У магілёўскай падземцы расклалі антыслізгаючыя дыванкі

Магілёўскія камунальнікі расклалі ў падземным пераходзе пад перакрыжаваннем праспекта Міру і вуліцы Першамайскай антыслізгаючыя дыванкі.

Кожную зіму магілёўцы наракаюць на немагчымасць ісці ў падземным пераходзе, не баючыся ўпасці – пісалі mogilev.media. Прычына ў кафлі, якой выкладзена падлога і якая не забяспечвае дастатковае трэнне з абуткам. За такую небяспечную кафлю тыя, хто яе загадаў пакласці, мусілі былі б несці крымінальную адказнасць. Але гэта не пра Магілёў. Тут адказнасць за свае траўмы будуць несці тыя, хто ходзіць па гэтай кафлі. 

І вась нядаўна ў пераходзе з’явілася прыгажосць – раскіданыя ці выкладзеныя на падлозе антыслізгаючыя дыванкі. Пра што паведаміла ў ТікТok магіляўчанка пад нікам chizhfamily2724. Такі сапраўдны клопат аб народзе праявілі камунальнікі бліжэй да канца зімы. Але лепей пазней, чым ніколі. Ці будзе перакладзена кафля, пакуль невядома.

Скрыншот: @chizhfamily2724

Падземны пераход у Магілёве стаў падобны на каток – і так кожную зіму

У Магілёве бяспечна прайсці па падземным пераходзе пад вуліцай Першамайскай і праспектам Міра не атрымаецца з-за надзвычай склізкай падлогі.

У ТікТоку з’явілася відэа, дзе маладая дзяўчына спускаецца па лесцівы ў падземны пераход. Яна паказвае, якой склізкай стала там падлога. “У мяне зусім  не склізкія боты, але ў падземцы проста сапраўдны каток. Усе ходзяць вельмі акуратна, таму што тут нерэальна склізка”, – кажа яна.

У каментарах да відэа карыстальнікі пішуць, што такая праблема ў зімовы час у гэтым пераходзе – з’ява пастаянная. “Столькі гадоў гэтая праблема і вырашаць яе ніяк не збіраюцца. Спадзяюся, хоць у новай падземцы дадумаюцца нармальную плітку класці”, – піша адзін з іх. “Хтосьці ж прыдумаў пакласці такую плітку. Кожную зіму адно і тое ж…”, – адзначае другі. “Я сёння там быў, ледзь не стукнуўся”, – узгадвае трэці.

Скрыншот: zatestilmogilev