Якія самыя высокія зарплаты сярод магілёўскіх вакансій – паглядзелі для вас, што прапануе цэнтр занятасці

У верхніх радках – кіраўнікі ды начальнікі, але ёсць прыстойныя зарплаты і для сапраўдных рабацяг.

У Магілёве на актуальны момант больш за 2 200 вакансій на рынку працы для шараговых суіскальнікаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў вольных месцаў прапануюцца мэтанакіравана інвалідам і пенсіянерам.

Самы вялікі заробак – 2 397 рублёў – абяцаюць на прадпрыемства «Ольса» на пасадзе начальніка цэху. Кар’ернае абмежаванне толькі адно – патрэбна вышэйшая адукацыя. «Ольса», між іншым, адзін з лідараў па «паталкам» зарплат для розных катэгорый працаўнікоў. Майстар, напрыклад, тут можа атрымліваць 1 410 рублёў, а слесар-сантэхнік 1 242, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у гэтых прафесіях на рынку працы.

Яшчэ адзін лідар па ўзроўні прапанаваных зарплат – домабудаўнічы камбінат. Працаўнікам тут прапануюць 1 200 – 1 400 рублёў, а маляру наагул 1 500.

Другі радок па ўзроўню зарплаты належыць заводу «Чырвоны металіст». Кіраўнік на гэтым прадпрыемстве можа разлічваць на 2 000 рублёў. Трэці радок дзеляць прадстаўнікі таксама кіроўных пасад – кіраўнік у структуры «Жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці» і начальнік цэху на «Магілёўдрэве». Ім прапануюць па 1 800 рублёў.

Бліжэй за ўсіх да кіроўных пасадаў па ўзроўню зарплат сярод звычайных рабацяг падбіраюцца супрацоўнікі «Беларускай чыгункі». Машыніст дызель-электрапоезда можа разлічваць на 1 750 рублёў, а машыніст цеплавоза – на 1 600.