 тысячу чалавек, або амаль 33 працэнты – гэты тыя, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі. Штодзень прышчэпку атрымліваюць больш як 5 тысяч жыхароў рэгіёну.

Днямі рост хворых на каранавірус прызнала Міністэрства аховы здароўя і параіла экстранна вакцынавацца.

«Мы бачым, што ўжо паціху выпадкі пачынаюць павялічвацца. І сітуацыя ў краінах вакол нас гэта паказвае. Каранавірус становіцца бліжэй да сезоннага. Чакаем, што ён будзе як і грып, але толькі будзе праходзіць крыху раней, чым грып», казала начальніца аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Паводле яе, беларуская медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі. Уздым захворванняў чакаецца ў верасні.

Пасля інтэрв’ю прадстаўніцы Міністэрства аховы здароўя каліва рэгіянальнай статыстыкі агучыла Святлана Нячай. 

Падчас актыўнай фазы пандэміі ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам на месцах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі. Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавіруса памерла больш за 7 тысяч беларусаў.

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскім абстрэлам разбураная школа (фота)

За час поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў Мікалаеве зазналі абстрэлы 49 мясцовых школ. З іх 4 разбураныя часткова або цалкам.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Апошнюю навучальную ўстанову, атакаваную расіянамі, інспектаваў мэр гораду Аляксандр Сянкевіч. На яе тэрыторыі ўзарваліся тры ракеты. Частка будынку цалкам разбурана, у астатняй – выбітыя вокны, дзверы, пашкоджаная маёмасць, піша Сянкевіч у сваім тэлеграм-канале. Па яго словах, да магчыма абстрэлу школу падрыхтавалі.

«Уся дарагая аргтэхніка са школы была эвакуявана аддзелам адукацыі ў першыя дні поўнамаштабнай вайны. У цяперашні час адтуль вывезена ўся ацалелая мэбля і навучальныя матэрыялы. Цяпер спецыялісты МНС (Міністэрства надзвычайных сітуацыяў – ММ) разбураць адну сцяну, аварыйную і небяспечную. На час вайны школу зачынілі» – адзначае  Сянкевіч.

Паводле яго, для педагагічнага калектыву, які застаўся ў горадзе, арганізуюцца працоўныя месцы ў іншых установах.

Тым часам, 68 мясцовых выпускнікоў здалі шматпрадметнае тэставанне на 200 балаў (максімальны паказчык ва Ўкране), паведамляе выданне Inshe.tv. Паводле яго, многія выпускнікі здалі рэспубліканскае шматпрадметнае тэставанне на бал, блізкі да максімальнага.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: t.me/senkevichonline

Навіны пабрацімаў. Рэкордныя аб’ёмы атрыманай з Украіны сельгаспрадукцыі экспартуецца з Клайпедскага порту

Мясцовая марская грузавая кампаніі «Bega» наладавала танкер 15 тысячамі тон украінскага сланечнікавага алею. Гэта адна з найбуйнейшых партый украінскіх грузаў, якую адправілі з Клайпедскага порту.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Танкер, які вывез алей, унікальны, бо ім раней выпраўлялі ў свет буйную партыю нафты, экспартаванай Украінай.

«Bega» працягвае атрымліваць як вадкую, так і сыпкую сельгаспрадукцыю з Украіны. У порце кампаніі зарэзервавалі частку грузапад’ёмнасці для ўкраінскіх тавараў. Акрамя алею, вывезеныя ўкраінская кукуруза ды збожжа.

Паводле прадстаўнікоў кампаніі, з мая яна прымае чыгуначныя саставы з кантэйнерамі і аўтамабільны транспарт, які вязе з Украіны як нафту, так і сыпкую сельгаспрадукцыю, піша інтэрнэт-рэсурс Atvira Klaipeda.

«Рыхтуючыся да сезону экспарту літоўскага збожжа, мы прынялі пэўныя інвестыцыі і арганізацыйныя рашэнні, каб падзяліць украінскія і літоўскія грузапатокі і забяспечыць іх бесперабойны прыём і пагрузку», кажа прадстаўнік кампаніі.

Цяпер, паводле яго, кампанія прымае і захоўвае як украінскую, так і літоўскую сельскагаспадарчую прадукцыю новага ўраджаю.

«Мы ўжо загружаем на караблі першыя партыі сёлетняга ўраджаю літоўскага рапсу і іншых збожжавых культур» – адзначае прадстаўнік кампаніі ў інтэрвʼю выданню.

Atvira Klaipeda піша кампанія «Bega» кіруе некалькімі тэрміналамі ў Клайпедскім порце, у тым ліку наліўных грузаў, які адаптаваны для перавалкі ўкраінскай нафты, сыпкіх угнаенняў, мінеральных матэрыялаў, цэменту.

