Бабруйчанка атрымала траўмы ад падзення гурбы снегу з даху

Гурба снегу з даху двухпавярховага будынка па вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску звалілася на галаву жанчыне.

У доме з нячышчаным ад снега даху знаходзіцца аптэка, куды і пайшла 55-гадовая бабруйчанка. Калі жанчына выйшла з яе, ёй на галаву звалілася куча снегу. У выніку пацярпелай спатрэбілася медыцынская дапамога, пасля аказання якой бабруйчанцы было прызначана амбулаторнае лячэнне.

На сайце МНС сцвярджаецца, што месца здарэння было агароджана папераджальнай стужкай. Праўда, не тлумачыцца, якім жа чынам там апынулася пацярпелая жанчына. З чаго вынікае падазрэнне, што тая стужка была абсалютна незаўважнай для пешаходаў, па меншай меры з таго боку, з якога ў небяспечнае месца зайшла бабруйчанка.

“Падзенне снегу і ледзяшоў з дахаў можа прадстаўляць сур’ёзную небяспеку для жыцця і здароўя. Не хадзіце пад стрэхамі, карнізамі, гаўбцамі дамоў і будынкаў. Папярэдзьце аб небяспецы дзяцей! Звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі і агароджы”, – заклікаюць ратаўнікі. Звароту да камунальнікаў з патрабаваннем своечасова рабіць бяспечным знаходжанне людзей у цэнтры гораду ў МНС-аўскім паведамленні няма.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by

Набярэжная на Бярэзіне: спрэчкі пра кавярню і маршрут

У Бабруйску прадстаўлены дэталёвы план праекта прыбярэжна-паркавай зоны каля санаторыя імя Леніна і гасцініцы «Турыст».

У гарвыканкаме прэзентавалі дэталёвы план развіцця тэрыторыі, распрацаваны БелНДІ горадабудаўніцтва, піша komkur.info. Пакуль дакумент вызначае толькі заніраванне: размяшчэнне набярэжнай, зялёных зон і аб’екта грамадскага харчавання на 150 месцаў каля спуску з вуліцы Сацыялістычнай побач з пляжам і валейбольнымі пляцоўкамі.

Менавіта кавярня ля вады выклікала найбольшыя спрэчкі. Гараджане і спецыялісты адзначылі, што ў цэнтральнай кропцы падыходу да ракі больш дарэчна захаваць рэкрэацыйную функцыю і прыродны ландшафт. Улады падкрэслілі, што гаворка ідзе пра зону грамадскага прызначэння.

Дыскусію выклікаў і маршрут набярэжнай. Паводле праекта, яна пройдзе ўздоўж кромкі берага, што, на думку ўдзельнікаў абмеркавання, скароціць плошчу пляжа і створыць рызыку падтаплення падчас паводак. У якасці альтэрнатывы прапанаваны верхні маршрут – за гасцініцай «Турыст», з агляднымі пляцоўкамі і захаваннем поймы.

Таксама абмяркоўвалася развіццё тэрыторыі да фандокаўскага моста з улікам будаўніцтва новай вяслярскай базы і магчымым стварэннем спартыўнай інфраструктуры.

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 25 лютага. Будаўніцтва набярэжнай плануюць завяршыць да 2035 года.

Фотаздымак: komkur.info

Бабруйчанін пажартаваў аб бомбе ў мінскім метро

26-гадовы малады чалавек з Бабруйску, які працуе ў сталіцы, паведаміў інспектару службы бяспекі ў метро, што мае пры сабе бомбу. Гэта аказалася глупым жартам.

Малады чалавек з другой групай інваліднасці падзарабляў у Мінску кур’ерам. Да вечара ў яго засталася апошняя замова, пасля дастаўкі якой ён планаваў з’ехаць на цягніку дадому. Калі малады чалавек спусціўся ў вестыбюль станцыі метро «Няміга», да яго звярнуўся інспектар службы бяспекі, папрасіўшы прайсці ў зону надгляду і пакласці тэрмакораб на стол для праверкі. Фігурант не пярэчыў, але чамусьці зрабіў заўвагу работніку метрапалітэна, што той без медыцынскай маскі, а пасля двойчы сказаў: “У мяне бомба!”.

У выніку малады чалавек быў затрыманы і на яго была выклікана міліцыя, а потым распачатая крымінальная справа. “Яму выстаўленае абвінавачванне ў загадзя ілжывым паведамленні аб падрыхтоўцы выбуху, які стварае небяспеку для жыцця і здароўя людзей, гэта значыць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 340 КК, санкцыя якой – аж да пяці гадоў пазбаўлення волі. Грамадзянін цалкам прызнаў сваю віну, у зробленым раскаяўся”, – цытуе намесніка пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Віктара Шубіча агенцтва «Менск Навіны».

У дачыненні да гора-жартаўніка ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Фотаздымак: Яндэкс-карты

Рэйд прафсаюзаў у Краснаполлі: геаграфія бардаку – ўся вобласць, уся краіна

Тэхнічныя інспектары прафсаюзаў праверылі ахову працы на Краснапольшчыне. Вынікі – ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

Прафсаюзная рэйдавая група Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў пабывала ў Краснапольскім раёне і праверыла ахову працы ў дзесяці арганізацыях.

Вось пералік «недахопаў»:

  • інструкцыі састарэлі і часам не пераглядаліся па годзе, а то і па пяць гадоў;
  • прафесія ў журнале адна, а насамрэч супрацоўнік працуе па іншай;
  • у асабістых картках асобных радкоў проста няма.

Такія дробязі, як сродкі індывідуальнай абароны або зімовы абутак – паняцці і зусім абстрактныя.

Рэйдавая група зрабіла з убачанага дзіўныя высновы: грошай на ліквідацыю хібаў з аховай працы не патрабуецца, проста старшыням прафкамаў, інжынерам па ахове працы і грамадскім інспектарам трэба лепш працаваць.

Напрыканцы правяраючыя прыгразілі: выезды будуць працягнутыя, геаграфія – ўся вобласць.

Насамрэч гаворка ідзе не пра асобныя недахопы і нават не пра раён і не пра вобласць. Ахова працы – гэта татальны, усеагульны беларускі бардак.

Калі на буйных прадпрыемствах да інжынераў па ахове працы яшчэ прад’яўляюцца нейкія патрабаванні і супрацоўнікі гэтага звяна маюць камп’ютар і ўсталяваную на ім нятанную праграму АРМ інжынера па ахове працы, то ў занядбаных калгасах усе інструктажы зводзяцца да формулы: не сунь свой нос туды, куды сабака хвост не суе.

На пасады інжынераў прызначаюць або сваякоў, або першага, хто трапіцца пад руку, каб у выпадку, калі кагосьці раздрабніць у драбілцы, знайшоўся б казёл адпушчэння.

На такое элементарнае патрабаванне да гэтай катэгорыі спецыялістаў, як вышэйшая тэхнічная адукацыя, даўно наплявалі з самай высокай званніцы.

Уся надзея толькі на грамадскіх інспектараў, гэта значыць на грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, пажадана

патрыётаў, а па магчымасці – членаў «Белай Русі».

У цэхах «Бабруйскаграмаша» халодна – ў сацсетках казалі праўду

Холад на «Бабруйскаграмашы» – планавы, малаткі з прывараннымі ручкамі – не.

Інспектар абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў галін прамысловасці вымяраў тэмпературу ў цэхах «Бабруйскаграмаша» і пераканаўся, што падставы для скаргаў у сацыяльных сетках былі: тэрмометр паказаў ад 2,7 да 8,4 градуса цяпла.

Аднак наймальнік забяспечыў кампенсацыйныя і ахоўныя меры:

  • на прадпрыемстве дзейнічае загад аб працы ў халодны перыяд;
  • работнікам прадастаўляюцца дадатковыя перапынкі для абагрэву;
  • абсталяваныя і дзейнічаюць цёплыя пакоі для адпачынку і прыёму ежы;
  • выдаецца ўцепленая спецвопратка і абутак;
  • прадугледжаныя даплаты за працу ў неспрыяльных умовах.

А вось выкарыстанне малаткоў з прывараннымі металічнымі ручкамі і напільнікаў з пашкоджанымі ручкамі інспектар зафіксаваў як парушэнне.

Варта нагадаць, што на холад скардзіліся не толькі супрацоўнікі «Бабруйскаграмаша», але і работнікі хлебазавода ў Касцюковічах.

Мяркуючы па публікацыях мясцовай газеты, рэакцыі ўладаў і прафсаюзаў на гэтую скаргу не было.

Фота “Магілёўскія ведамасці”

У Касцюковічах зваршчыка зацягнула ў драбільны млын. Рабочы загінуў

На цэментным заводзе пры рамонце драбільнага млыну загінуў 33-гадовы электрагазазваршчык.

Трагедыя адбылася ўвечары 10 лютага, паведамляе Следчы камітэт. Абсталяванне было адключана, аднак падчас работ мужчына знаходзіўся на валах механізму і з дапамогай газавага разака спрабаваў вынуць металічны прадмет, які захраснуў. Калі дэталь удалося дастаць, зваршчыка па інэрцыі зацягнула ўнутр агрэгата.

Калега мужчыны пачуў крыкі і выклікаў экстранныя службы. Нягледзячы на аператыўныя дзеянні ратавальнікаў і медыкаў выратаваць работніка не ўдалося.

Па факце гібелі працоўніка Следчы камітэт праводзіць праверку.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Што адбываецца на тэрыторыі аэрадрома «Крычаў-6»?

Новы спадарожнікавы здымак зафіксаваў змены на былым ваенным аэрадроме пад Крычавам.

Здымак кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года, атрыманы «Радыё Свабода», сведчыць пра працяг работ на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома «Крычаў-6».

За апошнія месяцы аб’ект прыкметна змяніўся: з’явіліся новыя будынкі і тэхніка.

Упершыню на спадарожнікавай фатаграфіі можна разгледзець машыны, якія, меркавана, маюць дачыненне да ракетнага комплексу «Арэшнік».

Акрамя магчымых элементаў ракетнага комплексу, на тэрыторыі зафіксаваныя дадатковыя пабудовы і змены ў інфраструктуры. Гэта можа сведчыць пра працяг стварэння ваеннай базы і падрыхтоўку пляцоўкі для размяшчэння спецыялізаванай тэхнікі.

Пакуль гаворка ідзе толькі пра візуальныя прыкметы, выяўленыя на падставе спадарожнікавых дадзеных.

Фота “Радые “Свабода“.

«Сенатар» Багель пабываў у Глуску і атрымаў дзіўную просьбу па згвалтаваннях

На выязным прыёме ў Глуску да «сенатара» Багеля звярнуліся тры чалавекі, якія папрасілі ўвесці амністыю па спецыфічным артыкуле КК.

Сенатар Аляксандр Багель, ён жа дырэктар узорна-паказальнага калгаса ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага», наведаў Глускі раён. 

Нічога адметнага падчас візіту не адбылося, калі не лічыць дзіўнай просьбы адразу «трох жыхароў іншых абласцей», якія патэлефанавалі Багелю і «папрасілі аказаць садзейнічанне, каб артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў уключаны ў спіс артыкулаў, што падлягаюць амністыі».

Артыкул гэты даволі спецыфічны. Ён датычыцца гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару.

Чаму жыхары іншых абласцей чакалі прыезду Аляксандра Багеля ў Глуск, каб распавесці «сенатару» пра свае таемныя жаданні – чарговая загадка лукашэнкаўскай мадэлі парламентарызму.

Фота раённай газеты.

У Слаўгарадзе за год створана шаснаццаць працоўных месцаў

Кадры Слаўгарада схільныя да цякучасці, але курс на “ўстойлівае развіццё” нарэшце ўзяты.

Новаму старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіму Патапенку далажылі пра дасягненні раёна за 2025 год.

Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.

Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.

Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».

Фота раённай газеты.

Савет пункта аховы правапарадку засядае ў музеі Касцюковічаў – адна наведвальніца ўжо закадзіравалася

У краязнаўчым музеі Касцюковічаў ёсць грамадска-палітычны цэнтр. Адтуль могуць накіраваць у ЛПП або працаўладкаваць.

У грамадска-палітычным цэнтры раённага краязнаўчага музея Касцюковічаў не радзей за адзін раз на месяц праходзяць пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку – СГПАП.

На іх, акрамя іншага, разглядаюцца паводзіны грамадзян, замешаных у сямейных скандалах, п’янстве і нават курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.

На апошнім пасяджэнні гэтага органа СГПАП пахваліўся тым, што адна жыхарка Касцюковічаў закадзіравалася, другая ўладкавалася на працу ў жылкамгас, а два мясцовых жыхары хутка адправяцца ў ЛПП.

СОПОП

Чаму такая спецыфічная камісія засядае ў музеі – незразумела. Да таго ж, мяркуючы па фотаздымках, у грамадска-палітычным цэнтры яшчэ і халодна.

Зрэшты, ёсць верагоднасць, што на здымках не члены камісіі, а грамадзяне з нізкай сацыяльнай адказнасцю, ужо апранутыя і гатовыя паехаць туды, куды іх накіруе СГПАП.

музей

Фота раённай газеты і museums.by.