Эксперты ААН распрацавалі кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва

Міжурадавая група экспертаў па зменах клімату пад эгідай ААН апублікавала даследаванне пад назвай “кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва”, піша UN News. 

Вучоныя лічаць, што ключавы парог глабальнага пацяплення ў 1,5°С будзе пройдзены ўжо ў 2030-х гадах. “Кіраўніцтва” тлумачыць, як выкарыстоўваць чыстую энергію і тэхналогіі, каб пазбегнуць кліматычнай катастрофы. 

Навукоўцы занепакоеныя тым, што ключавая глабальная мэта па тэмпературы, верагодна, ужо недасяжная. Свет пацяплеў на 1,1°С, а ў 2030-х гадах ён, верагодна, перавысіць парог, які лічыўся недапушчальным, у 1,5°С. Ад змены клімату і далейшых паводак, паводле прагнозаў, мацней за ўсё пацерпяць прыбярэжныя раёны і невялікія астравы ў Ціхім акіяне.

Аўтары даклада падкрэсліваюць, што ў чалавецтва ёсць шанец прадухіліць кліматычную катастрофу, калі прыняць тэрміновыя меры па дэкарбанізацыі (змяншэння выкідаў вуглякіслага газа) эканомікі. Аўтары “кіраўніцтва” прапануюць пераход на сонечную і ветравую энергію, змену рацыёну харчавання, разумнае абыходжанне з адыходамі і выкарыстанне нізкавугляроднага транспарту.

Нядаўна навукоўцы высветлілі, што плошча лёду вакол Антарктыды паменшылася да рэкорднага ўзроўню.

Фота мае ілюстрацыйны характар

68% ледавікоў планеты могуць знікнуць да 2100 года

Аднак ёсць шанец запаволіць гэты працэс удвая.

Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Science, міжнароднай групай навукоўцаў з ЗША, Нарвегіі, Аўстрыі, Швецыі, Канады, Францыі і Вялікабрытаніі ўстаноўлена, што плошча ледавікоў па ўсёй планеце скарачаецца ў разы хутчэй за прагназаваныя тэмпы. 

Вучоныя даследавалі 215 000 наземных ледавікоў, распрацавалі кампутарную мадэль, якая паказала, што пры захаванні цяперашніх тэндэнцый змены клімату, да 2100 года свет страціць каля 32% масы сваіх ледавікоў – або 48,5 трыльёнаў тон лёду – а 68% усіх ледавікоў поўнасцю знікне.

З прычыны таяння ледавікоў узровень Сусветнага акіяна павысіцца на 11,5 сантыметраў, што ўзмоцніць раставанне палярных ільдоў і прывядзе да затаплення сушы, на якой зараз пражывае мінімум 10 мільёнаў чалавек. У  разы скароцяцца запасы прэснай вады, павысіцца рызыка паводак і разбурэнняў ландшафтаў найвышэйшых сусветных гор, такіх як Джамалунгма.

Аднак, калі чалавецтву ўдасца спыніць глабальнае пацяпленне, зафіксаваць яго на ўзроўні 1,5 градуса Цэльсія (зараз паказчык дасягнуў адзнакі 1,1 градуса), Зямля страціць толькі 28% леднікоў.