Па Магілёве ездзіў гарадскі аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе

Толькі з’яўленне відэа з дзіравай падлогай ў магілёўскім гарадскім аўтобусе прымусіла прыняць меры кіраўніцтва аўтобуснага парку.

У Threads пабліка super.mogilev з’явілася відэа з аўтобуса №18, дзе проста пад двухмесным сядзеннем пасажыры ўбачылі вялікую дзірку ў падлозе. Праз адтуліну добра праглядваўся карданны вал, які круціўся падчас руху аўтобуса, а рэшткі гумовага пакрыцця бесперашкодна трапяталі на ветры. Памер праёму быў такім, што карыстальнікі сацсетак сур’ёзна абмяркоўвалі, ці не можа праз яго праваліцца чалавек.

Відэа хутка разышлося па інтэрнэце і сабрала сотні рэакцый. Адны жартавалі пра «кандыцыянер» і натуральную вентыляцыю салона, другія адзначалі, што ў Магілёве, відаць, можна выйсці не толькі праз дзверы аўтобуса. Былі і тыя, хто без гумару заўважыў, што пры рэзкім тармажэнні або няўдалым руху чалавек сапраўды мог атрымаць цяжкія траўмы.

У каментарыях зноў усплылі і старыя скаргі на стан гарадскога транспарту. Магілёўцы пісалі, што такіх зношаных аўтобусаў не бачылі ў іншых гарадах, а нехта нагадаў, што пасля эксплуатацыі ў Магілёве гэтыя ж машыны яшчэ доўгія гады працягваюць працаваць у Бабруйску.

Толькі пасля таго, як гісторыя набыла шырокі розгалас, на сітуацыю адрэагавала кіраўніцтва аўтобуснага парку.

Намеснік дырэктара па пасажырскіх перавозках Магілёўскага філіяла «Аўтобусны парк №1» Рыгор Бараноўскі заявіў, што выпадак быў адзінкавым. Паводле яго, кіроўца адразу закрыў тэхналагічны люк, а пасля здарэння на прадпрыемстве правялі пазапланавую работу з механікамі, кантралёрамі і кіроўцамі, якім нагадалі пра неабходнасць больш уважліва аглядаць аўтобусы перад выездам на маршрут.

Пасажырам жа прапанавалі ў выпадку выяўлення падобных праблем неадкладна паведамляць кіроўцу або ў дыспетчарскую службу.

У сваю чаргу ДАІ абвясціла аб правядзенні з 15 па 22 ліпеня ў Магілёве і Магілёўскім раёне прафілактычных мерапрыемстваў па кантролі за перавозкамі пасажыраў у гарадскіх і прыгарадных аўтобусах. Будуць правяраць выкананне правілаў перавозкі і бяспеку на маршрутах. За парушэнні кіроўцам пагражае штраф да чатыры базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні на працягу года – ад двух да васьмі базавых.

Скрынштот: super.mogilev

← Усе навіны Магілёва