18 ліпеня ў гісторыі. Пажар ў Рыме. Уцёкі польскага караля. Перамога Т. Касцюшкі. Путч у Іспаніі

64 год. У ноч з 18 на 19 ліпеня, пачаўся жудасны пажар у Рыме.

За тыдзень пажару з 14 раёнаў выгарэла ўшчэнт 4, большай часткай – 7. Мноства цудоўных храмаў, палацаў і грамадскіх збудаванняў ператварылася ў руіны, сотні гараджан загінулі, паўсюль панавала паніка.

Нарадзіліся чуткі, што Рым падпалены па загадзе імператара Нерона, які задумаў “расчысціць” сталіцу для далейшай грандыёзнай перабудовы. Сам Нерон апрануты ў тэатральны касцюм назіраў за пажарам, граў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі.

Нерон абвінаваціў у пажары хрысціянскую абшчыну, справакаваўшы, такім чынам, першыя ў Рымскай імперыі ганення на хрысціян.

1574 год. Пабыўшы крыху больш за год польскім каралём і Вялікім князем ВКЛ, Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Каралём Францыі ён зрабіў занадта шмат саступак пратэстантам і праз 15 гадоў быў зарэзаны манахам-фанатыкам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі.

1613 год. Памёр Іпацій (Адам) Пацей (1541-1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ.

Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць.

Першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1792 год. Армія ВКЛ на чале з Т. Касцюшкам разбіла расійскае войска М. Кахоўскага пад Дубенкай.

Касцюшка адбіў атаку праціўніка, які колькасна пераўзыходзіў яго, умела выкарыстоўваючы перашкоды мясцовасці і палявыя ўмацаванні. Маючы толькі 5 300 жаўнераў ён перамог 25 000 рускіх. Перамога паказала геніальнасць Касцюшкі.

1903 год. У Магілёве ўрачыста закладзены Трохсвяціцельскі храм.

Храм у імя Трох Свяціцеляў праваслаўнай царквы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста. Архітэктар П.Калнін.

Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.

Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сямю купаламі, над уваходам – званіца.

У час знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага сабор часта наведваў расійскі імператар Мікалай II.

З невялікімі перапынкамі царква дзейнічала да 1959 года. У 1961 годзе зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.

1909 год. У в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна нарадзіўся Андрэй Грамыка (1909-1989).

Савецкі дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, дыпламат. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Кіраўнік дэлегацыі СССР на 22-х сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў СССР (1957-1985).

На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, прадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.

Памяць ўшанавана ў Гомелі (бюст, сквер), г. Ветка (вуліца, СШ № 1, помнік).

Памёр 2 ліпеня 1989 года.

1936 год. Адбыўся ваенны путч у Іспаніі. Пачалася грамадзянская вайна.

Вайна (ліпень 1936 – красавік 1939) паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка. У ёй прымалі ўдзел на баку рэспубліканаў некалькі соцень беларусаў з 2 100 савецкіх “дабраахвотнікаў”.

Першымі Героямі Савецкага Саюза – беларусамі ў 1936 годзе сталі менавіта ўдзельнікі гэтай вайны Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, першым Двойчы Героем у СССР стаў удзельнік вайны ў Іспаніі беларус Сяргей Грыцавец.

1939 год. Нарадзіўся Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Віцебскай суполкі мастакоў.

Яго творы знаходзяцца ў калекцыях як Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, так і самых вялікіх і прадстаўнічых сусветных музеяў, такіх як The Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку, Траццякоўская галерэя ў Маскве.

1943 год. У баі з карнікамі ў Бялыніцкім раёне загінуў 17-гадовы Леанід Лорчанка (1925-1943).

Падпольшчык і партызан 600-га партызанскага атрада.

Нарадзіўся ў Магілёве.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон.

У ліпені 1943 года яго атрад адбіваў атакі карнікаў. 18 ліпеня каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна група прыкрыцця, у якую быў уключаны Лорчанка, уступіла ў бой з колькасна праўзыходным праціўнікам. Пасля таго, як скончыліся боепрыпасы, пакінуты адзін у жывых Леанід з апошняй супрацьтанкавай гранатай кінуўся ў гушчу войскаў суперніка.

Герой Савецкага Саюза (1965). У яго гонар у Бялынічах названы вуліца, школа, у Магілёве ўсталявана мемарыяльная дошка.

1968 год. У ЗША зарэгістравана кампанія  “NM Electronics”.

Хутка перайменавана ў Intel. Кампанія – сусветны лідар вытворчасці працэсараў, чыпсетаў, паўправадніковых кампанентаў, сецевага абсталявання.

Кантралюе 75% рынку. Працуе больш за 110 000 чалавек. У 2022 годзе Intel набыла ізраільскага вытворцу чыпаў Tower Semiconductor.

1974 год. У польскім мястэчку Канстанцінаў уведзена ў строй самае высокае ў свеце збудаванне ХХ стагоддзя — мачта Варшаўскага радыё.

Яе вышыня дасягла 646,38 м. Нажаль мачта вагой 420 (іншыя даныя – 550 тон) абрынулася 8 жніўня 1991 года пад час правядзення рамонтных работ пры парывах моцнага ветру. Нават на сёння толькі два збудаванні большыя за Варшаўскую мачту: Бурдж-Халіфа (828 м, Дубай) і Merdeka 118 (678,9 м, Малайзія).

1979 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена І.Д. Краснаштанаву (1900-1983).

Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант. Двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза.

У 1927-1932 гадах служыў у пагранатрадах у БССР.

Камандаваў 238-й стралковай дывізіяй, якая 27 верасня 1943 года вызваліла Клімавічы, у чэрвені 1944 года прымала ўдзел у вызваленні Магілёва, Шклова, Быхава.

Удзельнік Парада Перамогі.

Магіляўчанка паўторна папалася на махлярстве з вырабам помнікаў

Магіляўчанцы прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі за шматлікія махінацыі з аказаннем рытуальных паслуг.

На падмане сваякоў нябожчыкаў зарабляла 50-гадовая індывідуальная прадпрымальніца, прапаноўваючы выраб і ўсталяванне помнікаў, а таксама добраўпарадкаванне месцаў пахавання. Схема была простая: атрымаць перадаплату, паабяцаць хуткае выкананне заказу, а пасля знаходзіць усё новыя прычыны, чаму работы адкладаюцца.

Так адбылося і з двума чарговымі кліентамі. Адзін перадаў жанчыне 1 100 рублёў, другі – 1 800. Пасля атрымання грошай пачаліся звыклыя абяцанні: ці то няма магчымасці выканаць заказ своечасова, ці то трэба яшчэ крыху пачакаць. З цягам часу тлумачэнні скончыліся разам з адказамі на тэлефонныя званкі.

Не дачакаўшыся ні помнікаў, ні сваіх грошай, людзі звярнуліся ў міліцыю.

У судзе абвінавачаная настойвала, што нікога падманваць не збіралася, а выканаць абавязацельствы ёй перашкодзілі незалежныя ад яе абставіны.

Цікава, што яшчэ летась гэтую ж жанчыну судзілі за амаль ідэнтычныя махінацыі. Тады высветлілася, што ад яе дзеянняў пацярпелі больш за паўсотні чалавек. Людзі плацілі за выраб помнікаў, а замест выкананых заказаў атрымлівалі толькі новыя абяцанні. Агульная сума стратаў перавысіла 70 тысяч рублёў.

Новая справа дадала да гэтай гісторыі яшчэ два эпізоды. І хоць самі сумы ўжо не выглядаюць такімі вялікімі, суд палічыў, што гаворка ідзе не пра выпадковасць, а пра працяг той самай схемы.

У выніку прызначаныя два гады абмежавання волі паглынуў больш жорсткі папярэдні прысуд. Канчаткова жанчыне прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі, штраф у 4200 рублёў, а таксама абавязак пакрыць пацярпелым матэрыяльную і маральную шкоду.

14 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыю, але не знайшоў падстаў змяняць рашэнне суда першай інстанцыі. Так што гісторыя, якая пачыналася з абяцанняў паставіць помнікі, завяршылася для прадпрымальніцы чарговым тэрмінам за кратамі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

“Жывяце на лецішчы?” – прыўкрасны савет ад “Магілёўскага весніка” 1913 года за 17 ліпеня

“Магілёўскі веснік” 17 ліпеня ў 1913 годзе памяшчаў вось такую прыемную рэкламу.
лецішчаНаўздагон – вось такую.
кінуў піцьІ яшчэ шакіраваў звесткамі, якія сённяшні абывацель успрымае, нажаль, як будзённасць.
жах

Каля магілёўскага ЗАГСа з’явілася сцяна з белых петуній

У Магілёве завяршылі мантаж жывой кветкавай сцяны каля Палаца грамадзянскіх абрадаў на вуліцы Ленінскай, 1.

