У Шклоўскую калонію змясцілі беларуса-найміта, што ваяваў супраць Украіны

Вызвалены ў межах абмену з украінскага палону беларускі грамадзянін Максім Зязюльчык асуджаны ў Беларусі за найміцтва.

Як піша праваабарончая арганізацыя dissidentby, Украіна ў межах абмену ў 2024 годзе перадала Расіі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў на баку РФ у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У палоне ён знаходзіўся з верасня 2022 года. Раней ва Украіне Зязюльчыка асудзілі як найміта да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

У спіс для абмену з Расіяй палоннымі Максім Зязюльчык трапіў яшчэ вясной 2023-га. Зянон Пазняк прапаноўваў абмяняць яго на беларускіх палітвязняў. “Мне вельмі прыемна, што мяне не пакінулі на варагуючай тэрыторыі” – сказаў Зязюльчык пасля перадачы расіянам.

Пасля вяртання з палону і пры перасячэнні мяжы Беларусі ўвосень 2024 года Зязюльчыка затрымалі. У Беларусі ён быў асуджаны паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а сама крымінальная справа засакрэчаная. Правааабронцам вядома, што прысуд склаў не менш за 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго накіравалі адбываць пакаранне ў папраўчую калоні №17 у Шклоў.

Максім Зязюльчык – ураджэнец Рудзенска, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. На пачатак поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ён служыў у Беларусі ў войску па кантракце. Пра ЧВК «Рэдут» даведаўся ад камандзіра сваёй часткі і ў ліпені 2022 года паехаў у Тамбоў, дзе завербаваўся. Пасля трохдзённай падрыхтоўкі яго накіравалі ва Украіну. 19 верасня 2022 года Зезюльчык атрымаў раненне ў нагу і трапіў у палон. Украінскі бок заяўляў, што ён можа быць агентам КДБ.

Расійскі рух «Ветэраны Расіі» звярнуўся да беларускага дыктатара з просьбай аб памілаванні Зязюльчыка, называючы яго «добраахвотнікам СВА» і падкрэсліваючы, што ён нібыта выконваў абавязкі інструктара па медыцынскай падрыхтоўцы і быў узнагароджаны расійскім медалём «За адвагу». Амбасада РФ у Беларусі заявіла, што магчымасці “абароны” абмежаваныя яго грамадзянствам РБ, але яно будзе дамагацца зняцця абвінавачання па артыкуле «найміцтва».

Фотаздымак: Тэлеграм-канал СБУ

У Касцюковічах спрабуюць вырашыць праблему са стаматалогіяй

Жарсці вакол стаматалагічнага абслугоўвання насельніцтва ў Касцюковічах улегліся ці чакаць новага вітка абурэння? У горадзе, дзе стаматалагічная паліклініка прымала запісы на прыём усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі, але выдавала ўсяго 12 талонаў у дзень на ўвесь раён, нешта, здаецца, змянілася.

Прынамсі, так лічыць раённая газета, якая паведаміла, што з 1 студзеня:

  • запіс на тэрапеўтычны прыём «сёння на заўтра» ажыццяўляцца не будзе;
  • выдача талонаў да ўрача-стаматолага-тэрапеўта, зубнога фельчара будзе адбывацца па папярэднім запісе пры непасрэдным звароце ў рэгістратуру і па тэлефоне на працягу ўсяго працоўнага дня з 8.00 да 20.00. Запіс адкрыты на 3 месяцы наперад;
  • ёсць магчымасць запісацца праз інтэрнэт у медыцынскай інфармацыйнай сістэме «Лекар»;
  • хірургічны прыём стаматалагічных пацыентаў ажыццяўляе зубны фельчар, талоны выдаюцца «сёння на заўтра» ў 17.00 па тэлефоне;
  • пацыенты з вострым болем прымаюцца ў дзень звароту.

Пра тое, што прынцып «сёння на заўтра» трэба тэрмінова адмяняць, ўжо казала намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянціна Манушэнка.

І вось мары замстаршыні спраўдзіліся. Толькі вось як гэта палепшыць сітуацыю ў паліклініцы, якая выдае 12 талонаў у дзень, незразумела. Праблема “дванаццаці”, звязаная перш за ўсё з недахопам кадраў, нікуды не знікне.

Падаецца, што аналітычныя здольнасці Манушэнкі даюць збой, і даводзіцца пераходзіць да больш простых прыкладаў. Накшталт таго, што са скуры аднаго зайца можна пашыць і сем шапак, але зусім маленькіх.

Фота раённай газеты.

У Клімавічах зазываюць у БРСМ, выйсця з якога няма

Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ. 

У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.

Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:

  • рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
  • сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
  • апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
  • рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
  • інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
  • рэйтынг актыўнасці карыстальніка.

Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.

Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.

І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:

  • заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
  • неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
  • нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.

Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».

Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.

Фота раённай газеты.

Уладальнік Mak.by прыкупляе сельгаспрадпрыемствы Горацкага раёна

Беларускі бізнэсовец Аляксей Саўчук, які валодае сеткай Mak.by, скупляе акцыі прадпрыемстваў Горацкага раёна.

У Горацкім раёне сканцэнтраваны галоўныя актывы Саўчука – “Малочныя горкі” і Горацкі харчовы камбінат. Яны займаюцца не толькі тварагом і кефірам, але і даволі рэдкім для нашага рынку скірам – гэта высокабялковы малочны прадукт. Частка прадукцыі вядомая пад брэндам Exponenta, піша Orsha.eu.

Як даведаўся партал “Беларусы і рынак”, у гэтым месяцы «Малочныя горкі» набылі 8,93% акцый прадпрыемства «Горацкае». Яно з’яўляецца адным з найбуйнейшых у раёне сельгасвытворцаў, чыя агульная зямельная плошча складае каля 12,9 тыс.гектараў, і вырошчвае збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, гародніну адкрытага грунту, рапс, цукровыя буракі, плады семечкавых і ягад, займаецца вытворчасцю малака і мяса буйной рагатай жывёлы.

У мінулым месяцы Аляксей Саўчук (уваходзіць у топ-100 беларускіх бізнэсоўцаў) праз «Малочныя горкі» стаў уладальнікам звыш 9% іншага сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна – «Маслакі». Плошча яго ўгоддзяў – больш за 7,3 тыс.гектараў.

Фотаздымак: “Трыбуна”

У Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах з’явіліся расійскія ваенныя

Расійскія ваенныя ў Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах займаюцца аднаўленнем былых вайсковых аб’ектаў.

Як распавяла mogilev.media дасведчаная крыніца, у цяперашні час на тэрыторыі Клімавіцкага раёна каля вёскі Барсукі ідзе аднаўленне былога вайсковага аэрадрома і ваеннага гарадка пры ім. Пасля развалу Савецкага саюза гэты аэрадром, прызначаны менавіта для вайсковай авіяцыі, был закінуты, занядбаны і нават часткова раскрадзены. 

Цэны на кватэры ў ваенным гарадку істотна знізіліся, і тыя, хто хацеў іх прадаць, па сутнасці, аддавалі за бесцань. Цяпер жа, паколькі аэрадром пачалі рамантаваць і аднаўляць, цэны на жыллё ў Барсуках пайшлі ўгору. У сваю чаргу, на аэрадроме ўжо базуюцца верталёты, усталяваны лакатары.

Па сцвярджэннях мясцовых жыхароў, аднаўленчымі працамі займаюцца расійскія ваенныя. Сярод іх афіцэры і салдаты, а тэхніка – з 21-га расійскага рэгіёна, гэта значыць, з Чувашскай рэспублікі. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расійскія вайскоўцы – славянскай знешнасці. Беларусы робяць вывад, што такіх прыслалі ў магілёўскую глыбінку для таго, каб якая-небудзь азіяцкая ці каўказская знешнасць не кідалася ў вочы мясцоваму люду.

Акрамя таго, пад Крычавам пачалося аднаўленне месца, дзе раней таксама дыслакавалася вайсковая частка. Гэтае месца мае назву Крычаў-2. У аднаўленні гэтай ваеннай базы таксама прымаюць актыўны ўдзел расійскія вайскоўцы. 

