Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі, Рокат рэк гаваркіх, Буйства сокаў зямных. Вечна юнага часу
Ўрачыстая песня (Алесь Звонак).
Сапраўды, красавік – гэта і месяц магутнага разводдзя і ледаходу, і масавага прылёту птушак. Зямля ачышчаецца ад снегу нават у лесе. Бясснежная цёмная паверхня добра “прымае” сонечныя прамяні, да таго ж расце вышыня сонца, што вядзе да прагравання глебы.
Працягласць дня за месяц вырастае з 13 да 15 гадзін. Разам з гэтым расце і колькасць сонечнай радыяцыі. Радыяцыйны баланс у 4 разы перавышае сакавіцкі, сярэднемесячная тэмпература на 8ºС і больш вышэйшая, чым у першым каляндарным вясновым месяцы.
У Горках сярэдняя тэмпература месяца складае +4,8ºС, у Бабруйску +6,1ºС, у Магілёве +5,5ºС. Пры гэтым адхіленні ад названых сярэдніх тэмператур могуць быць вельмі значнымі: ад -1 да +10,5 ºС.
Красавік – месяц барацьбы холаду і цяпла, Арктыкі і Міжземнамор’я.
Калі першая палова месяца не асабліва ўражвае цяплом, то ўжо ў трэцяй дэкадзе красавіка, як правіла, бываюць дні з тэмпературай вышэй за +20ºС. Такое цяпло паскарае вегетацыйныя працэсы.
Але за красавіком яшчэ ідуць халады. Абсалютны мінімум складае -19,5ºС (Касцюковічы, 1952 год).
У сярэднім у красавіку 3 дні з адмоўнай тэмпературай. У найбольш цёплыя вёсны ў гэтым месяцы спыняюцца замаразкі. У 1962 годзе апошні замаразак быў 3 чысла, але ў 60% гадоў замаразкі паўтараюцца і пасля 30 красавіка. Бывае, што на красавік прыпадае максімальная тэмпература года, як гэта было ў 1950 годзе.
Глеба хутка праграваецца.
Самая ранняя дата поўнага адтайвання глебы ў Магілёве – 21 сакавіка (1961 год), самая позняя – 29 красавіка (1960 год).
Павялічваецца дэфіцыт вільгаці ў паветры – у 3 разы, у параўнанні з сакавіком.
У красавіку толькі 11 дзён у сярэднім пахмурных. У сярэднім у Магілёве бывае адзін дзень з навальніцай, максімальна – 4. Бывае і град – да 2-х дзён, пры пранікненні трапічнага паветра з Міжземнамор’я.
Снегапад, як і замаразкі – з’ява звычайная.
Можа быць і галалёд – раз на 10 гадоў. Колькасць дзён з туманамі дасягае 9, але бывае красавік і без туманаў.
На пачатку месяца нарыхтоўваюць бярозавы сок. З’яўляюцца першацветы. Ужо ў першай дэкадзе выкідвае жоўтую кветку падбел. У канцы месяца вільготныя лугі ўпрыгожваюць кветкі лотаці. У першай палове месяца цвітуць вярбовыя, тады ж пчолы нясуць багатую абножку.
У другой дэкадзе, а то і раней, з’яўляюцца лісты у агрэста, парэчак.
Ажываюць палі. Красавкі – месяц пасадкі садовых дрэваў і кустоў.
Месяц масавага прылёту птушак. З’яўляюцца першыя вывадкі ў палёвак, выходяць з зімовага жылля вожык, барсук, крот. Расплюшчыліся вочы ў ваверчанят, у логавах ваўкоў нарадзіліся ваўчаняты.
Красавік – час масавай сяўбы яравых культур. У сярэдзіне месяца пачынаюць садзіць і высяваць у адкыты грунт цыбулю, моркву, салату, радыску, кроп, гарох.
Калі прагрэецца глеба, высяваюць сталовыя буракі, высаджваюць рассаду ранніх гатункаў капусты, у канцы месяца высяваюць яравізаваныя клубні бульбы, ставяць плёначныя парнікі.
Пачатак сезона на лецішчах.
Большасць дачнікаў наведваюць лецішчы пасля зімы. Вядома, што перш за ўсё яны правяраюць, як зіму правялі часнык, і лук-сеянка якія былі пасаджаныя позняй восенню, прыбіраюць участкі ад лісця, каб глеба хутчэй прагравалася. Потым глебу рыхляць і дадаюць азотныя падкормкі.
Некаторыя з рэкордаў красавіка.
Максімальная сярэдняя тэмпература красавіка ў Магілёве зафіксавана ў 1950 годзе, калі склала +10,5ºС, а мінімальная ў 1929 – яна была адмоўная, каля -0,7ºС.
Абсалютны максімум тэмператур красавіка роўны +27,8ºС у Магілёве быў зафіксаваны ў 1970 годза, +28,6ºС у Бабруйску – у 1950-м.
Максімальная колькасць ападкаў выпала ў Магілёве ў красавіку 1905 года – 124 мм, а мінімальная – ў 1974 годзе, калі было толькі 6 мм.
Міжанародны Дзень жартаў. Дзень смеху. Дзень дурняў.
Гісторыя дня бярэ пачатак з грэчаскай міфалогіі. Такую назву ён атрымаў дзякуючы розыгрышам, якія ставяць людзей у смешнае, але не ў крыўднае становішча. На працягу многіх стагоддзяў былі розныя жарты, якія запомніліся людзям. У некаторых краінах прынята адзначаць вясёлы дзень да абеду, каб потым не назвалі “красавіцкім дурнем”.
Падобныя звычаі былі вядомыя старажытным персам, рымлянам, індусам і шматлікім іншым народам.
Паводле паданняў старажытных славян, 1 красавіка прачынаецца дамавік, і таму трэба ўсяляк ашукваць адзін аднаго, каб збіць яго з панталыку.
Першае гістарычнае сведчанне святкавання Дня адносіцца да 1686 года, калі англійскі пісьменнік і даследчык старажытнасцей Джон Обры даслоўна згадаў у сваім рукапісе тэрмін “Свята дурня”.
Міжнародны дзень птушак (International Bird Day, з 1894 года).
Экалагічнае свята, якое прымеркавана да пачатку вяртання птушак з месцаў зімовак. Мэта свята – захаванне краявіднай разнастайнасці і колькасці птушак.
Дзень птушак звязваюць з дзіцячым святам, уладкованым у 1894 годзе настаўнікам з амерыканскага горада Ойл-Сіці Ч. Бэбкокам. Яго падтрымала газета “Пітсбургская тэлеграфічная хроніка”, якая пачала актыўна папулярызаваць свята. Больш за тое, газета арганізавала спецыяльны клуб-музей па ахове птушак для школьнікаў. Неўзабаве Дзень птушак стаў шырока праводзіцца як народнае свята ва ўсіх штатах краіны, потым прыйшоў у Еўропу, а цяпер праходзіць у рамках біялагічнай праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” ў многіх краінах свету.
