Марскія плыні запавольваюцца, магчыма пахаладанне па ўсёй Еўропе

Навукоўцы з Даследчага цэнтра змены клімату з аўстралійскага Ўніверсітэта Новага Паўднёвага Ўэльса прыйшлі да высновы, што хуткае раставанне антарктычных ільдоў выклікае рэзкае запаволенне глыбінных акіянскіх плыняў – піша часопіс Nature.

Марскія плыні абумоўлены рухам уніз халоднай і шчыльнай салёнай вады, але з-за раставання леднікоў ўзровень салёнасці зніжаецца. Гэта запавольвае натуральныя працэсы і можа мець катастрафічныя наступствы для клімату.

Навукоўцы канстатуюць, што марскія плыні былі адносна стабільнымі на працягу тысячагоддзяў, але пры бягучым тэмпе яны могуць скараціцца адразу на 40% да 2050 года.

Плыні нясуць цеплыню, кісларод, вуглярод і пажыўныя рэчывы па ўсім зямным шары, таму іх запаволенне можа прывесці да пахаладання ў Еўропе, а таксама зменшыць здольнасць акіяна паглынаць вуглякіслы газ з атмасферы.

Нядаўна навукоўцы ўстанавілі, што марскі лёд Антарктыды растаяў да рэкорднага ўзроўню. Папярэдні гістарычны мінімум быў устаноўлены ў мінулым годзе.

Фота носяць ілюстрацыйны характар.

Эксперты ААН распрацавалі кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва

Міжурадавая група экспертаў па зменах клімату пад эгідай ААН апублікавала даследаванне пад назвай “кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва”, піша UN News. 

Вучоныя лічаць, што ключавы парог глабальнага пацяплення ў 1,5°С будзе пройдзены ўжо ў 2030-х гадах. “Кіраўніцтва” тлумачыць, як выкарыстоўваць чыстую энергію і тэхналогіі, каб пазбегнуць кліматычнай катастрофы. 

Навукоўцы занепакоеныя тым, што ключавая глабальная мэта па тэмпературы, верагодна, ужо недасяжная. Свет пацяплеў на 1,1°С, а ў 2030-х гадах ён, верагодна, перавысіць парог, які лічыўся недапушчальным, у 1,5°С. Ад змены клімату і далейшых паводак, паводле прагнозаў, мацней за ўсё пацерпяць прыбярэжныя раёны і невялікія астравы ў Ціхім акіяне.

Аўтары даклада падкрэсліваюць, што ў чалавецтва ёсць шанец прадухіліць кліматычную катастрофу, калі прыняць тэрміновыя меры па дэкарбанізацыі (змяншэння выкідаў вуглякіслага газа) эканомікі. Аўтары “кіраўніцтва” прапануюць пераход на сонечную і ветравую энергію, змену рацыёну харчавання, разумнае абыходжанне з адыходамі і выкарыстанне нізкавугляроднага транспарту.

Нядаўна навукоўцы высветлілі, што плошча лёду вакол Антарктыды паменшылася да рэкорднага ўзроўню.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Анамальнае пацяпленне на Алясцы – амаль +5 градусаў

Анамальна высокую тэмпературу зафіксавалі на Алясцы ў раёне аднаго з самых паўночных гарадоў свету і самага паўночнага у ЗША горада Уткіагвік, што размешчаны за 500 км на поўнач ад Палярнага круга, паведамляе Washington Post.

На пачатку тыдня слупок тэрмометра падняўся тут да +4,4 ° C, што стала самай высокай тэмпературай у перыяд з лістапада па сакавік для гэтага месца за ўсю гісторыю метэаназіранняў, якая налічвае больш за 100 гадоў. Гэта амаль на 20 градусаў больш у параўнанні з нормай для гэтай пары года. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў снежні 1932 года, калі тэмпература ў раёне Уткіагвіка паднялася да 1,1 °C.

Анамальнае пацяпленне прыйшло на поўнач Аляскі больш чым праз два тыдні пасля наступлення палярнай ночы, калі Сонца ў апошні раз у годзе было бачна над гарызонтам Уткіагвіка.

Незвычайнае для гэтага сезона надвор’е прыйшло на Аляску з-за зоны нізкага ціску на захадзе і высокага ціску на поўдні, што дазволіла хвалі цёплага паветра хлынуць на поўнач і прынесці на паўвостраў плюсавую тэмпературу. Акрамя таго, як мяркуюць навукоўцы, прычынай анамальнага пацяплення стала свабодная ад лёду вада ў Чукоцкім моры, якое перастала замярзаць з-за глабальнай змены клімату на фоне дзейнасці чалавека.

Увогуле снежань пачаўся з нетыпова цёплага надвор’я на большай частцы Арктыкі. Паводле дадзеных сайта Climate Reanalyzer Універсітэта штата Мэн, тэмпература ў рэгіёне ў сярэднім была на 6,4 °C вышэй за норму. Так, нехарактэрныя плюсавыя тэмпературы былі зафіксаваны ў сталіцы Грэнландыі Нуук, а таксама ў Ісландыі.

2022 павінен стаць адным з самых гарачых у Арктыцы за ўсю гісторыю назіранняў. Тэмпы пацяплення ў рэгіёне прыкладна ў чатыры разы перавышаюць сярэднія паказчыкі па астатнім зямным шары. Раставанне льдоў і змяненне клімату прыводзіць да шматлікіх надзвычайных з’яў, такіх як анамальныя ападкі, моцныя штормы і лясныя пажары, што звязана з павелічэннем ўзроўню расліннасці ў тундры.

Самыя гарачыя восем год на планеце

Апошнія восем гадоў былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў, заявіла 6 лістапада Сусветная метэаралагічная арганізацыя ў дакладзе на адкрыцці штогадовай канферэнцыі ААН па змене клімату ў Шарм-Эль-Шэйху, Егіпет.

«Экстрэмальная спякота, засуха і разбуральныя паводкі закранулі мільёны людзей і прычынілі мільярдныя страты ў гэтым годзе. Відавочныя прыкметы і наступствы змены клімату становяцца ўсё больш драматычнымі» – сказана ў публікацыі.

На думку экспертаў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, у 2022 годзе сярэдняя глабальная тэмпература будзе прыкладна на 1,15 градуса вышэй за сярэднюю тэмпературу даіндустрыяльнага перыяду 1850-1900 гадоў. 

Верагодна, бягучы год зойме 5-6-е месца ў спісе самых гарачых за гісторыю назіранняў, аднак “толькі пытанне часу, калі настане яшчэ адзін самы цёплы год”.

Вучоныя канстатуюць, што з 1993 года хуткасць павышэння ўзроўню мора падвоілася, а са студзеня 2020 года ўзровень мора вырас амаль на 10 міліметраў. Раставанне леднікоў у Альпах у 2022 годзе стала рэкордным: на гэта паўплывалі нізкае снежнае покрыва ў канцы зімы, неаднаразовае выпадзенне пылу з Сахары і працяглыя і інтэнсіўныя хвалі цяпла.

“Упершыню ў гісторыі нават у самых высокіх пунктах вымярэнняў снег не перажыў летні сезон, і таму не адбылося назапашвання свежага лёду” – гаворыцца ў публікацыі.

 

Найбольш пакутуюць тыя, хто невінаваты.

Канцэнтрацыі асноўных парніковых газаў працягваюць расці і дасягнулі рэкордных узроўняў. Для многіх леднікоў кропка незвароту ўжо пройдзеная, і раставанне будзе працягвацца сотні, калі не тысячы гадоў, што будзе мець сур’ёзныя наступствы для воднай бяспекі.

У Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі нагадалі прыклады экстрэмальнага надвор’я ў 2022 годзе: засуху ва Усходняй Афрыцы, рэкордныя дажджы і паводкі ў Пакістане, серыю разбуральных цыклонаў на Мадагаскары і ў Паўднёвай Афрыцы, экстрэмальную спякоту ў Еўропе.

Паводка ў Пакістане

«Занадта часта больш за ўсё пакутуюць тыя, хто менш за ўсё адказны за змяненне клімату, як мы бачылі на прыкладзе жудаснай паводкі ў Пакістане і смяротнай працяглай засухі на Афрыканскім Рогу. Але нават добра падрыхтаваныя супольнасці сёлета пацярпелі ад экстрэмальных з’яў, пра што сведчаць зацяжныя хвалі цяпла і засуха ў значнай частцы Еўропы і паўднёвага Кітая» – сказаў прафесар Таалас.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў даклад “хронікай кліматычнага хаосу” і заклікаў удзельнікаў канферэнцыі ў Шарм-Эль-Шэйху “адказаць на сігнал трывогі ад планеты дзеяннем – амбіцыйным і рэальным дзеяннем у галіне клімату”.

У праграму канферэнцыі 2022 года ўпершыню было афіцыйна ўключана абмеркаванне механізму кампенсацый страт ад змен клімату для краін, якія развіваюцца – гэта адбылося ў выніку «інтэнсіўных перамоваў», паведамляе BBC News. Як піша Reuters, у папярэднія гады развітыя краіны перашкаджалі правядзенню афіцыйных абмеркаванняў; яшчэ нават на канферэнцыі 2021 года ЗША і ЕЗ заблакавалі стварэнне такога фонду.

Цыклон “Батсірай” на Мадагаскары

Кліматычныя змены ў Беларусі. 

З другой паловы 1970-х гадоў хуткасць росту тэмпературы ў краіне  склала 0,6 градуса за 10 гадоў. Гэтыя лічбы ў 3,5 раза перавышаюць хуткасць росту па ўсім зямным шары і практычна ў 2 разы перавышаюць хуткасць росту тэмпературы паветра над сушай паўночнага паўшар’я” – распавядаюць спецыялісты Белгідрамету.

З канца 1980-х гадоў змяненне тэмпературы паветра праяўлялася ў росце зімовых тэмператур. Аднак з другой паловы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў пачалі расці тэмпературы і летняга перыяду, адзначаецца рост колькасці гарачых дзён з тэмпературай паветра плюс 25 градусаў і вышэй. У цэлым растуць максімумы тэмператур, змяняецца працягласць сезонаў года – павялічваецца працягласць лета і скарачаецца зіма. Таксама павялічваецца працягласць вегетацыйнага перыяду і скарачаецца ацяпляльны перыяд.

Што да змены характару выпадзення ападкаў на тэрыторыі Беларусі, то ў халодны перыяд года іх сума расце, а ў асобныя месяцы цёплага перыяду года – скарачаецца. Такія тэндэнцыі адзначаюцца ў чэрвені, жніўні і верасні, што разам з ростам тэмпературы паветра прыводзіць да павелічэння засушлівых умоў.

У будучыні, тэмпературы паветра будуць расці і да канца стагоддзя на тэрыторыі Беларусі сярэднегадавыя тэмпературы паветра могуць дасягаць адзнакі плюс 10-12 градусаў. Акрамя гэтага, у перыяд паміж 2020 і 2040 гадамі тэмпература паветра па ўсёй Зямлі павысіцца на 1,5 градуса. Так, змены клімату паўплываюць на навакольнае асяроддзе, галіны эканомікі і здароўе насельніцтва. 

 

 

На думку спецыялістаў Белгідрамета, важна ўдзяляць вялікую ўвагу ацэнцы рызык ад змянення клімату, распрацоўваць стратэгіі па адаптацыі эканомікі, навакольнага асяроддзя і насельніцтва.