Каткавец

Каткавец праінспектавала палі Слаўгарадчыны і дала каштоўныя ўказанні

Надзея Каткавец праінспектавала Слаўгарадскі раён: «Прывольны-Агра» ў Ржаўцы, рапсавыя палі «Заранскага» пад Безуевічамі, будаўніцтва малочна-таварнага комплексу. Сітуацыя, паводле вынікаў паездкі, «цалкам спакойная і рабочая».

Каткавец дала каштоўныя ўказанні кіраўніцтву раёна з пазіцыі кандыдата эканамічных навук і аўтара «знакамітага» трактата «Механізм дзяржаўнага рэгулявання развіцця аграпрамысловай вытворчасці Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах».

У навуку Надзея Іванаўна падалася ўжо на пенсіі, а на працягу сваёй кар’еры, якая стала магчымай дзякуючы даўняму знаёмству з Лукашэнкам, калі чым і вылучалася, дык толькі прымітыўнай манерай выступленняў.

Слаўгарадскі раён – тое самае месца, дзе каштоўны досвед галоўнага эканаміста шклоўскага саўгаса «Гарадзец» можна паспяхова прымяняць на практыцы.

У Слаўгарадзе таксама любяць складаць быліны пра росквіт раёна паводле шаблону казкі пра саўгас-мільянер пад мудрым кіраўніцтвам Лукашэнкі.

Ніякіх доказаў гэтаму няма, як няма і доказаў таго, што ўборачная ў Слаўгарадзе ідзе паспяхова – у справаздачы пра прыезд Каткавец няма ніводнай лічбы.

Пра тое, як спрацаваў «механізм дзяржаўнага рэгулявання» і ці вывеў ён Слаўгарадчыну з ліку аўтсайдараў, мы даведаемся пазней. А пакуль вядома толькі тое, што гэты раён бесперапынна, ужо адзінаццаць гадоў, жыве ў рэжыме асаблівай дзяржаўнай падтрымкі.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва