У Магілёўскім інстытуце МУС праходзяць стажыроўку студэнты Пекінскага паліцэйскага інстытута.
З курсантамі кітайскай праваахоўнай ВНУ, якія прыбылі на стажыроўку, сустракаўся начальнік Магілёўскага інстытута МУС палкоўнік Раман Раманчук.
Ён азнаёміў гасцей з праграмай стажыроўкі. Акрамя вучэбных заняткаў, для дэлегацыі запланаваныя наведванні розных гарадоў Беларусі і ўстаноў адукацыі сістэмы МУС.
Раманчук паабяцаў кітайскім курсантам камфортнае знаходжанне, а прадстаўнікі Пекінскага паліцэйскага інстытута падзякавалі палкоўніку за цёплы прыём і створаныя ўмовы пражывання.
Стажыроўка кітайскіх курсантаў на базе Магілёўскага інстытута МУС працягнецца да 21 сакавіка 2026 года.
Магілёўскія камунальнікі расклалі ў падземным пераходзе пад перакрыжаваннем праспекта Міру і вуліцы Першамайскай антыслізгаючыя дыванкі.
Кожную зіму магілёўцы наракаюць на немагчымасць ісці ў падземным пераходзе, не баючыся ўпасці – пісалі mogilev.media. Прычына ў кафлі, якой выкладзена падлога і якая не забяспечвае дастатковае трэнне з абуткам. За такую небяспечную кафлю тыя, хто яе загадаў пакласці, мусілі былі б несці крымінальную адказнасць. Але гэта не пра Магілёў. Тут адказнасць за свае траўмы будуць несці тыя, хто ходзіць па гэтай кафлі.
І вась нядаўна ў пераходзе з’явілася прыгажосць – раскіданыя ці выкладзеныя на падлозе антыслізгаючыя дыванкі. Пра што паведаміла ў ТікТok магіляўчанка пад нікам chizhfamily2724. Такі сапраўдны клопат аб народзе праявілі камунальнікі бліжэй да канца зімы. Але лепей пазней, чым ніколі. Ці будзе перакладзена кафля, пакуль невядома.
Холад на «Бабруйскаграмашы» – планавы, малаткі з прывараннымі ручкамі – не.
Інспектар абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў галін прамысловасці вымяраў тэмпературу ў цэхах «Бабруйскаграмаша» і пераканаўся, што падставы для скаргаў у сацыяльных сетках былі: тэрмометр паказаў ад 2,7 да 8,4 градуса цяпла.
Аднак наймальнік забяспечыў кампенсацыйныя і ахоўныя меры:
на прадпрыемстве дзейнічае загад аб працы ў халодны перыяд;
работнікам прадастаўляюцца дадатковыя перапынкі для абагрэву;
абсталяваныя і дзейнічаюць цёплыя пакоі для адпачынку і прыёму ежы;
выдаецца ўцепленая спецвопратка і абутак;
прадугледжаныя даплаты за працу ў неспрыяльных умовах.
А вось выкарыстанне малаткоў з прывараннымі металічнымі ручкамі і напільнікаў з пашкоджанымі ручкамі інспектар зафіксаваў як парушэнне.
Сусветны дзень пацалунку (World Kiss Day, World Kissing Day).
Праводзіцца ў больш чым 60 краінах свету.
Пацалунку прысвечаны яшчэ і дзень 6 ліпеня. Радзімай сусветнага дня пацалункаў лічыцца Вялікабрытанія. Менавіта на берагах Туманнага Альбіёна ў канцы XIX стагоддзя палічылі, што пацалунак варты таго, каб мець уласнае свята як адну з праяў кахання.
Сусветны дзень пацалунку азначаецца правядзеннем святочных мерапрыемстваў, конкурсаў і спаборніцтваў, так ці інакш звязаных з філематалогіяй. Сярод удзельнікаў акцый нярэдка разыгрываюцца прызы “За самы доўгі пацалунак”, “За самы прыгожы пацалунак”, “За самы незвычайны пацалунак” і іншыя.
Міжнародны дзень шлюбных агенцтваў(International day of marriage agencies, з 2010 года).
На пачатку лютага ўжо вее вясной, набліжаецца Дзень закаханых, хочацца цяпла і любві.
Упершыню Дзень шлюбных агенцтваў з’явіўся на шматпакутнай цяпер Украіне ў 2010 годзе. Ідэя лунала ў паветры, і прафесійнае свята сталі адзначаць тыя людзі, што абралі сваім заняткам сватаўство. З падачы Украіны гэтае свята перабралася ў ЗША, Канаду, Швецыю, Іспанію, Францыю, Італію і іншыя краіны. А ў інтэрнэце яго святкуюць усе сайты онлайн-знаёмстваў.
Дзень трох свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста.
Калі мужчыны на Магілёўшчыне і на Усходнім Палессі дазвалялі сабе працаваць “каля двара” і “ўзяць кілішак”, то жанчыны адзначалі свята строга: “Нельга жлукціць, нельга праць бялля, нельга прасці”.
У Магілёўскай вобласці адным з двух галоўных храмаў Магілёўска-Мсціслаўскай епархіі з’яўляецца магілёўскі Сабор Трох Свяціцеляў – помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя.
Адметнай асаблівасцю храма з’яўляецца магчымасць увайсці ў яго з трох бакоў.
Закладка першага каменя адбылася ў 1903 годзе. Узвядзенне храма працягвалася 11 гадоў і праходзіла пад назіраннем губернскага архітэктара Пятра Калініна. У 1914 годзе будаўніцтва было скончана. Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сям’ю купаламі, над уваходам – званіца.
З невялікімі перапынкамі дзейнічаў да 1959 года. У 1961 годзе царква была зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, і 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.
З 1989 года па блаславенню арцыбіскупа Максіма пры храме было заснавана Сястрынства міласэрнасці Святых Жанок-Міраносіц.
1526 год. Нарадзіўся Канстанцін-Васіль Астрожскі.
Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ.
У 27 гадоў ён займаў ужо пасаду старосты ўладзімірскага, а у 32 гады стаў кіеўскім ваяводам.
Перакананы прыхільнік праваслаўя. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях ВКЛ.
У сваіх уладаннях заснаваў больш за 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.
Быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння Берасцейскай уніі. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Быў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 года, які праходзіў у Брэсце.
Памёр 13 (26) лютага 1608
У Мінску каля Петрапаўлаўскага сабора пастаўлены памятны крыж з надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526-1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года».
1798 год. Памёр Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Аўгуст IV.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі (1764–1795).
Атрымаў сталец пры падтрымцы Расіі. Вакол сябе згуртаваў магнатаў і шляхту, якія прагнулі адраджэння дзяржавы. Праводзіў эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль. Вальны сойм пры ім прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. Нязгодная каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расійскімі войскамі. Пасля першага падзелу краіны ў 1772 годзе рэформыпрацягваліся – была прынята Канстытуцыя, створана Адукацыйная камісія.
24 сакавіка 1794 года пачалося патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, у выніку якога ў 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаванне. Станіслаў Аўгуст выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.
Памёр у Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны.
У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994 – у варшаўскі кафедральны касцёл.
1872 год. Нарадзіўся Вітольд Бялыніцкі-Біруля.
Беларускі жывапісец-пейзажыст.
Акадэмік жывапісу, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР, правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР. Народны мастак БССР і СССР. Найбуйнейшы беларускі пейзажыст.
З беларускага каталіцкага шляхецкага роду Біруляў.
Скончыў Кіеўскія кадэцкі корпус і малявальную школу, Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.
Яго творчасць шчыльна злучана з асобай слыннага мастака І. Левітана.
Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (1922). Шмат падарожнічаў па Расіі, СССР.
Аўтар соцень твораў. У Беларусі знаходзяцца 444 ягоныя палатны, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі, Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, Бялыніцкім мастацкім музеі, Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, прыватных калекцыях.
Шмат твораў захоўваецца ў музеях Масквы, Кастрамы, Ніжняга Ноўгарада, Краснаярска, Варонежа, Томска, Чалябінска, Стаўрапаля, Адэсы, Дняпра, Кіева, Кыргызстана.
Імем В. Бялыніцкага-Бірулі названы Бялыніцкі мастацкі музей, магілёўскі мастацкі музей, вуліцы ў Магілёве і Бялынічах.
Памёр на сваёй дачы «Чайка» на возеры Удомля ў Калінінскай вобласці 18 чэрвеня 1957 года. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
На радзіме, на месцы фальварка Крынкі ўсталяваны мемарыяльны знак, у Магілёве ўсталяваны бюст.
1882 год. Нарадзіўся Леў Дашкевіч.
Беларускі фатограф, мастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог.
Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, універсітэце Бургундыі, на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы.
У 1911–1920 гадах працаваў выкладчыкам французскай мовы, фізікі, прыродазнаўства ў гімназіях Ерэвана, Елізаветполя (Гянджа, Азербайджан), Тбілісі. Вандраваў у якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцей і плямён Каўказа, служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі.
У Мінску чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў інстытуце народнай адукацыі, выкладаў французскую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, навуковым фатографам на медыцынскім факультэце БДУ, у Доме тэхнікі, на геаграфічным факультэце БДУ, 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР.
Яго фатаграфічныя працы друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы», Грамыка М. «Пачатковая географія», «Чатырохстолецьце беларускага друку», Багдановіч М. «Творы», «Сучаснае беларускае мастацтва», «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» і іншых.
У верасні-снежні 2002 года ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстаўка твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларуссю».
Памёр 4 снежня 1957 года.
1908 год. Стартавалі першыя аўтагонкі вакол зямнога шара.
Яны адбыліся дзякуючы намаганням газет французскай “Матэн” і амерыканскай “Нью-Ёрк Таймс”. Аўтагонкі прайшлі па маршруце Нью-Ёрк – Аляска – Сіэтл – Уладзівасток – Іркуцк – Ачынск – Томск – Пецярбург – Дзвінск – Варшава – Парыж і называліся “Нью-Ёрк – Парыж без дапамогі парахода”. Удзельнічалі 9 аўтамабіляў з Амерыкі, Францыі, Італіі, Нямеччыны.
Першым фінішаваў у Парыжы нямецкі аўтамабіль “Протас” 11 ліпеня, другім 26 ліпеня да фінішу прыйшоў амерыканскі экіпаж. Але пераможцам быў прызнаны амерыканскі экіпаж. Нямецкі аўтагоншчык быў аштрафаваны на 15 дзён у сувязі з тым, што ягоны аўтамабіль пасля паломкі быў дастаўлены ў Сіэтл па чыгунцы.
1921 год. Апублікавана падпісанае У. Леніным пастанова Саўнаркама “Аб складанні дзяржаўнага фонду каштоўнасцяў для знешняга гандлю”.
Дакумент прадпісваў стварэнне “запасу мастацкіх каштоўнасцей і прадметаў раскошы і даўніны”, якія Наркамат знешняга гандлю мог выкарыстоўваць для сваіх камерцыйных аперацый. Гэтая практыка ў 1920-1930-х гадах набыла шырокі размах, і многія каштоўныя творы мастацтва, якія раней належалі рэспублікам СССР, апынуліся ў замежных музеях і прыватных калекцыях.
З гэтага моманту пачынаюцца рабаванне касцёлаў, цэркваў, манастыроў на тэрыторыі Віцебскай і Гомельскай (былой Магілёўскай) губерніяў, якія ў гэты час уваходзілі ў склад РСФСР.
1942 год. Нарадзіўся Генадзь Буралкін.
Беларускі скульптар.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў (1990–2001).
Працуе ў вобласці станковай і манументальнай скульптуры. Аўтар манумента шахцёрскай славы ў Салігорску, мемарыяльнага знака ў гонар 850-годдзя Гродна, «Георгій Пераможца» ў Бабруйску, мемарыял ахвярам трагедыі на Нямізе (у суаўтарстве), ансамбля воінам-пагранічнікам у Гродне. Выканаў шматлікія скульптурныя серыі, станковыя кампазіцыі, у тым ліку «Вясна Перамогі», «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі», шэраг партрэтаў, сярод якіх «Кастусь Каліноўскі», «Сымон-музыка», «Адам і Ева», графічныя серыі «Славянскія матывы», «Ноч на Івана Кулалу», «Раніца», «Усяночная». Браў удзел у афармленні інтэр’ераў драматычнага тэатра і Дома грамадзянскіх абрадаў у Гродне.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мастацкім музеі імя П. Масленікава, мастацкім музеі г. Флагштафа ў штаце Паўночная Караліна, у прыватных калекцыях.
1942 год. Памёр Антон Неканда-Трэпка.
Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.
Памёр на наступны дзень пасля 65-годдзя.
Актыўны дзеяч беларускага руху. У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.
З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.
У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса.
Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй
1974 год. Аляксандр Салжаніцын піша свой знакаміты артыкул “Жыць не ў хлусні…”.
У артыкуле ён адзначае: “…Ужо да донца даходзім, ужо ўсеагульная духоўная згуба насунулася на ўсіх нас, і фізічна вось-вось запалае і спаліць нас, і нашых дзяцей, – а мы ўсё ўсміхаемся баязліва і лепячэм коснамоўна: А чым жа мы перашкодзім? У нас няма сіл.”
У той жа дзень Салжаніцына арыштавалі. На другі дзень яго пад канвоем адправілі самалётам у Франкфурт на Майне.
1969 год. Нарадзіўся Сяржук Мінскевіч (Мыцько).
Беларускі паэт і перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.
Працаваў літкансультантам газеты «Пераходны ўзрост», у акадэмічных Інстытуце гісторыі (удзельнік археалагічных экспедыцый), Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”.
Аўтар вершаў, перакладаў, прозы, сатыры, якія друкаваліся ў «Крыніцы», «Чырвонай змене», «Літаратуры і мастацтве», часопісах «Маладосць», «Зрок», «Першацвет», у літаратурных альманахах, зборніках
Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку. На радыё ставіліся ягоныя радыёпастаноўкі фантастычных і гумарыстычных апавяданняў. Узнагарджаны прызам «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск Падляскі, 1996).
Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia».
Перакладаў з польскай А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Я. Івашкевіча, С. Мрожака, С. Лема і іншых, з англійскай.
Памёр 8 чэрвеня 2022 года
1990 год. Памёр Леанід Асядоўскі.
Беларускі жывапісец.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа. У творчасці пераважалі гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэмы сучаснасці. Сярод твораў: «Хай заўжды будзе сонца», «Нафта беларуская ёсць!», «Дажынкі», «Балада пра маці», партрэты «Партрэт маладога вучонага», «Пачынальнікі беларускай музыкі», пейзажы. Аўтар дыярам «Мінскі „кацёл“» для Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, «Бой пад Мілаславічамі» для Клімавіцкага краязнаўчага музея.
Леанід Асядоўскі. «Народныя мастакі Беларусі»
2015 год. Падпісана Другое мінскае пагадненне з мэтай дээскалацыі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны.
Узгоднена лідарамі Германіі, Францыі, Украіны, Расіі ў фармаце «нармандскай чацвёркі», і падпісана кантактнай групай, якая складалася з прадстаўнікоў Расіі, Украіны, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік з мэтай дээскалацыі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны.
22 лютага 2022 года У. Пуцін заявіў, што пасля прызнання Расіяй Данецкай і Луганскай народных рэспублік Мінскіх пагадненняў больш не існуе, а 24-га пачаў агрэсію супраць Украіны.
На цэментным заводзе пры рамонце драбільнага млыну загінуў 33-гадовы электрагазазваршчык.
Трагедыя адбылася ўвечары 10 лютага, паведамляе Следчы камітэт. Абсталяванне было адключана, аднак падчас работ мужчына знаходзіўся на валах механізму і з дапамогай газавага разака спрабаваў вынуць металічны прадмет, які захраснуў. Калі дэталь удалося дастаць, зваршчыка па інэрцыі зацягнула ўнутр агрэгата.
Калега мужчыны пачуў крыкі і выклікаў экстранныя службы. Нягледзячы на аператыўныя дзеянні ратавальнікаў і медыкаў выратаваць работніка не ўдалося.
Па факце гібелі працоўніка Следчы камітэт праводзіць праверку.
Новы спадарожнікавы здымак зафіксаваў змены на былым ваенным аэрадроме пад Крычавам.
Здымак кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года, атрыманы «Радыё Свабода», сведчыць пра працяг работ на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома «Крычаў-6».
За апошнія месяцы аб’ект прыкметна змяніўся: з’явіліся новыя будынкі і тэхніка.
Упершыню на спадарожнікавай фатаграфіі можна разгледзець машыны, якія, меркавана, маюць дачыненне да ракетнага комплексу «Арэшнік».
Акрамя магчымых элементаў ракетнага комплексу, на тэрыторыі зафіксаваныя дадатковыя пабудовы і змены ў інфраструктуры. Гэта можа сведчыць пра працяг стварэння ваеннай базы і падрыхтоўку пляцоўкі для размяшчэння спецыялізаванай тэхнікі.
Пакуль гаворка ідзе толькі пра візуальныя прыкметы, выяўленыя на падставе спадарожнікавых дадзеных.
Дзяжурныя магілёўскага СІЗА, якое знаходзіцца ў складзе турмы №4, атрымалі распараджэнне не даваць інфармацыю аб арыштаваных не іх родным.
Распараджэнне было атрымана дзяжурнымі напачатку тыдня, піша Mayday. Пры гэтым сам начальнік пайшоў у адпачынак.
Па звестках праваабаронцаў, такія ж правілы сталі дзейнічаць у мінскім СІЗА-1.
Раней інфармацыю пра месцазнаходжанне арыштаванага ў чаканні апеляцыі (да ўступлення прысуду ў законную сілу) давалі без праблем любому, хто звярнуўся да дзяжурнага. Грамадзяне, якія пражываюць у іншых гарадах, карысталіся гэтым і прасілі знаёмых даведацца, ці знаходзіцца іх арыштаваны сваяк у СІЗА, ці ўжо этапаваны ў калонію.
Цяпер такую інфармацыю не даюць. Сваякі арыштаваных павінны асабіста прыбыць у СІЗА і прад’явіць дакументы. Аднак, як атрымалася даведацца выданню, у СІЗА некаторых іншых гарадоў парадак застаўся ранейшым.
На выязным прыёме ў Глуску да «сенатара» Багеля звярнуліся тры чалавекі, якія папрасілі ўвесці амністыю па спецыфічным артыкуле КК.
Сенатар Аляксандр Багель, ён жа дырэктар узорна-паказальнага калгаса ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага», наведаў Глускі раён.
Нічога адметнага падчас візіту не адбылося, калі не лічыць дзіўнай просьбы адразу «трох жыхароў іншых абласцей», якія патэлефанавалі Багелю і «папрасілі аказаць садзейнічанне, каб артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў уключаны ў спіс артыкулаў, што падлягаюць амністыі».
Артыкул гэты даволі спецыфічны. Ён датычыцца гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару.
Чаму жыхары іншых абласцей чакалі прыезду Аляксандра Багеля ў Глуск, каб распавесці «сенатару» пра свае таемныя жаданні – чарговая загадка лукашэнкаўскай мадэлі парламентарызму.
Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.
Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.
Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».
На іх, акрамя іншага, разглядаюцца паводзіны грамадзян, замешаных у сямейных скандалах, п’янстве і нават курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.
На апошнім пасяджэнні гэтага органа СГПАП пахваліўся тым, што адна жыхарка Касцюковічаў закадзіравалася, другая ўладкавалася на працу ў жылкамгас, а два мясцовых жыхары хутка адправяцца ў ЛПП.
Чаму такая спецыфічная камісія засядае ў музеі – незразумела. Да таго ж, мяркуючы па фотаздымках, у грамадска-палітычным цэнтры яшчэ і халодна.
Зрэшты, ёсць верагоднасць, што на здымках не члены камісіі, а грамадзяне з нізкай сацыяльнай адказнасцю, ужо апранутыя і гатовыя паехаць туды, куды іх накіруе СГПАП.