Магіляўчанка паўторна папалася на махлярстве з вырабам помнікаў

Магіляўчанцы прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі за шматлікія махінацыі з аказаннем рытуальных паслуг.

На падмане сваякоў нябожчыкаў зарабляла 50-гадовая індывідуальная прадпрымальніца, прапаноўваючы выраб і ўсталяванне помнікаў, а таксама добраўпарадкаванне месцаў пахавання. Схема была простая: атрымаць перадаплату, паабяцаць хуткае выкананне заказу, а пасля знаходзіць усё новыя прычыны, чаму работы адкладаюцца.

Так адбылося і з двума чарговымі кліентамі. Адзін перадаў жанчыне 1 100 рублёў, другі – 1 800. Пасля атрымання грошай пачаліся звыклыя абяцанні: ці то няма магчымасці выканаць заказ своечасова, ці то трэба яшчэ крыху пачакаць. З цягам часу тлумачэнні скончыліся разам з адказамі на тэлефонныя званкі.

Не дачакаўшыся ні помнікаў, ні сваіх грошай, людзі звярнуліся ў міліцыю.

У судзе абвінавачаная настойвала, што нікога падманваць не збіралася, а выканаць абавязацельствы ёй перашкодзілі незалежныя ад яе абставіны.

Цікава, што яшчэ летась гэтую ж жанчыну судзілі за амаль ідэнтычныя махінацыі. Тады высветлілася, што ад яе дзеянняў пацярпелі больш за паўсотні чалавек. Людзі плацілі за выраб помнікаў, а замест выкананых заказаў атрымлівалі толькі новыя абяцанні. Агульная сума стратаў перавысіла 70 тысяч рублёў.

Новая справа дадала да гэтай гісторыі яшчэ два эпізоды. І хоць самі сумы ўжо не выглядаюць такімі вялікімі, суд палічыў, што гаворка ідзе не пра выпадковасць, а пра працяг той самай схемы.

У выніку прызначаныя два гады абмежавання волі паглынуў больш жорсткі папярэдні прысуд. Канчаткова жанчыне прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі, штраф у 4200 рублёў, а таксама абавязак пакрыць пацярпелым матэрыяльную і маральную шкоду.

14 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыю, але не знайшоў падстаў змяняць рашэнне суда першай інстанцыі. Так што гісторыя, якая пачыналася з абяцанняў паставіць помнікі, завяршылася для прадпрымальніцы чарговым тэрмінам за кратамі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Шматдзетная магіляўчанка папалася на махлярстве з вырабам помнікаў

У Магілёве пад суд трапіла 49-гадовая маці некалькіх дзяцей, якую абвінавачваюць у шматгадовым махлярстве ў сферы рытуальных паслуг і падмане больш за паўсотні чалавек.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, жанчына падманула 57 чалавек, атрымаўшы ад іх грошы за надмагіллі і добраўпарадкаванне магіл, якія так і не былі зроблены. Ёй прад’яўлена абвінавачванне ў махлярстве, учыненым паўторна і ў асабліва буйным памеры. 

Паводле даных следства, з лютага 2017 года па верасень 2023 года жанчына, будучы дырэктарам створанай ёю фірмы і адначасова індывідуальнай прадпрымальніцай, заключала з грамадзянамі дамовы на выраб надмагільных помнікаў і добраўпарадкаванне месцаў пахавання.

Як высветлілася падчас следства, абвінавачаная не мела ні кваліфікаванага персаналу, ні матэрыялаў, ні неабходнага абсталявання і памяшканняў. Тым не менш яна пераконвала людзей перадаваць ёй грошы ў якасці перадаплаты, пасля чаго распараджалася імі як хацела, пастаянна пераносячы тэрміны выканання работ пад рознымі падставамі.

За больш як шэсць гадоў ахвярамі яе дзеянняў сталі 57 чалавек. Агульная сума шкоды склала каля 80 тысяч рублёў. Частка стратаў была кампенсавана – для поўнага пакрыцця шкоды на маёмасць жанчыны быў накладзены арышт.

Нягледзячы на сур’ёзнасць абвінавачванняў, жанчына не была заключаная пад варту. Улічваючы, што яна з’яўляецца маці некалькіх дзяцей, пракурор пакінуў ранейшую меру стрымання – падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Канчатковае рашэнне ў справе будзе вынесена судом у бліжэйшы час, абяцае пракуратура.

Пра тое, што людзі заявілі ў міліцыю аб падмане з боку жанчыны, стала вядома яшчэ ў 2023 годзе. Пра што ў траўні два гады таму пісала “СБ-Беларусь сегодня”. Тады сума падмана складала 4500 рублёў, а падманутых было чатыры чалавекі. Як піша выданне, тады следчыя ўзбудзпілі крымінальную справу. За два гады раследавання сума падману вырасла без малага ў 20 разоў, а колькасць пацярпелых – больш чым ў 10. 

Фота: БелТА