1659 год. Маскоўскія ваяводы Змееў і Лабанаў-Растоўскі пачалі аблогу Быхаўскага замка.
Аблога працягвалася да 4 снежня і закончылася начным штурмам Быхава. Карнікі, якія захапілі замак, у 1660 годзе самі апынуліся ў аблозе і ў снежні 1661 здаліся войску Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім.
Замак стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы былога пасялення XIV-XV стагоддзяў.
Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м.
З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплекса, павернуты да гандлёвай плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў пасярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мастом і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі.
1814 год. У Полацку нарадзіўся Каэтан Касовіч (1814-1883).
Беларускі ўсходазнаўца, першы санскрытолаг у Расіі.
Скончыў Віцебскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.
Працаваў выкладчыкам ў Цвярской і 2-й Маскоўскай гімназіях. Вывучаў яўрэйскую і арабскую мовы, санскрыт. Перакладчык з санскрыта.
У Маскве быў рэдактарам навуковых прац пры публічнай бібліятэцы, прафесарам універсітэта, быў ганаровым доктарам Харкаўскага, прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэтаў.
Выдаў “Санскрыцка-рускі слоўнік”, збор персідскіх клінападобных надпісаў, пераклад “Яўрэйскай граматыкі” Гезеніуса і “Яўрэйскай хрэстаматыі”, “Грэчаска-рускі слоўнік”.
Памёр 7 лютага 1883 года.
1869 год. У Мінску нарадзіўся Янкель Кругер (1869-1940).
Беларускі жывапісец і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў, настаўнік знакамітых мастакоў.
Вучыўся ў Варшаве, у акадэміі Жуліяна ў Парыжы, у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Падарожнік па еўрапейскіх краінах. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на Парыжскіх выстаўках.
У Мінску вёў курсы малявання і жывапісу. Меў шматлікіх вучняў, сярод якіх Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын, З. Азгур, Х. Суцін, М. Кікоін, М. Станюта.
Працаваў у БДУ, у этнаграфічнай экспедыцыі Беларускага Дзяржаўнаг музея.
Аўтар партрэтаў І. Жухавіцкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Зм. Бядулі, С. Міхоэлса, навукоўцаў, палітычных савецкіх военачальнікаў і партыйных дзеячаў, жанравых карцін на тэмы працы, серыі карцін, якія адлюстроўваюць сцэны яўрэйскага побыту.
1885 год. Нарадзіўся Мікалай Крыленка (1885-1938).
Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай арміі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Кіраўнік ліквідацыі Стаўкі ў Магілёве ў 1917 годзе. Рэспрэсаваны.
У яго гонар у Магілёве названа вуліца, усталявана мемарыяльная шыльда.
Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Удзельнік І Сусветнай вайны, прапаршчык.
У ліпені 1917 года быў арыштаваны ў Магілёве і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. 8 лістапада 1917 года ўвайшоў у першы склад Саўнаркама ў якасці члена Камітэта па справах ваенных і марскіх.
22 лістапада 1917 года прызначаны галоўнакамандуючым войск, 3 снежня адхіліў ад пасады генерала М. Духоніна і стаў камандуючым Стаўкі ў Магілёве.
Быў пракурорам РСФСР, народным камісарам юстыцыі РСФСР, СССР.
Актыўна змагаўся з Вышынскім і Вінакуравым (старшыня Вярхоўнага Суда СССР) за ўплыў у сістэме органаў юстыцыі СССР. Вынікам гэтай барацьбы стала гібель Крыленкі і яго людзей, перамога групоўкі Вышынскага.
Арыштаваны НКУС 31 студзеня 1938 года. Расстраляны 29 ліпеня 1938 года.
1899 год. Нарадзіўся Тодар Куніцкі (1899-1985).
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лекар, сузаснавальнік Беларускага Студэнцкага Саюза ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюза.
Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, урачом на Беласточчыне.
3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР Указам № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» загадаў спальваць усе кнігі Куніцкага.
У час Другой сусветнай вайны працаваў у Вільні, пасля вайны працаваў урачом у Гданьску. Памёр 5 сакавіка 1985 года.
1907 год. Нарадзіўся Язэп Жыновіч (Жыдовіч, 1907-1974).
Беларускі музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.
У 1922 годзе стаў салістам-цымбалістам у БДТ-1 (купалаўскі тэатр). Скончыў Мінскі музычны тэхнікум, БДУ, кансерваторыю (з яе выключаўся як сын кулака).
У 1930 годзе кіраўнік, саліст, канцэртмайстар і педагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструментаў БССР.
Падчас вайны працаваў у Казахскай філармоніі, у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт.
З 1946 года – мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага народнага аркестра БССР. У Беларускай кансерваторыі аснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў.
Напісаў музычныя творы: «Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».
Пераклаў для цымбалаў п’есы шматлікіх еўрапейскіх аўтараў.
Памёр у Мінску 13 студзеня 1974 года.
У Мінску названа ў яго гонар вуліца, а на доме, дзе жыў, усталявана мемарыяльная дошка.
1943 год. У СССР пачалося фарміраванне 1-ай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі Войска Польскага.
Дывізія фарміравалася ў Сялецкіх ваенных лагерах пад Разанню. 15 ліпеня 1943 года, у дзень гадавіны Грунвальдскай бітвы, дывізія прыняла прысягу. Дывізія мела штатны расклад савецкай стралковай дывізіі і ўключала тры пяхотныя палкі, асобны жаночы пяхотны батальён імя Э. Плятэр, полк лёгкай артылерыі, знішчальны супрацьтанкавы дывізіён, дывізіён мінамётаў, разведроту, роту сувязі, падраздзяленні зенітных сродкаў, часткі тылу.
Першым камандзірам дывізіі стаў палкоўнік Зыгмунт Берлінг. Па стане на 5 ліпеня 1943 года, дывізія мела 14 380 чалавек (13 520 палякаў, 439 яўрэяў, 209 украінцаў, 108 беларусаў, 112 рускіх і 1 азербайджанец).
12-13 кастрычніка 1943 года пад Леніна Горацкага раёна адбыўся першы бой дывізіі. Падчас баёў дывізія нанесла значны ўрон суперніку, заняла вёскі Трыгубава і Паўзухі. Тры байцы дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 247 – узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
1955 год. Утворана ваенная арганізацыя Варшаўскай Дамовы.
У яе склад увайшлі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. Скасавана ў 1991 годзе. Усе краіны, акрамя СССР, увайшлі ў НАТА (з былога СССР у НАТА – Эстонія, Літва, Латвія).
Трэцім галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі краінаў-удзельніцаў дамовы быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюзу І. Якубоўскі (1967-1976), першым начальнікам штаба – ураджэнец Гродна, уладальнік ордэна Перамогі, генерал арміі – А. Антонаў (1955-1962).
1973 год. Нарадзілася Наталі Касцюшка-Марызэ.
Францускі палітык, з беларускага роду Касцюшкаў. Былы міністар экалогіі ва ўрадзе Ф. Фіёна (2010-2012).
Скончыла Політэхнічную школу ў Парыжы, Нацыянальную школу лясных і водных інжынэраў.
Займала пасады дзяржаўных сакратароў дэпартамэнтаў экалогіі, планавання і развіцця лічбавай гаспадаркі, мэра Лянжумо.
1995 год. Па ініцыятыве А. Лукашэнкі прайшоў рэферэндум.
На галасаванне выносіліся чатыры пытанні, першыя тры з іх – на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае – на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:
- Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
- Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
- Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
- Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[
Паводле афіцыйных звестак, па першаму пытанню “За” выступілі 88,3%, па другому падтрымка атрымана ў 75,1% галасоў, па трэцяму – 83,3%, па чацвёртаму – 77,7%.
Пытанні, вынесеныя на рэферэндум, супярэчылі прэамбуле і артыкулам 1, 2, 3 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прэамбуле і артыкулам 17 і 78 Канстытуцыі Беларусі 1994 года, артыкулу 3 Закона «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь».
Фота з адкрытых крыніц.