ПК-15

Экс-палітвязень распавёў пра катаванні ў магілёўскай калоніі №15

Змяшчэнне ў ШІЗА, часам з псіхічна хворымі людзьмі, адсутнасць лекаў, прыхаваны ад відэакамер фізічны гвалт – з гэтым ўсім сутыкаюцца палітвязні ў калоніі №15 Магілёва.

Былы палітзняволены на ўмовах ананімнасці распавёў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі. Паводле яго, адміністрацыя выкарыстоўвае супраць палітычных зняволеных здзекі, збіццё, надуманыя парушэнні, штрафны ізалятар (ШІЗА), абмежаванне лістоў, спатканняў і адукацыі.

Ціск пачынаўся адразу пасля этапу

Пасля прыбыцця ў калонію асуджаных накіроўвалі ў памяшканне для ператрусу. Там у іх забіралі частку прадуктаў, у тым ліку тыя, якія фармальна не былі забароненыя.

Затым адбываліся размовы з аператыўнымі супрацоўнікамі. Асаблівую ўвагу яны звярталі на тое, ці прызнае чалавек сваю віну. Частковае прызнанне або нязгода з палітычнай кваліфікацыяй справы ўспрымаліся як адмова раскаяцца.

ШІЗА за гузік і публікацыі

Паводле былога вязня, палітвязняў рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар. Рэальнай прычынай магла быць публікацыя пра чалавека ў інтэрнэце, але ў рапарце звычайна пазначалі неахайны выгляд, няправільны даклад або незашпілены гузік.

Камеры ШІЗА былі халодныя і вільготныя. Падлога і частка сцен выкладзеныя пліткай, якая не награвалася нават улетку. Драўляная падлога лічылася сярод вязняў амаль прывілеем.

Асобным спосабам ціску было змяшчэнне ў адну камеру з людзьмі, якія мелі цяжкія псіхічныя або фізічныя захворванні. Былы палітвязень згадвае пажылога асуджанага, які не кантраляваў натуральныя патрэбы і праз стан здароўя пастаянна канфліктаваў з людзьмі. Адміністрацыя, паводле яго слоў, спецыяльна падсаджвала яго да іншых вязняў у якасці своеасаблівага «выхавання».

З прыступамі эпілепсіі – на працу

У калоніі ўтрымлівалася шмат людзей з эпілепсіяй і іншымі цяжкімі захворваннямі. Раней частку з іх не выводзілі ў прамысловую зону, аднак пасля праверкі Дэпартамента выканання пакаранняў пачалі прымушаць працаваць і тых, хто меў медыцынскія абмежаванні.

У спякоту прыступы эпілепсіі здараліся непасрэдна на вытворчасці. Пры гэтым магчымасці медыцынскай часткі былі абмежаваныя, а атрымаць неабходныя прэпараты ўдавалася не заўсёды.

Праблемы ўзнікалі і пасля знікнення асобных замежных лекаў. Беларускія аналагі не заўсёды падыходзілі вязням. Аднаго хворага на эпілепсію пасля няўдалай замены тэрапіі давялося накіраваць у псіхіятрычны шпіталь. Змяненне схемы лячэння закранула і людзей з ВІЧ, якія скардзіліся на пабочныя эфекты.

Білі там, дзе няма камер

Паўсюднае ўсталяванне відэакамер і выкарыстанне рэгістратараў, паводле былога палітвязня, зменшыла колькасць адкрытых збіццяў. Аднак фізічны гвалт не знік, бо яго сталі ўжываць у памяшканнях, якія не трапляюць у поле зроку камер.

Старыя вязні распавядалі, што раней да збіццяў далучаўся і былы начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Паводле гэтых сведчанняў, пасля асобных «размоў» у рэжымным аддзеле даводзілася змываць кроў.

Былы зняволены таксама называе некалькі супрацоўнікаў, якія, паводле яго назіранняў, асабліва актыўна складалі рапарты, праводзілі ператрусы і накіроўвалі палітвязняў у ШІЗА. Гэта Аляксей Кудзелка, аператыўнікі Арлоў і Сувораў, а таксама начальнік рэжымнага аддзела Арцём Весялоў.

Указанні маглі ісці ад ГУБАЗіКа

Суразмоўца сцвярджае, што ступень ціску залежала ад канкрэтнага палітвязня і ўказанняў звонку. Паводле інфармацыі, якую ён атрымаў ад былога супрацоўніка сілавых структур, палітычных зняволеных курыраваў ГУБАЗіК.

Гэтая структура нібыта адсочвала публікацыі пра вязняў. Пасля матэрыялаў у незалежных медыя чалавека маглі чарговы раз адправіць у ШІЗА. Адміністрацыі калоніі пры гэтым заставалася аформіць неабходныя рапарты і знайсці фармальную прычыну.

Інтэлектуальныя гульні – не для палітвязняў

Палітвязням абмяжоўвалі доступ да самаадукацыі. Асаблівую падазронасць выклікала вывучэнне англійскай і польскай моў.

Пасля таго як палітычныя зняволеныя пачалі перамагаць у інтэлектуальных гульнях і спартыўных спаборніцтвах, ім забаранілі ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Часам на канцэрт выводзілі амаль увесь атрад, а палітвязняў пакідалі ў жылым памяшканні.

Цэнзуры падверглася і бібліятэка. З яе прыбіралі кнігі аўтараў, прызнаных у Расіі «замежнымі агентамі», а літаратуру па псіхалогіі перанеслі ў кабінет псіхолага. Атрымаць дазволеную законам кніжную бандэроль палітвязням таксама было амаль немагчыма.

Публічнасць ўсё ж уплывае

Нягледзячы на тое, што публікацыі маглі стаць прычынай чарговага пакарання, былы палітвязень лічыць агалоску неабходнай.

Пасля скаргі аднаго з вызваленых вязняў санітарныя службы правяралі грыбок у ШІЗА. Інспектары некалькі дзён абследавалі калонію, пасля чаго камеры апрацавалі супрацьгрыбковымі сродкамі і пафарбавалі.

Праблему вільгаці гэта канчаткова не вырашыла, але сам выпадак, паводле суразмоўцы, паказаў: публікацыі і скаргі прымушаюць адміністрацыю хаця б часова рэагаваць на тое, што адбываецца за сценамі калоніі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва