Што выдае набліжэнне дэвальвацыі, што адзначае падвышэнне пенсіяў, якая сітуацыя на валютным і рублёвым рынках. Меркаванне эксперта (вялікі тэкст)

Нацыянальны банк падсумаваў вынікі дзейнасці за першыя паўгода. Паводле іх, фінансаваму рэгулятару ўдалося справіцца з адтокам укладаў, адзначаецца станоўчая дынаміка на валютным рынку, застаюцца адносна высокімі золата-вылютныя рэзервы і нават інфляцыя пад кантролем.

Рэсурс Myfin.by звярнуўся па каментар да акадэмічнага дырэктара Цэнтру «BEROC» Кацярыны Барнуковай, якая адказвае на пытанні, ці насамрэч так усё добра, як падаецца на першы погляд, на што варта звярнуць увагу і якія непрыемныя прыкметы праблемаў, у тым ліку магчымай дэвальвацыі, заўважаюцца цяпер.

BEROC – вядучы незалежны акадэмічны даследчы цэнтр у галіне эканамічных даследаванняў у Беларусі.

Адказы эксперткі падаюцца Магілёў.media ў скарочаным выглядзе.

Пра поспехі

У Нацбанка ёсць поспехі, якія адзначаны ў дакладзе, лічыць Кацярына Барнукова. На яе погляд, рэгулятар справіўся з цяжкай сітуацыяй адтоку ўкладаў у сакавіку, калі людзі спрабавалі здымаць рублёвыя зберажэнні і пераводзіць іх у валюту. У гэтым дапамаглі рашэнні, прынятыя летась, калі дэпазіты былі падзелены на адзыўныя і безадзыўныя.

Гэта таксама дазволіла Нацбанку, падкрэслівае экспертка, не ўводзіць жорсткія абмежаванні на валютным рынку, у адрозненне ад расійскага фінансавага рэгулятара.

«У цэлым Беларусь з малым запасам трываласці і рэзерваў, чым Расія, змагла збалансаваць сітуацыю без увядзення драконаўскіх мер. Тут ёсць чым ганарыцца» – адзначае яна.

Пра праблемы

З іншага боку, ёсць тэмы, аб якіх гаварылася мімаходзь ці не вельмі падрабязна, звяртае ўвагу экспертка.

Падчас трансляцыі справаздачы нам паказалі графік інфляцыйных чаканняў, які ў папяровую справаздачу не ўвайшоў, заўважае яна.

Інфляцыйныя чаканні перасталі публікаваць з пачаткам крызісу гэтай вясной, нагадвае Барнукова. Мабыць, з-за таго, што на графіку было бачна, як гэтыя інфляцыйныя чаканні рэзка выраслі ў сакавіку-красавіку. Цяпер графік зніжаецца, тым самым Нацбанк дэманструе, што рост коштаў, нарэшце, узяты пад кантроль і інфляцыя будзе зніжацца.

На погляд эксперткі ёсць і незакранутыя тэмы. Праблема лішку ліквіднасці ў банкаў і тое, да чаго яна можа прывесці. Гэты лішак фармуецца ў тым ліку таму, што Нацбанк выкупляе валюту з унутранага рынку, наўзамен укідваецца рублёвая маса і ніяк не стэрылізуецца, што азначае фактычную эмісію рублёў.

Яна дадае, што таксама мы маглі назіраць, як банкі выкупляюць аблігацыі Мінфіна па фантастычна нізкіх стаўках. Верагодна, гэта адбываецца па рэкамендацыі рэгулятара. І якія маштабы такой эмісіі, да чаго яна можа прывесці, якія праблемы могуць узнікнуць у эканоміцы – гэтыя пытанні ў дакладзе аказаліся не асветлены.

Мы не ўбачылі глыбокага аналізу сітуацыі на валютным рынку, заўважае Барнукова.

З аднаго боку, усё добра, Нацбанк выкупляе лішкі валюты. З іншага боку, увесь лішак валюты ствараецца з-за раптоўнай прысутнасці нерэзідэнтаў, якія раней на валютны рынак аказвалі мінімальны ўплыў.

Што гэта за нерэзідэнты, як доўга яны яшчэ будуць знаходзіцца на беларускім валютным рынку, задаецца пытаннем экспертка.

Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць зразумець, адзначае яна, ці будзе сітуацыя валютнай раўнавагі захоўвацца ў найбліжэйшай будучыні. Бо, без нерэзідэнтаў на беларускім валютным рынку ўжо ўтварыўся б дэфіцыт – усе астатнія ўдзельнікі рынку сталі б чыстымі пакупнікамі валюты.

Пра ўздыманне памераў пенсіяў

Рублёвая эмісія не праходзіць бясследна, адзначае Барнукова. Гэтыя грошы праз выкуп аблігацый Мінфіна трапляюць у бюджэт, а з бюджэту папаўняецца ў тым ліку Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога і выплачваюцца падвышаныя пенсіі і дапаможнікі.

Лішкі грошай банкі выкарыстоўваюць для крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў, якія цяпер у цяжкай фінансавай сітуацыі. Таму, мы бачым зніжэнне заробкаў толькі ў тых сектарах, дзе яны былі дастаткова высокімі, што не нясе за сабой ніякіх сацыяльных наступстваў.

«У астатніх сектарах эканомікі падтрымліваюцца занятасць і заробкі. Відавочна, што на фоне сур’ёзных санкцый і скарачэння эканомікі гэта можа адбывацца за кошт запасаў ці фінансавых уліванняў» – падкрэслівае яна.

Мы бачым традыцыйную для Беларусі сітуацыю – спробу дзяржавы кампенсаваць наступствы высокай інфляцыі дадатковымі выплатамі пенсіяў, дапамог і падтрыманнем узроўню зарплаты.

Паводле эксперткі, у рэальным выражэнні заробкі скарачаюцца, але частковае кампенсаванне росту коштаў усё ж адбываецца. Павышэнне пенсіяў на 10% – гэта таксама ніжэй інфляцыі, але значна лепш для пенсіянераў, чым нічога.

Пра рызыкі на фоне праблем з паступленнем валюты

Дырэктарка BEROC нагадвае: мы ўжо шмат разоў бачылі ў эканамічнай гісторыі Беларусі, да чаго гэта можа прывесці: інфляцыя, дэвальвацыя, фінансавыя праблемы.

Ужо цяпер, адзначае яна, мы бачым, што расце закрэдытаванасць беларускіх кампаній у расійскіх рублях. І гэта можа аказацца такой жа праблемай, як і лішак доларавых крэдытаў. Бо пакуль Расія не сутыкаецца з сурʼёзнымі абмежаваннямі асноўнага экспарту (энергарэсурсы, збожжавыя і інш.), а Беларусь ужо сутыкнулася з імі.

Гэта значыць, заўважае экспертка, у расійскага рубля няма ў доўгатэрміновай перспектыве трэнду на паслабленне. У нас сітуацыя горшая, таму што трэнд на паслабленне беларускага рубля ёсць: акрамя эмісійнага ціску і праблем з экспартам, фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў далёкі ад ідэальнага.

Трэба разумець, тлумачыць яна, што крэдыты прадпрыемствы цяпер проста «праядаюць», яны не трацяцца на інвестыцыі ці нават не вельмі паспяховую мадэрнізацыю. Усе грошы ідуць на папаўненне абаротных сродкаў – як для выплаты заробкаў, так і для закрыцця тэрміновых аплат па рахунках.

Пра прыкметы дэвальвацыі

Дырэктар BEROC раіць уважліва сачыць за дынамікай эканамічнага росту.

Паводле яе, чэрвеньскія паказчыкі валавага ўнутранага прадукту прадэманстравалі запаволенне падзення эканомікі. Але памесячная дынаміка не вельмі паказальная, варта назіраць далей, каб зразумець – гэта разавае запаволенне і ў ліпені падзенне пагоршыцца, ці ўсё ж разварот, і эканоміка пачынае аднаўляцца. З аднолькавай верагоднасцю можа адбыцца як адно, гэтак і другое.

«Цяпер дзейнічаюць розныя сілы: з аднаго боку, беларуская эканоміка прыстасоўваецца да санкцый, з другога боку, санкцыі стала больш жорсткімі. І пакуль незразумела, якая з дзейных сіл у выніку пераможа» – адзначае яна.

Калі падзенне эканомікі замарудзіцца, дык таксама незразумела, як доўга мы будзем выходзіць з рэцэсіі.

Напрыклад, працягвае экспертка, паказчык росту складскіх запасаў ілюструе, што падзенне эканомікі пераносіцца ў будучыню.

Цяпер прадукцыя вырабляецца на склад з разлікам на тое, што знойдуцца новыя схемы экспартных паставак, вырашацца лагістычныя праблемы і гэта дасць магчымасць даволі хутка склады разгрузіць. І калі гэтыя спадзяванні не апраўдаюцца, то прадпрыемствам давядзецца спыняць вытворчасць.

«Я таксама рэкамендую сачыць за навінамі аб крэдытаванні, аб выпусках аблігацый пад нізкія працэнты, бо гэта ўсё павялічвае эмісію і ціск на беларускі рубель. – падсумоўвае Кацярына Барнукова – І, канешне, варта сачыць за навінамі пра новыя шляхі паставак беларускага калію, што адбываецца з нашымі нафтапрадуктамі. Усё гэта будзе ўплываць на далейшае развіццё падзеяў у эканоміцы».

Фота з рэсурсу: myfin.by, а таксама з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў