У Магілёве закрываецца «Букініст» – апошняя кніжная камісіёнка горада. Мінінфарм называе гэта «аптымізацыяй»

Адзіны ў Магілёве букіністычны аддзел, які працаваў на базе крамы «Белкнігі» на Пушкінскім праспекце, 38, дажывае апошнія тыдні. Работнікі разводзяць рукамі і паказваюць загад Мінінфарма: «у сувязі з вытворчай неабходнасцю і аптымізацыяй рознічнай сеткі». Кнігі, якія не знайшлі новых уладальнікаў, цяпер вяртаюць ранейшым гаспадарам – паліцы павінны апусцець да 1 жніўня. Астатняя частка кніжнай крамы працягне працаваць, што з’явіцца на вызваленых метрах – невядома.

«Букініст» працаваў без абеду і выхадных і быў для горада нечым большым, чым гандлёвая кропка. Сюды неслі прачытанае і забіралі непрачытанае – класічны буккросінг, толькі са шматгадовай гісторыяй і сталай публікай. Цяпер аматарам кніг прапануецца шукаць адзін аднаго самастойна.

Фармулёўка «аптымізацыя рознічнай сеткі» ў Магілёўскай вобласці гучыць асабліва выразна. Гэта той самы рэгіён, дзе некалькі гадоў таму цалкам ліквідавалі «Магілёўсаюздрук» – арганізацыю, якая вяла сваю гісторыю з 1918 года і адзначыла стогадовы юбілей за чатыры гады да банкруцтва.

Сетка з 224 кропак – 186 кіёскаў, 28 павільёнаў, 10 крам – не перажыла «фінансавых цяжкасцяў»: 523 крэдыторы, 289 судовых спраў аб спагнанні амаль пяці мільёнаў рублёў і былы дырэктар, які яшчэ ў 2017 годзе атрымаў дзесяць гадоў з канфіскацыяй. У Горках, Мсціславе, Быхаве і Дрыбіне газетныя кіёскі зніклі цалкам – райцэнтры засталіся без адзінага пункта продажу прэсы. Кіёскі, што ацалелі ў Магілёве і Бабруйску, сёлета перадалі «Белпошце».

Тлумачылася ўсё гэта, зразумела, «татальнай лічбавізацыяй»: маўляў, паперу больш ніхто не чытае, усе перайшлі ў інтэрнэт. Аргумент зручны, але хітраваты. У краіне, дзе незалежныя сайты заблакаваныя, іх рэдакцыі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а за падпіску на няправільны тэлеграм-канал даюць суткі, «лічбавізацыя» выглядае своеасабліва: спачатку ў чалавека забіраюць магчымасць чытаць у сетцы нешта, акрамя дзяржаўнага – а потым закрываюць месцы, дзе ён мог купіць або абмяняць папяровую кнігу.

Букіністыка – гэта да таго ж другасны рынак, які ўлада не кантралюе. У камісіёнку людзі дзесяцігоддзямі неслі тое, што не перавыдаецца і не прадаецца ў «Белкнізе»: старыя выданні, рэдкія пераклады, кнігі, якія выпалі з афіцыйнага абароту. Цяпер гэты неўлічаны кніжны паток у Магілёве спыняецца загадам міністэрства.

Вынік аптымізацыі па-магілёўску: газетных кіёскаў няма, камісіёнкі няма, затое ў кожным райцэнтры спраўна працуе ідэалагічная вертыкаль і падпісная кампанія на нечытэльную раёнку. Чытаць у вобласці прапануецца толькі тое, што надрукавана з дазволу. Або не чытаць зусім – гэта, мяркуючы па ўсім, задаволіць аптымізатараў яшчэ больш.

Фота «МагілёўАнлайн».