У Ісландыі ажыў вулкан Фаградальсф’ял. Турыстам рэкамэнтавана не наведваць мясціны (відэа)

Каля міжнароднага аэрапорту Кефлавік, што ў 32 кіламетрах ад Рэйк’явіку, сталіцы Ісландыі, аб’яўлены «чырвоны код» небяспекі з забаронай палётаў над гэтай тэрыторыяй. Для агляду сітуацыі ў раён вывяржэння накіраваны верталёты.

Паводле Міністэрства замежных спраў краіны, перабояў з рэйсамі ў Ісландыю і з Ісландыі не было, а міжнародныя калідоры палётаў застаюцца адкрытымі.

 

 Інфармацыйныя агенцтвы краіны апублікавалі відэа, на якім бачна, як лава і дым вырываюцца з расколіны ў зямлі на схіле гары Фаградальсф’ял.

Вывяржэнню вулкану папярэднічала павелічэнне актыўнасці землятрусаў у навакольных мясцінах.

Турыстам і жыхарам рэкамендуюць не наведваць раён з-за атрутных газаў. Непасрэднай рызыкі пашкоджання крытычнай інфраструктуры няма.

Летась у гэтай мясціне ўжо было вывяржэнне. Яно стала першым на ісландскім паўвостраве Рэйк’янэс амаль за 800 гадоў.

 

Фота ілюстрацыйнае з рэсурсу https://news-ru.gismeteo.st