Тэрмінал лічыцца адным з найбуйнейшых і сучасных для складавання сельскагаспадарчай прадукцыі ў Балтыйскім рэгіёне. У ім адначасова можа захоўвацца да 450 тысяч тон сыпкіх сельскагаспадарчых прадуктаў, а за год ён можа прапусціць праз сябе блізу 4 мільёнаў тон грузаў.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: atviraklaipeda.lt

Магілёўскі «Днепр» разгромна прайграў «Шахцёру». Трэнер: «Жахлівы дзень для магілёўскага футбола»

0:7 – такі лік магілёўскі стадыён «Спартак» бадай і не ўзгадае. Каманда Юрыя Лукашова можа супакойваць сябе толькі тым, што прайгралі дзейснаму чэмпіёну краіны, камандзе, якая ідзе на другім радку турнірнай табліцы. Але пры гэтым салігорскі «Шахцёр» ганебна вылецеў з еўракубкаў – тыдзень таму іх з трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый выбіў сціплы румынскі «Клуж».

Салігорскі клуб здолеў вярнуць сабе баявы настрой, а магілёўскі – атрымаў гучную аплявуху пасля валявой перамогі над бабруйскай «Белшынай» у мінулым туры. Тады канчатковы лік 4:3 на карысць «Дняпра» быў усталяваны на апошняй хвіліне.

Сем удараў – сем галоў

«Калі верыць статыстыцы – піша адзін з заўзятараў на старонцы клуба ў VK – то было зроблена 7 удараў у створ варот. Цікава, калі паставіць мех бульбы, то «Шахцёр» перамог бы з лікам 6:0 пры такой колькасці ўдараў?»

Наведнікі гульні, якія сачылі за матчам на стадыёне, у адзін голас вінавацяць варатара каманды, Пяцігорца, якога тут жа паспелі празваць «Сямігольцам».

«Колькі яшчэ гэтае… (адрэдагавана) будзе стаяць у браме? У гэтым матчы як мінімум яго тры галы. З «Белшынай» два як мінімум варатарскіх. – піша іншы карыстальнік форума – Увесь матч маўчыць, хоць бы абароне нешта падказаў.

Іншыя ставяць у віну памылкі трэнера.

«Вось я быў на матчы. Трэнер проста… (адрэдагавана) назіраў за гульнёй. У «Шахцёра» два высокіх абаронцы, а мы ім – пастаянныя навесы. Незразумела, чаму».

Не здымае з сябе віны і сам галоўны трэнер «Дняпра» Юрый Лукашоў.

Галоўны трэнер: «Магчыма, я недзе паспяшаўся з заменамі»

sun9-69.userapi.com

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Юрый Лукашоў разгромную паразу “Дняпра” назваў “кашмарным днём для ўсяго магілёўскага футбола ў цэлым і для мяне ў прыватнасці”. 

 “Каментаваць тут асабліва няма чаго, – адзначыў ён. – Не думаю, што мы заслугоўвалі такога рахунку па гульні. Сёння зрабілі вельмі шмат памылак, якія сапернік не дараваў. Магчыма, я недзе паспяшаўся з заменамі. Таму што многія не ўзмацнілі гульню, а толькі аслабілі яе. Хаця хацелася асвяжыць, але атрымалася наадварот”.

 Юрый Лукашоў узначаліў каманду роўна месяц таму – пра гэта пісала Магілёў.media. З ім каманда ўжо двойчы вылятала з вышэйшай лігі, а ў гэтым годзе ў каманды і яе кіраўніка ёсць усе шанцы на «хет-трык» – «Днепр» замыкае турнірную табліцу з 9 баламі пасля 17 гульняў.

Наступны свой паядынак каманда Юрыя Лукашова праводзіць з яшчэ адным лідарам чэмпіянату. 21 жніўня магілёўцаў будзе прымаць барысаўскі БАТЭ.

 

У Магілёве перапахавалі прах пісьменніка Ігара Шклярэўскага, прывезены з Расіі

Месцам свайго вечнага спачыну літаратар абраў могілкі ў Магілёве. На тутэйшых Машэкаўскіх кладах пахаваныя бацькі Ігара Шклярскага. Ён завяшчаў, каб яго паклалі разам з імі. 14 жніўня ягоную волю выканалі брат і дачка пісьменніка.

«14 жніўня 2022 года назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Магілёва, як дзень апошняга вяртання паэта Ігара Шклярэўскага на радзіму, якая была ўслаўленая ў яго вершах, і якая заўсёды ганарылася сваім вялікім сынам», – адрэагаваў на навіну аб пахаванні праху літаратара на радзіме адзін з яго знаёмцаў.

Ігар Шклярэўскі нарадзіўся ў 1938 годзе ў Бялынічах, у сям’і настаўнікаў. Дзяцінства і юнацтва правёў у Магілёве. Затым выбраўся, як кажуць ягоныя калегі, скараць маскоўскія літаратурныя вышыні, але ніколі не забываўся аб сваёй малой радзіме.

Пра Ігара Шклярэўскага пішуць, што ён належаў да пакалення шасцідзясятнікаў. На пачатку творчага шляху сутыкнуўся з цэнзурнымі забаронамі. Набор першага зборніка вершаў «Я іду!» быў рассыпаны ў друкарні і выйшаў з купюрамі.

Як паэт Шклярэўскі дэбютаваў у 1969 годзе. Ён аўтар дух дзясяткаў вершаваных кніг. Многія з іх перакладзены на італьянскую, нямецкую, польскую і нават японскую мовы. Шклярэўскі – лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў.

Пісаў ён таксама прозу, пераважна кароткія эсэ і апавяданні.

Шклярэўскі пакутліва перажываў трагедыю беларускай зямлі, якую прынесла ёй Чарнобыльская катастрофа. Яго намаганнямі збіраліся сродкі для пацярпелых ад Чарнобылю.

Дзяржаўную прэмію, атрыманую ў 1987 годзе, ён патраціў на высаджванне лесу ў Беларусі. Гэтак літаратар зрабіў унёсак у справу пераадолення барацьбы землякоў-беларусаў з радыяцыйным забруджваннем радзімы. Высаджаны ім лес названы «Лесам паэта Шклярэўскага».

Пра Ігара Шклярэўскага кажуць, што ён быў заўзятым гульцом, захапляўся рулеткай, картамі, більярдам і разнастайнымі латарэямі.

Памёр Ігар Шклярэўскі 7 верасня 2021 году, не адужаўшы наступстваў COVID-19.

 

Якія самыя высокія зарплаты сярод магілёўскіх вакансій – паглядзелі для вас, што прапануе цэнтр занятасці

У верхніх радках – кіраўнікі ды начальнікі, але ёсць прыстойныя зарплаты і для сапраўдных рабацяг.

У Магілёве на актуальны момант больш за 2 200 вакансій на рынку працы для шараговых суіскальнікаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў вольных месцаў прапануюцца мэтанакіравана інвалідам і пенсіянерам.

Самы вялікі заробак – 2 397 рублёў – абяцаюць на прадпрыемства «Ольса» на пасадзе начальніка цэху. Кар’ернае абмежаванне толькі адно – патрэбна вышэйшая адукацыя. «Ольса», між іншым, адзін з лідараў па «паталкам» зарплат для розных катэгорый працаўнікоў. Майстар, напрыклад, тут можа атрымліваць 1 410 рублёў, а слесар-сантэхнік 1 242, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у гэтых прафесіях на рынку працы.

Яшчэ адзін лідар па ўзроўні прапанаваных зарплат – домабудаўнічы камбінат. Працаўнікам тут прапануюць 1 200 – 1 400 рублёў, а маляру наагул 1 500.

Другі радок па ўзроўню зарплаты належыць заводу «Чырвоны металіст». Кіраўнік на гэтым прадпрыемстве можа разлічваць на 2 000 рублёў. Трэці радок дзеляць прадстаўнікі таксама кіроўных пасад – кіраўнік у структуры «Жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці» і начальнік цэху на «Магілёўдрэве». Ім прапануюць па 1 800 рублёў.

Бліжэй за ўсіх да кіроўных пасадаў па ўзроўню зарплат сярод звычайных рабацяг падбіраюцца супрацоўнікі «Беларускай чыгункі». Машыніст дызель-электрапоезда можа разлічваць на 1 750 рублёў, а машыніст цеплавоза – на 1 600.

У Магілёве біліся малалеткі двор на двор – відэа (асцярожна, нецэнзурная лексіка)

Дзве групы маладзёнаў старэйшага і малодшага падлеткавага ўзросту сабраліся з відавочна агрэсіўнымі намерамі пад вокнамі жылога дому. Нецэнзурнай лаянкай завадатары абедзвюх груповак запалохвалі праціўніка ды падбухторвалі паплечнікаў да эскалацыі.

Аддаліўшыся ад акон і балконаў, яны ўсчалі сутычку. У эпіцэнтры апынуліся два маладзёны, якія біліся сам на сам. Па перамозе аднаго з іх калектыўная бойка згасла і кампанія ўзбуджанай разышлася.

Калектыўная сутычка моладзі адбылася на ўскрайку вуліцы Крывуліна блізу 21 гадзіны. Амаль адразу на месца бойкі прыехала патрульная машына.

Відэа бойкі (асцярожна, шмат нецэнзурнай лаянкі!): 

 

Масавыя дваравыя бойкі – рэдкасць для цяперашняй Беларусі. Росквіт баёў «раён на раён» прыходзіўся на 1970-я 1980-я гады. Тады моладзь у гарадах і мястэчках ад няма чаго рабіць арганізоўвала групавыя ходкі для высвятлення адносін паміж жыхарамі розных мікрараёнаў.

Мяркуецца, што гэтая традыцыя сфармавалася ў выніку ўрбанізацыі, але ў найноўшы час страціла сваю актуальнасць – моладзь пераважна сядзіць па дамах, занятая гаджэтамі.