У магілёўскім СІЗА забаранілі даваць інфармацыю аб арыштаваных не іх родным

Дзяжурныя магілёўскага СІЗА, якое знаходзіцца ў складзе турмы №4, атрымалі распараджэнне не даваць інфармацыю аб арыштаваных не іх родным.

Распараджэнне было атрымана дзяжурнымі напачатку тыдня, піша Mayday. Пры гэтым сам начальнік пайшоў у адпачынак.

Па звестках праваабаронцаў, такія ж правілы сталі дзейнічаць у мінскім СІЗА-1.

Раней інфармацыю пра месцазнаходжанне арыштаванага ў чаканні апеляцыі (да ўступлення прысуду ў законную сілу) давалі без праблем любому, хто звярнуўся да дзяжурнага. Грамадзяне, якія пражываюць у іншых гарадах, карысталіся гэтым і прасілі знаёмых даведацца, ці знаходзіцца іх арыштаваны сваяк у СІЗА, ці ўжо этапаваны ў калонію.

Цяпер такую інфармацыю не даюць. Сваякі арыштаваных павінны асабіста прыбыць у СІЗА і прад’явіць дакументы. Аднак, як атрымалася даведацца выданню, у СІЗА некаторых іншых гарадоў парадак застаўся ранейшым.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве закрылі краму з пратэрмінаванай вадкасцю для вэйпаў – ад 128 да 463 дзён

У Магілёве прыпынілі працу гандлёвай кропкі, дзе прадавалі вадкасць для электронных цыгарэт з пратэрміноўкай і без абавязковых дакументаў.

Парушэнні зафіксавалі правяраючыя з Камітэта дзяржкантроля ў адным з гандлёвых цэнтраў горада. Праверка паказала, што на паліцах знаходзілася вадкасць для вэйпаў з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці – пратэрміноўка складала ад 128 да 463 дзён.

Акрамя таго, больш за 60 адзінак прадукцыі прадаваліся без уніфікаваных кантрольных знакаў, якія сведчаць пра законнае паходжанне тавараў і праходжанне імі абавязковага дзяржаўнага кантролю.

Таксама ўладальнік гандлёвай кропкі не змог прадставіць сертыфікаты адпаведнасці на частку асартыменту. На асобных таварах адсутнічала і абавязковая інфармацыя для спажыўцоў – звесткі пра вытворцу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання і іншыя дадзеныя, прадугледжаныя нарматыўнымі дакументамі.

Па выніках праверкі Камітэт дзяржаўнага кантролю прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці гандлёвага аб’екта. 

Фотаздымак: cloud-smoke.com

Чарговы «бэстсэлер» Азаронка пакажуць у магілёўскіх кінатэатрах

Магілёўцы застылі ў салодкім прадчуванні – хутка прэм’ера фільма Грыгорыя Азаронка.

Не паспелі магілёўскія гледачы ачуняць ад паказаў прапагандысцкіх фільмаў «Класная» і «Пераломны момант», як іх ужо чакае новы ўдар – у кінатэатрах «Космас» і «Радзіма» 12 і 13 лютага адпаведна пройдуць прэм’ерныя паказы фільма «Душа абаронцы» Грыгорыя Азаронка.

Адзін з самых «таленавітых» паслядоўнікаў Федэрыка Феліні час ад часу здымае кінашэдэўры, параўнальныя па «магутнасці» хіба што з працамі іншага беларускага прапагандыста Андрэя Мукавозчыка, які таксама абвясціў сябе сцэнарыстам.

Фільм Азаронка прымеркаваны да Дня абаронцы Айчыны, а глядачоў на яго, як заўсёды, давядзецца зганяць па разнарадцы аблвыканкама. Так, як гэта было з «Класнай» і «Пераломным момантам».

У выпадку з гэтымі фільмамі магілёўцы лёгка аддзелаліся – пасмяяліся і забыліся. А вось стужка Грыгорыя, у дадатак да ўсіх бедаў, яшчэ і не гульнявая.

«Магілёўскія ведамасці» пагражаюць жыхарам вобласці тым, што на прэм’еру Азаронак прыбудзе асабіста, а «Душой абаронцы» ім давядзецца «цешыцца» цэлы год.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

У Магілёве прайшло шэсце з абразом Мікалая Крывавага да месца масавых растрэлаў

Каля 150 праваслаўных актывістаў прайшлі 8 лютага 2026 года шэсцем ад Царквы царскіх пакутнікаў да месца масавых растрэлаў 1930-х гадоў каля мясакамбіната.

Мерапрыемства было прымеркавана да Дня памяці Сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай. Адным з такіх ёсць былы расійскі імператар Мікалай ІІ, які разам з сям’ёй быў расстраляны бальшавікамі ў 1918 годзе. Да гэтага, пасля гібелі сотняў людзей на святкаваннях у гонар яго каранцыі ў 1896 годзе (падзеі на Хадынцы) і расстрэла па яго загаду дэманстрацыі рабочых 9 студзеня 1905 года (Крывавая нядзеля), гэты цар атрымаў народную мянушку Крывавы. 

Напачатку ў царкве каля Плошчы Славы прайшло набажэнства, якое праводзіў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Затым калона з харугвамі вырушыла ў бок месца масавых расстрэлаў, што знаходзіцца насупраць Магілёўскага мясакамбіната.

Удзельнікі акцыі неслі некалькі абразоў з выявай былога цара і яго сям’і. Сярод праваслаўнай сімволікі быў заўважаны расійскі імперскі чорна-жоўта-белы сцяг з двухгаловым арлом. На месцы масавых расстрэлаў ля кар’ера каля прыпынку “Мясакамбінат” на праспекце Дзімітрава адбылося яшчэ адно кароткае памінальнае набажэнства.

Варта адзначыць, што на месцы каля кар’ера ад канца 1980-х гадоў збіралася дэмакратычная грамадскасць, каб ушанаваць памяць загінулых падчас савецкіх рэпрэсій ХХ стагоддзя. Там жа былі ўсталяваныя памятныя крыжы, а акцыі праводзіліся пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Паколькі крыжы былі драўляныя, з часам яны трухнелі. Некалькі гадоў таму праваслаўная царква ўсталявала там каменны крыж з надпісам пад ім “Сей крест воздвигнут в память рабов Божиих, безвинно убиенных во дни лихолетья 20-30 годов ХХ века”.

Фотаздымак: mogeparhia.by

Магілёўская прапагандыстка Петрусевіч загаварыла на нейралінгвістычным дыялекце

Вядучая магілёўскага тэлеканала Віталіна Петрусевіч усё часцей выступае эксперткай па музычным ШІ-генератары Suno пятай версіі і блішчыць інтэлектам.

Галоўная экспертка «па ўцекачах» магілёўскага тэлеканала Віталіна Петрусевіч дэманструе немалыя веды ў нейралінгвістычным праграмаванні і спрабуе суцешыць Лукашэнку, які ўсур’ёз баіцца, што штучны інтэлект умяшаецца ў пабудаваную ім сістэму вертыкаляў і гарызанталяў прымітывізма.

Нядаўна Віталіна высвятляла, хто ж усё-такі выканаў песню «Ярмарка судеб» у шоу Андрэя Малахава «Песни от всей души» – магілёўская спявачка Алена Тарасенка ці яе ШІ-версія.

Тэма настолькі спадабалася прапагандыстцы, што яна пачала разважаць пра штучны інтэлект і ў іншых выпусках аўтарскай праграмы «Версія Петрусевіч».

У Віталіны мноства трызненных версій, дзе яна з задавальненнем аперуе наборам модных слоў, спрабуючы прадэманстраваць гледачам узровень свайго інтэлекту.

Нават хрышчэнскае купанне Лукашэнкі ў начной кашулі дам віктарыянскай эпохі Петрусевіч назвала магутным «невербальным мэсэджам».

Фота з адкрытых крыніц.

Спецслужбы Беларусі спрабуюць наладзіць кантакт з палітэмігрантамі з Магілёва

Да шэрагу магілёўцаў, якія з палітычных прычын пакінулі радзіму, пачалі прыходзіць паведамленні ад незнаёмых з прапановай паразмаўляць.

Такія паведамленні пачалі прыходзіць у сацыяльныя сеткі магілёўцаў, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу. Mogilev.media вядомы тры выпадкі, калі да былых жыхароў Магілёва ў мэсэнджары Фэйсбука пісаў нейкі Ares Rest з адраса @ares.rest.2025. Ён цікаваіўся ў таго ці іншага палітэмігранта справамі “ўдалечыні ад роднага горада” і пытаўся, якім чынам можна паразмаўляць.

Некаторыя магілёўцы вырашылі апублічыць гэтыя спробы наладжвання кантактаў з боку лукашэнкаўскіх спецслужб. Так, журналіст Уладзімір Лапцэвіч выклаў у Фэйсбук скрыншот паведамлення, суправадзіўшы словамі: “Вось такое паведамленне прыйшло днямі ў мэсэджар ФБ. Перад тым, як яго выдаліць, зрабіў скрыншот, каб засталася памяць”. 

Аб падобным паведамленні распавёў у каментары да паста Лапцэвіча экаактывіст Сяргей Пехцераў. У скрыншоце, які дадаў Сяргей, суправадзіўшы словамі “у мяне такі пакемон”, да яго аб жаданні паразмаўляць звяртаецца нейкі Антон нібыта з Магілёва.

Саркастычным расповядам суправадзіла сваю кароткую перапіску з Ares Rest актывістка Святлана Кутковіч. “Сеанс таннага гіпнозу ад “таварыша маёра”

​Знаёмцеся, гэта Ares Rest – мяркуючы па ніку, “бог вайны” на дзяржслужбе, а па факце – звычайны майстар эпісталярнага жанру ў пагонах. ​Вырашыла апублічыць гэты шэдэўр аператыўнай думкі, каб вы разумелі, на якім узроўні цяпер знаходзіцца “інтэлектуальны штурм” у РБ”, – напісала Святлана напачатку свайго расповяда ў Фэйсбуку.

Варта адзначыць, што час з’яўлення гэтых паведамленняў у магілёўскіх палітэмігрантаў супаў са з’яўленнем у пабліку “Могилев Live” у Фэйсбуку рубрыкі “Нашы за мяжой”. У мінулым незалежны, а цяпер цалкам праўладны паблік таксама  спрабуе даведацца аб жыцці эмігрантаў і прапануе ім распавесці пра сваё жыццё ў іншых краінах. 

Калі прааналізаваць паведамленні Ares Rest да Святланы Кутковіч і тэкст у “Могилев Live”, то агульнай рысай там ёсць жаданне невядомых пачуць, пра што чалавек сумуе. У гэтым яскрава бачна спроба ўзмацніць пачуццё настальгіі ў палітэмігрантаў і на гэтай падставе, хутчэй за ўсё, нешта прапанаваць. 

Такім чынам лукашэнкаўскія спецслужбы не толькі псіхалагічна чапляюць чалавека з мэтай альбо вярбоўкі, альбо вяртання, але і падстаўляюць пад імаверны крымінальны пераслед з боку праваахоўных органаў той дзяржавы, дзе знаходзіцца палітычны ўцякач. Напрыклад, у Польшчы нават заява аб гатоўнасці супрацоўнічаць з замежнымі спецслужбамі згодна з Крымінальным кодэксам з’яўляецца злачынствам і караецца вялікімі тэрмінамі зняволення. 

Фотаздымак: grodnonews.by

Пажары на Магілёўшчыне пачыналіся з сутарэнняў

У Магілёве гарэў Быхаўскі рынак, у Бабруйску – жылы дом. У абодвух выпадках крыніцы ўзгарання знаходзіліся ў падвале.

Учора на Быхаўскім рынку Магілёва загарэўся гандлёвы павільён. Агнём было пашкоджана маёмасць. Крыніца ўзгарання знаходзілася ў падвале, агонь успыхнуў менавіта там.

У той жа дзень у аддзел МНС Бабруйска паступіла паведамленне пра пажар у пяціпавярховым доме на вуліцы Гарэліка. Ачаг узгарання таксама знаходзіўся ў падвале. Бабруйскія ратавальнікі вывелі на вуліцу пяць чалавек, якім спатрэбіліся дыхальныя маскі. Яшчэ трох жыхароў эвакуіравалі. 

Пацярпелых няма. Пасля таго як агонь патушылі, а пад’езд праветрылі, людзі змаглі вярнуцца ў свае кватэры.

Прычыны пажараў высвятляюцца.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

На трасе М-4 Магілёў – Мінск з’явіцца лазерная падсветка

Зялёныя і чырвоныя лазерныя промні павінны з’явіцца сёлета на трасе М-4 Магілёў – Мінск, як адной з найбольш загружанай у краіне.

Такая падсветка, па меркаванні начальніка УУС Мінскага аблвыканкама Андрэя Любімава, павінна павысіць канцэнтрацыю кіроўцаў і не даць ім заснуць за рулём. Лазерныя промні будуць свяціць і на трасе М-1, якая не праходзіць па тэрыторыі Магілёўшчыны, Брэст – Мінск – мяжа Расіі. Гэтыя дзве аўтатрасы лічацца самымі загружанымі ў Беларусі.

Паводле міліцэйскага чыноўніка, ідэю ўсталяваць такую падсветку беларускія даішнікі перанялі з Казахстана. Там, у сваю чаргу тлумачылі, што галоўная мэта такога новаўвядзення – прафілактыка адной з найбольш распаўсюджаных прычын ДТЗ у начны час сутак – дрымотнасці за рулём. Лазерны прамень, ствараючы стымулюючы візуальны эфект, дапамагае прыцягваць увагу кіроўцаў, прадухіляе страту канцэнтрацыі і спрыяе абуджэнню пры першых прыкметах стомленасці.

Фотаздымак: tengrinews.kz

Магілёўскага кіроўцу аўтобуса асудзілі за лайкі ў “Аднакласніках”

Кіроўцу аўтобуса з Магілёва Андрэя Шмаянкова асудзілі па палітычных артыкулах за лайкі, пастаўленыя ім у сацсетцы «Аднакласнікі».

Андрэю Шмаянкову 52 гады. Ён жыве ў Магілёве, а яго юнацкія гады прайшлі ў Крычаве, дзе ён вучыўся ў абласным ліцэі №4. Як высветліла “Наша ніва”, раней ён часова працаваў у Расіі: мінулым летам, напрыклад, быў кіроўцам маршруткі ў падмаскоўным Звянігарадзе, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь.

Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, Шмаянкоў захапляецца тэхнікай, асабліва савецкімі матацыкламі і з’яўляецца прыхільнікам маркі «Ява». На яго старонцы шмат фотаздымкаў транспарту, а таксама допісаў, прысвечаных правілам дарожнага руху. У вольны час ён любіць адпачынак на прыродзе і збор грыбоў. У Андрэя ёсць жонка і сын.

Пераслед магілёўца пачаўся з-за яго старонкі ў «Аднакласніках». Асаблівасць гэтай сацсеткі ў тым, што лайк пад публікацыяй аўтаматычна адлюстроўваецца ў стужцы карыстальніка і фактычна працуе як рэпост. Многія карыстальнікі пра гэта не ведаюць. Як мяркуецца, Шмаянкоў некалькі разоў паставіў лайкі пад палітычнымі допісамі ў 2020 годзе і мог з цягам часу проста забыцца пра гэта.

Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Андрэя Шмаянкова вінаватым у паклёпе на беларускага дыктатара і ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў. Яму прысудзілі пакаранне ў выглядзе накіравання ў калонію або на «хімію», аднак дакладны тэрмін пакарання пакуль невядомы.

Фотаздымак з «Аднакласнікаў»

На “Магатэксе” мёрзнуць працаўнікі але прафсаюзам гэта норм – “ёсць лакальныя кропкі холада”

Работнік “Магатэкса” паскардзіўся на холад на працы. Прафсаюз пагадзіўся з праблемай, але прызнаў яе не крытычнай.

З праверкай па скарзе на холад, пры якім немагчыма нармальна працаваць, на ААТ “Магатэкс” прыехаў тэхнічны інспектар працы прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Сяргей Індзюхін.

Пахадзіўшы па цэхах і паглядзеўшы на тэрмометры, ён заявіў, што “сітуацыя ў цэлым не носіць крытычнага характару, аднак ёсць лакальныя кропкі холада, якія патрабуюць адраснай увагі”.

Не крытычнай, па меркаванні інспектара, ёсць сярэдняя тэмпература па прадпрыемству ад 16 да 18,6 градусаў цяпла. Гэта значыць, што ў якім-небудзь цеплапункце альбо кабінеце гендырэктара больш за 20, а ў цэхах сапраўды “холад сабачы”. Пры чым інспектар прызнае, што ў асобных зонах тэмпература ўвогуле каля 13 градусаў. Згодна санітарным нормам для гэтай вытворчасці, аптымальнай там з’яўляецца тэмпература каля 19 градусаў.

“Плюс-мінус невялікая разбежка ў дадзеных умовах цярпіма” – лічыць інспектар, які сам працуе ў цёплым кабінеце. Ён выказаў даволі дзіўнае сцвярджэнне, што “працэс паляпшэнняў ўжо запушчаны”, бо супрацоўнікі ў больш прахалодных зонах забяспечаны уцепленай спецвопраткай. Ці параіў інспектар закупіць для работнікаў, якія мёрзнуць на “Магатэксе”, цуда-курткі з падагрэвам, што цяпер выпускаюцца на бабруйскай фабрыцы “Славянка” – не паведамляецца.

Відаць, выключна, каб не злаваць кіраўніцтва “Магатэкса”, якое дапусціла такі холад у цэхах, інспектар “замест прадпісанняў засяродзіўся на практычных рэкамендацыях, накіраваных на павышэнне энергаэфектыўнасці без маштабных выдаткаў”. Гэта значыць, як вялікі спецыяліст па ўцяпленні, ён параіў заткнуць шчыліны і пачысціць цеплаабменнікі ад пылу. Да яго на “Магатэксе” такія рэкамендацыі, відаць, даць не мог ніхто.

У адказ на такія лагодныя паводзіны “змагара за працоўныя правы” кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла, што калі-небудзь яно закупіць нейкае новае абсталяванне і прыме меры па лакальным уцяпленні. 

Фотаздымак: mogilev.1prof.by