Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскім абстрэлам разбураная школа (фота)

За час поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў Мікалаеве зазналі абстрэлы 49 мясцовых школ. З іх 4 разбураныя часткова або цалкам.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Апошнюю навучальную ўстанову, атакаваную расіянамі, інспектаваў мэр гораду Аляксандр Сянкевіч. На яе тэрыторыі ўзарваліся тры ракеты. Частка будынку цалкам разбурана, у астатняй – выбітыя вокны, дзверы, пашкоджаная маёмасць, піша Сянкевіч у сваім тэлеграм-канале. Па яго словах, да магчыма абстрэлу школу падрыхтавалі.

«Уся дарагая аргтэхніка са школы была эвакуявана аддзелам адукацыі ў першыя дні поўнамаштабнай вайны. У цяперашні час адтуль вывезена ўся ацалелая мэбля і навучальныя матэрыялы. Цяпер спецыялісты МНС (Міністэрства надзвычайных сітуацыяў – ММ) разбураць адну сцяну, аварыйную і небяспечную. На час вайны школу зачынілі» – адзначае  Сянкевіч.

Паводле яго, для педагагічнага калектыву, які застаўся ў горадзе, арганізуюцца працоўныя месцы ў іншых установах.

Тым часам, 68 мясцовых выпускнікоў здалі шматпрадметнае тэставанне на 200 балаў (максімальны паказчык ва Ўкране), паведамляе выданне Inshe.tv. Паводле яго, многія выпускнікі здалі рэспубліканскае шматпрадметнае тэставанне на бал, блізкі да максімальнага.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: t.me/senkevichonline