Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган адмяніў запланаваную прэс-канферэнцыю з Пуціным. Адмовіўся ад вячэры з ім

Прычыны дэмаршу Эрдагана, які апрабоўвае сябе ў ролі міратворцы, застаюцца пакуль не агучанымі. Напачатку сустрэча двух палітыкаў выглядала бясхмарнай.

Адмена прэсавай канферэнцыі стала нечаканасцю. Акрамя таго, Эрдаган скараціў фотасесію з Пуціным да мінімуму. Некалькі сумесных фатаграфій зрабіў толькі адзін фатограф.

Турэцкі лідар амаль адразу пасля чатырохгадзінных перамоваў вылецеў на радзіму, адмовіўшыся ад сумеснай з Пуціным вячэры, паведамляе  інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», спасылаючыся на паведамленні расійскіх мэдыяў.

Эрдаган сустракаўся з Пуціным у Сочы. Напярэдадні ён прапанаваў прэзідэнту Расіі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Турцыі, каб там дасягнуць дамоўленасцяў аб аднаўленні перамоваў аб спыненні вайны ва Ўкраіне.

Таксама Эрдаган пацвердзіў, што Турцыя будзе часткова аплачваць пастаўкі расійскага газу расійскімі рублямі.

фота з рэсурсу: vedomosti.ru