Міліцыянер са складаным лёсам прызначаны намеснікам старшыні ў Асіповічах

Амаль інжынер Талмудоўскі – новы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама мяняў месцы працы, як пальчаткі.

На пасаду намесніка старшыні райвыканкама ў Асіповічах прызначаны Сяргей Федзянін, якога, трэба прызнаць, нямала паматала па жыцці. У 2009 годзе ён скончыў Акадэмію МУС, а з 2004 па 2014 гады працаваў на розных прадпрыемствах у Барысаве і Мінску.

Потым Федзянін год працаваў інспектарам Барысаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Яшчэ год Сяргей Іванавіч працаваў вядучым, а потым і галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама.

Наступныя пяць гадоў былі стабільнымі. Іх Федзянін аддаў працы галоўным спецыялістам сектара архітэктуры і будаўніцтва ўпраўлення па архітэктуры, будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Жодзінскага гарвыканкама. 

Потым год быў начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва Смалявіцкага райвыканкама.

Ствараецца ўражанне, што міліцыянера Федзянiна не ведалі, куды прыстроіць. Тым не менш яго лічылі перспектыўным кадрам і дазволілі прайсці перападрыхтоўку ў лукашэнкаўскай акадэміі кіравання.

Цікава, што ў профілі ВК нейкі 40-гадовы Сяргей Федзянін з Барысава усталяваў усяго адну гульню з красамоўнай назвай «Жажда власти».

Мяркуючы па спісе займаных пасад, у ведамстве Геворга Мелканяна Сяргей Федзянін будзе адказваць за пытанні будаўніцтва і ЖКГ. Напэўна, падыдзе да гэтай справы з чыста міліцэйскай хваткай, якую яму раней чамусьці не ўдалося рэалізаваць.

Фота belarus-news.by.

Ваду з Палыкавіцкай крыніцы піць нельга

Эпідэміёлагі забаранілі піць ваду з Палыкавіцкай крыніцы, што каля Магілёва.

“Пробы вады з крыніцы і купелі ў вёсцы Палыкавічы адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных і не адпавядае па санітарна-хімічных паказчыках (па ўтрыманні нітратаў). У сувязі, з чым выкарыстанне дадзенай крыніцы водазабеспячэння ў пітных мэтах не дапускаецца” – гаворыцца ў паведамленні Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пробы вады былі адабраныя 6 студзеня 2026 года.

Тым не менш купацца ў Палыкавіцкай крыніцы можна, галоўнае, каб не нахлябацца вады. Бо, паводле медыкаў, нітраты ў пітной вадзе ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для здароўя. Нават кіпячэнне не зніжае іх утрыманне, а толькі павялічвае іх канцэнтрацыю за кошт выпарэння вадкасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Расія развівае вайсковую інфраструктуру ў Магілёўскай вобласці

У Крычаўскім і Асіповіцкім раёнах для перамяшчэння расійскіх узбраенняў развіваюць вайсковую інфраструктуру.

На бягучы момант факт увозу і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх баявых ракетных комплексаў «Арэшнік», уключаючы пускавыя ўстаноўкі, дакументальна і фактычна не пацверджаны, сцвярджае “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”. Разам з тым зафіксавана прыбыццё дапаможнай тэхнікі, якая не адносіцца да баявых сродкаў комплексу.

Так, заўважаны працы на тэрыторыі былой авіябазы “Крычаў-6”. Там праводзіцца паэтапная падрыхтоўка пляцоўкі: ствараецца мінімальна неабходная чыгуначная і дапаможная інфраструктура, таемна дастаўляецца тэхніка і фармуюцца ўмовы для магчымага пастаяннага прысутнасці асабістага складу. 

“Характар і накіраванасць гэтых работ дазваляюць з высокай ступенню верагоднасці разглядаць тэрыторыю былой авіябазы як перспектыўную пляцоўку для разгортвання расійскай ваеннай базы альбо іншага пастаянна дзеючага ваеннага аб’екта, якая знаходзіцца на ранняй стадыі фарміравання, але не як месца фактычнага размяшчэння БРСД «Арэшнік» на дадзены момант”, – робяць выснову ў “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”.

У сваю чаргу на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (в/ч 42707), што паблізу вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раён, ствараецца аб’ект вайсковай інфраструктуры, які прадугледжвае развіццё чыгуначнага забеспячэння, і будуюцца будынкі для размяшчэння асабістага складу і аўтатранспартнай тэхнікі.

Пры гэтым аналіз спадарожнікавых здымкаў па стане на 24 снежня 2025 года паказаў, што будаўніцтва чыгуначнай інфраструктуры ў раёне 1405-й базы знаходзіцца на завяршальнай стадыі.

“У цэлым аб’ект будаўніцтва ў Вялікай Гарожы дэманструе больш грунтоўны і сістэмны падыход да размяшчэння і забеспячэння вайсковай інфраструктуры ў параўнанні з шэрагам іншых пляцовак на тэрыторыі Беларусі. Тут фармуецца не часовая схема і не адаптацыя пад разавае мерапрыемства, а ўстойлівы і тэхналагічна прадуманы элемент чыгуначнай ваеннай лагістыкі, разлічаны на працяглую эксплуатацыю”, – высвятлілі ў “Супольнасці”.

Там мяркуюць, што ў сукупнасці гэтыя прыклады ўказваюць не на разрозненыя або сітуатыўныя мерапрыемствы, а на паслядоўнае і сістэмнае пашырэнне ваеннай інфраструктуры і лагістычнай прысутнасці Узброеных Сіл Расіі ў Беларусі, якое рэалізуецца як праз паскораныя падрыхтоўчыя рашэнні, так і праз капітальныя доўгатэрміновыя праекты.

Фотакалаж “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”

Праца, забавы, алкаголь – жыццё ў Касцюковічах б’е ключом

У прычынах сямейных праблем спрабавалі разабрацца на пасяджэнні КДН у Касцюковічах.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, якое прайшло ў Касцюковіцкім райвыканкаме, разгледзелі справы 13 сем’яў. Чатыры з іх знялі з уліку за «правільныя паводзіны і выкананне ўсіх прадугледжаных мерапрыемстваў».

З астатнімі ёсць праблемы – дзецям не хапае кантролю з боку бацькоў. У тых іншыя клопаты – «праца, забавы, алкаголь».

Адзін з падуўліковых скраў у краме дзве шакаладкі і энергетык. Іншы вучыцца ў касцюковіцкім каледжы і паводзіць сябе добра. Аднак дома, у Гомельскай вобласці, распівае алкаголь у грамадскіх месцах.

У трэцім выпадку ў сям’і буяніць бацька, які, прыязджаючы з заробкаў з Расіі, ламае мэблю і выбівае вокны. Камісія хутка знайшла выйсце – мужчыну накіруюць у ЛПП.

Яшчэ ў адной сям’і бацькі чамусьці не водзяць дзіця ў дзіцячы сад. За гэта ім зрабілі заўвагу.

Чытаючы пра ўсю гэтую мітусню, проста дзіву даешся. Улады так пільна сочаць за жыццём беларусаў, што хутка ім пачнуць указваць, як правільна карыстацца ўнітазам. Крок управа, крок улева – або на ўлік у КДН, або проста ў ЛПП.

Вось толькі пры такім татальным кантролі піць у Касцюковічах менш не сталі і колькасць цэлых вокнаў у дамах не павялічылася.

Можа, Лукашэнка меў рацыю, і для дынамічнага развіцця раёна трэба было ўсяго толькі змяніць старшыню райвыканкама?

Фота раённай газеты.

Новыя кіраўнікі трох раёнаў Магілёўшчыны – выпускнікі сельгасакадэміі. Знаёмімся

Новыя старшыні райвыканкамаў, як запэўнівае «губернатар» Ісачанка, будуць спрыяць дынамічнаму развіццю сваіх рэгіёнаў.

Лукашэнка часцей за ўсё «ператрахвае» сваю вертыкаль у Магілёўскай вобласці, але гэта нічога не мяняе: твары іншыя, паказчыкі – ранейшыя.

Учора старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка прадстаўляў кіраўнікоў адразу трох раёнаў. Хто ж гэтыя людзі і чым заслужылі давер кадравай службы Лукашэнкі?

Жанчына на чале Касцюковічаў

Касцюковіцкі раён будзе ўзначальваць Наталля Асмалоўская. Яна нарадзілася ў Крычаве ў 1977 годзе. 

Горэцкую сельгасакадэмію скончыла ў 2003-м, але ўжо з 1995 года працавала начальнікам фінансава-сацыяльнага аддзялення Крычаўскага ваенкамату. З 2007 года працавала ў Крычаўскім райвыканкаме і за пятнаццаць гадоў даросла да пасады намесніка старшыні па эканоміцы.

Кандыдат навук – у Слаўгарадзе

Максім Патапенка, які ўзначаліў Слаўгарадскі раён, – ураджэнец Касцюковіцкага раёна. Яму – 50 гадоў. Горэцкую сельгасакадэмію ён скончыў у 1998 годзе і застаўся выкладаць у ёй. Атрымаў вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук і пасаду прарэктара па выхаваўчай частцы. У 2022 годзе Патапенка быў прызначаны старшынёй горэцкага савета «дэпутатаў».

Самаму маладому – Чавускі раён

Сяргей Дарожкін (на фота ў цэнтры), якому дастаўся Чавускі раён, – ураджэнец Клічаўшчыны.

Ён не толькі маладзейшы за сваіх калег з Касцюковіч і Слаўгарада, але і мае досвед практычнай працы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Дарожкін нарадзіўся ў 1987 годзе. У 2009-м скончыў горэцкую сельгасакадэмію. Быў аграномам-насенняводам, галоўным аграномам, старшынёй двух сельгаспрадпрыемстваў.

У 2024 годзе Дарожкіна прызначылі начальнікам райсельгасхарчу Крычаўскага раёна.

Чамусьці толькі Сяргей Дарожкін, калі верыць прэс-рэлізам дзяржаўных СМІ, падзякаваў за добрасумленную працу свайго папярэдніка Дзмітрыя Акуліча.

Тут некалькі варыянтаў. Або журналісты проста не згадалі пра падзякі былым кіраўнікам Касцюкоўшчыны і Слаўгарадшчыны, або дзякаваць ім аказалася няма за што, або Сяргей Дарожкін аказаўся больш ветлівым, чым Патапенка і Асмалоўская.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

У Краснаполлі абмяркоўваюць Кястуціса Будрыса і жывёлагадоўлю

Краснапольская «раёнка» асвятліла праблемы Літвы і дасягненні мясцовай жывёлагадоўлі.

Раённая газета Краснапольшчыны закляйміла ганьбай міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса, выкарыстоўваючы ўсім народам вядомую байку «Воўк і ягня». А заадно асвятліла дасягненні краснапольскай жывёлагадоўлі, якая стала ў Магілёўскай вобласці сімвалам безгаспадарчасці.

Незразумела, што там яшчэ нарабіў літоўскі міністр, затое з АПК Краснапольшчыны ўсё да крайнасці ясна. Пра адзіны калгас раёна можна сказаць толькі тое, што ён пабіў усе рэкорды стратнасці.

ААТ «Краснапольскі» дапамагаюць усе каму не лянота – ад новага старшыні райвыканкама да студэнтаў магілёўскага інстытута, якія ездзяць у Краснаполле, каб разбіраць стары кароўнік.

Паказальна, што калі артыкул, прысвечаны Літве, мае ўражлівы памер, то нарада па жывёлагадоўлі змясцілася ў пару радкоў з мноствам фатаграфій заклапочаных краснапольскіх начальнікаў.

Вельмі падобна на тое, што літоўскае ягня неяк ды выжыве, а вось краснапольскія ваўкі – на мяжы вымірання.

Фота краснапольскай раённай газеты.

Суды Магілёўшчыны летась “вывучалі” 194 “экстрэмісцкія матэрыялы”

У 2025 годзе пракуратура скіравала 194 заявы ў суды Магілёўскай вобласці на прызнанне матэрыялаў “экстрэмісцкімі”.

Блукаючы па прасторах інтэрнэта, пракуроры знаходзілі шмат публікацый, якія, на іх думку, “накіраваныя на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне”.

У выніку яны, зразумела, пазнаходзілі такія, а суды з імі пагадзіліся. Гэта тычыцца 45 матэрыялаў у ТікТоку, 36 – у Інстаграме, 26 – на YouTube, 24 – у Тэлеграме, а ў Фэйсбуку, “Вконтакте” “Аднакласніках” і Х – 13. Таксама “экстрэмісцкімі” былі прызнаныя дзевяць сайтаў і адно друкаванае выданне.

У якасці прыкладу такога выяўленага “экстрэмізму” пракуроры прыводзяць нейкі канал на YouTube, дзе колькасць падпісчыкаў звыш 33 тыс.чалавек. “На інтэрнэт-рэсурсе размяшчаліся відэаматэрыялы, накіраваныя на абразу, падрыў аўтарытэту і іміджу кіраўніка дзяржавы, а таксама падзеі сацыяльнага і палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўляюць у негатыўным святле” – напісала Генпракуратура, не лічачы, што такі “экстрэмізм” – звычайная рэалізацыя права на свабоду выказванняў і выяўленне свайго пункту погляду. 

Змагаючыся з вольным словам, пракуратура летась таксама абмежавала доступ да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў нібыта “экстрэмісцкага зместу”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёўскай вобласці пракуроры адмянілі закупкі на 36 млн рублёў

У 2025 годзе пракуратура знайшла шматлікія парушэнні ў сферы закупак на Магілёўшчыне. У выніку закупкі на 36 млн рублёў былі адмененыя.

Паводле Генеральнай пракуратуры, агулам было выяўлена 83 парушэнні пры разнастайных закупках. У асноўным яны тычыліся выбару працэдуры закупкі, парадку ацэнкі і параўнання прапаноў, набыцця тавараў без прадугледжаных закупак увогуле і іншыя.

Напрыклад, галоўны інжынер аднаго з прадпрыемстваў вобласці, будучы старшынёй конкурснай камісіі па закупках, дапусціў да ўдзелу тэндары за кошт уласных сродкаў некалькі прыватных арганізацый, чые прапановы не адпавядалі кваліфікацыйным патрабаванням. Аналагічныя парушэнні, як аказалася, ён дапускаў і раней, тым самым аказваючы неправамерную перавагу інтарэсам розных арганізацый, а па адной з закупак незаконна ўжыў прэферэнцыйную папраўку ў памеры 15% да прапановы ўдзельніка. За гэта ўсё галоўнага інжынера аштрафавалі.

Агулам за парушэнні пры закупках былі дысцыплінарна і адміністрацыйна пакараны летась 270 чалавек.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйскі «юны натураліст» скраў фотапастку

Бабруйчанін прысвоіў сабе фотапастку, маючы намер паназіраць за дзікімі жывёламі.

У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі адной з прыватных фірм Магілёўскага раёна. Яны паскардзіліся на тое, што знікла дарагая фотапастка.

Аператыўнікі высветлілі карціну здарэння. Фотапастку, усталяваную ў лесе, зняў 30-гадовы жыхар Бабруйска. Свой учынак ён растлумачыў жаданнем вывучыць паводзіны дзікіх жывёл.

Супраць «натураліста-даследчыка» ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўскі «сенатар» развозіць масажныя крэслы па пансіянатах

Старшыня савета магілёўскіх «дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін уключыўся ў абласную акцыю «Сфатаграфуйся з інвалідам!».

Чалавек, спіс тытулаў якога займае аж два радкі, прыехаў у Расцянскі сацыяльны пансіянат «Прыазёрны» і падарыў пацыентам масажнае крэсла.

Члену «савета» рэспублікі, старшыні магілёўскага абласнога «савета дэпутатаў», старшыні магілёўскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Аляксандру Гарошкіну не чужыя ўзнёслыя парывы душы. І масажнае крэсла – толькі пачатак місіі міласэрнасці.

Раўназначны падарунак Гарошкін адвёз Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Магілёва. Па ўсім відаць, гаворка ідзе пра другое масажнае крэсла.

Пры гэтым развозку крэслаў па ўстановах Аляксандр Гарошкін фармальнасцю не лічыць. Каб падкрэсліць гэта, ён фатаграфуецца з інвалідамі.

Для даведкі: на дабрачынную акцыю «Ад усёй душы» арганізацыйныя структуры «Белай Русі» ў Магілёўскай вобласці патрацілі звыш 15 тысяч рублёў.

Як вядома, аматары фотасесій самі нічога не вырабляюць, і крыніцы з’яўлення ў «арганізацыйных структур» гэтай сумы вядомыя – усё той жа шматпакутны бюджэт. Таму, гаварыць пра нейкую дабрачыннасць тут не выпадае, гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра крывадушныя піяр-акцыі.

Аляксандр Гарошкін не з’яўляецца ў гэтай справе першапраходцам – з інвалідамі ў Чавусах нядаўна фатаграфавалася старшыня праўлення стратнага «Белкаапсаюза» Інэса Караткевіч.

У спіс жа самых экзатычных падарункаў, якія набываюць магілёўскія чыноўнікі за бюджэтны кошт, уваходзіць цыркулярная піла, падораная “дабрачынцамі” быхаўскаму пансіянату «Ірдзіца».

Фота “Магілёўскія ведамасці”.