Помнік Ларысе Геніуш у Зэльве ўсё ж знеслі – патаемна, ноччу

У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве Святой Жываначальнай Тройцы з 2003 года  – паведаміў унук паэткі грамадзянін Польшчы Міхась Геніюш. Ён паказаў фота таго месца, дзе стаяў помнік.

Толькі ўранні mogilev.media паведамляў, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству.

Але помнік знік. “Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто не бачыў, не ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая” – кажа Міхась Геніюш. 

Дэталі знікнення дагэтуль не вядомы. Прычына знікнення помніка да канца незразумелая.  Устаноўку помніка 20 гадоў назад дабраславіў мітрапаліт Філарэт. Савецкія ўлады друкавалі вершы Л. Геніюш, выдавалі кніжкі, ёй плацілі за гэта ганарары. Ларыса Геніюш была нават у Саюзе пісьменнікаў. Напярэдадні Зэльвенскі райвыканкам адмовіўся дэмантаваць помнік, чаго патрабавала прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. 

Унук заявіў, што не будзе звяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў знікненні помніку ягонай бабулі: «Прабачце, але не буду… Ехаць у Беларусь я не збіраюся, бо гэта можа быць для мяне нават небяспечна».

Калі нехта з Беларусі захоча змагацца за вяртанне помніка, то Міхась Геніюш падтрымае гэтую ініцыятыву, але сам не будзе яе пачынаць, бо не бачыць у гэтым сэнсу.

Ён думае, што больш эфекту выйдзе, калі вяртаннем помніка зоймецца царква, бо бюст стаяў на яе тэрыторыі.

Жыхары Зэльвы будуюць розныя версіі, але самыя папулярныя: нехта з грамадзян забраў да сябе, каб захаваць помнік, альбо што гэта зрабіла сама блогерка В. Бондарава. 

Фота з адкрытых крыніц

Помнік Ларысе Геніуш у Зэльве застаецца

Прарасійскай блогерцы, так званай «інфаказачцы» Вользе Бондаравай улады Зэльвы адмовілі на патрабаванне знесці помнік Ларысе Геніюш – паведамляюць СМІ.

Нядаўна mogilev.media пісалі, што помнік Ларысе Геніюш у Зэльве апынуўся пад пагрозай зносу.

Але дэмантаваць помнік мясцовыя улады не будуць «з прычыны адсутнасці рэглямэнтуючых норм». Як вынікае з ліста, помнік паэтцы з’яўляецца ўласнасцю Беларускай праваслаўнай царквы.

Помнік беларускай паэтцы і зняволенай ГУЛАГу Ларысе Геніюш стаіць на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве з 2003 года.

Летась у лістападзе Бондарава паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мемарыяльнай зоны перад будынкам прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах былі выдаленыя партрэты паэткі Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.

Летам 2022 года яна дамаглася, што Горадзенскі аблвыканкам адмяніў рашэнне аб наданні Астравецкай бібліятэцы імя слыннага беларускага навукоўца Адама Мальдзіса.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве пад пагрозай зносу

Рэпрэсіі закранаюць не толькі жывых. 

На зносе помніка вядомай беларускай паэткі «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці» настойвае скандальна вядомая гродзенская прарасійская актывістка Вольга Бондарава – паведамляюць СМІ.

Вольга Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон Беларусі «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў».

Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш быў усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве ў 2003 годзе, праўда, без ўзгаднення з гарадской адміністрацыяй, але з атрыманнем блаславення царквы.

Знесці помнік ужо пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.

У лістападзе 2022 года блогерка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» – і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.

Ларыса Геніюш (1910–1983), беларуская паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч. Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР. Была рэпрэсаваная і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў,  мастакоў, навукоўцаў. Яна – аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. На яе вершы напісаны песні.