Канструкцыя цягнецца па абодва бакі будынка – з боку параднага ўваходу і з боку выхаду на плошчу Славы.

Сцяну сабралі спецыялісты «Магілёўзелянбуда». Для афармлення выбралі белыя петуніі – пад колер вясельных строяў.

Праект анансавалі яшчэ ў чэрвені, адначасова з вулічнымі кветкавымі шарамі, спадніцамі і аркамі, якія з’явіліся ў цэнтры горада да летняга сезона. Тады ж гаварылася і пра жывую сцяну каля ЗАГСа, але цалкам рэалізаваць ідэю ўдалося толькі цяпер.

Паводле задумы гарадскіх азеляніцеляў, канструкцыя павінна служыць гатовым фонам для вясельных фотаздымкаў: маладыя атрымліваюць атмасфернае афармленне і каля ўваходу, і з адваротнага боку будынка – там, дзе выходзяць на плошчу Славы пасля рэгістрацыі. Раней святочным дэкорам займаліся пераважна інтэр’еры Палаца абрадаў; цяпер афармленне вынеслі і на фасад.

Сцяна – сезонная: петуніі будуць квітнець да восені, пасля чаго канструкцыю, як і іншыя летнія кветкавыя аб’екты ў цэнтры, разбяруць.

Фота «МагілёўАнлайн».

Пенсіянер скраў сумку і сышоў у чужых ботах на чыгуначным вакзале Магілёва

46-гадовы мужчына, які працаваў на аздабленні памяшканняў вакзала, звярнуўся ў міліцыю: знікла скураная сумка з наяўнымі грашыма і працоўны абутак. Агульная шкода – каля 1500 рублёў.

Паводле версіі следства, рэчы забраў 68-гадовы мясцовы жыхар, які «гуляў па будынку вакзала». Заўважыўшы рамонт, ён зазірнуў у шафу з рэчамі, прыхапіў сумку і пераабуўся ў чужыя боты.

Грошы, паведамляе міліцыя, «патраціў на асабістыя патрэбы». Узбуджаная крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Экс-палітвязень распавёў пра катаванні ў магілёўскай калоніі №15

Змяшчэнне ў ШІЗА, часам з псіхічна хворымі людзьмі, адсутнасць лекаў, прыхаваны ад відэакамер фізічны гвалт – з гэтым ўсім сутыкаюцца палітвязні ў калоніі №15 Магілёва.

Былы палітзняволены на ўмовах ананімнасці распавёў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі. Паводле яго, адміністрацыя выкарыстоўвае супраць палітычных зняволеных здзекі, збіццё, надуманыя парушэнні, штрафны ізалятар (ШІЗА), абмежаванне лістоў, спатканняў і адукацыі.

Ціск пачынаўся адразу пасля этапу

Пасля прыбыцця ў калонію асуджаных накіроўвалі ў памяшканне для ператрусу. Там у іх забіралі частку прадуктаў, у тым ліку тыя, якія фармальна не былі забароненыя.

Затым адбываліся размовы з аператыўнымі супрацоўнікамі. Асаблівую ўвагу яны звярталі на тое, ці прызнае чалавек сваю віну. Частковае прызнанне або нязгода з палітычнай кваліфікацыяй справы ўспрымаліся як адмова раскаяцца.

ШІЗА за гузік і публікацыі

Паводле былога вязня, палітвязняў рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар. Рэальнай прычынай магла быць публікацыя пра чалавека ў інтэрнэце, але ў рапарце звычайна пазначалі неахайны выгляд, няправільны даклад або незашпілены гузік.

Камеры ШІЗА былі халодныя і вільготныя. Падлога і частка сцен выкладзеныя пліткай, якая не награвалася нават улетку. Драўляная падлога лічылася сярод вязняў амаль прывілеем.

Асобным спосабам ціску было змяшчэнне ў адну камеру з людзьмі, якія мелі цяжкія псіхічныя або фізічныя захворванні. Былы палітвязень згадвае пажылога асуджанага, які не кантраляваў натуральныя патрэбы і праз стан здароўя пастаянна канфліктаваў з людзьмі. Адміністрацыя, паводле яго слоў, спецыяльна падсаджвала яго да іншых вязняў у якасці своеасаблівага «выхавання».

З прыступамі эпілепсіі – на працу

У калоніі ўтрымлівалася шмат людзей з эпілепсіяй і іншымі цяжкімі захворваннямі. Раней частку з іх не выводзілі ў прамысловую зону, аднак пасля праверкі Дэпартамента выканання пакаранняў пачалі прымушаць працаваць і тых, хто меў медыцынскія абмежаванні.

У спякоту прыступы эпілепсіі здараліся непасрэдна на вытворчасці. Пры гэтым магчымасці медыцынскай часткі былі абмежаваныя, а атрымаць неабходныя прэпараты ўдавалася не заўсёды.

Праблемы ўзнікалі і пасля знікнення асобных замежных лекаў. Беларускія аналагі не заўсёды падыходзілі вязням. Аднаго хворага на эпілепсію пасля няўдалай замены тэрапіі давялося накіраваць у псіхіятрычны шпіталь. Змяненне схемы лячэння закранула і людзей з ВІЧ, якія скардзіліся на пабочныя эфекты.

Білі там, дзе няма камер

Паўсюднае ўсталяванне відэакамер і выкарыстанне рэгістратараў, паводле былога палітвязня, зменшыла колькасць адкрытых збіццяў. Аднак фізічны гвалт не знік, бо яго сталі ўжываць у памяшканнях, якія не трапляюць у поле зроку камер.

Старыя вязні распавядалі, што раней да збіццяў далучаўся і былы начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Паводле гэтых сведчанняў, пасля асобных «размоў» у рэжымным аддзеле даводзілася змываць кроў.

Былы зняволены таксама называе некалькі супрацоўнікаў, якія, паводле яго назіранняў, асабліва актыўна складалі рапарты, праводзілі ператрусы і накіроўвалі палітвязняў у ШІЗА. Гэта Аляксей Кудзелка, аператыўнікі Арлоў і Сувораў, а таксама начальнік рэжымнага аддзела Арцём Весялоў.

Указанні маглі ісці ад ГУБАЗіКа

Суразмоўца сцвярджае, што ступень ціску залежала ад канкрэтнага палітвязня і ўказанняў звонку. Паводле інфармацыі, якую ён атрымаў ад былога супрацоўніка сілавых структур, палітычных зняволеных курыраваў ГУБАЗіК.

Гэтая структура нібыта адсочвала публікацыі пра вязняў. Пасля матэрыялаў у незалежных медыя чалавека маглі чарговы раз адправіць у ШІЗА. Адміністрацыі калоніі пры гэтым заставалася аформіць неабходныя рапарты і знайсці фармальную прычыну.

Інтэлектуальныя гульні – не для палітвязняў

Палітвязням абмяжоўвалі доступ да самаадукацыі. Асаблівую падазронасць выклікала вывучэнне англійскай і польскай моў.

Пасля таго як палітычныя зняволеныя пачалі перамагаць у інтэлектуальных гульнях і спартыўных спаборніцтвах, ім забаранілі ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Часам на канцэрт выводзілі амаль увесь атрад, а палітвязняў пакідалі ў жылым памяшканні.

Цэнзуры падверглася і бібліятэка. З яе прыбіралі кнігі аўтараў, прызнаных у Расіі «замежнымі агентамі», а літаратуру па псіхалогіі перанеслі ў кабінет псіхолага. Атрымаць дазволеную законам кніжную бандэроль палітвязням таксама было амаль немагчыма.

Публічнасць ўсё ж уплывае

Нягледзячы на тое, што публікацыі маглі стаць прычынай чарговага пакарання, былы палітвязень лічыць агалоску неабходнай.

Пасля скаргі аднаго з вызваленых вязняў санітарныя службы правяралі грыбок у ШІЗА. Інспектары некалькі дзён абследавалі калонію, пасля чаго камеры апрацавалі супрацьгрыбковымі сродкамі і пафарбавалі.

Праблему вільгаці гэта канчаткова не вырашыла, але сам выпадак, паводле суразмоўцы, паказаў: публікацыі і скаргі прымушаюць адміністрацыю хаця б часова рэагаваць на тое, што адбываецца за сценамі калоніі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Новая вытворчасць балтоў і гаек калісьці з’явіцца ў Магілёве

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Стылтач” заявіла аб намеры вырабляць у СЭЗ “Магілёў” метызныя вырабы.

Гэтае ТАА зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне 14 ліпеня 2026 года. Яно будзе рэалізоўваць праект развіцця вытворчасці метызных вырабаў. Гаворка ідзе пра розны металічны крапёж: балты, гайкі, шрубы, шайбы і іншыя дэталі, якія выкарыстоўваюць у будаўніцтве, машынабудаванні, мэблевай галіне і многіх іншых сферах. Падрабязнасці праекта пакуль не раскрываюцца.

Варта адзначыць, што на “Стылтачы” пакуль шмат незакрытых вакансій. Нават на сайце прадпрыемства іх каля дзясятка, прычым ёсць тыя, дзе патрабуецца даволі высокая кваліфікацыя – інжэнер-тэхнолаг, наладчык металаапрацоўчых станкоў з ЧПУ, аператар металаапрацоўчых станкоў з ЧПУ, майстар вытворчага ўчастка і іншыя. Заробак там не ўказваецца.

У той жа час, згодна інфармацыі “Беларускага электроннага цэнтра занятасці г. Магілёў”, работнікаў на прадпрыемства патрабуецца яшчэ значна больш. Прычым шукаюць ад траўня гэтага года нават дырэктара. Апошняе абнаўленне гэтай вакансіі было акурат сёння, 16 ліпеня 2026 года. Заробак – па дамоўленасці.

У той жа час галоўнаму інжэнеру на “Стылтачы” прапануюць ад 5 тыс. рублёў, замырэктару па агульных пытаннях – ад 2,5 тыс. рублёў, столькі ж заробіць і замначальніка вытворчасці.

Сыходзячы з таго, што штат на новай вытворчасці яшчэ абсалютна не ўкамплектаваны, новыя балты і гайкі пачнуць вырабляць у Магілёве, не ў самы бліжэйшы час.

Фотаздымак: steeltouch.by

У Магілёве закрываецца «Букініст» – апошняя кніжная камісіёнка горада. Мінінфарм называе гэта «аптымізацыяй»

Адзіны ў Магілёве букіністычны аддзел, які працаваў на базе крамы «Белкнігі» на Пушкінскім праспекце, 38, дажывае апошнія тыдні. Работнікі разводзяць рукамі і паказваюць загад Мінінфарма: «у сувязі з вытворчай неабходнасцю і аптымізацыяй рознічнай сеткі». Кнігі, якія не знайшлі новых уладальнікаў, цяпер вяртаюць ранейшым гаспадарам – паліцы павінны апусцець да 1 жніўня. Астатняя частка кніжнай крамы працягне працаваць, што з’явіцца на вызваленых метрах – невядома.

«Букініст» працаваў без абеду і выхадных і быў для горада нечым большым, чым гандлёвая кропка. Сюды неслі прачытанае і забіралі непрачытанае – класічны буккросінг, толькі са шматгадовай гісторыяй і сталай публікай. Цяпер аматарам кніг прапануецца шукаць адзін аднаго самастойна.

Фармулёўка «аптымізацыя рознічнай сеткі» ў Магілёўскай вобласці гучыць асабліва выразна. Гэта той самы рэгіён, дзе некалькі гадоў таму цалкам ліквідавалі «Магілёўсаюздрук» – арганізацыю, якая вяла сваю гісторыю з 1918 года і адзначыла стогадовы юбілей за чатыры гады да банкруцтва.

Сетка з 224 кропак – 186 кіёскаў, 28 павільёнаў, 10 крам – не перажыла «фінансавых цяжкасцяў»: 523 крэдыторы, 289 судовых спраў аб спагнанні амаль пяці мільёнаў рублёў і былы дырэктар, які яшчэ ў 2017 годзе атрымаў дзесяць гадоў з канфіскацыяй. У Горках, Мсціславе, Быхаве і Дрыбіне газетныя кіёскі зніклі цалкам – райцэнтры засталіся без адзінага пункта продажу прэсы. Кіёскі, што ацалелі ў Магілёве і Бабруйску, сёлета перадалі «Белпошце».

Тлумачылася ўсё гэта, зразумела, «татальнай лічбавізацыяй»: маўляў, паперу больш ніхто не чытае, усе перайшлі ў інтэрнэт. Аргумент зручны, але хітраваты. У краіне, дзе незалежныя сайты заблакаваныя, іх рэдакцыі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а за падпіску на няправільны тэлеграм-канал даюць суткі, «лічбавізацыя» выглядае своеасабліва: спачатку ў чалавека забіраюць магчымасць чытаць у сетцы нешта, акрамя дзяржаўнага – а потым закрываюць месцы, дзе ён мог купіць або абмяняць папяровую кнігу.

Букіністыка – гэта да таго ж другасны рынак, які ўлада не кантралюе. У камісіёнку людзі дзесяцігоддзямі неслі тое, што не перавыдаецца і не прадаецца ў «Белкнізе»: старыя выданні, рэдкія пераклады, кнігі, якія выпалі з афіцыйнага абароту. Цяпер гэты неўлічаны кніжны паток у Магілёве спыняецца загадам міністэрства.

Вынік аптымізацыі па-магілёўску: газетных кіёскаў няма, камісіёнкі няма, затое ў кожным райцэнтры спраўна працуе ідэалагічная вертыкаль і падпісная кампанія на нечытэльную раёнку. Чытаць у вобласці прапануецца толькі тое, што надрукавана з дазволу. Або не чытаць зусім – гэта, мяркуючы па ўсім, задаволіць аптымізатараў яшчэ больш.

Фота «МагілёўАнлайн».

Каля магілёўскага ЦУМа з’явілася электроннае табло – прыпынак стане «разумным»

На прыпынку каля ЦУМа ў Магілёве ўсталявалі электроннае табло – экран пакуль не падключаны, але павінен запрацаваць найбліжэйшым часам.

Усяго ў горадзе збіраюцца размясціць каля дваццаці такіх экранаў. Акрамя руху транспарту ў рэжыме рэальнага часу, на іх абяцаюць выводзіць экстраныя апавяшчэнні, афішы і змены раскладу.

Першыя такія прыпынкі тэстуюцца на вуліцы Астроўскага, а таксама на прыпынках «Кастрычніцкі» і «Электрарухавік». Цяпер чарга дайшла і да цэнтра горада.

Фота «МагілёўАнлайн».

Жарсці вакол магілёўскага прадпрымальніка: даўгі і штрафы, нікчэмная здзелка і раптоўныя грошы

Індывідуальны прадпрымальнік спрабаваў схаваць ад судовых выканаўцаў маёмасць, каб не плаціць па суду, аднак здзелку з ёй прызналі нікчэмнай.

Жыхар Магілёва звярнуўся ў пракуратуру з просбай абараніць яго маёмасныя інтарэсы. Пасля рамонтных работ, якія выконваў індывідуальны прадпрымальнік, яго кватэру затапіла. Суд абавязаў вінаватага выплаціць больш за 14 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі, але добраахвотна выконваць рашэнне прадпрымальнік не стаў.

Калі была ўзбуджана выканаўчая вытворчаць, высветлілася, што літаральна на наступны дзень пасля ўступлення прысуду ў законную сілу мужчына нібыта пазбавіўся свайго аўтамабіля. Машыну ён аформіў на 72-гадовую свякроў сваёй роднай сястры.

Выбар пакупніцы выглядаў даволі дзіўна. Паводле матэрыялаў праверкі, жанчына ніколі не мела вадзіцельскага пасведчання і аўтамабілем карыстацца не магла. Затое пасля продажу машына, як і раней, заставалася ў распараджэнні былога ўладальніка. Менавіта ён працягваў ездзіць на ёй, што пацвярджалася нават матэрыяламі аб яго прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Правілаў дарожнага руху.

Як высветлілася, ухіленне ад выплаты грошай было для прадпрымальніка ўжо звыклай практыкай. Акрамя доўгу перад пацярпелым, ён не сплачваў і адміністрацыйныя штрафы, а таксама іншыя плацяжы на карысць дзяржавы, з-за чаго ў дачыненні да яго былі ўзбуджаныя некалькі выканаўчых вытворчасцяў.

Пракуратура Магілёва звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць здзелку куплі-продажу аўтамабіля фіктыўнай. Паводле грамадзянскага заканадаўства, такія здзелкі, якія заключаюцца толькі для выгляду і без намеру стварыць сапраўдныя прававыя наступствы, лічацца нікчэмнымі.

Праўда, да разгляду справы па сутнасці справа так і не дайшла. У судзе прадпрымальнік раптам знайшоў грошы і пагасіў усе даўгі па выканаўчых лістах. Пасля гэтага грамадзянская справа была спыненая, а вызначэнне суда ўжо ўступіла ў законную сілу. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц