Дзве крычаўлянкі трапілі пад палітычны пераслед

Дзве жыхаркі Крычава асуджаныя за перадачу інфармацыі маніторынгаваму праекту “Беларускі Гаюн”.

Ахвярамі палітычнага пераследу сталі Людміла Талпыга і другая жанчына з прозвішчам Патранец. Як паведаміла mogilev.media абазнаная крыніца, крычаўлянкі ў 2022 годзе перадалі інфармацыю аб расійскіх вайскоўцах у чат-бот “Беларускага Гаюна”. У прыватнасці, яны размясцілі там відэа, як калона расійскай ваеннай тэхнікі рушыла з расійскага Рослава праз Крычаў у напрамку Гомеля.

Крычаўлянкі былі асуджаныя восенню 2025 года па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу, то бок атрымалі “хатнюю хімію”. Пра асуджэнне Людмілы Талпыгі, як рэпрэсаванай, ёсць няпоўная інфармацыя на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.

11 лістапада 2025 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Пра Патранец якая-кольвечы інфармацыя адсутнічае.

Фотаздымак Людмілы Талпыгі: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Прагулкі ў святле ліхтароў – у Чавусах улада засяродзілася на электрычнасці

Старшыня чавускага райвыканкама вырашаў пытанні асвятлення і ўтылізацыі батарэек.

Старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч падыходзіць да вырашэння надзённых задач метадычна і не звальвае ўсё ў адну кучу.

Гэтым разам ён засяродзіўся выключна на электрычнасці. Разам з «дэпутатам палаты» Аляксандрам Лук’янавым праверыў хуткасць усталявання слупоў вулічнага асвятлення для таго, каб жыхары вуліц Азарава і Івуценкі «ў навагоднюю ноч змаглі прагуляцца пад святлом ліхтароў».

Акрамя таго, Акуліч вывучыў пытанне ўтылізацыі другасных адходаў, у прыватнасці батарэек.

Логіка ў кіраўніка Чавусаў жалезная – калі на вуліцах уключаць асвятленне, ліхтарыкі больш не спатрэбяцца, і народ пачне масава пазбаўляцца ад батарэек.

Фота раённай газеты.

У быхаўскіх кіроўцаў праміле розныя, а штраф аднолькавы

Быхаўскія дамы перад тым, як сесці за руль, выпіваюць больш, чым вадзіцелі-мужчыны.

Быхаў яшчэ раз пацвердзіў, што з’яўляецца пэўнай анамальнай зонай. Нядаўна там затрымалі 46-гадовую жыхарку раёна, якая села за руль Renault у нецвярозым стане, а некалькі дзён таму ДАІ спыніла ў райцэнтры мужчыну-кіроўцу, які таксама вандраваў  нападпітку.

У паветры, якое выдыхала дама, было зафіксавана 1,42 праміле алкаголю, а мужчына быў больш цвярозы – усяго 1,14 праміле.

Аднак на памер штрафу гэта не паўплывала – у абодвух выпадках ён склаў 200 базавых велічынь.

Два выпадкі – яшчэ не тэндэнцыя, але, падобна, у Быхаве дамы мала ў чым саступаюць кавалерам.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

Экс-палітвязень Шклоўскай калоніі: беларускія турмы – гэта жах для іншаземцаў

Экзатычным аб’ектам для назіранняў адчуваў сябе ў Шклоўскай калоніі №17 былы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада – актывіст анархісцкага руху, сын супрацоўніцы японскага пасольства і беларуса.

“Нават у сістэме турэмных паняццяў ёсць правіла, што ў турме няма нацыянальнасцяў, і фармальна табе не павінны прад’яўляць ніякіх прэтэнзій ці пытанняў, звязаных з паходжаннем. Але наколькі гэта працуе, цяжка сказаць. На побытавым узроўні і ў зняволеных, і ў турэмшчыкаў усё роўна праяўляецца пачуццё «экзатычнасці», што прыехаў нехта незвычайны” – распавёў былы палітзняволены сайту моладзевай арганізацыі “Іншыя”.

Паводле Акіхіры, асабліва выразна ён адчуў гэта менавіта ў Шклоўскай калоніі. “У шклоўскай калоніі я адразу адчуў рэакцыю: «О, прыехаў японец!» Для большасці я быў як экзатычны аб’ект для назірання” – ўзгадвае ён.

Прычым для некаторых, больш ідэалагічна зацятых ці прадузятых, усе ідэнтычнасці складаюццца ў «бінга» – экстрэміст, анархіст, замежнік. “І пачынаецца: «А, ты замежнік, жыў у нашай краіне, і табе яшчэ не падабалася? Трэба было з’язджаць! Валі ў сваю Японію!» Такое таксама сустракаў. Не магу сказаць, што часта, але здаралася. У цэлым для большасці працаўнікоў турэмнай сістэмы больш характэрная абыякавасць. Адкрытая нянавісць сустракаецца радзей. У супрацоўнікаў ГУБАЗіКа – так, у іх шмат вось гэтага: «іншаземец», «вузкавокі», «жоўты» і гэтак далей. Ім падабаецца за гэта чапляцца” – кажа Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

Ён распавёў пра пачутае з магілёўскай калоніі. Там калі збівалі нейкага афрыканца, то крычалі, што ён “малпа”, “негр”. Канфлікт быў справакаваны не гэтым, але ў момант збіцця праявілася менавіта такое стаўленне. 

Акіхіра Гаеўскі-Ханада 2000 года нараджэння. Скончыў мінскую гімназію №19. Лаўрэат спецыяльнага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЕГУ. Быў затрыманы 12 жніўня 2020 года, абвінавачаны па шэрагу палітычных артыкулаў па справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”. Асуджаны да 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі №17, а потым яго перавялі ў Магілёўскую турму №4. Выдвараны з Беларусі ў Літву 21 чэрвеня 2025 года.

Фотаздымак: theothersby.org

Крычаўская раёнка перавяла занепакоенасць насельніцтва аб’ектамі ў небе ў жарт

Газета “Крычаўскае жыццё” паспрабавала патлумачыць з’яўленне ў небе лятацельных аб’ектаў санямі Дзеда Мароза.

Нагадаем, што раней mogilev.media была апублікавана інфармацыя, што непадалёк ад Крычава з’явілася база размяшчэння расійскіх гіпергукавых ракет, а ў блізкім Клімавіцкім раёне аднаўляецца ваенны аэрадром. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, актыўнасць расійскіх вайскоўцаў выклікае трывогу ў насельніцтва Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў. 

Паколькі пры цяперашняй уладзе ў Беларусі пазбавіцца ад расійскіх ваенных баз і расійскіх вайскоўцаў ужо немагчыма, крычаўская праўладная раёнка паспрабавала ўсё перавесці ў смех. У тэлеграм-канале выдання з’явіўся створаны пры дапамозе штучнага інтэлекта рэпартаж аб тым, што невядомыя лятацельныя аб’екты, якія заўважылі мясцовыя жыхары, гэта папросту Дзед Мароз на санях, якія па небу цягнулі алені. Казачны персанаж тлумачыць крычаўлянам, што ў небе над горадам яны бачылі менавіта яго.

Пакінуўшы ў баку ўзровень жарту крычаўскіх прапагандыстаў, хацелася б даведацца, як яны будуць жартаваць, калі ўзгаданыя расійскія вайсковыя аб’екты не гіпатэтычна, а практычна стануць законнай ваеннай цэллю.

Скрыншот ТГ “Кричев новости”

“I said YES” – Крысціна Ціманоўская выходзіць замуж

Ураджэнка Клімавічаў, сусветна вядомая спартсменка Крысціна Ціманоўская паведаміла аб згодзе выйсці замуж пасля болеснага растання з былым мужам.

Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу, апублікавала ў сваім Інстаграме фота з заручальным пярсцёнкам. Яе жаніх – Аляксандр Салонскі, з якім спартсменка пачала сустракацца пасля разводу.

Прапанову рукі і сэрца Крысціна атрымала ў Цэнтральным парку Нью-Йорка. Мяркуючы па фота лёгкаатлеткі, Аляксандр Салонскі падарыў ёй пярсцёнак з дыяментам ад вядомага брэнда Tiffany, мяркуе “Зеркало”.

“I said YES” – напісала Крысціна пад фота.

Пасля скандалу на Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе, калі беларускую спартсменку спрабавалі гвалтоўна вывезці з Японіі, Ціманоўская пераехала ў Польшчу. Туды ж перабраўся і яе муж – трэнер па фітнесу Арсень Зданевіч. Але праз пару гадоў пара рассталася. Пра рашэнне развесціся з мужам Ціманоўская абвясціла ў верасні 2023 года. Праз паўгода развод адбыўся і Крысціна назвала гэты дзень лепшым у сваім жыцці.

У траўні 2025 года Ціманоўская заявіла, што яе былы муж Арсень Зданевіч супрацоўнічае з КДБ. Паводле спартсменкі, калісьці яна сама хадайнічала перад польскім прэзідэнтам аб прадастаўленні грамадзянства не толькі сабе, але і свайму мужу. Па яе словах, тады ён быў для яе важнай эмацыйнай і маральнай апорай.

Потым сітуацыя змянілася кардынальна. Былы муж спартсменкі, які з’ехаў у Беларусь, адмаўляецца ад польскага грамадзянства, заяўляючы, што яно яму «ніколі не было патрэбнае». 

Пасля таго як Зданевіч апынуўся ў Беларусі, Ціманоўская хацела, каб лукашысты схапілі яго за фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам.

Восенню 2024 года лёгкаатлетка пераехала ў ЗША. На той момант яна ўжо сустракалася з Аляксандрам Салонскім.

Фотаздымак: Інстаграм Крысціны Ціманоўскай

Бялыніцкі суд прызнаў экстрэмізмам стыкеры “Чык Чырык”

Tэлеграм-стыкеры «Чык-Чырык» цяпер лічацца ў Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Рашэнне аб прызнанні 21 стыкера экстрэмізмам прыняў 19 снежня 2025 года суд Бялыніцкага раёна. Варта адзначыць, што “Чык-Чырык” – гэта іранічная мянушка Лукашэнкі.

Фраза “Чык-Чырык”, верагодна, паходзіць ад аднайменнай песні беларускага гурта “Саша і Сірожа”. У яе ўваходзілі мастак Аляксей Хацкевіч і Сяргей Міхалок, лідар “Ляпіса Трубяцкога”. Як адзначае Мemepedia, трэк з’явіўся ў 2005 годзе і ўвайшоў у альбом “Скаты!”. У 2010 годзе на Ютуб загрузілі мультыплікацыйны кліп.

Толькі праз шмат гадоў гукаперайманне стала іранічнай мянушкай Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, усё пачалося з карыкатуры, якую 21 студзеня 2016 года апублікаваў у каментарах падпісчык суполкі “Чай з малінавым варэннем”.

У 2020 годзе на фоне пратэстаў фраза “Чык-Чырык” стала зноў папулярнай. Шмат у чым гэта адбылося дзякуючы коміку Славе Камісаранкі. Менавіта ён пачаў публічна і вельмі часта называць Лукашэнку “Чык-Чырыкам”.

Выява з адкрытых крыніц

Асіповіцкі раён мог бы называцца Чычэрынскім – краязнаўцы

Магчыма, у тым, што Асіповіцкі раён стаў называцца менавіта так, адыграў сваю ролю Сталін, які метадычна пазбаўляўся ад старых бальшавікоў і памяці аб іх.

Да Кастрычніцкага перавароту цяперашні Асіповіцкі раён быў часткай Ігуменскага і Бабруйскага паветаў Мінскай губерні. Вёска Асіповічы і аднайменная чыгуначная станцыя, пабудаваная ў 1872 годзе, уваходзілі ў склад Замошскай воласці з адміністрацыйным цэнтрам у вёсцы Замошша.

Чычэрынская воласць Бабруйскага павета была ўтворана 19 студзеня 1923 года шляхам перайменавання Замошскай воласці ў Чычэрынскую, хаця ўжо тады мястэчка Асіповічы адціснула вёску Замошша на другі план.
Воласць, названая ў гонар бальшавіцкага дыпламата Георгія Чычэрына, праіснавала ўсяго паўтара года – да 17 ліпеня 1924-га. Тады Бабруйскі павет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя ўвайшла ў Бабруйскую акругу, і ў ходзе кампаніі па перайменаванні раёнаў з’явіўся Асіповіцкі раён.

Лагічней было б назваць яго Чычэрынскім, аднак гэтага не адбылося. Магчыма, з-за таго, што ў студзені 1924 года памёр Ленін, а Сталін пайшоў ва ўладу, пазбаўляючыся ад бальшавікоў-ленінцаў.

На думку асіповіцкіх краязнаўцаў, канкрэтных указанняў з Масквы магло і не быць, але водгукі барацьбы за трон Ільіча адчуваліся і ў магілёўскай глыбінцы.

Так ці інакш, але Чычэрынская воласць існавала. Хай і ўсяго паўтара года.

Фота раённай газеты.

«Арэшнік», магчыма, базуецца на базе пад Крычавам – даследвальнікі

Амерыканскія даследчыкі выявілі верагодную базу для размяшчэння расійскіх гіпергукавых ракет – яна можа знаходзіцца побач з Крычавам.

Агенцтва Reuters паведамляе, што спадарожнікавыя здымкі, зробленыя кампаніяй Planet Labs, указваюць на інтэнсіўнае будаўніцтва на былым ваенным аэрадроме пад Крычавам, усяго за некалькі кіламетраў ад расійскай мяжы.

На тэрыторыі аэрадрома з’явіўся новы чыгуначны вузел ваеннага прызначэння з ахоўнай агароджай і бетанаваныя пляцоўкі, якія пазней былі засыпаныя зямлёй для маскіроўкі. 

З вялікай верагоднасцю менавіта там і размешчаны «Арэшнік».

Пра тое, што пад Крычавам адбываецца аднаўленне закінутай вайсковай базы часоў СССР паведамлялі таксама крыніцы mogilev.media. У матэрыяле ад 24 снежня мы пісалі, што працы вядуцца ў мясцовасці пад назвай “Крычаў-2”, а таксама – што аналагічныя работы заўважныя таксама ў Клімавіцкім раёне. Тут каля вёскі Барсукі ідзе аднаўленне былога вайсковага аэрадрома.

Фота кампаніі Planet Labs.

У Чавусах тэстуюць сістэму распазнавання людзей на “зебры”

У Чавусах пачаліся выпрабаванні першай у краіне беларускай сістэмы аўтаматычнага выяўлення пешаходаў на нерэгуляваным пераходзе. 

Выпрабавальная канструкцыя пілотнага праекта ўсталявана на ўездзе ў горад на дарозе Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы, якая праходзіць праз Чавусы транзітам і адрозніваецца шчыльным транспартным рухам, піша тэлеграм-канал «На варце».

Участак выбраны невыпадкова: пешаходны рух там асабліва актыўны. Па адзін бок праезнай часткі размешчаны адміністрацыйныя і сацыяльныя ўстановы, па другі – жылыя кварталы і чыгуначны вакзал.

Сістэма працуе цалкам аўтаматычна. Яна фіксуе набліжэнне чалавека да пераходу і загадзя ўзмацняе асвятленне “зебры”, тым самым прыцягваючы ўвагу кіроўцаў і падвышаючы бяспеку.

З надыходам цёмнага часу сутак датчыкі асветленасці пераводзяць комплекс у дзяжурны рэжым. Тады ў зоне пераходу і на падыходах да праезнай часткі ўключаюцца накіраваныя пражэктары.

Як толькі ў поле датчыкаў руху трапляе пешаход, сістэма актывуе рэжым апавяшчэнняі. Асветленасць становіцца больш інтэнсіўнай, а на буйным электронным табло з’яўляецца папярэджанне “Увага, пешаход!”.

Адначасова пачынаюць мільгацець жоўтыя агні, працуюць святлодыёдныя дублюючыя элементы і гукавы сігнал. Пасля таго як чалавек пакідае гэтую зону, апавяшчэнне працягваецца яшчэ каля 30 секунд, забяспечваючы дадатковы запас часу для рэакцыі кіроўцаў.

Фотаздымак: ТГ “На варце”