У школы Расійскай імперыі Дзень птушак уведзены намаганнямі ўраджэнца Полацка прафесарам Дз. Кайгарадавым (1846–1924).
Штогод у розных краінах свету выбіраецца птушка – сімвал года. Птушкай 2023 года ў Беларусі абрана звычайная галубка.
Да 2022 года мерапрыемствы да Дня птушак праводзіліся пад эгідай ГА«Ахова птушак Бацькаўшчыны» (1985–2022). Але арганізацыя ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.
1548 год. Памёр Жыгімонт Стары (1467–1548).
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506–1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 8 снежня 1506 года стаў каралём польскім.
Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.
Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.
Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.
Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.
1557 год. Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі».
Пачатак правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая прывяла да хуткага роста дабрабыту дзяржавы. Ва ўсіх валасцях, у тым ліку Магілёўскай, фальваркі павінны былі стварацца толькі пры тых замках і дварах, дзе адпаведна меліся ўраджайныя глебы.
Рэформа пачалася з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі – фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян – валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны.
Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання падаткамі сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў яго развіцця і адгукаюцца дагэтуль.
1579 год. Каралём Стэфанам Баторыям заснаваны Віленскі ўніверсітэт.
Створаны на базе Віленскага езуіцкага калегіума. Першапачаткова складаўся з двух факультэтаў, тэалагічнага і філасофскага. Зачынены пасля паўстання у 1832 годзе. З 1919 года працаваў як адзін з універсітэтаў Польшчы, у 1939 годзе, калі Вільня ўвайшла ў склад Літвы, набыў свой цяперашні статус.
Другая вышэйшая навучальная установа на беларускіх землях – Полацкі калегіум – быў адкрыты ў 1581 годзе. На яго базе працавала акадэмія ў 1812–1820 гадах. Цяпер працуе Полацкі ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.
1862 год. Нарадзіўся Адам Багдановіч.
Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.
У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.
Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук..
Памёр 16 красавіка 1940 года ў Яраслаўлі.
У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўленыпомнік.
1877 год. Нарадзіўся Васіль Захарка.
Прэзідэнт БНР (1928–1943).
Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898–1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).
Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».
Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.
Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».
Памёр 14 сакавіка 1943 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.
1901 год. Нарадзіўся Сяргей Пясецкі.
Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.
Сёмы клас уладзімірскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. З турмы ён уцёк.
Бальшавіцкі тэрор у Маскве настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў шэрагах партызан («Зялёны Дуб»), у Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. У міжваены час займаўся кантрабандай у Ракаве, быў асуджаны за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. У зняволенні прачнуўся літаратурны дар.
Яго турэмная проза прыцягнула ўвагу вядомага пісьменніка М. Ваньковіча, які дапамог выдаць першую кніжку «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» прынесла аўтару сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.
Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у фарміраваннях Арміі Краёвай. У 1946 годзе эмігруе ў Італію, потым у Вялікабрытанію.
Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулаў. Паводле яго твораў здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у тым ліку ў Італіі.
Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе
1912 год. Дэбют у маскоўскім Вялікім тэатры ўраджэнца Магілёва Сяргея Мігая (1888–1959).
Артыст оперы. Народны артыст РСФСР. Прафесар Маскоўскай кансерваторыі.
Меў насычаны голас цёплага тэмбру, вялікага дыяпазону, дасканала валодаў вакальнай тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, Ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж. Вердзі) і іншыя.
Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.
У гонар артыста ў Магілёве названы завулак.
1940 год. Загінуў Язэп Лёсік (1883-1940).
Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.
Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.
На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.
Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).
Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2-гі старшыня Рады БНР.
Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.
Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.
Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. Месца пахавання невядомае.
У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.
1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Басалыга.
Беларускі савецкі графік, ілюстратар, калекцыянер.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, старшынёй Беларускага саюза мастакоў.
Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстар экслібрыса.
Для яго творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора.
Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляліся тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»).
Памёр 7 чэрвеня 2020 года.
1941 год. У Бабруйску нарадзіўся Леанід Марчанка.
Беларускі мастак-графік.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут
Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнік ідэй нацыянальнага рамантызму.
Яго афорты, літаграфіі – характарыстыкі кожнай істотнай дэталі – раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.
Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.
Памёр 11 сакавіка 1996 года.
1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук.
Беларускі пісьменнік, перакладчык. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола, Літаратурных прэмій імя І. Мележа, імя Я. Коласа. Бацька журналіста Дз. Жука.
Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь».
Аўтар шматлікіх апавяданняў, кніг апавяданняў, празаічных зборнікаў. Па яго творах зняты мастацкі фільм «Палігон», ставіліся спектаклі.
Адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.
Памёр 15 кастрычніка 2022 года.
1956 год. Нарадзіўся Сяргей Антончык.
Беларускі палітык. Член БНФ.
Адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990–1995).
Быў у складзе антыкарупцыйнай парламецкай камісіі, якую ўзначальваў А. Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзідэнта І. Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, які Антончык прайграў, яго маёмасць была часткова канфіскаваная.
У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парламента.
У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, але зняў сваю кандыдатуру на карысць М. Марыніча.
Пазней займаўся стварэннем незалежных прафсаюзаў.
2010 год. Памёр Яўген Дзямідчык (1925–2010).
Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.
Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.
Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.
Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.
2020 год. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы падцверджаны выпадак каронавіруснай інфекцыі.
На сёння застаецца невядомай колькасць памерлых ад інфекцыі.
1697 год. Маскоўскі дыпламат, стольнік Пётр Талсты пабываў у магілёўскім Брацкім манастыры.
Ён прыбыў у Магілёў напярэдадні. «У тым манастыры царква саборная вялікая, будынак у царкве ладнай разьбяной працы пазалочаны. Тая царква ўся падпісана насценным лістом ладным, іканастас разны пазалочаны, вялікі, ладнай працы».
1785 год. Памёр ураджэнец Наваельні граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785).
Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Заснавальнік першага на Беларусі перыядычнага выдання – «Gazeta Grodzieńska». Адміністратар каралеўскіх эканомій: Гарадзенскай, Брэсцка-Кобрынскай, Шавельскай, Аліцкай і Магілёўскай.
Яго намаганнямі Гродна зрабілася месцам працы розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбунала, задворнага асэсарскага суда.
Заснаваў у горадзе і яго ваколіцах шэраг мануфактур, адчыніў гарадскі тэатр, кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую, тэатральную і іншыя школы, друкарню.
У 1775 годзе набыў у Вільні друкарню, выдаваў календары, часопіс «Gazety Wileńskie».
Палымяны прыхільнік асветы, усталявання роднай мовы. Прапаноўваў Ж.-Ж. Русо пераехаць жыць у Гродна або ў Белавежскую пушчу.
Пахаваны ў фамільным склепе ў Жалудоцкім касцёле.
Помнікі Тызенгаўзу ўстаноўлены ў ГродзенскімФарным касцёле, Паставах, яго імем названа плошча ў Гродне.
1889 год. У Парыжы ўрачыста адкрыта Эйфелева вежа.
Сімвал Парыжа, кахання ў закаханых парачак з усяго свету. Першапачаткова задумвалася як часовая канструкцыя і была пабудавана ўсяго за 2 гады на Марсавым полі ў якасці ўваходнай аркі на тэрыторыю экспазіцыі Сусветнай выставы 1889 года. Пазней названа ў гонар свайго канструктара Г. Эйфеля.
Ажурнае збудаванне складаецца з 18 000 металічных дэталяў, для злучэння якіх было выкарыстана 2,5 мільёны заклёпак. Металічныя канструкцыі важаць 7300 тон, а агульная вага, уключаючы неметалічныя элементы, складае 10000 тон.
15 мая 1889 года на вежу падняліся першыя наведвальнікі.
324 мятровая вежа была самай высокай ў свеце да 1930 года.
1904 год. На браняносцы «Петрапаўлаўск» падчас руска-японскай вайны загінуў ураджэнец Мінска Андрэй Валковіч (1870–1904).
Ваенны ўрач. Доктар медыцыны.
Скончыў Імператарскую Ваенна-медыцынскую акадэмію. Прымаў удзел у барацьбе з эпідэміямі тыфа, халеры ў Вяцкай губерні.
Служыў урачом у розных флоцкіх экіпажах. Аддаваў перавагу не практычнай, а эксперыментальнай медыцыне, якой ён з захапленнем заняўся па прапанове і пад кіраўніцтвам І. Паўлава.
Удзельнік руска-шведскай экспедыцыі (1899–1901) па градусным вымярэнні на архіпелагу Шпіцберген. На востраве збіраў гідралагічны і заалагічны матэрыял.
Удзельнік руска-японская вайны.
У яго гонар названа гара на ўсходзе Зямлі Тарэля вострава Заходні Шпіцберген.
1910 год. Пад Браславам нарадзіўся Юзаф Буйноўскі (1910–2001).
Польскі паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык, эсэіст.
Скончыў Дзісенскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.
Выкладаў у Браслаўскай прыватнай гімназіі, выдаў у мясцовай друкарні два зборнікі вершаў. Перад вайной працаваў у Вільні.
Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскую армію і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях пад Львовам. У 1939–1941 гадах быў зняволеным ў савецкім лагеры, з якога ўцёк у Вільню. У 1941 годзе быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў канлагер на Урал, зноў уцёк і ўступіў у армію генерала Андэрса, удзельнічаў у баявых дзеяннях 2-га корпуса на тэрыторыі Італіі.
У 1946 годзе стаў сузаснавальнікам польскага ПЭН клуба і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Англію.
У Вялікабрытаніі займаўся выдавецкай, літаратурнай дзейнасцю, кіраваў выдавецтвам Польскага літаратурнага таварыства, утрымліваў уласную друкарню. Як доктар і прафесар выкладаў ва ўніверсітэтах Англіі, Амстэрдама, Гайдэльберга.
1952 год. У в. Чарняўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Алег Мінкін.
Беларускі пісьменнік, перакладчык. Узнагароджаны літаратурнымі прэміямі «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты», імя М. Стральцова за паэтычную творчасць.
Скончыў Бабруйскую школу-інтэрнат № 1, Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Працаваў у Бураціі, на нафтаправодзе «Дружба» ў Наваполацку, у «Галоўтранснафце» (Гомель), на нафтаправодах Цюменскай вобласці.
Жыве ў Вільнюсе. Выдаваў газету «Рунь».
Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, прозы, дзіцячых кніг.
Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б. Лесьмяна, Л. Стафа, М. Зэрава, П. Грабоўскага.
1954 год. СССР звярнуўся да НАТА з просьбай прыняць яго ў сябры арганізацыі.
НАТА просьбу не задаволіла.
1964 год. Нарадзіўся Ян Збажына
Беларускі паэт і празаік.
Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіялаБАЖ.
Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афарызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».
Памёр 10 лютага 2011 года.
1969 год. Памёр Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893-1969).
Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.
У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.
Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.
1971 год.У 3-й гарадской бальніцы Мінска нарадзіўся Павел Бурэ.
У пасведчанні аб нараджэнні месцам нараджэння запісана Масква па месцы прапіскі бацькоў.
Савецкі і расійскі хакеіст. Заслужаны майстар спорту СССР. Правёў у НХЛ 12 сезонаў у складзе каманд «Ванкувер Кэнакс», «Фларыда Пантэрз» і «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». За сваю хуткасць атрымаў мянушку “Руская ракета”.
У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 702 гульні, у якіх набраў 779 ачкоў (437 шайб і 342 перадачы). Па сярэдняй колькасці шайб за матч (0.623) займае пятае месца ў гісторыі НХЛ. Шэсць разоў удзельнічаў у матчах усіх зорак, а ў 2000 годзе атрымаў прыз самаму каштоўнаму гульцу матчу ўсіх зорак.
Член залы славы Міжнароднай федэрацыі хакея і Залы хакейнай славы. Уваходзіць у спіс 100 найвялікшых хакеістаў за ўсю гісторыю НХЛ.
2020 год. Першай афіцыйнай ахвярай каронавіруса на Беларусі стаў Віктар Дашкевіч (1945–2020).
Беларускі акцёр. Заслужаны артыст. Уладальнік медаля Ф. Скарыны.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Працаваў акцёрам, загадчыкам трупы ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дырэктарам Беларускага тэатра «Лялька» (Віцебск).
Сыграў больш за 40 ролей у тэатры, у тым ліку ў пастаноўках «Несцерка» В. Вольскага, «Прымакі» Янкі Купалы, «Званы Віцебска» У. Караткевіча, «Чорная нявеста» А. Дударава, «Апошнія сведкі» С. Алексіевіч.
У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве Святой Жываначальнай Тройцы з 2003 года – паведаміў унук паэткі грамадзянін Польшчы Міхась Геніюш. Ён паказаў фота таго месца, дзе стаяў помнік.
Толькі ўранні mogilev.media паведамляў, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству.
Але помнік знік. “Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто не бачыў, не ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая” – кажа Міхась Геніюш.
Дэталі знікнення дагэтуль не вядомы. Прычына знікнення помніка да канца незразумелая. Устаноўку помніка 20 гадоў назад дабраславіў мітрапаліт Філарэт. Савецкія ўлады друкавалі вершы Л. Геніюш, выдавалі кніжкі, ёй плацілі за гэта ганарары. Ларыса Геніюш была нават у Саюзе пісьменнікаў. Напярэдадні Зэльвенскі райвыканкам адмовіўся дэмантаваць помнік, чаго патрабавала прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава.
Унук заявіў, што не будзе звяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў знікненні помніку ягонай бабулі: «Прабачце, але не буду… Ехаць у Беларусь я не збіраюся, бо гэта можа быць для мяне нават небяспечна».
Калі нехта з Беларусі захоча змагацца за вяртанне помніка, то Міхась Геніюш падтрымае гэтую ініцыятыву, але сам не будзе яе пачынаць, бо не бачыць у гэтым сэнсу.
Ён думае, што больш эфекту выйдзе, калі вяртаннем помніка зоймецца царква, бо бюст стаяў на яе тэрыторыі.
Жыхары Зэльвы будуюць розныя версіі, але самыя папулярныя: нехта з грамадзян забраў да сябе, каб захаваць помнік, альбо што гэта зрабіла сама блогерка В. Бондарава.
Дзень абароны Зямлі (Earth Protection Day, з 1976 года).
Упершыню святкаваўся ў Іарданіі 30 сакавіка 1976 года.
Галоўная мэта – прыцягненне ўвагі людзей да глабальных экалагічных праблем. У гэты дзень усе жыхары планеты робяць добрыя справы: чысцяць ад смецця свой двор, вуліцу, горад, ствараюць газоны, садзяць дрэвы ў скверах і парках. Гэтыя вельмі простыя дзеянні дораць Зямлі многія тысячы гадоў здаровага жыцця.
Лепшым падарункам нашай планеце, роднаму краю будзе жыццё пад дэвізам: “Кожны дзень – дзень абароны Зямлі!”.
Дзень шпацыру па парку (Walking day in the park).
Актуальнае свята для людзей, якія жывуць у мегаполісах.
На думку ўрачоў, знаходжанне на прыродзе аказвае на арганізм чалавека ўзнаўляльнае дзеянне, якое немагчыма параўнаць з шопінгам або паходам у кіно. Шпацыры ў парку, удалечыні ад пылу і шумных магістраляў, могуць палепшыць настрой і знізіць стрэс. Даследаванні паказалі, што людзі, якія ходзяць пешшу або гуляюць у зялёных зонах, як правіла, больш шчаслівыя.
1613 год. Іван Сусанін завёў беларусаў у багну.
Прыгонны кастрамскі селянін Іван Сусанін, сын нейкай Сусанны – народны рускі герой, сімвал “мужыцкай” адданасці цару.
У сакавіку 1613 года ён быў узяты ў якасці правадніка атрадам шляхты з Рэчы Паспалітай да вёскі Домніна – вотчыны Раманавых, дзе хаваўся са сваёй маці толькі што абраны на пасад цар Міхаіл Фёдаравіч. Сусанін наўмысна завёў атрад у непраходны багністы лес, за што і быў забіты.
Подзвіг Сусаніна адлюстраваны ў мастацкай літаратуры і ў оперы беларуса М. Глінкі “Жыццё за цара” (“Іван Сусанін”).
У рускіх крыніцах сцвярджаецца, што Сусанін завеў у багну палякаў-каталікоў. Але ў той час каля Кастрамы былі два палкі праваслаўных літвінаў-беларусаў з Віцебска і Полацка, вайскоўцаў на службе караля польскага, вялікага князя літоўскага, маскоўскага цара Уладзіслава IV Вазы.
1689 год. На плошчы Старога Мяста ў Варшаве абезгалоўлены і спалены на вогнішчы за атэізм Казімір Лышчынскі (1634–1689).
Вялікалітоўскі філосаф, мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай. Упершыню ўжыў тэрмін «атэіст».
Скончыў Віленскую акадэмію. Прымаў удзел у маскоўскай, шведскай, турэцкай ваенных кампаніях. Выкладаў у Львове, Берасці. Працаваў настаўнікам, меў юрыдычную практыку.
У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пераехаў у свой родавы маёнтак Лышчыцы на Берасцейшчыне. Карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Шмат судовых спраў правёў на карысць мяшчан і шляхты, якія судзіліся з езуітамі за захопленыя землі, даўгі. Меў сваю школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян.
Напісаў трактат «Аб неіснаванні Бога». Рукапіс кнігі выкраў агент езуітаў Ян Бжоска.
У 1687 годзе царкоўны суд за цяжкае злачынства – атэізм – пастанавіў спаліць яго жывога на вогнішчы. Па ўласнай просьбе асуджанага кара была заменена на адсячэнне галавы.
1791 год. Нацыянальны сход Францыі ўвёў азначэнне метра: адна саракамільённая частка даўжыні парыжскага мерыдыяна. Пачатак метрычнай сістэмы.
Метрычная сістэма – агульная назва міжнароднай дзесятковай сістэмы адзінак, заснаванай на выкарыстанні метра і кілаграма. На працягу двух апошніх стагоддзяў існавалі розныя варыянты метрычнай сістэмы, якія адрозніваюцца выбарам асноўных адзінак. Цяпер паўсюдна прызнанай з’яўляецца Міжнародная сістэма адзінак (СІ). Пры некаторых адрозненнях у дэталях, элементы сістэмы аднолькавыя ва ўсім свеце. Метрычныя адзінкі шырока выкарыстоўваюцца па ўсім свеце як у навуковых мэтах, так і ў паўсядзённым жыцці. Цяпер метрычная сістэма афіцыйна прынята ва ўсіх дзяржавах свету, акрамя ЗША, Ліберыі і М’янмы.
1843 год.Нарадзіўся Канстанцін Станюковіч.
Пісьменнік на тэмы з жыцця ваенна-марскога флота. Выхадзец з беларуска-літоўскага роду Станьковічаў. Марскі афіцэр, сын адмірала, каменданта порта і губернатара Севастопаля Міхаіла Станюковіча.
У рускай літаратуры гэта імя непарыўна звязана з жанрам марыністыкі. Стала амаль банальнасцю сцвярджэнне, што ў рускім мастацтве ёсць два непераўзыдзеных спевака марской стыхіі, роўных па таленце: у жывапісе – Айвазоўскі, у літаратуры – Станюковіч.
Бібліяграфія налічвае больш за 100 апавяданняў, аповесцей, некаторыя з іх экранізаваны – “У далёкім плаванні”, “Максімка”, “Матрос Чыжык”, “Пасажырка”. Яго творы выданы Зборамі ў 6, 10 і 12 тамах.
Памёр у Неапалі 20 мая 1903 года.
У яго гонар устаноўлены Мемарыяльная дошка ў Севастопалі, названы вуліцы ва Уладзівастоку, Крандштаце, шэраг бібліятэк.
1856 год. Скончылася Крымская вайна (1853–1856).
Вайна скончылася падпісаннем мірнай дамовы на Парыжскім кангрэсе, які адкрыўся 25 лютага 1856 года ў сталіцы Францыі прадстаўнікамі Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Сардзініі, Аўстрыі і Прусіі.
Расія страціла ўмацаванні Аландскіх астравоў, кантроль над суднаходствам па Дунаі, адмаўлялася ад пратэктарата над Валахіяй, Малдавіяй і Сербіяй і ад часткі паўднёвай Бесарабіі; саступала Малдавіі свае ўладанні ў вусцях Дуная і частку Паўднёвай Бесарабіі, вяртала заняты ў Турцыі Карс, але захоўвала Севастопаль, Балаклаву, Камыш, Керч-Енікале, Кінбурн.
За імперскія расійскія інтарэсы ў гэтай вайне, толькі ў Крыме загінула больш за 6 000 беларусаў з Мінскага, Брэсцкага. Беластоцкага, Магілёўскага пяхотных, Віцебскага і Полацкага егерскіх палкоў.
1890 год. У Іркуцку памёр Іасафат Агрызка (1826–1890).
Беларускі выдавец, журналіст, грамадска-палітычны дзеяч.
Скончыў Лепельскае павятовае вучылішча, Мінскую гімназію, Пецярбургскі ўніверсітэт. У Пецярбургу заснаваў друкарню і выдаваў на польскай мове газету «Słowo» і альманах «Pismo zbiorowe», выдаў першы збор твораў М. Дабралюбава, перавыдаў старажытныя законы ВКЛ і Польшчы «Volumina Legum».
Падчас паўстання 1863–1864 гадоў быў галоўным прадстаўніком паўстанцкага варшаўскага ўрада у Пецярбургу.
Арыштаваны ў лістападзе 1864 года, прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 20 гадоў катаргі, якую адбываў у Сібіры. У 1877 годзе вызвалены з забаронаю вяртацца на тэрыторыю Беларусі, Літвы, Польшчы.
1893 год. Нарадзіўся Ілья Гітгарц.
Беларускі дырыжор і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў.
Скончыў Петраградскую кансерваторыю. Працаваў у Палтаўскім оперным тэатры, Народным доме ў Петраградзе, загадчыкам музычнай часткай Другога Беларускага тэатра ў Віцебску, быў адным з арганізатараў і дырыжораў Беларускай студыі оперы і балета, дырыжорам Беларускага тэатра оперы і балета. Выкладаў у Беларускай кансерваторыі.
Ажыццявіў пастаноўку оперы «Кастусь Каліноўскі» Лукаса, балета «Князь-возера» Залатарова і іншых твораў.
Аўтар музыкі да драматычных пастановак тэатра імя Я. Коласа «Каля тэрасы» М. Грамыкі, «Калі спяваюць пеўні» Ю. Юр’іна, «Качагары» І. Гурскага.
Памёр 3 лютага 1966 года ў Мінску.
1970 год. На экраны выйшаў фільм ураджэнца Лепеля Уладзіміра Матыля (1927–2010) “Белае сонца пустыні”.
У пракат фільм выпусцілі дастаткова вялікім тыражом – 1 410 копій. Нараўне з камедыямі Леаніда Гайдая і серыялам “Семнаццаць імгненняў вясны”, “Белае сонца пустыні” стаў чэмпіёнам па колькасці паказаў на тэлебачанні.
Па традыцыі фільм “Белае сонца пустыні” перад стартам глядзелі савецкія касманаўты.
1907 год. Нарадзілася Надзея Абрамава.
Беларуская пісьменніца, журналістка, адна з кіраўнікоў беларускага маладзёжнага руху ў 1943–1944 гадах.
Скончыла Беларускі вышэйшы педагагічны і Мінскі медыцынскі інстытуты. Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы, з 1942 года ўзначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з 1943 – службу юначак Саюза беларускай моладзі. Супрацоўнік часопіса «Жыве Беларусь!», член Беларускай цэнтральнай рады. Удзельніца 2-га Усебеларускага кангрэса (1944, Мінск).
Яе высілкамі было выратавана шмат яўрэйскіх дзяцей, адну дзяўчынку яна ўдачарыла.
У 1944 годзе эмігравала ў Германію, працавала ў адноўленым Кіраўнічым штабе Саюза Беларускай моладзі ў Чэхіі, выдавала бюлетэнь «Вучэбны лісток», працавала ў Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен), займалася пытаннямі рэлігіі і атэізму.
Памерла 18 лютага 1978 года.
1956 год. Нарадзілася Хрысціна Лялько.
Беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка.
Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria».
Аўтар вершаў, кніг прозы, паэзіі, зборніка казак «Хітрэй свету не будзеш».
Пераклала на беларускую мову нарыс У. Сыракомлі «Мінск», шэраг кніг, энцыклікаў Папы Яна Паўла II, творы Я. Твардоўскага і іншыя тэалагічныя творы.
1973 год. Нарадзіўся Северын Квяткоўскі.
Беларускі пісьменнік, журналіст, грамадскі дзеяч, аўтар кнігі «Каларадская пушча» (2019).
Працаваў журналістам на «Radio 101,2 FM», у газетах «Имя» і «Наша Ніва», у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё», на «Радыё Рацыя» і Радыё «Свабода». Быў рэдактарам грамадзкага блогу budzma.org. Уваходзіў у склад Партыі аматараў піва.
Аўтар імпрэсій, апавяданняў, эсэ, мініяцюр, нарысаў, фрашкаў.
Напачатку 2022 года затрымліваўся сілавікамі пасля вяртання з-за мяжы.
2021 год. Памёр Канстанцін Красоўскі (1958–2021).
Беларускі географ, дэмограф. Доктар геаграфічных навук, прафесар.
Скончыў Брэсцкі педінстытут. Усё жыццё аддаў прыцы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна: прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1995–2000), загадчыка кафедры, прарэктара па навуковай рабоце, першага прарэктара (2009–2011).
Займаўся пытаннямі дэмаграфіі, рассялення насельніцтва і яго структур, міграцый.
Аўтар і сааўтар больш за 160 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 3 кандыдацкія дысертацыі.
2017 год. Памёр Мікола Рыжы (1953–2017).
Беларускі ілюстратар і мастак філатэлістычнай прадукцыі.
Афарміцель больш за 60 кніг, сярод якіх «Блікі сонца» Максіма Танка, «Рэпартаж з пятлей на шыі» Ю. Фучыка, «Маўглі» Кіплінга, «Вужовы кароль» Ул. Ягоўдзіка, «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Ул. Бутрамеева, казак, дзіцячых падручнікаў.
Працаваў у галіне кніжнай графікі, нацюрморта, станковай графікі малых форм і экслібрыса. Мастак падараваў мінскаму Музею сучаснага выяўленчага мастацтва 40 сваіх экслібрысаў.
Сапраўдны майстар паштовай мініяцюры. Распрацаваў больш за 200 арыгінал-макетаў паштовых марак, мастацкіх капэрт і картак.
Аўтар серый марак, якія прысвечаны паўстанню 1794 года, 480-годдзю Беларускага друку, 120 і 125-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Намаляваў графічную серыю партрэтаў землякоў-адраджэнцаў 1920–1930-х гадоў: К. Езавітаў, А. Бярозка, А. Калубовіч, А. Смоліч, В. Захарка, В. Ластоўскі, Р. Астроўскі, Я. Кіпель.
2022 год. Распачата фармаванне беларускага нацыянальнага палка «Пагоня» ў складзе Узброеных Сіл Украіны.
Ён сфарміраваны на базе атрада «Пагоня», які браў удзел у баях на усходзе Украіны ў 2014–2022 гадах.
Ва Украіне дзейнічае некалькі беларускіх груп, якія ваююць супраць расійскіх войскаў, у тым ліку полк імя Кастуся Каліноўскага.
168 год. Гэтым днём датаваны адзіны захаваны нумар старажытнарымскай газеты “Акта папулі рамані дыурна” (“Штодзённыя дзеі рымскага народа”).
Газета ўяўляла сабой драўляную дошку, на якой мелам запісваліся падзеі, якія адбыліся за дзень.
Назва «газета» паходзіць ад наймення дробнай італьянскай манеты gazzetta.
Першая друкаваная газета стала выходзіць з 911 года ў Кітаі – “Цзінь бао” (“Сталічны веснік”). А першай еўрапейскай газетай стаў страсбургскі “Зборнік усіх выдатных і памятных навін” (Relation aller Fürnemmen und gedenckwürdigen Historien), якую пачаў друкаваць у 1605 годзе Ёган Каролус.
Першай газетай, якая выходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі, стала “Gazeta Grodzieńska» (травень 1776–1783) – штотыднёвік на польскай мове.
Першая легальная газета на беларускай мове – штотыднёвік “Наша доля” выдавалася ў Вільні групай дзеячаў Беларускай сацыялістычнай грамады з 1 верасня 1906 года. Услед за ёй, з 23 лістапада 1906 года стала выдавацца «Наша ніва» (1906–1915).
1848 год. Ніягарскі Вадаспад спыніўся больш чым на 30 гадзін.
На рацэ Ніягара ўтварыліся ледзяныя заторы. Тыя, каму пашчасціла пабываць у гэты час на Ніягарскім вадаспадзе, былі ўзрушаны велічным відовішчам.
1931 год. Нарадзіўся Вікенцій Дзмітрыеў.
Савецкі і беларускі трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Заслужаны трэнер СССР, Заслужаны настаўнік Беларусі. Ганаровы грамадзянін Віцебска і Чыкага. Трэнер зборнай СССР па спартыўнай гімнастыцы на Алімпійскіх гульнях 1968 і 1972 года. Чэмпіён Ленінграда.
Скончыў Віцебскі тэхнікум фізкультуры. Працаваў у спартыўным клубе “Дынама” (Віцебск).
У 1964 годзе яго падапечная Л. Петрык перамагла на ўсесаюзных спаборніцтвах дзевяціразовую алімпійскую чэмпіёнку Л. Латыніну, на Алімпіядзе-68 у Мехіка ўзяла золата і бронзу. Яго выхаванкі Т. Лазаковіч і Т. Аржанікава – чэмпіёнкі свету.
Пад час турнэ па ЗША, дэлегацыю спартсменаў прыняў прэзідэнт Р. Ніксан (прыхільнік гімнасткі-беларускі Вольгі Корбут), які падарыў трэнеру залатыя запанкі.
Памёр 4 кастрычніка 2019 года ў Віцебску.
1963 год. Нарадзіўся Сяргей Гумілеўскі.
Беларускі скульптар. Сын скульптара, народнага мастака Льва Гумілеўскага.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, стажыраваўся ў творчых акадэмічных майстэрнях: вучыўся ў Л. Давідзенкі, Л. Гумілеўскага, А. Арцімовіча, М. Савіцкага.
Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Вядомы яго творы: «Галубка» (Цэнтральны батанічны сад, Мінск), «Юнацтва» (Мінск), станковыя працы «Добравешчанне», «Еўфрасіння Полацкая», «Францыск Скарына», «Зорка Венера», «Кветка-лілея» і іншыя.
Разам з бацькам стварыў помнікі Кірылу Тураўскаму ў Гомелі, Янку Купале ў Маскве, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні і іншыя.
1974 год. У правінцыі Шэньсі знойдзена тэракотавая армія імператара Цынь Шыхуандзі.
Выяўлена сялянамі падчас свідравання артэзіянскай свідравіны каля гары Лішань.
Тэракотавыя статуі былі пахаваны разам з першым імператарам дынастыі Цынь – Шы Хуандзі (ён аб’яднаў Кітай і злучыў усе звёны Вялікай сцяны) у 210–209 гадах да н.э.
Армія гліняных воінаў у баявой пабудове стаіць у паралельных скляпах за 1,5 км ад грабніцы імператара непадалёк ад старажытнакітайскай сталіцы – Сіань.
Каля 8 000 скульптур пяхотнікаў, лучнікаў і коннікаў былі схаваныя пад зямлёй. Фігуры воінаў з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва, паколькі выконваліся ў індывідуальным парадку, уручную і з выкарыстаннем розных методык. Кожная асобная статуя мае свае ўнікальныя рысы і нават выразы асобы.
Спачатку тэракотавых воінаў забяспечылі сапраўднай баявой зброяй, але, калі праз чатыры гады пасля смерці Шыхуандзі ў краіне ўспыхнула паўстанне, бунтаўшчыкі выявілі некропаль і забралі зброю, замяніўшы яе бронзавымі і алавянымі муляжамі.
Будаўніцтва арміі запатрабавала намаганняў больш за 700 000 працоўных і рамеснікаў і доўжылася 38 гадоў. Перыметр знешняй сцяны пахавання роўны 6 км.
З глінянымі воінамі таксама былі закапаныя жыўцом да 70 000 працоўных разам з іх сем’ямі.
На сённяшні дзень са склепа вынята больш за 500 тэракотавых статуй воінаў, 100 фігур коней і 18 калясніц.
1981 год. Нарадзіўся Дзмітры Гулецкі.
Сучасны беларускі даследчык нумізматыкі і матэрыяльнай культуры.
Дэлегат ад Беларусі на нумізматычных канфэрэнцыях 2005–2007 гадоў.
Друкаваў працы па нумізматыцы ў «Банкаўскім весніку» (Мінск), «Svensk Numismatisk Tidskrift» (Стакгольм), «Bialoruskie Zeszyty Historyczne» (Беласток), «Numizmatika» (Вільня), газэтах.
Аўтар і суаўтар кніг «Манеты беларускай даўніны»,«Манеты Беларусі да 1707 года», «Калекцыйная Спадчына Вялікага Княства», энцыклапедый.
1989 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Аляксандр Пракапенка (1953–1989).
Беларускі футбаліст, паўабаронца. Майстар спорту міжнароднага класа. “Народны” футбаліст, герой шматлікіх футбольных анекдотаў. “Пракоп”, “беларускі Пеле”.
Лепшыя гады футбольнай кар’еры прайшлі ў складзе «Дынама» (Мінск, 1972–1983).
Чэмпіён СССР (1982). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1980).
Гуляў таксама за «Дняпро» (Магілёў), «Нефтчы» (Баку).
У чэмпіянатах СССР (вышэйшая ліга) правёў 168 матчаў, забіў 52 гола, у тым ліку за «Дынама» (Мінск) – 163 матча, 51 гол.
Пахаваны на могілках у в. Такары Бабруйскага раёна.
У 2015 годзе ў Бабруйске адкрыты стадыён імя А. Пракапенкі.
1992 год. 14-я расійская армія ўвайшла ў Прыднястроўе.
У 1991 годзе армія, апроч фармаванняў «армейскага камплекта» і кіравання, аб’ядноўвала 59-ю і 180-ю мотастралковыя дывізіі, дыслакаваныя ў малдаўскім Ціраспалі і Белгарад-Днястроўскім Адэскай вобласці Ўкраіны. Армія складала каля 30 000 ваенных, мела 229 танкаў, 305 бронемашын, 328 гармат, мінамётаў і РСЗА, 43 баявых і 31 транспартны верталёт.
1 красавіка 1992 года па ўказу Б. Ельцына армія перайшла пад юрысдыкцыю Расіі.
Вайскоўцы ўдзельнічалі у канфлікце Прыднястроўя з Малдовай.
2004 год. Абылося пятае пашырэнне блока НАТА. Да НАТА далучыліся Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія.
Перад гэтым у 1999 годзе далучыліся Чэхія, Венгрыя і Польшча – першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955–1991 гадоў.
Да НАТА ў 2009 годзе далучыліся Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія.
Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.
18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.
Беларусь удзельнічае ў Савеце еўра-атлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020–2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair.
У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА. Але заявы А. Лукашэнкі і У. Пуціна ў сакавіку 2023 годзе аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі на Беларусі робіць немагчымым весці цывілізаваны дыялог з НАТА.
2016 год. Памёр Ніл Гілевіч (1931–2016).
Дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і яго старшыня. Народны пісьменнік.
Кіраўнік працоўнай групы Вярхоўнага Савета па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у БССР (1990).
Аўтар некалькіх дзясяткаў кніг паэзіі, п’ес, прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, укладальнік і навуковы рэдактар многіх фальклорных зборнікаў.
Аўтар ананімнай паэмы «Сказ пра Лысую Гару», падпісаную «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі». Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў
У 2003–2013 гадах выйшаў яго 23-томны збор твораў.
Творы Н. Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і іншыя.
Узнагароджаны медалямі і ордэнамі СССР, Беларусі,Балгарыі, Югаславіі, Украіны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева.
Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца.
У гонар паэта названы прыватны Універсітэт з беларускай мовай выкладання.
28 сакавіка у чацвёрты раз за месяц мяняецца рознічны кошт на аўтамабільнае паліва на аўтазапраўках краіны. Паліва таннее на 1 капейку – паведамляе “Белнафтахім”.
Кошт аўтамабільнага бензіну складзе: АІ-92-К5-Еўра – 2,32 рублі, АІ-95-К5-Еўра – 2,42, АІ-98-К5-Еўра – 2,64, дызельнае паліва 2,42 рублі. Перад гэтым паліва таннела 7, 14, 21 сакавіка.
Такая выснова вынікае з фрагмента афіцыйнай заявы беларускага Міністэрства замежных спраў, апублікаванага прэс-службай МЗС.
– Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогій, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. – гаворыцца ў заяве.
25 сакавіка прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін выступіў з заявай, што на Беларусі рыхтуецца сховішча для тактычнага ядзернага ўзбраення і да ліпеня 2023 года такая зброя паступіць у Беларусь. Інстытут вывучэння вайны адзначае, што “Пуцін, верагодна, імкнуўся размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года”, а сутнасць сучасных гучных заяў заключаецца ў вядзенні ім інфармацыйнай кампаніі, накіраванай застрашыць краіны што ўваходзяць у NATO і ЕС ад перадачы зброі Украіне.
1584 год. Памёр Іван IV Грозны (Жахлівы, Тыран, 1530–1584).
Першы вянчаны цар усяе Русі. Маці ягоная Алена Глінская з беларуска-літоўскага роду.
У 1572 годзе прыняў удзел у каралеўскіх выбарах у Рэчы Паспалітай, але пасля адмовіўся ад стальца. Войскамі Івана Грознага падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гадоў былі спустошаны многія беларускія гарады, у тым ліку амаль 100-тысячны (паводле звестак У. Арлова) Полацк.
1592 год. Нарадзіўся Ян Амос Каменскі (1592–1670).
Чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч, заснавальнік педагогікі, сістэматызатар і папулярызатар класна-ўрочнай сістэмы.
Каменскі пры наведванні Беларусі мог азнаёміцца са “Статутам Слуцкай школы” (адкрыта ў 1617 годзе Янушам VI Радзівілам), які, верагодна, скарэкціраваў яго погляды, што адлюстраваныя ў пазнейшым трактаце “Вялікая дыдактыка” (напісана паміж 1627 і 1638 гадамі).
1611 год. Пачатак аблогі гарнізона Рэчы Паспалітай у Маскоўскім Крамлі рускім апалчэннем пад кіраўніцтвам атамана Заруцкага, Трубяцкога і Ляпунова.
27 жніўня 1610 года Масква цалавала крыж Уладзіславу, які стаў Маскоўскім царом, а ў ноч на 21 верасня у Маскву увайшлі войскі Рэчы Паспалітай, быў сфарміраваны гарнізон у Крамлі. Камандуючымі гарнізона былі Жалкеўскі, А. Гансеўскі.
Першае апалчэнне пад кіраўніцтвам Дз. Трубяцкога, казакоў І. Заруцкага і П. Ляпунова было падтрымана маскоўскімі паўстанцамі Дз. Пажарскага. Паўстанне было задушана, унутраная розніца паміж казакамі і дваранамі, якая завяршылася забойствам Ляпунова, прывяла да ўцёкаў дваран і фактычнага распаду апалчэння.
1902 год. У в. Расохавічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Сцяпан Маргелаў.
Беларускі эканаміст,географ. Кандыдат эканамічных навук, прафесар.
Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас вучобы ў аспірантуры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі ўваходзіў у Прэзідыум Савета, дзе працаваў разам са А. Смолічам і Г. Гарэцкім.
З 1931 працаваў у Інстытуце эканомікі АН БССР: вучоны сакратар інстытута, загадчык секцыі эканамічнай геаграфіі. Адначасова выкладаў у Інстытуце народнай гаспадаркі.
Распрацоўваў тэорыю размяшчэння ў БССР тэхнічных сельскагаспадарчых культур і перапрацоўчай прамысловасці. Адзін з кіраўнікоў групы па складанні Вялікага атласа БССР.
Арыштаваны ў студзені 1937 года. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 або 16 чэрвеня 1938 года.
1925 год. Нарадзіўся Інакенцій Смактуноўскі (Смактуновіч).
Рускі акцёр беларускага паходжання. Народны артыст СССР. Герой Сацыялістычнай працы.
Нарадзіўся ў с. Таццянаўка Томскай вобласці ў сям’і беларуса М. Смактуновіча. Ягонага дзеда-егера Белавежскай пушчы ў 1861 годзе саслалі з сям’ёй у Сібір.
Выявы, створаныя Смактуноўскім на сцэне – князь Мышкін у Вялікім драматычным тэатры, цар Фёдар Іаанавіч у Малым, чэхаўскі Іваноў і Парфіры Галаўлёў – увайшлі ў «залаты фонд» тэатральнага мастацтва.
Яго звалі першым інтэлектуальным акцёрам савецкага кінематографа; лепшыя свае ролі ён сыграў у фільмах «Салдаты», «Дзевяць дзён аднаго года», «Гамлет», «Чайкоўскі», «Дамскі кравец» і ў лірычнай камедыі Э. Разанава «Сцеражыся аўтамабіля».
Памёр 3 жніўня 1994 года.
1934 год. Нарадзіўся Кастусь Цвірка.
Беларускі паэт, перакладчык, фалькларыст, этнограф, мовазнавец, гісторык. Кандыдат гістарычных навук. Сустваральнік, кіраўнік і галоўны рэдактар праекта «Беларускі кнігазбор».
Скончыў БДУ. Настаўнічаў Капыльскім раёне, працаваў у газеце «Рудзенская праўда», на Беларускім радыё, у Доме народнай творчасці, у Міністэрстве сувязі, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР , у выдавецтве «Юнацтва», часопісе «Полымя».
Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі , кнігі «Слова пра Сыракомлю: Быт і культура беларусаў у творчасці „вясковага лірніка“», кніг вершаў і казак для дзяцей, мастацкіх нарысаў, звязаных з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, манаграфіі «Слова пра Сыракомлю». Суаўтар кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму», складальнік тома «Вяселле. Абрад», кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю, зборніка твораў Я.Чачота, «Філаматы і філарэты».
1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Мархель.
Беларускі літаратуразнавец і паэт, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.
Скончыў БДУ. Працаваў у калгасе, на шахце ў Растоўскай вобласці, настаўнічаў, працаваў у газеце «Мінская праўда», у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Аўтар вершаў, літаратуразнаўчых прац.
Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя, беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі.
Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні», «Вяшчун славы і волі», «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа», “«Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры” і іншых.
Укладальнік кніг твораў В. Каратынскага, Я. Лучыны, А. Міцкевіча, С. Манюшкі, анталагічнага зборніка «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія XIX ст.», дзе сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску.
Выдаў кнігу выбраных перакладаў з польскай мовы «Водгулле» (2000), зборнік санетаў «Згадкі Нясвіжа» У. Сыракомлі і «Зніч любові» Я. Купалы (абедзве 2002).
Памёр 26 жніўня 2013 года.
1972 год. Памёр ураджэнец Магілёва Рувім Фраерман (1891–1972).
Савецкі дзіцячы пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, ваенны карэспандэнт на Заходнім фронце.
Працаваў карэспандэнтам на Далёкім Усходзе, на Каўказе, Маскве.
Аўтар многіх аповесцей, пераважна для дзяцей, раманаў.
Найбольш вядомы твор – «Дзікі сабака дзінга, або Аповесць пра першае каханне» (1939), па якім пастаўлены мастацкі фільм (1962) і радыёспектакль (1971).
1979 год. Адбылася самая цяжкая аварыя ў дачарнобыльскай гісторыі ядзернай энергетыкі – аварыя на амерыканскай АЭС “Тры-Майл-Айленд”.
Была сур’ёзна пашкоджана актыўная зона рэактара, частка ядзернага паліва расплавілася.
Насельніцтва не эвакуіравалася, але было прапанавана пакінуць пяцімільную (8 км) зону цяжарным жанчынам і дзецям дашкольнага ўзросту. Работы па ліквідацыі наступстваў аварыі вяліся ў 1979–1993 гадах і абышліся ў 975 мільёнаў долараў ЗША. Была праведзена дэзактывацыя тэрыторыі станцыі, паліва было выгружана з рэактара. Аднак частка радыеактыўнай вады ўвабралася ў бетон ахоўнай абалонкі, і гэтую радыеактыўнасць практычна немагчыма выдаліць.
1982 год. У Крычаве нарадзілася Аксана Мянькова.
Беларуская лёгкаатлетка.
На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне атрымала залаты медаль у кіданні молату. Але, у 2016 годзе пазбаўлена гэтага медаля па прычыне ўжывання допінгу.
Пераможца нацыянальнага адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008» у Беларусі ў намінацыі «Спартсменка года».
Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.
1985 год. Памёр уражэнец Лёзна Марк Шагал (1887–1985).
Сусветна вядомы беларускі, расійскі і французскі мастак.
Існуе версія, што яго продкі Сегалы жылі на Школішчы ў Магілёве, а прадзед мастак Хаім Сегал распісаў драўляную Халодную сінагогу ў Магілёве.
Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатра. Жыў у Парыжы, ЗША.
У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.
1991 год. У Магілёве зноў асвечана Ануфрыеўская царква (1798) у Свята-Мікольскім манастыры.
Будаўніцтва храма было распачата ў 1793 годзе пры Георгіі Каніскім.
У гады савецкай улады царква выкарыстоўвалася пад кніжны склад.
5 жніўня 1993 года ў храме адбылося паседжанне Сінода, на якім было вырашана прылічыць да ліку мясцовашанаваных святых свяціцеля Георгія Каніскага, арцыбіскупа Магілёўскага і Беларускага.
У царкве знаходзіцца спіс Баркалабаўскай іконы Божай Маці.
З 1 красавіка і па 30 мая на тэрыторыі Магілёўскай, Мінскай і Гарадзенскай абласцей уводзяцца абмежаванні на рыбную лоўлю і на перамяшчэнне па вадаёмах. У Віцебскай вобласці абмежаванні і забароны пры аматарскім рыбалоўстве будуць дзейнічаць з 10 красавіка да 8 чэрвеня 2023 года. У Берасцейскай і Гомельскай абласцях абмежаванні на нераст дзейнічаюць з 20 сакавіка і будуць працягвацца да 18 мая.
Увесь гэты час лавіць рыбу можна будзе толькі адной вудой з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным адной штучнай прынадай, якая мае не больш за два адзінарных, або падвойных, або трайных гаплікаў. Лавіць можна толькі ў светлы час сутак з берага, альбо з мастоў і іншых канструкцый, без заходу ў ваду.
Таксама забараняецца выкарыстанне грамадзянамі маламерных судоў і суднаў з рухавікамі.