Анамальнае пацяпленне на Алясцы – амаль +5 градусаў

Анамальна высокую тэмпературу зафіксавалі на Алясцы ў раёне аднаго з самых паўночных гарадоў свету і самага паўночнага у ЗША горада Уткіагвік, што размешчаны за 500 км на поўнач ад Палярнага круга, паведамляе Washington Post.

На пачатку тыдня слупок тэрмометра падняўся тут да +4,4 ° C, што стала самай высокай тэмпературай у перыяд з лістапада па сакавік для гэтага месца за ўсю гісторыю метэаназіранняў, якая налічвае больш за 100 гадоў. Гэта амаль на 20 градусаў больш у параўнанні з нормай для гэтай пары года. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў снежні 1932 года, калі тэмпература ў раёне Уткіагвіка паднялася да 1,1 °C.

Анамальнае пацяпленне прыйшло на поўнач Аляскі больш чым праз два тыдні пасля наступлення палярнай ночы, калі Сонца ў апошні раз у годзе было бачна над гарызонтам Уткіагвіка.

Незвычайнае для гэтага сезона надвор’е прыйшло на Аляску з-за зоны нізкага ціску на захадзе і высокага ціску на поўдні, што дазволіла хвалі цёплага паветра хлынуць на поўнач і прынесці на паўвостраў плюсавую тэмпературу. Акрамя таго, як мяркуюць навукоўцы, прычынай анамальнага пацяплення стала свабодная ад лёду вада ў Чукоцкім моры, якое перастала замярзаць з-за глабальнай змены клімату на фоне дзейнасці чалавека.

Увогуле снежань пачаўся з нетыпова цёплага надвор’я на большай частцы Арктыкі. Паводле дадзеных сайта Climate Reanalyzer Універсітэта штата Мэн, тэмпература ў рэгіёне ў сярэднім была на 6,4 °C вышэй за норму. Так, нехарактэрныя плюсавыя тэмпературы былі зафіксаваны ў сталіцы Грэнландыі Нуук, а таксама ў Ісландыі.

2022 павінен стаць адным з самых гарачых у Арктыцы за ўсю гісторыю назіранняў. Тэмпы пацяплення ў рэгіёне прыкладна ў чатыры разы перавышаюць сярэднія паказчыкі па астатнім зямным шары. Раставанне льдоў і змяненне клімату прыводзіць да шматлікіх надзвычайных з’яў, такіх як анамальныя ападкі, моцныя штормы і лясныя пажары, што звязана з павелічэннем ўзроўню расліннасці ў тундры.

У Ісландыі ажыў вулкан Фаградальсф’ял. Турыстам рэкамэнтавана не наведваць мясціны (відэа)

Каля міжнароднага аэрапорту Кефлавік, што ў 32 кіламетрах ад Рэйк’явіку, сталіцы Ісландыі, аб’яўлены «чырвоны код» небяспекі з забаронай палётаў над гэтай тэрыторыяй. Для агляду сітуацыі ў раён вывяржэння накіраваны верталёты.

Паводле Міністэрства замежных спраў краіны, перабояў з рэйсамі ў Ісландыю і з Ісландыі не было, а міжнародныя калідоры палётаў застаюцца адкрытымі.

 

 Інфармацыйныя агенцтвы краіны апублікавалі відэа, на якім бачна, як лава і дым вырываюцца з расколіны ў зямлі на схіле гары Фаградальсф’ял.

Вывяржэнню вулкану папярэднічала павелічэнне актыўнасці землятрусаў у навакольных мясцінах.

Турыстам і жыхарам рэкамендуюць не наведваць раён з-за атрутных газаў. Непасрэднай рызыкі пашкоджання крытычнай інфраструктуры няма.

Летась у гэтай мясціне ўжо было вывяржэнне. Яно стала першым на ісландскім паўвостраве Рэйк’янэс амаль за 800 гадоў.

 

Фота ілюстрацыйнае з рэсурсу https://news-ru.gismeteo.st