Мясцовыя назіральнікі мяркуюць, што актыўнасць расіян ў тых мясцінах, магчыма, звязана з заявамі аб размяшчэнні ў Беларусі ракетнага комплекса “Арэшнік”. Агулам жа з’яўленне і актыўнасць расійскіх вайскоўцаў выклікае трывогу ў насельніцтва Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў.

Фотаздымак: o001oo.ru

У чавускім пансіянаце “Расінка” жывуць вялікія сябры старшыні Белкаапсаюза

У Чавусах сытыя і поўныя здароўя чыноўнікі зладзілі фотасесію з інвалідамі на падставе таго, што “падарылі” ім пральную машыну.

Вяршыні цынізму дасягнула вярхушка чавускай “вертыкалі” разам са старшынёй стратнага Белкаапсаюза Інэсай Караткевіч, зладзіўшы фотасесію з хворымі людзьмі, што пражываюць у пансіянаце “Расінка”.

Там жывуць 19 чалавек, а “слуг народа”, якія пажадалі папіярыцца на дабрачыннасці за бюджэтны кошт, было ўсяго шасцёра. Але затое якіх!

“Паслядоўнікаў” маці Тэрэзы варта назваць па імёнах:

  • старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч;
  • старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч;
  • намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін;
  • намесніца старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава;
  • старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Любянкоў;
  • старшыня праўлення Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Скрынік.

Інэса Караткевіч распавяла пра сваё даўняе сяброўства з жыхарамі пансіяната і ўручыла дырэктару ўстановы сертыфікат на спартыўнае абсталяванне. 

Дзмітрый Акуліч “падарыў” пральную машыну, набыtую за бюджэтныя сродкі, а Сяргей Любянкоў – прысмакі і садавіну. Таксама, вядома ж, не з асабістай лядоўні.

Затое фатаграфаваліся сытыя, ззяючыя здароўем і добрым настроем чыноўнікі з такім запалам, быццам ашчаслівілі не толькі “Расінку”, а цэлы падлунны свет.

Інэса Караткевіч

Кожны кадр, зроблены журналістамі раённай газеты “Іскра” – пастановачны. Начальства старанна рабіла выгляд, што ім цікавыя гісторыі інвалідаў, а тыя, магчыма, і не сумняваліся, што да іх прыехалі сапраўдныя сябры.

Урэшце, калі разважаць філасофскі, то і падножны корм можна назваць найлепшым сябрам каровы.

Фота раённай газеты.

Анархіст з Быхава: ездзіў, але правы атрымліваць і не збіраўся

У Быхаве затрымалі п’янага кіроўцу. Пазбавіць правоў яго нельга – у мужчыны іх ніколі не было.

У Быхаве затрымалі вадзіцеля, які кіраваў аўтамабілем Volkswagen з 1,14 праміле этылавага спірту ў выдыханым паветры.

Справа нібыта звычайная – п’яны за рулём, пазбаўленне права на кіраванне аўтамабілем і іншыя санкцыі. 

Аднак паглыбленая праверка паказала, што ў 43-гадовага мужчыны правоў на кіраванне аўтамабілем ніколі і не было. Ды і атрымліваць ён іх не збіраўся, бо не бачыў у корках ніякага сэнсу.

Логіка, у агульным, забойная, для ўсёй сістэмы ПДР: парушальнік аказаўся, па сутнасці, Мауглі, які выхоўваўся не ваўкамі, а ў нейкім сусвеце, дзе пануе поўная аўтамабільная анархія.

Нахабніка, вядома, пакаралі – штраф 200 базавых велічынь і пазбаўленне права атрымліваць пасведчанне кіроўцы цягам бліжэйшых пяці гадоў.

Падаецца, што другая санкцыя не спрацуе: пераканаць зацятага бяспраўніка ўжо немагчыма.

І напрыканцы яшчэ адзін немалаважны момант. Такое магло здарыцца толькі ў Быхаве, дзе да законаў цывілізаванага грамадства з халадком ставяцца не толькі звычайныя грамадзяне, але і самі ўлады.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Глускі бондар Уладзімір Станкевіч – адзіны на ўсю Магілёўшчыну

Традыцыйная тэхналогія бондарных вырабаў у Глускім раёне ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Усё гэта дзякуючы глускаму бондару, народнаму майстру Уладзіміру Станкевічу.

