Прычыны дэмаршу Эрдагана, які апрабоўвае сябе ў ролі міратворцы, застаюцца пакуль не агучанымі. Напачатку сустрэча двух палітыкаў выглядала бясхмарнай.
Адмена прэсавай канферэнцыі стала нечаканасцю. Акрамя таго, Эрдаган скараціў фотасесію з Пуціным да мінімуму. Некалькі сумесных фатаграфій зрабіў толькі адзін фатограф.
Турэцкі лідар амаль адразу пасля чатырохгадзінных перамоваў вылецеў на радзіму, адмовіўшыся ад сумеснай з Пуціным вячэры, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», спасылаючыся на паведамленні расійскіх мэдыяў.
Эрдаган сустракаўся з Пуціным у Сочы. Напярэдадні ён прапанаваў прэзідэнту Расіі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Турцыі, каб там дасягнуць дамоўленасцяў аб аднаўленні перамоваў аб спыненні вайны ва Ўкраіне.
Таксама Эрдаган пацвердзіў, што Турцыя будзе часткова аплачваць пастаўкі расійскага газу расійскімі рублямі.
У Чарнігаве 8-гадовы спявак сабраў 64 тысячы грыўнаў на рамонт трафейнага танка. Хто яшчэ з дзяцей дапамае украінскім вайскоўцам.
Сяргей Мароз ладзіў дабрачынныя канцэрты разам з бацькам, але бацькі падкрэсліваюць, што ідэя падтрымаць Узброеныя Сілы Украіны сыходзіла ад самаго хлопца.
Сабраныя грошы ён перадаў украінскаму валанцёру Сяргею Прытуле.
На відэа ёсць замілаваны момант, калі Сяргей Прытула жартаўліва пытае хлопца:
– А гэтыя грошы дакладна сабраныя законным шляхам?
Не паразумеўшыся, хлопец упэўнена кажа:
– Не!
64 тысячы грыўняў адпавядаюць прыблізна 3 500 беларускіх рублёў. Каб сабраць гэтыя сродкі, хлапчуку спатрэбіліся два тыдні. Усе сродкі пойдуць на рамонт танка, які ЗСУ адваявалі ў расійскай арміі.
Хто яшчэ з дзяцей дапамогае ўкраінскаму войску
Месяц таму 10-гадовая чэмпіёнка свету па шашкам Вераніка Яжовасабрала 21 тысячу грыўнаў(700 долараў) на дапамогу ўзброеным сілам Украіны. Гэтыя грошы яна таксама перадала ў дабрачынны фонд украінскага валанцёра і тэлевядучага Сяргея Прытулы, паведамляў Магілёў.media.
Сямігадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» у ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.
Дзяўчынка з маці выехала з Мікалаева 24 лютага, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Яна была расстроеная, што адмянілі заняткі малявання.
Па словах маці Ганны, дачка вядзе ўласную хроніку вайны і адлюстроўвае яе ў малюнках. Спачатку яна малявала вайну таемна, пакуль яе творы не ўбачылі сваякі, пісаў Магілёў.media.
На сваіх старонках у сацыяльных сетках Ганна размясціла фатаграфіі малюнкаў Софіі. Іх заўважыла ўкраінская ілюстратарка Іра Шу і прапанавала разам стварыць тэматычны стыкерпак. Грошы ад продажу пойдуць на дапамогу Узброеным сілам. У планах – стварэнне тэматычных налепак.
Хто такі Сяргей Прытула
Украінскі тэлевядучы, радыёвядучы, гумарыст і шоумен.
Актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю, збірае матэрыяльную дапамогу ад неабыякавых грамадзян. Разам з тэлевядучым Генадзем Папенка не раз асабіста наведваў прыфрантавыя зоны, дапамагаючы ўкраінскім вайскоўцам.
Частку грошай, заробленых выступамі, ахвяруе на дапамогу арміі. У Цярнопалі ўтрымлівае рэабілітацыйны цэнтр для пацярпелых ад вайны.
У 2022 годзе за 3 месяцы вайны яго фонд сабраў 700 мільёнаў грыўняў на патрэбы арміі. З 22 чэрвеня 2022 года ад імя уласнага фонду збірае сродкі на 3 байрактары для ўкраінскага войска.
Пра тое стала вядома з допісу спявачкі ў Інстаграме. Туды яна выклала і фота, на якім сядзіць у жоўтай сукенцы з жоўта-сіняй хусткай – гэта колеры ўкраінскага сцягу.
«Прыехала ў месца сілы! Тут я нарадзілася, расла, пайшла ў школу. Тут я пачала спяваць. Родныя Маршынцы нагадалі мне, як важна не страціць пачуццё лучнасці з сваёй Зямлёй, адчуваць сувязь з тымі, хто даў табе жыццё, выхаваў і падтрымліваў у тваіх пачынаннях», – адзначыла ў допісе Сафія Ратару.
Сёння, 7 жніўня, у яе дзень народзінаў і юбілей. Сафія Ратару піша, што адзначаць яго не будзе.
«Сёння не час святкаваць юбілей, сёння я малюся, каб, як заўжды, праз пару тыдняў пасля майго Дня нараджэння, мы святкавалі Дзень Незалежнасці Украіны!» – падкрэслівае яна.
«Каб як мага хутчэй, замест паветраных трывог, у кожным доме, у кожнай сям’і, у кожным горадзе нашай цудоўнай Украіны гучалі песні пра Любоў і Свет! Ваша Сафія Ратару» – такімі пажаданнямі завершаны допіс спявачкі.
Сафія Ратару – адна з улюблёных артыстак жыхароў Савецкага Саюзу. Яе лічаць сваёй ва Ўкраіне, Малдове і нават Расіі. Перапетая ёю ўкраінскамоўная песня “Червона рута” стала хітом на ўсе часы.
Сафія Ратару поп-спявачка, танцоўшчыца, актрыса, музычны і кіна-прадзюсар, прадпрымальніца. Яе рэпертуар налічвае больш чым 500 песень на рускай, украінскай, малдаўскай, румынскай, балгарскай, сербскай, польскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай і англійскай мовах.
На станцыі Клімавічы за два апошнія месяцы павялічыўся грузапаток больш чым удвая. Чыгункай вязуць драўніну, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы. Стала больш пасажыраў.
“Калі ў маі тут на пагрузку было адпраўлена 437 вагонаў, то ў чэрвені — 1039. Такая ж лічба была і ў ліпені”, – кажуць клімавіцкія чыгуначнікі.
Паводле кіраўніцы чыгуначнай станцыі Лідзіі Нерасценкі дадатковыя аб’ёмы перавозак далі работнікі лясной гаспадаркі. Па ліквідацыі наступстваў навальніцаў буралом вывозяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Піламатэрыялы пастаўляюць у Расію ды Азербайджан.
Штодня да 10 вагонаў ідуць на адгрузку прадукцыі клімавіцкага цэха Беларускага цэментнага завода. Будаўнічыя матэрыялы прыбываюць для мясцовых прадпрыемстваў. На станцыю для сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна прыбываюць угнаенні, піша клімавіцкая газэта “Родная ніва”.
Друз, адсеў і іншыя матэрыялы прыходзяць для ДРБУ-172, цэгла, блокі – для ПМК № 256. Камбінат хлебапрадуктаў адпраўляе спажыўцам муку, вотруб’е і іншую прадукцыю.
Кіраўніца чыгуначнай станцыі кажа, што ў параўнанні з мінулым годам на 35 працэнтаў вырас аб’ём пасажыраперавозак. У чэрвені білетная каса рэалізавала 30 тысяч білетаў.
На ўсходзе Беларусі сіноптыкі прагназуюць навальніцы. Абвешчаны аранжавы (!) узровень небяспекі.
«Пры навальніцах месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, у асобных раёнах па паўднёвым усходзе – град», напісана на сайце Белгідрамету.
У Магілёве, кажуць сіноптыкі, воблачна з праясненнямі.
«Кароткачасовы дождж, навальніца (верагоднасць ападкаў 80-90%). Тэмпература паветра +19, +21°C. Вецер паўночна-заходні, 4-9 м/с. Парывы да 14 м/с», – папярэджваюць спецыялісты па надвор’і.
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго
Іван Янчанка
Асуджаны на 3,5 гады калоніі за каментар аб «справе Зельцэра».
Паводле праваабаронцаў, абвінавачаны ў распальванні варажнечы.
Адправіў яго ў калонію Гомельскі абласны суд.
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцэр, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцера» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Мэрыем Герасіменка
Асуджаная на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Пра тое стала вядома са спісаў затрыманых, які публікаваў адзін з тэлеграм-каналаў.
Рашэнне аб пакаранні спявачкі вынес суд Цэнтральнага раёну Мінска.
Увечары 3 жніўня на тэрасе мінскага бара «Банки-бутылки» прайшоў канцэрт Герасіменкі, падчас якога яна выконвала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Пасля гэтага спявачка перастала з’яўляцца ў сацсетках.
5 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася інфармацыя аб тым, што яе затрымалі за ахвяраванне на турэцкі робат «Байрактар» для Украіны.
Андрэй Жук
Асуджаны на 30 дзён адміністрацыйнага арышту.
Андрэй Жук – кіраўнік бара «Банки-бутылки», каля якога выступала спявачка Мэрыем Герасіменка.
Па словах калегі, яго судзілі за «непадпарадкаванне» і «перасылку чагосьці апазыцыйнага».
Яшчэ аднаго супрацоўніка бара, у якога на тэлефоне знайшлі «перасылку паведамлення з рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім», асудзілі на 14 дзён арышту.
Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева
Лідара АГП абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх.
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Аксана Аляксеева таксама праходзіць падазраванай па тым жа артыкуле.
Іх абодвух этапуюць у СІЗА на Валадарскага.
Уладзімір Булаўскі
Выйшаў на волю пасля 30 дзён адміністрацыйнага арышту.
Віцебскага музыку і арт-менеджара затрымалі 6 ліпеня ў Сянне, дзе ён планаваў выступіць на канцэрце «Купальскае кола» з этнагуртом «Гук».
Пра вызваленне Булаўскі напісаў у сваім тэлеграм-канале
Гэта было ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады.
У горадзе 30-градусны сквар. Паветра ў чаканні навальніцы. Гараджане цвердзяць, што атмасфера нагрэлася так, што цяжка дыхаць.
Абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведамляе, што паводле вынікаў лабараторнага кантролю вынесены прапановы аб абмежаванні або забароне купання дзяцей і дарослых на ўсіх пляжах абласнога цэнтру. Не раяць эпідэміёлагі займацца на магілёўскіх вадаёмах і воднымі відамі спорту.
Вада не адпавядае гігіенічным нарматывам на Дняпры – гарадскі пляж і пляж у пасёлку Палыкавічы – а таксама Пячэрскім, Грабянёўскім і Вільчыцкім вадасховішчах.
Той хто застаўся ў Магілёве, не выбраўшыся на лецішча, стаіць перад выбарам: пляж без вады, ці душ у двары.
Гарадскі пляж на Дняпры, які прыкметна змялеў за лета, не застаўся бязлюдным. На ім бавіліся дзясяткі тры гараджанаў. Сярод іх знаходзіліся смельчакі, якія наважваліся ўвайсці ў ваду. Некаторыя вялі да яе дзяцей.
На абвестачным стэндзе паведамленні аб забароне купання былі на месцы. Каляровыя аб’явы страшылі, што «на гэтым месцы патануў чалавек». Ніжэй дадавалася інфармацыя, што менавіта становіцца прычынай трагедыяў.
Акваторыю пляжа пільнавалі ратаўнікі на чаўнах. Загарадка для купання сіратліва выглядала без дзяцей.
На подступах да Мікалаева можа знаходзіцца да 10 тысяч расійскіх вайскоўцаў, каб акружыць яго. Горад штодня абстрэльваюць. 6 жніўня атрымалі цяжкія раненні двое чалавек. Днём раней адзін гараджанін загінуў і 18 былі параненыя.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Паводле брытанскага выдання The Times, Расія сцягваючы сілы на поўдзень намагаецца спыніць прасоўванне ўкраінскіх войскаў на поўдні, бо за апошні месяц тыя адсунулі лінію фронту ад Мікалаева прыкладна на 2 кіламетры.
«За апошнія тыдні Расійская федэрацыя перакінула на поўдзень вялікую колькасць жывой сілы з Данбасу і Крыму», – адзначаецца ў публікацыі выдання.
Паводле яго на заходнім беразе Дняпра можа знаходзіцца да 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў, мэта якіх — акружыць Мікалаеў.
«Гаворка ідзе пра дзевяць расійскіх падраздзяленняў колькасцю 500-800 чалавек. Праз такое ўзмацненне агульная колькасць расійскіх войскаў у гэтым раёне перавысіць 25 тысяч вайскоўцаў», – піша брытанскі штодзённік.
Тым часам, расійскія войскі штодня абстрэльваюць прыфрантавы горад. 6 жніўня ён быў атакаваны на досвітку, у 03:30.
Паводлемэра Аляксандра Сянкевіча ракетнае нападзенне зазналі сем мікрараёнаў. Два чалавекі атрымалі цяжкія траўмы.
Пашкоджаныя жылыя дамы. У адной пяціпавярхоўцы частка ракеты прабіла столь і заляцела ў кватэру.
5 жніўня расійскія ўзброеныя сілы ажыццявілі масіраваны абстрэл жылых кварталаў. У выніку абстрэлу загінуў адзін мірны жыхар. Яшчэ 18-ць атрымалі аскепкавыя раненні, у тым ліку 13-гадовы хлопчык, паведамляе выданне “Новини N”.
Пашкоджаныя больш за 20 прыватных жылых дамоў і 5 шматпавярховікаў, а таксама будынкі двух прыватных прадпрыемстваў.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
У адкрыцці помніка ўдзельнічалі асобы апранутыя ў казацкае. На чорных майках было напісана, што яны нібыта прадстаўнікі «беларускага казацтва».
Помнік Каніскаму паставілі на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. На адкрыцьцё прыйшлі кіраўнікі гораду і аблвыканкаму. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін ўзнагародзіў Уладзімера Цумарава і Анатолія Ісачанку мэдалямі “святителя Георгия Конисского”.
На адкрыцьцё помніка сабралася вялікая грамада людзей, якія называлі сябе праваслаўнымі. Па іх словах Каніскі вялікі дзеяч і святы. Некаторыя адзначалі, што ён “абараніў Белую Русь ад каталікоў”.
Урачыстасць праходзіла побач з плошчай Арджанікідзэ. Яе ў 2016 годзе ўлады з ініцыятывы праваслаўных актывістаў хацелі пераназваць у гонар Каніскага. Тады было абвешчана грамадскае абмеркаванне, якое разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да святара, як гістарычнай асобы.
На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай.
Па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пачалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.
Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскі, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гістарыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.
У 1992 годзе вал «Красной звезды» пераназвалі у архірэйскі вал Каніскага. Тады гэта не выклікала ў грамадстве напружання і расцэньвалася як аднаўленне гістарычнай праўды.
6 жніўня 1993 году архіепіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палацу ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё.
Цяперашняя ўлада Каніскага ставіць у адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.
Сама ж Беларусь успрымаецца ў свеце, як саўдзельніца вайны, распачатай Расіяй супраць Украіны. Адбылося гвалтоўнае здушэнне грамадскага пратэсту 2020 году. А, канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята ў 2021-ым. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе паставілі помнік Каніскаму, паклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.
Нацыянальны банк падсумаваў вынікі дзейнасці за першыя паўгода. Паводле іх, фінансаваму рэгулятару ўдалося справіцца з адтокам укладаў, адзначаецца станоўчая дынаміка на валютным рынку, застаюцца адносна высокімі золата-вылютныя рэзервы і нават інфляцыя пад кантролем.
Рэсурс Myfin.by звярнуўся па каментар да акадэмічнага дырэктара Цэнтру «BEROC» Кацярыны Барнуковай, якая адказвае на пытанні, ці насамрэч так усё добра, як падаецца на першы погляд, на што варта звярнуць увагу і якія непрыемныя прыкметы праблемаў, у тым ліку магчымай дэвальвацыі, заўважаюцца цяпер.
BEROC – вядучы незалежны акадэмічны даследчы цэнтр у галіне эканамічных даследаванняў у Беларусі.
Адказы эксперткі падаюцца Магілёў.media ў скарочаным выглядзе.
Пра поспехі
У Нацбанка ёсць поспехі, якія адзначаны ў дакладзе, лічыць Кацярына Барнукова. На яе погляд, рэгулятар справіўся з цяжкай сітуацыяй адтоку ўкладаў у сакавіку, калі людзі спрабавалі здымаць рублёвыя зберажэнні і пераводзіць іх у валюту. У гэтым дапамаглі рашэнні, прынятыя летась, калі дэпазіты былі падзелены на адзыўныя і безадзыўныя.
Гэта таксама дазволіла Нацбанку, падкрэслівае экспертка, не ўводзіць жорсткія абмежаванні на валютным рынку, у адрозненне ад расійскага фінансавага рэгулятара.
«У цэлым Беларусь з малым запасам трываласці і рэзерваў, чым Расія, змагла збалансаваць сітуацыю без увядзення драконаўскіх мер. Тут ёсць чым ганарыцца» – адзначае яна.
Пра праблемы
З іншага боку, ёсць тэмы, аб якіх гаварылася мімаходзь ці не вельмі падрабязна, звяртае ўвагу экспертка.
Падчас трансляцыі справаздачы нам паказалі графік інфляцыйных чаканняў, які ў папяровую справаздачу не ўвайшоў, заўважае яна.
Інфляцыйныя чаканні перасталі публікаваць з пачаткам крызісу гэтай вясной, нагадвае Барнукова. Мабыць, з-за таго, што на графіку было бачна, як гэтыя інфляцыйныя чаканні рэзка выраслі ў сакавіку-красавіку. Цяпер графік зніжаецца, тым самым Нацбанк дэманструе, што рост коштаў, нарэшце, узяты пад кантроль і інфляцыя будзе зніжацца.
На погляд эксперткі ёсць і незакранутыя тэмы. Праблема лішку ліквіднасці ў банкаў і тое, да чаго яна можа прывесці. Гэты лішак фармуецца ў тым ліку таму, што Нацбанк выкупляе валюту з унутранага рынку, наўзамен укідваецца рублёвая маса і ніяк не стэрылізуецца, што азначае фактычную эмісію рублёў.
Яна дадае, што таксама мы маглі назіраць, як банкі выкупляюць аблігацыі Мінфіна па фантастычна нізкіх стаўках. Верагодна, гэта адбываецца па рэкамендацыі рэгулятара. І якія маштабы такой эмісіі, да чаго яна можа прывесці, якія праблемы могуць узнікнуць у эканоміцы – гэтыя пытанні ў дакладзе аказаліся не асветлены.
Мы не ўбачылі глыбокага аналізу сітуацыі на валютным рынку, заўважае Барнукова.
З аднаго боку, усё добра, Нацбанк выкупляе лішкі валюты. З іншага боку, увесь лішак валюты ствараецца з-за раптоўнай прысутнасці нерэзідэнтаў, якія раней на валютны рынак аказвалі мінімальны ўплыў.
Што гэта за нерэзідэнты, як доўга яны яшчэ будуць знаходзіцца на беларускім валютным рынку, задаецца пытаннем экспертка.
Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць зразумець, адзначае яна, ці будзе сітуацыя валютнай раўнавагі захоўвацца ў найбліжэйшай будучыні. Бо, без нерэзідэнтаў на беларускім валютным рынку ўжо ўтварыўся б дэфіцыт – усе астатнія ўдзельнікі рынку сталі б чыстымі пакупнікамі валюты.
Пра ўздыманне памераў пенсіяў
Рублёвая эмісія не праходзіць бясследна, адзначае Барнукова. Гэтыя грошы праз выкуп аблігацый Мінфіна трапляюць у бюджэт, а з бюджэту папаўняецца ў тым ліку Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога і выплачваюцца падвышаныя пенсіі і дапаможнікі.
Лішкі грошай банкі выкарыстоўваюць для крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў, якія цяпер у цяжкай фінансавай сітуацыі. Таму, мы бачым зніжэнне заробкаў толькі ў тых сектарах, дзе яны былі дастаткова высокімі, што не нясе за сабой ніякіх сацыяльных наступстваў.
«У астатніх сектарах эканомікі падтрымліваюцца занятасць і заробкі. Відавочна, што на фоне сур’ёзных санкцый і скарачэння эканомікі гэта можа адбывацца за кошт запасаў ці фінансавых уліванняў» – падкрэслівае яна.
Мы бачым традыцыйную для Беларусі сітуацыю – спробу дзяржавы кампенсаваць наступствы высокай інфляцыі дадатковымі выплатамі пенсіяў, дапамог і падтрыманнем узроўню зарплаты.
Паводле эксперткі, у рэальным выражэнні заробкі скарачаюцца, але частковае кампенсаванне росту коштаў усё ж адбываецца. Павышэнне пенсіяў на 10% – гэта таксама ніжэй інфляцыі, але значна лепш для пенсіянераў, чым нічога.
Пра рызыкі на фоне праблем з паступленнем валюты
Дырэктарка BEROC нагадвае: мы ўжо шмат разоў бачылі ў эканамічнай гісторыі Беларусі, да чаго гэта можа прывесці: інфляцыя, дэвальвацыя, фінансавыя праблемы.
Ужо цяпер, адзначае яна, мы бачым, што расце закрэдытаванасць беларускіх кампаній у расійскіх рублях. І гэта можа аказацца такой жа праблемай, як і лішак доларавых крэдытаў. Бо пакуль Расія не сутыкаецца з сурʼёзнымі абмежаваннямі асноўнага экспарту (энергарэсурсы, збожжавыя і інш.), а Беларусь ужо сутыкнулася з імі.
Гэта значыць, заўважае экспертка, у расійскага рубля няма ў доўгатэрміновай перспектыве трэнду на паслабленне. У нас сітуацыя горшая, таму што трэнд на паслабленне беларускага рубля ёсць: акрамя эмісійнага ціску і праблем з экспартам, фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў далёкі ад ідэальнага.
Трэба разумець, тлумачыць яна, што крэдыты прадпрыемствы цяпер проста «праядаюць», яны не трацяцца на інвестыцыі ці нават не вельмі паспяховую мадэрнізацыю. Усе грошы ідуць на папаўненне абаротных сродкаў – як для выплаты заробкаў, так і для закрыцця тэрміновых аплат па рахунках.
Пра прыкметы дэвальвацыі
Дырэктар BEROC раіць уважліва сачыць за дынамікай эканамічнага росту.
Паводле яе, чэрвеньскія паказчыкі валавага ўнутранага прадукту прадэманстравалі запаволенне падзення эканомікі. Але памесячная дынаміка не вельмі паказальная, варта назіраць далей, каб зразумець – гэта разавае запаволенне і ў ліпені падзенне пагоршыцца, ці ўсё ж разварот, і эканоміка пачынае аднаўляцца. З аднолькавай верагоднасцю можа адбыцца як адно, гэтак і другое.
«Цяпер дзейнічаюць розныя сілы: з аднаго боку, беларуская эканоміка прыстасоўваецца да санкцый, з другога боку, санкцыі стала больш жорсткімі. І пакуль незразумела, якая з дзейных сіл у выніку пераможа» – адзначае яна.
Калі падзенне эканомікі замарудзіцца, дык таксама незразумела, як доўга мы будзем выходзіць з рэцэсіі.
Напрыклад, працягвае экспертка, паказчык росту складскіх запасаў ілюструе, што падзенне эканомікі пераносіцца ў будучыню.
Цяпер прадукцыя вырабляецца на склад з разлікам на тое, што знойдуцца новыя схемы экспартных паставак, вырашацца лагістычныя праблемы і гэта дасць магчымасць даволі хутка склады разгрузіць. І калі гэтыя спадзяванні не апраўдаюцца, то прадпрыемствам давядзецца спыняць вытворчасць.
«Я таксама рэкамендую сачыць за навінамі аб крэдытаванні, аб выпусках аблігацый пад нізкія працэнты, бо гэта ўсё павялічвае эмісію і ціск на беларускі рубель. – падсумоўвае Кацярына Барнукова – І, канешне, варта сачыць за навінамі пра новыя шляхі паставак беларускага калію, што адбываецца з нашымі нафтапрадуктамі. Усё гэта будзе ўплываць на далейшае развіццё падзеяў у эканоміцы».
Фота з рэсурсу: myfin.by, а таксама з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў