У Магілёве перапахавалі прах пісьменніка Ігара Шклярэўскага, прывезены з Расіі

Месцам свайго вечнага спачыну літаратар абраў могілкі ў Магілёве. На тутэйшых Машэкаўскіх кладах пахаваныя бацькі Ігара Шклярскага. Ён завяшчаў, каб яго паклалі разам з імі. 14 жніўня ягоную волю выканалі брат і дачка пісьменніка.

«14 жніўня 2022 года назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Магілёва, як дзень апошняга вяртання паэта Ігара Шклярэўскага на радзіму, якая была ўслаўленая ў яго вершах, і якая заўсёды ганарылася сваім вялікім сынам», – адрэагаваў на навіну аб пахаванні праху літаратара на радзіме адзін з яго знаёмцаў.

Ігар Шклярэўскі нарадзіўся ў 1938 годзе ў Бялынічах, у сям’і настаўнікаў. Дзяцінства і юнацтва правёў у Магілёве. Затым выбраўся, як кажуць ягоныя калегі, скараць маскоўскія літаратурныя вышыні, але ніколі не забываўся аб сваёй малой радзіме.

Пра Ігара Шклярэўскага пішуць, што ён належаў да пакалення шасцідзясятнікаў. На пачатку творчага шляху сутыкнуўся з цэнзурнымі забаронамі. Набор першага зборніка вершаў «Я іду!» быў рассыпаны ў друкарні і выйшаў з купюрамі.

Як паэт Шклярэўскі дэбютаваў у 1969 годзе. Ён аўтар дух дзясяткаў вершаваных кніг. Многія з іх перакладзены на італьянскую, нямецкую, польскую і нават японскую мовы. Шклярэўскі – лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў.

Пісаў ён таксама прозу, пераважна кароткія эсэ і апавяданні.

Шклярэўскі пакутліва перажываў трагедыю беларускай зямлі, якую прынесла ёй Чарнобыльская катастрофа. Яго намаганнямі збіраліся сродкі для пацярпелых ад Чарнобылю.

Дзяржаўную прэмію, атрыманую ў 1987 годзе, ён патраціў на высаджванне лесу ў Беларусі. Гэтак літаратар зрабіў унёсак у справу пераадолення барацьбы землякоў-беларусаў з радыяцыйным забруджваннем радзімы. Высаджаны ім лес названы «Лесам паэта Шклярэўскага».

Пра Ігара Шклярэўскага кажуць, што ён быў заўзятым гульцом, захапляўся рулеткай, картамі, більярдам і разнастайнымі латарэямі.

Памёр Ігар Шклярэўскі 7 верасня 2021 году, не адужаўшы наступстваў COVID-19.