Ён стварае свае вырабы – бочкі, кадкі, ушаты, шайкі, запарнікі – выключна па тых тэхналогіях, якімі карысталіся нашы продкі.

Станкевіч – адзіны народны майстар па бондарнай справе на Магілёўшчыне.

Першыя навыкі бондарства ён атрымаў у дзяцінстве, калі назіраў за працай дзеда.

Пачынаў з простых вырабаў, затым перайшоў да вырабу бочак і маслабоек.

Цяпер настолькі авалодаў тэорыяй і практыкай бондарства, што здольны зрабіць любую драўляную пасудзіну.

Станкевіч працуе толькі ўручную, выкарыстоўвае інструменты, што засталіся ад дзеда, ці зробленыя ўласнаручна.

Акрамя таго, майстар перадае свой вопыт моладзі – вядзе гурток па бондарству ў Глускім Доме рамёстваў.

Яго вучні ўдзельнічаюць у выставах усіх узроўняў з 2010 года.

Фота: БелТА.

Па Касцюковічах кружыць святочны аўтобус

Аўтобус маршруту “Камунары-Фёдараўка” ў Касцюковічах упрыгожылі да свята.

Аўтапарк №8 крэатыўна падышоў да надыходзячых святаў.

Па вуліцах Касцюковічаў кожны дзень кружыць аўтобус, упрыгожаны гірляндамі.

У кабіне вадзіцеля – ялінка, упрыгожаная бляскаўкамі і цацкамі, а на прыборнай панэлі – сімвал года, конік.

Наведаць навагоднюю казку на святочным аўтобусе можна ўсяго за дзевяноста капеек, а вадзіцель Сабухі Ібадаў адразу віншуе пасажыраў з надыходзячым святам.

Радасць – да крайнасці простая. Але ў магілёўскай глыбінцы, дзе нагодаў для святаў зусім няма, гірлянда на аўтобусе – ўжо нешта.

Фото раённай газеты.

Былы палітвязень Шклоўскай калоніі: гэта былі катаванні ва ўсіх сэнсах

Умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні, гэта катаванні ва ўсіх сэнсах, сцвярджае праваабаронца, былы зняволены Шклоўскай калоніі №17 Уладзімір Лабковіч.

“Умовы былі надзвычай цяжкія. Напрыклад, у калоніі №17 мне адразу начальнік гэтай установы сказаў: ты ж ведаеш, што твае сябры на волі робяць з цябе сакральную ахвяру. Мы ім, канешне, дапаможам у гэтым ва ўсім. Формула простая – мы проста пеленгуем інтэрнэт, адна ўзгадка (пра цябе – заўв. mogilev.media) ў прэсе, незалежна дзе, і ты адразу едзеш у ШЫЗА. Узгадак было шмат, ШЫЗА таксама хапала” – распавёў Лабковіч на прэс-канферэнцыі былых палітвязняў у Вільні.

Асаблівыя пакуты ў ШЫЗА ў яго выклікала знаходжанне ў камеры-адзіночцы. 

“Гэта адзіночкі, гэта надзвычай халоднае памяшканне. У кожнага розны ўзровень сацыяльнай моцы. Для мяне асабліва цяжка было ў адзіночках, калі ты там адзін тыдзень, два, тры, чатыры, пяць, і іх было шмат. І сутак было шмат бесперапынна. Тады сапраўды становіцца цяжка” – ўзгадвае праваабаронца, падкрэсліваючы, што катаванні камерамі-адзіночкамі “вельмі-вельмі цяжкія”.

“Ёсць шмат момантаў, пра якія я не гатовы ўзгадваць, калі сапраўды былі і фізічны ўздзеянні, а маральныя і псіхалагічныя былі кожны раз” – кажа Уладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч – юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Уладзімір быў затрыманы разам з жонкай Нінай Лабковіч 14 ліпеня 2021 г. пасля вобшуку ў іх кватэры па так званай “справе Вясны”. Па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

13 снежня 2025 г. Уладзімір Лабковіч разам з іншымі палітвязнямі быў выдвараны з Беларусі ва Украіну, а затым пераехаў у Літву.

Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай