жарсці

Жарсці вакол магілёўскага прадпрымальніка: даўгі і штрафы, нікчэмная здзелка і раптоўныя грошы

Індывідуальны прадпрымальнік спрабаваў схаваць ад судовых выканаўцаў маёмасць, каб не плаціць па суду, аднак здзелку з ёй прызналі нікчэмнай.

Жыхар Магілёва звярнуўся ў пракуратуру з просбай абараніць яго маёмасныя інтарэсы. Пасля рамонтных работ, якія выконваў індывідуальны прадпрымальнік, яго кватэру затапіла. Суд абавязаў вінаватага выплаціць больш за 14 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі, але добраахвотна выконваць рашэнне прадпрымальнік не стаў.

Калі была ўзбуджана выканаўчая вытворчаць, высветлілася, што літаральна на наступны дзень пасля ўступлення прысуду ў законную сілу мужчына нібыта пазбавіўся свайго аўтамабіля. Машыну ён аформіў на 72-гадовую свякроў сваёй роднай сястры.

Выбар пакупніцы выглядаў даволі дзіўна. Паводле матэрыялаў праверкі, жанчына ніколі не мела вадзіцельскага пасведчання і аўтамабілем карыстацца не магла. Затое пасля продажу машына, як і раней, заставалася ў распараджэнні былога ўладальніка. Менавіта ён працягваў ездзіць на ёй, што пацвярджалася нават матэрыяламі аб яго прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Правілаў дарожнага руху.

Як высветлілася, ухіленне ад выплаты грошай было для прадпрымальніка ўжо звыклай практыкай. Акрамя доўгу перад пацярпелым, ён не сплачваў і адміністрацыйныя штрафы, а таксама іншыя плацяжы на карысць дзяржавы, з-за чаго ў дачыненні да яго былі ўзбуджаныя некалькі выканаўчых вытворчасцяў.

Пракуратура Магілёва звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць здзелку куплі-продажу аўтамабіля фіктыўнай. Паводле грамадзянскага заканадаўства, такія здзелкі, якія заключаюцца толькі для выгляду і без намеру стварыць сапраўдныя прававыя наступствы, лічацца нікчэмнымі.

Праўда, да разгляду справы па сутнасці справа так і не дайшла. У судзе прадпрымальнік раптам знайшоў грошы і пагасіў усе даўгі па выканаўчых лістах. Пасля гэтага грамадзянская справа была спыненая, а вызначэнне суда ўжо ўступіла ў законную сілу. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва